Мазаіка

                               Што сэрца? агарод няполаты...
                                                                 М. Кузмін

 Не агарод — хутчэй, што вертаград
Зарослы, кветнік, дзікі і спустошаны:
Пачатак разбурэння і разладу...
Бог-агароднік не сыходзіў з град,
Для вернікаў стварыў нябесны Сад,
Ды, пустацветная, як луг няскошаны,
Душа ізноў імкнецца да распаду.

 Спляценне хмызнякоў, высокіх траў,
Падвею ззянне — ліхтары дзівосныя
Мяне спынялі, як жывая брама.
Я соль зямлі ў душу сваю ўвабраў,
І вось душа жадае новых праў:
За шэраю сцяной закону млосна ёй,
Калі на волю вабіць панарама.

 Разгледзеў ліст я пільна на прасвет:
Сіметрыя ўва ўсім, зубцы шчаціняцца
І колер чысты; раптам — сокаў выйсце:
Адтуліна — ад вострых вілаў след...
Бязглуздзіцы бліскучы дыямент,
Душа са смерці не спрабуе вырвацца,
Няма ў лістках і кветачках карысці.

 Ні вапна, ні атручаны раствор,
Ні бром не спыняць амярцвенне хуткае,
Што пачалося з кропачкі, пылінкі —
І робіцца прыдумлівым убор,
І прагна паглынае клеткі мор.
А пакаянне — забыццё, і чуткая
Душа мая — свядомая былінка.

 Малюнак завядання — гэта цуд!
Здагадкі горыч робіцца архаікай:
Загана — з чысцінёй адной прыроды.
Як гэта праўда, хай пагляд мой тут
З душы самотнай змые сорам, бруд
І шчыра захапляецца мазаікай
Лістоты, што знікае назаўсёды.