Мой лейтэнант

(фрагменты рамана)

Першая бамбёжка

Сапраўдны страх, страх найжахлівейшы, напаткаў мяне, зусім яшчэ юнака, на вайне. Гэта была першая бамбёжка. Наш эшалон народнага апалчэння накіраваўся на пачатку ліпеня 1941 года на фронт. Нямецкія войскі хутка прасоўваліся да Ленінграда. Праз два дні эшалон прыбыў на станцыю Бацецкая, гэта кіламетраў паўтараста ад Ленінграда. Апалчэнцы сталі выгружацца, і тут на нас наляцела нямецкая авіяцыя. Колькі было гэтых штурмавікоў, не ведаю. Для мяне неба пацямнела ад самалётаў. Чыстае, летняе, цёплае, яно загуло, задрыжэла, гук нарастаў. Чорныя крылатыя цені накрылі нас. Я скаціўся з насыпу, кінуўся пад бліжэйшы куст, лёг ніцма, галаву засунуў у зараснік. Упала першая бомба, здрыганулася зямля, потым бомбы пасыпаліся кучна, выбухі зліваліся ў грукат, усё трэслася. Самалёты пікіравалі, адзін за адным заходзілі на цэль. А мішэнню быў я. Яны ўсе намагаліся патрапіць у мяне, яны несліся да зямлі на мяне так, што гарачае паветра ад прапелераў варушыла мае валасы.

Самалёты вылі, бомбы, падаючы, завывалі яшчэ страшней. Іх енк укручваўся ў мозг, пранікаў у грудзі, у жывот, разварочваў вантробы. Злосны крык бомбаў, якія ляцелі побач, запаўняў усю прастору, не пакідаючы месца ляманту. Выццё не перапынялася, яно выцягвала з мяне ўсе пачуцці, і ні пра што нельга было думаць. Жах паглынуў мяне цалкам. Гром разрыву прыносіў палёгку. Я ўціскаўся ў зямлю, каб аскепкі прасвісталі вышэй. Засвоіў гэта страхам. Калі прасвішча — ёсць секундная перадышка. Каб абцерці ліпкі пот — асаблівы, мярзотны, смярдзючы пот страху, каб галаву прыўзняць да неба. Але адтуль, з сонечнага ціхамірнага блакіту, нараджалася новае, яшчэ нізкае, з вібрацыяй, выццё. Гэтым разам чорны крыж самалёта падаў дакладна на мой куст. Я спрабаваў сціснуцца, хоць неяк скараціць агромністасць свайго цела. Я адчуваў, якая заўважная мая фігура на траве, як тырчаць мае ногі ў абмотках, горб шынялёвай скаткі на спіне. Камякі зямлі сыпаліся на галаву. Новы заход. Гук самалёта ў піке расплюшчваў мяне. Апошняе імгненне майго жыцця набліжалася з гэтым выццём. Я маліўся. Я не ведаў ніводнай малітвы. Я ніколі не верыў у Бога, быў упэўнены ўсёй сваёй навюткай вышэйшай адукацыяй, усёй астраноміяй, дзівоснымі законамі фізікі, што Бога няма, і тым не менш я маліўся.

Неба здрадзіла мне, ніякія дыпломы і веды не маглі дапамагчы. Я застаўся сам-насам з гэтай смерцю, што ляцела да мяне з усіх бакоў. Сасмяглыя вусны мае шапталі: «Госпадзі, памілуй! Уратуй мяне, не дай загінуць, прашу цябе, каб міма, каб не патрапіла, Госпадзі, памілуй!» Мне раптам адкрыўся сэнс гэтых двух слоў, здаўна знаёмых: «Госпадзі... памілуй!..» У невядомай мне глыбіні штосьці прыадкрылася, і адтуль горача паліліся словы, якіх я ніколі не ведаў, не вымаўляў: «Госпадзі, абарані мяне, малю цябе, дзеля ўсяго святога...» Ад выбуху паблізу крывава ўскінулася нечае цела, кавалак сакавіта чвякнуўся побач. Высокая вадакачка з закуранай цэглы павольна, бязгучна, нібыта ў сне, пахілілася, стала валіцца на чыгуначны састаў. Узвіхурыўся выбух перад паравозам, і той у адказ ахутаўся белай парай. Выбухі карабацілі чыгуначныя шляхі, узляталі шпалы, перакульваліся вагоны, вокны станцыі пунсова свяціліся знутры, але ўсё гэта адбывалася недзе далёка, я намагаўся не бачыць, не глядзець туды, я ўзіраўся ў зялёныя сцябліны, дзе між травінкамі поўз руды мураш, тоўсты бляклы вусень звешваўся з галінкі. У траве ішло звыклае летняе жыццё, няспешнае, прыгожае, разумнае. Бог не мог знаходзіцца ў небе, запоўненым нянавісцю і смерцю. Бог быў тут, сярод кветак, лічынак, кузурак...

Самалёты заходзілі зноў і зноў, не было канца гэтай д’ябальскай каруселі. Яна хацела знішчыць увесь свет. Няўжо я павінен быў загінуць не падчас бою, а вось так, нікчэмна, нічога не зрабіўшы, ніводнага разу не стрэліўшы? У мяне была граната, але ж не кінеш яе ў самалёт, што пікіруе на цябе. Я быў расціснуты страхам. Колькі ўва мне было яго! Бамбёжка выцягвала знутры ўсё новыя і новыя хвалі страху, подлага, ганебнага, усёмагутнага, я не мог суняць яго.

Праходзілі хвіліны, мяне не забівалі, мяне ператваралі ў дрыготкую слізь, я быў ужо не чалавек, я стаў нікчэмным, напоўненым жахам стварэннем.

...Цішыня вярталася марудна. Трашчала, шыпела полымя пажару. Стагналі параненыя. Абвалілася вадакачка. Пахла слізь, дым і пыл асядалі ў нерухомым паветры. Непашкоджанае неба ззяла такой жа безуважнай прыгажосцю. Зашчабяталі птушкі. Прырода вярталася да сваіх спраў. Ёй невядомы быў страх. Я ж доўга не мог апамятацца. Я быў спустошаны, агідны сам сабе, ніколі не падазраваў, што я такі баязлівец.

Гэтая бамбёжка зрабіла сваю справу, адным махам ператварыўшы мяне ў салдата. Ды і ўсіх астатніх. Перажыты жах нешта пераналадзіў у арганізме. Наступныя бамбёжкі ўспрымаліся інакш. Я раптам выявіў, што яны малаэфектыўныя. Уздзейнічалі яны перш за ўсё на псіхіку, а насамрэч патрапіць у салдата не так ужо і проста. Я паверыў у сваю непаражальнасць. То-бок у тое, што я магу быць непаражальным. Гэта асаблівае салдацкае адчуванне, якое дазваляе спакойна адшукваць укрыццё, вызначаць па гуку падзення міны або снарада месца разрыву. Гэта не асуджанае чаканне пагібелі, а змаганне.

Мы пераадольвалі страх тым, што супраціўляліся, стралялі, станавіліся небяспечнымі для праціўніка.

У першыя месяцы вайны нямецкія салдаты, у сваіх касках, зялёных шынялях, са сваімі аўтаматамі, танкамі, панаваннем у небе, выклікалі страх. Яны здаваліся непераможнымі. Адступленне шмат у чым тлумачылася гэтым пачуццём. У іх была не толькі перавага зброі, але яшчэ і арэол воінаў-прафесіяналаў. Мы ж, апалчэнцы, выглядалі вартымі жалю: сінія кавалерыйскія галіфэ, замест ботаў — чаравікі і абмоткі. Шынель не па росце, на галаве — пілотка...

Прайшло тры тыдні, месяц, і ўсё стала змяняцца. Мы ўбачылі, што нашы снарады і кулі таксама б’юць праціўніка і што параненыя немцы гэтак жа крычаць, паміраюць. Нарэшце мы ўбачылі, як немцы адступаюць. Былі такія першыя асобныя невялікія баі, калі яны пабеглі. Гэта стала адкрыццём. Ад палонных мы даведаліся, што, аказваецца, мы, апалчэнцы, у сваіх недарэчных галіфэ, таксама выклікалі страх. Трываласць апалчэнцаў, іх лютасць спынілі імклівае наступленне на Лужскім рубяжы. Нямецкія часці тут заселі. Прыгнечанасць ад першых ашаламляльных удараў прайшла. Мы перасталі баяцца.

Падчас блакады ваеннае майстэрства зраўнялася. Нашы салдаты, галодныя, дрэнна забяспечаныя снарадамі, утрымлівалі пазіцыі на працягу ўсіх 900 дзён супраць сытага, добра ўзброенага ворага ўжо з прычыны перавагі духу.

Я карыстаюся сваім асабістым досведам, думаецца, што прыблізна той жа працэс выкаранення страху адбываўся паўсюль на іншых нашых франтах. Страх на вайне прысутнічае заўсёды. Ён суправаджае і вопытных салдатаў, яны ведаюць, чаго варта сцерагчыся, як паводзіць сябе, ведаюць, што страх адымае сілы.

Трэба адрозніваць асабісты страх ад калектыўнага. Апошні прыводзіў да панікі. Такім быў, напрыклад, страх акружэння. Ён узнікаў спантанна. Трэск нямецкіх аўтаматаў у тыле, крык: «Акружылі!» — і маглі пачацца ўцёкі. Беглі ў тыл, імчаліся, не разбіраючы дарогі, абы выбрацца з акружэння. Немагчыма было ўтрымацца і ўтрымаць тых, хто ўцякаў. Масавы страх паралізуе думкі. Падчас бою, калі нервы настолькі напружаныя, аднаго крыку, аднаго баязліўца хапала, каб выклікаць усеагульную паніку. Страх акружэння з’явіўся ў першыя месяцы вайны. У далейшым мы навучыліся выходзіць з акружэння, прабівацца, яно пераставала палохаць.

Страху супрацьпаказаны, як ні дзіўна, смех. У страху не смяюцца. А калі смяюцца, то страх праходзіць, ён не пераносіць смеху, смех забівае яго, адкідае, зводзіць на нішто, ва ўсялякім выпадку, выганяе хоць на нейкі час. У сувязі з гэтым хочацца прывесці адну гісторыю, якую я чуў ад выдатнага пісьменніка Міхаіла Зошчанкі.

Незадоўга да яго смерці ў Доме пісьменніка зладзілі яго вечарыну. Зошчанка быў у няміласці, яго не выдавалі, выступленні яго былі забароненыя. Вечарыну ладзілі ўпотай. Пад выглядам творчай справаздачы. Запрашалі па абмежаваным спісе. Зошчанка радаваўся, апошнім часам ён знаходзіўся ў ізаляцыі, нідзе не бываў, нікуды яго не клікалі: баяліся.

Вечарына атрымалася кранальна святочнай. Зошчанка распавядаў, над чым працуе. Ён задумаў цыкл апавяданняў «Сто самых дзівосных гісторый майго жыцця», некаторыя з іх нам пераказаў. Ён не чытаў. Рукапісу не меў. Відаць, гэтыя гісторыі яшчэ не былі запісаныя. Адна з іх мае непасрэдныя адносіны да нашай тэмы. Паспрабую яе пераказаць па памяці. На жаль, сваімі словамі, а не той цудоўнай мовай, якой валодаў толькі Міхаіл Зошчанка.

Здарылася гэта на вайне, на Ленінградскім фронце. Група нашых разведчыкаў рухалася па лясной дарозе. Была глыбокая восень. Лісце шапацела пад нагамі, і гэты гук замінаў прыслухоўвацца. Яны ішлі, трымаючы аўтаматы напагатоў, ішлі ўжо доўга і, верагодна, расслабіліся. Дарога рэзка зварочвала, і на гэтым павароце яны твар у твар сутыкнуліся з немцамі. Гэткай жа невялікай разведгрупай. Разгубіліся і тыя і другія. Без каманды немцы скокнулі ў кювет па адзін бок дарогі, нашы — таксама ў кювет, па іншы бок. Адзін жа нямецкі салдацік заблытаўся і скаціўся ў роў разам з савецкімі салдатамі. Ён не адразу зразумеў памылку. Але, калі ўбачыў побач з сабой людзей у пілотках з зорачкамі, замітусіўся, закрычаў ад жаху, выскачыў з кювета і адным гіганцкім скачком, ускідваючы апалае лісце, перамахнуў цераз усю дарогу да сваіх. Страх надаў яму сілы, цалкам верагодна, ён здзейсніў рэкордны скачок.

Убачыўшы гэта, нашы салдаты засмяяліся, нямецкія таксама. Яны сядзелі насупраць адзін аднаго ў кюветах, выставіўшы аўтаматы, і ад душы рагаталі з гэтага беднага маладзенькага салдата.

Пасля такога страляць стала немагчыма. Смех аб’яднаў усіх агульначалавечым пачуццём. Немцы збянтэжана папаўзлі па кювеце ў адзін бок, нашы — у другі. Разышліся не абмяняўшыся ніводным выстралам.

Летні сад

Перад расстаннем мы ўтрох сустрэліся за Пятроўскім палацам, за спінай адной мармуровай багіні з яе старажытнарымскім азадкам. Там было наша ўлюбёнае месцейка. Там мы прызначалі спатканні сваім дзяўчатам. Там была цяністая прахалода, сонечныя плямы ляніва варушыліся на пастрыжанай траве Летняга саду.

Бэн трапіў у зенітную часць, Вадзім — у берагавую артылерыю. Яны хваліліся сваімі пушкамі, абодва мелі лейтэнанцкае званне, атрыманае ва ўніверсітэцкія гады, чырвоныя кубары блішчэлі ў пятліцах навюткіх гімнасцёрак. Афіцэрская форма перайначыла іх. Асабліва пасавала яна Вадзіму: зухавата ссунутая фуражка, фуранька, як называў ён, яго тонкі стан, перацягнуты папругай з зорнай спражкай. Увесь начышчаны, бліскучы. Бэн выглядаў мехаватым, цывільнае яшчэ не сышло з яго, цывільнай была яго туга, ніяк ён не мог адолець смутку ад будучага нашага расстання.

Я і блізка не стаяў з імі: гімнасцёрка — б/у (была ва ўжытку), баваўняная, на нагах — стаптаныя кімсьці чаравікі, абмоткі, у дадатак — сінія дыяганалевыя галіфэ кавалерыйскага ўзору. Так апранулі нас, апалчэнцаў. Праз шмат гадоў я знайшоў даўні пацямнелы фотаздымак таго дня. Цудоўны фотамастак Валера Плотнікаў здолеў камп’ютарам і заклінаннямі выцягнуць нас траіх з цемры апошняй сустрэчы на свет божы, і я ўбачыў сябе ў тым убранні. Ну і выгляд... І ў такім, аказваецца, уборы я адправіўся на фронт. Не памятаю, каб яны смяяліся з мяне, хутчэй, абураліся: няўжо мяне, як называў Вадзім, вольнаслужылага, не маглі абмундзіраваць як след!

Яны злосна цытавалі заклік, тады ён гучаў на ўсіх мітынгах: «Грудзьмі ўстаць на абарону Ленінграда!» Грудзьмі — атрымліваецца, нічога іншага ў нас няма? Грудзьмі на аўтаматы, танкі? Ідыёцкі выраз, але, мяркуючы па абмотках, перш за ўсё — грудзьмі!

Я сказаў, што дзякуй і за абмоткі, бо з цяжкасцю дамогся, каб з мяне знялі бронь і залічылі ў апалчэнне.

«То-бок радавым у пяхоту?» — спыталіся яны. На які ляд мне апалчэнне? Гэта ж ненавучаны натоўп, гарматнае мяса. «Вайна — прафесійная справа», — даводзіў Бэн.

Мяне расчуліла іх спагадлівасць. Яны абодва былі для мяне выбраннікамі Фартуны. Ва ўніверсітэце на Вадзіма ўскладалі вялікія надзеі. Сам акадэмік Фок, адзін з карыфеяў тэарэтычнай фізікі, ускладаў. Лічылася, што Вадзім Пушкароў прызначаны для вялікіх адкрыццяў. А Бэн выдзяляўся як матэматык, яго апекаваў Лур’е, таксама знакамітасць. Доктар навук, а можа, і членкар.

Я ганарыўся іх сяброўствам, тым, што дапушчаны, на мяне, шараговага інжынера, ніхто нічога не ўскладаў... У іх кампаніі я заўсёды выглядаў чушкай, яны, у параўнанні са мной, — арыстакраты. Ува мне плебейства незнішчальнае. Але яны мяне таксама за штосьці любілі.

Вадзім дастаў з кішэні біклажку з гарэлкай (бацькоўскую, патлумачыў ён, часоў Першай імперыялістычнай), і мы па чарзе прыклаліся, сфатаграфаваліся. У Бэна была маленькая «лейка». Папрасілі нейкага мінака. Бліскучая зрэнка аб’ектыва ўтаропілася ў нас, адтуль раптам дыхнула халадком, на імгненне прыадкрылася імгла, невядомая будучыня, што чакала кожнага. Вадзім пасур’ёзнеў, а Бэн абняў нас, запэўніваючы, што мы павінны як піць даць разграміць праціўніка, як толькі пройдзе «фактар раптоўнасці», мы яго знішчым магутным ударам, паколькі —

...от тайги до британских морей
Красная Армия
всех
сильней!

Мы рассталіся, упэўненыя, што ненадоўга. Так ці іначай мы іх раздзяўбём.

Вельмі хутка нас спасцігла расчараванне, яно перайшло ў роспач, роспач — у злосць і на немцаў, і на сваіх начальнікаў, і ўсё-ткі падспудна захоўвалася ўпэўненасць, панурая, шалёная.

Мы сыходзілі па галоўнай алеі, старажытнарымскія багі глядзелі на нас, для іх усё гэта ўжо калісьці было — вайна, падзенне імперыі, чума, разруха.

У лістападзе я атрымаў ліст ад Бэна з Карэльскага фронту, ён камандаваў зенітнай батарэяй, і толькі ў самых апошніх радках — пэўна, ніяк не адважваўся — было пра гібель Вадзіма пад Араніенбаўмам, падрабязнасці невядомыя, перадавалі праз універсітэцкіх аднапалчан. «Аднак я не веру», — закончыў Бэн. Да таго часу я ўжо прызвычаіўся да смерцяў, але ў гэтую і я не паверыў. Усю вайну не верыў, ды і да гэтай пары не веру.

У тую нядзелю

Дзіўна і тое, што я ніколі не задумваўся над гэтым дзівацтвам, лічыў яго забаўным супадзеннем, не болей. Каханне маё разгарэлася ў чэрвені 1941 года, выбухнула нейкім рашэннем да 22 чэрвеня, у той нядзельны дзень, калі мы ранкам паехалі ў Дудзергоф, пайшлі ў гай пагуляць, выбраць сабе зацішнае месцейка. Намеры ў мяне былі, як пазней прызнаваўся, самыя гнюсныя. У тыя шалёныя маладыя гады я не грэбаваў ніякімі магчымасцямі атрымаць ад жанчыны тое, што яна павінна даць. Яны самі ўжываюць гэтыя слоўцы: «хачу», «дам», «не дам», «каму хачу — таму дам». Дагэтуль я меў справу з жанчынамі. Хто і калі пазбаўляў іх нявіннасці, я не ведаў, яны мне даставаліся «распячатанымі», больш ці менш вопытнымі.

Тут жа было іншае. Зусім іншае. Я адчуваў, што яна цнатліўка. Насамрэч мяне гэта больш палохала, чым радавала. У тыя часы маральныя правілы яшчэ не лічылі забабонамі. Як пасля высветлілася, страхі адольвалі мяне мацней за яе.

Дзень быў сіні-сінюткі, поўны квецені бэзу, блізкай спёкі, пахучы дзень раўнадзенства, разгар белых начэй, кіпення крыві. Адносіны нашы зайшлі далёка і набліжаліся да вырашальнай мяжы. Пераступіць альбо адмовіцца? Адмаўляцца я не збіраўся, ды і яна таксама. Яна здагадвалася пра намеры, я гэта ведаў, таму мы шмат смяяліся з сябе. Смеючыся, яна закідвала галаву, узмахваючы грыўкай цёмных валасоў, ускрыквала: «Ой, вады!» Роўныя белыя зубы яе завабліва ўспыхвалі. Асалода смехам вымушала мяне вымудрацца ў дасціпнасці. Мне хацелася заваёўваць яе яшчэ і яшчэ. Наш раман доўжыўся ўжо месяцы са тры, мне было гэтага мала. Сярод яе кавалераў былі салідныя дзядзькі. Быў якісьці шышка, вадзіў яе ў рэстаран, карміў паюснай ікрой, чым яна хвалілася, пацвельваючы мяне. Быў адзін старшы супрацоўнік цэнтральнай лабараторыі, зразумела, таленавіты, прыгажун. Знайшоўшы прычыну, я зазірнуў у лабараторыю паглядзець на суперніка. Сапраўды, аказалася — харошы мужык, вышэй за мяне, кучаравы, з добрай усмешкай. Рыма не перабольшвала, хлусіць яна не ўмела зусім, яна проста прыгнятала сваёй сумленнасцю.

У заводскай бібліятэцы я ўзяў амерыканскі часопіс па электратэхніцы, засунуў у кішэню курткі так, каб маляўнічая вокладка і загаловак вытыркаліся. Няхай бачыць, што я таксама не хухры-мухры. І ў Дудзергофе я куражыўся — пераскочыў праз шырокую канаву, паставіўшы рэкорд. Аднекуль з’яўляюцца спрыт і сіла, спрацоўвае старажытны інстынкт, да чалавека вяртаецца дзівосная прыродная існасць, спяваюць без стомы свае серэнады дзятлы, не шкадуючы галавы шчоўкаюць-барабаняць свае любоўныя поклічы, не толькі дзеля самак, гэта вясна перапаўняе жыццёвымі сіламі, самец сябе паказвае, сябе сцвярджае, узвышае.

Шчаслівае адзінства з прыродай. Мы адной крыві, мы таксама гатовыя спяваць, качацца па траве, біцца.

Глухое зялёнае месцейка адкрылася перад намі, адмыслова выбудаванае лясным архітэктарам. Мы ляглі, і пачалася гульня дотыкаў, пацалункі, зноў дотыкі. Яе роўныя белыя зубы, чыстае дыханне здаваліся мне часткай напоўненай сокамі прыроды, нібыта я цалаваў гэты дзень, гэтую маладую празрыстую лістоту.

Пасля я часта пытаўся ў сябе: чаму іншыя вусны, іншыя целы, таксама прыгожыя, маладыя, не прыносілі такой фізічнай асалоды?

Ліпа над намі лавіла сонца ў сваю зялёную сетку, дзень абяцаў спёку, шчасце. Нечакана раздаліся галасы, рэзкія, грубыя, ім адгукнуліся іншыя, злева, справа, хутка набліжаючыся.

Я ўстаў, убачыў галовы салдатаў у пілотках. Яны насоўваліся ланцугом, спыняліся, укопвалі нейкія знакі.

Да нас падышоў малодшы лейтэнант, адзін кубік у пятліцах, сказаў:

— Сыходзьце, тут зараз нельга.

— Што такое? — спытаў я.

— Вайна, — коратка кінуў ён і кудысьці пабег.

Больш бязглуздай прычыны, каб нас выставіць, ніхто б не прыдумаў. Ды і дзень не верыў у гэта, ён працягваўся, распяваючы птушынай гаманою.

Мы ішлі, беглі, рагочучы, трымаючыся за рукі, і Рыма была яшчэ больш спакуслівай.

Вярталіся пад вечар. Цягнік быў перапоўнены. Мы стаялі ў тамбуры, прыціснутыя адно да аднаго, радуючыся гэтаму. Вакол гаварылі пра вайну, бамбардзіроўкі. Вайна з кім — з немцамі? Я здзіўляўся, не верыў, але ўжо разумеў, што гэта праўда. Што азначае гэтая праўда, я не асэнсоўваў, але парывы агульнай трывогі нарэшце накрылі нас.

Невядома, як развіваўся б наш раман, магчыма, ён хутка скончыўся б, як бывала ў мяне, маладосць прагнула новых і новых закаханасцяў.

З вакзала я паехаў на завод. Трэба было ўпэўніцца, асэнсаваць неверагоднасць таго, пра што казалі.

На заводзе ўжо запісваліся ў апалчэнне. Да дзвярэй парткама і камітэта камсамола стаялі чэргі. Я таксама вырашыў запісацца: як жа, вайна — і без мяне.

Цяжка зразумець, чаго тут было больш — фанабэрыі, патрыятызму ці авантурнасці. Вайну ж я ўспрымаў не ўсур’ёз. Надарыўся шчаслівы выпадак прагуляцца па Германіі, правучыць фашыстаў. Авантурнасць мая выяўлялася нечакана, у мудрагелістых формах. Неяк аднаго разу, даведаўшыся пра прыезд у Ленінград Юрыя Алешы, я накіраваўся да яго ў гасцініцу «Еўрапейская». Навошта, дзеля чаго — я толькі што прачытаў яго раман «Зайздрасць» і ў захапленні вырашыў выказаць яму сваё меркаванне. Угаварыў свайго прыяцеля Косцю, і вось два студэнцікі стукаюцца ў нумар Юрыя Карлавіча. Ні кветак, ні торта ў падарунак, нават пра прычыну прыстойную не паклапаціліся. Алеша сядзеў з жонкай, пілі чай. А магчыма, віно, я не разабраўся. З парога мы аб’явілі пра наша чытацкае захапленне. Невялікую прамову я прыдумаў на лесвіцы. Юрый Алеша моўчкі выслухаў, чакаў, што будзе далей, напэўна, яму было цікава, як мы выблытаемся з паўзы. Зрабіла гэта ягоная жонка, якая крыкнула, каб ён запрасіў «хлопчыкаў».

Далейшае не запомнілася: гаспадар штосьці распавядаў пра фільм, які павінен здымацца па яго сцэнары, без цікавасці спытаўся, дзе мы вучымся. Нічога не вымавіў такога, што б пасля я мог цытаваць. Можна лічыць гэта наведванне бяздарным. Аднак не, усё-ткі Юрый Алеша стаў жывым чалавекам, і я перачытваў яго кнігі з пяшчотай — такі маларослы, няскладны чалавек, а які спрыт у абыходжанні з фразай, і як ён умеў чытаць чужыя кнігі.

У апалчэнне мяне не бралі, я лічыўся інжынерам у СКБ у Ж. Я. Коціна, галоўнага канструктара танкаў. Паскардзіўся ў парткам, у дырэкцыю, у камітэт камсамола. Існавала шмат інстанцый для скаргаў. Праз тыдзень мне ўдалося зняць «браню». Мяне залічылі ў Першую дывізію народнага апалчэння (1 ДНА). Я быў шчаслівы. Чым?.. Каханне павінна было б стрымліваць мяне, раман толькі разгараўся, праца над новым танкам магла задаволіць любы патрыятычны запал.

На трэці месяц вайны я перастаў разумець сваё рашэнне, сваю настойлівасць, турботы.

Праўда, калі прыгледзецца ўважлівей, то можна ўбачыць, што ў армію пайшлі амаль усе мае хлопцы: Вадзім, Бэн, Ілья, Лёня. Пайшлі, зрэшты, па мабілізацыі. Косця, як і я, меў «браню» ў сваім радыёінстытуце і трымаўся за яе абедзвюма рукамі.

— Абараняць грудзьмі краіну я не збіраюся, — казаў ён.

— Гэта ж вобразны выраз, нельга разумець літаральна.

— Вінтоўку табе далі? Не? У тым і справа. Чым жа ты будзеш ваяваць?

Нішто не магло спыніць мяне, я паўстаў перад Рымай у гімнасцёрцы б/у, сініх дыяганальных галіфэ, цяжкіх чаравіках з абмоткамі. Выглядаў недарэчна, а адчуваў сябе гусарам, кавалергардам. Калі б пісталет на пояс, але далі толькі процівагаз і перад адпраўкай — бутэльку з запальнай сумессю.

Галоўная таямніца для мяне заключалася ў тым, чаму яна аддала перавагу мне. Інжынер-пачатковец з беднай сям’і, бацька ў Сібіры, знешнасць — так сабе, не спявае, ні на чым не грае, не спартсмен. Паўстае пытанне — у чым сакрэт? Адвечнае імкненне растлумачыць загадку кахання.

Тое, што яна цнатліўка, было доказам яе кахання, ва ўсялякім разе, шмат значыла. Нявіннасць і ў мужчын выклікае ні з чым не параўнальнае адчуванне чысціні, у любым выпадку, запомнілася тая ноч. Мы перайшлі з рыплівага ложка на падлогу, у суседнім пакоі спалі мая маці, сястра. Праклятая чутнасць перашкаджала радавацца, крычаць, раўці не стрымліваючы сябе, аддавацца каханню, як аддаюцца жывёлы. Але ўсё роўна і стрымліванне было прыемным, і начное неба з трывожным шныраннем пражэктараў, і вецер з расчыненага акна. Пачатак кахання, узыходная галіна стромка падымалася да зорак, у бясконцасць. Здавалася, так будзе заўсёды.

Апошнія гарадскія тыдні перад адпраўкай на фронт, фарміраванне дывізіі, трэніроўкі ў Шарамецеўскім парку, карткі на прадукты, бамбёжкі — усё ішло па датычнай, міма, не замінаючы, падганяючы нашы адносіны.

Нявопытнасць была ва ўсім — у вайне, у каханні, прадуктовых картках. Ніхто не запасаўся прадуктамі, ніхто не думаў пра эвакуацыю. Усё-ткі мы не луналі ў аблоках, мы накіраваліся ў загс. Прапанаваў я. Прапанаваў не руку і сэрца, а зарэгістравацца. Выключна дзелавую прапанову зрабіў. Гэта быў верасень 1941 года, трэці месяц вайны, немцы падышлі да Пушкіна. Я ведаў, што ў гэтага шлюбу не было будучыні, і ў мяне не было, да таго часу я ўпэўніўся, што Германію адолець няпроста, і пехацінцу ў гэтай вайне ацалець не свеціць. У той першы год салдат пражываў на пярэднім краі ў сярэднім чатыры дні. Будзе ў Рымы хоць памяць пра юнае яе першае каханне да маладога салдаціка, часам уздыхне, прыгадаўшы, і да таго падобная саладжавая лірыка.

Мне прыемна было адрасаваць ёй атэстат, мізэрная сума, але ўсё-ткі.

Загс на Чайкоўскага быў зачынены, сышлі ў бомбасховішча. У загс на Уладзімірскім трапіў снарад. Накіраваліся на плошчу Стачак. Мы гатовыя былі хадзіць з загса ў загс, рэгістравацца двойчы, тройчы, чакаць на прыступках... Нарэшце мы дабіліся свайго, яна атрымала штамп у пашпарце, у маю салдацкую кніжку штамп не ставіўся.

Горад быў без кветак. На Неўскім у кафэ «Норд» за вялікія грошы нам падалі піражкі з павідлам, каву і па фужэры віна. Афіцыянтка, калі даведалася, што мы адзначаем вяселле, прынесла нам па эклеры. Астатнюю пустату стала запоўніла Рыма, яе шчаслівасць, яе вочы, смех. Дастаткова было глядзець на яе. Для жанчыны вясельны акт азначае шмат. Я проста любаваўся ёй, жартаваў, патрабавоў, каб яна навучылася рабіць бліны і кулябяку.

Ніякіх планаў сумеснага жыцця мы не будавалі, я вяртаўся на фронт, яна — на завод. Дзень быў цёплы, летняя блакітная сукеначка, глыбокі выраз, маленькі залаты медальён ляжаў на загарэлых грудзях. Яшчэ — шаўковая цёмна-сіняя хусцінка ці шалік. Раптам я скеміў, што яна, акрамя бацькі з мамай, адзіная, хто захавае нейкую памяць пра мяне, праз яе я на нейкі час застануся ў гэтым свеце. Яна будзе чакаць, па ёй можна сумаваць на перадавой.