Варшава. Зялёныя Святкі

Бялоў налівае, і Штокман нам раіць, але —
Прыхопіць. І што?.. Бо Зялёныя Святкі. Аптэкі
Варшавы зачынены ўсе. Ды спіртное стаіць на стале,
І па Маршалкаўскай п’яныя брыдуць чалавекі.
Давай пад Шапэна! Каб гутарка лепей цякла!
Ў кавярні народу — нібыта ў касцёле на святы.
Пад попельным небам, здаецца, плывуць НЛА,
Не выпіць «Сапліцы» — ну гэта ўжо дурасць, рабяты!

Хто выказаў гэта? Ружэвіч, Галчынскі, Тувім?
Канстанты пісаў пад зялёнае піва са смакам...
І я (ды прычым тут?) таксама бываў маладым,
І кінуць пад жабры я ўмеў пад чырвоным ад сораму сцягам.
Чырвоны трамвай праплывае ў той бок, дзе калісьці даўно
Зна свет нарадзіўся «трамвайная вішанька» Восіп.
І пахне аерам касцёла бетоннае дно,
І цягнецца рыфмачка, цалкам бязглуздая: «просып».

І цягнецца свята, і свята, і свята... І што?
Калі ж ачуняюць ад свята мясцовыя людзі?..
І бачны анёл, што зрабіў на касцёле гняздо,
Без просыпу вечна і ведае болей аб цудзе,
Чым тыя паэты, што выпілі зноўку — і што? —
Ім хораша ў гэтым спакойным кафэ Фрыдэрыка
Чытаць і маўчаць пад гудкі вечаровых аўто.
І ў гэтым маўчанні, магчыма, ствараецца кніга.