Апошняя прыступка

— Не, — гарачыўся Кірыл, — што б ні казалі, але не маглі культурныя, адукаваныя людзі (з Казанскім ці з іншым універсітэтам) выклікаць такое спусташэнне і разбурэнне па ўсёй кране. Ніякія яны не культурныя людзі, а варвары, недавучкі, прыдуркаватыя, невукі, да таго ж поўныя самай нікчэмнай і помслівай злосці. Злачынцы, якія захапілі ўладу. Ну скажы, хіба не бандытызм — знішчэнне прыгажосці? Хараства зямлі, агульнага яе аблічча. Ды ж не імі было пастаўлена. Лісёнак, кінь апошнія строфы з някрасаўскага «Уласа».

Ліза адразу пачала выразна чытаць:
Ходзіць зімкаю сцюдзёнаю
І ў час летняе пары,
Выклікае Русь хрышчоную
На магчымыя дары, —
І даюць, даюць прахожыя...
Гэтак з лепты, што далі,
Вырастаюць храмы Божыя
На радзімае зямлі...

Гэта напісаў Някрасаў, непрадузяты сведка, можна сказаць, рэвалюцыйны дэмакрат. Значыць, правільна, з працоўнай лепты, з лепты народнай вырастала па ўсёй Русі гэта прыгажосць. Хто ж мог апалчыцца супраць яе і падняць руку, хто дазволіў бы сабе наздзекавацца з яе і апаганіць яе? Толькі ворагі Расіі, толькі нікчэмныя, злосныя мсціўцы, толькі хуліганы і злачынцы. Няўжо гэта камусьці незразумела?

— І ён таксама помсціў? За каго і за што?

— Як — за каго? За брата! Брата ж павесілі, вось ён і сказаў, што мы, маўляў, пойдзем іншым шляхам. Пакляўся. А тут маці іх усіх, дзетак сваіх, навучала разбураць Расію. Ствараць можа толькі любоў, разбураць жа можна, толькі узлаваўшыся, калі меркаваць па велічыні разбурэння, па вакханаліі разбурэння, то азлабленне было дзікім, звярыным********.

І вось праходзілі праз нашы вочы, праз нашы сэрцы, якія абліваліся кожны раз крывёю, цэрквы на ўзгорках, цэрквы сярод дрэў, цэрквы пасярэдзіне вёсак і на водшыбе ад вёсак, цэрквы аднагаловыя і пяцігаловыя, але ўсе мёртвыя, усе зняважаныя як адна.

Калі калгасны склад, мы не заходзілі ў яго. Біў у ноздры пах тухлага мяса, ляжалі разасланыя на падлозе сырыя, пасыпаныя соллю каровіны шкуры, узвышаўся грудамі камбікорм для свіней. У другім складзе маглі захоўвацца ў рулонах толь, скруткі дроту, скрыні са шклом, слоікі і бляшанкі з фарбай. У трэцім складзе магло ляжаць на ўсёй падлозе зерне, авёс, напрыклад, і там жа збоку звалена шэрая, пыльная льняная кудзеля.

Пад’ехаўшы да адной царквы, абсаджанай дрэвамі, мы абышлі закінуты, мёртвы храм і прыселі на яго цвінтар паслухаць цішыню сярод здзічэлых кустоў бэзу, сярод акацый і бледна-ружовых мальваў.

Пустое, забытае месца. Толькі не было поўнай цішыні. У праёмах званіцы нягучна, маркотна падвываў вецер. Тут, дзе мы сядзелі, у кустах, было амаль бязветрана і горача, наверсе ж, над кустамі і дрэвамі, бліжэй за крыжыка, бліжэй да белых паўдзённых аблокаў, гуляў, значыць, светлы ­вецер.

Мы ачуліся ад задуменнасці і падняліся, таму што да могілак набліжаліся нейкія незразумелыя гукі. Нібыта шорганне ног, і прыглушаныя галасы, і ці то плач, ці то песня. Паглядзеўшы з-за куста, мы ўбачылі, што з боку вёскі набліжаецца пахавальная працэсія. Аказваецца, месца яшчэ зусім не забытае: тут па-ранейшаму вясковыя могілкі. І як гэта мы раней не заўважылі, што некаторыя пагорачкі сярод высокай някошанай травы даволі свежыя ці, ва ўсякім выпадку, кранутыя клапатлівымі чалавечымі
рукамі.

Працэсія была нешматлікая, звычайнае вясковае пахаванне. Я памятаю з дзяцінства, як хавалі ў нашай вёсцы. Выносілі з царкоўнай агароджы праз галоўную браму, якая і адчынялася толькі дзеля такога выпадку...

Наперадзе крыж з ручніком, потым нейкі ліхтар, я ўжо не памятаю добра. Самы вялікі звон біў рэдка, з вялікімі прамежкамі. Ад аднаго ўдару да другога пахавальная працэсія паспявала прайсці крокаў трыццаць-сорак. Такі ўжо пахавальны звон. Было нешта жахліва-ўрачыстае ў гэтых рэдкіх, нечакана падаючых цяжкіх медных ударах. Нібы побач з маленькай працэсіяй чыясьці асаблівая веліканава хада, хада смерці і тугі, хада самога часу. Бум! — сорак крокаў! Бум! — сорак крокаў. Пакуль данясуць да могілак, ударыць разоў пяцьдзясят.

Сапраўднага царкоўнага адпявання я не чуў даўно, так, каб памятаць і ўяўляць, што гэта такое. Але аднаго разу, некалькі гадоў таму назад, давялося пачуць, як адпявалі. Аляксея Аляксеевіча — майго тату. Зрэшты, якое адпяванне: айцец Аляксандр, безгалосы па старасці, на падхваце ў яго цётка Поля Маскоўкіна з Валодзем Пастновым — убогая, вартая жалю кампанія. Але я слухаў, і раптам у мяне па целе пайшоў мароз. Я не памятаю цяпер, але якіясьці такія ўрачыстыя, адзіныя для гэтага выпадку, а таму, значыць, вялікія словы прамаўляў нараспеў айцец Аляксандр з памагатымі, што дзесьці ў глыбіні ў мяне мільганула думка: не так страшна паміраць, калі і над табой будуць гаварыць такія ж словы.

Цяпер не чутна было вялікага звона, не чуваць было і надмагільнага спеву. Ціха, панура неслі па гарачыні, па пыльнай дарозе рускага мужыка, які адпрацаваў, адараў, адкасіў, аддыміў махоркай, адлаяўся па-мацернаму ад праклятага жыцця. Або рускую жанчыну, якая адна раджала, адгрымела чыгунамі ды вілкамі, адпрацавала сваё, адпакутавала сваё.

Нам захацелася паглядзець, як будуць хаваць, чым заменяць адняты ў іх адвечны пахавальны абрад.

Вось у мяне, напрыклад, як у маскоўскага літаратара, сваё ўяўленне аб пахаванні. Павінны паставіць труну ў ЦДЛ (прымуць часова рэстаранныя столікі), і Міхалкоў павінен сказаць прамову, і Роза Якаўлеўна будзе раздаваць жалобныя павязкі, і будзе гучаць жалобная ці проста добрая музыка.

Дапусцім, што лепшага я не хачу і што гэта лічу для сябе «быць пахаваным па-чалавечы». Калі мне скажуць цяпер загадзя, што я пасля смерці буду выкінуты на з’ядзенне звярам і на раздзяўбанне птушкам, я палічу гэта за бесчалавечную жорсткасць. Я не хачу ні звяроў, ні птушак.

Аднак у Індыі ёсць касты, якія лічаць вышэйшым шчасцем быць выкінутымі на раздзяўбанне і на з’ядзенне. З іх пункту гледжання, гэта называецца «быць пахаваным па-чалавечы». Або спальванне на беразе свяшчэннага Ганга. Калі сказаць індусу, што ён не будзе спалены на беразе Ганга ці не будзе кінуты звярам і птушкам, індус прыме гэта за бесчалавечную жорсткасць.

Карацей кажучы, кожны чалавек, калі і не меў якіх-небудзь праў пры жыцці, павінен мець святое права быць пахаваным, з яго пункту гледжання, «па-чалавечы».

І вось зачыняем царкву. Гэта значыць — адным махам пазбаўляем сотні пажылых людзей, старых мужчын і бабуль іх права на пахаванне «па-чалавечы», бо астатнія пахаванні яны лічаць «па-сабачы», як жывёлу, як падлу. Што ж, перавыхоўваць іх позна. А іх жа ў маштабах краіны — мільёны. Хто ж узяў на сябе права на такую пачварную жорсткасць?

Жыве старая, руская сялянка, руская маці, руская бабуля. Яна, вядома, зараз у абласным і раённым маштабе — нішто: не даярка, не маяк, не член брыгады камуністычнай працы. Аркестр з раёна дзеля яе пахавання не прыедзе, жалобных сцягоў не вывесяць.

Так, яна не даярка, не маяк. Але яна — ча-ла-век! І ўсе яе мары, уся яе апошняя воля — гэта каб яе адпелі ў царкве. Але гэта якраз у яе і адабралі. Мала таго, што аднята, — пры жыцці сказана, каб і думаць не магла ні пра якую царкву, ні пра якое адпяванне.

— А што ж будзе, калі памру?

— Адвязём і закапаем.

— Як жывёлу?

— Як хочаш разумей.

Дзе ж мера жорткасці, здзекаў з людзей, глумлення з чалавечых пачуццяў?

Пакуль я так разважаў, пахавальная працэсія дайшла да пустой магілы. Зямля тут была — чырвоная гліна. На пагорачку яна рассыпістая, уся з кубікаў, а на сценках магілы, на зрэзах — глянцавая, блішчыць як алей.

Падышлі людзі да магілы. Паставілі труну побач з ямай. Гучней заплакалі жанчыны. Стоўпіліся вакол цеснай сіратлівай кучкай. І раптам мы бачым, што разгубіліся. Не ведаюць, што рабіць далей. Трэба ж нешта рабіць, ну хоць што-небудзь, каб апошняя даніна, апошні абрад... Не было ў іх ніякага абраду.

Старая, якая стаяла бліжэй за ўсіх да нябожчыка, перахрысціла яго, а потым сыпанула на белы саван жменю чырвоных рассыпістых суніц.

— Забівайце, мужыкі, чаго ж глядзець.

З’явілася справа, мужыкі ажывіліся. Што-што, а цвікі забіваць мы ўмеем. Пачуліся гулкія, сумныя ўдары двух малаткоў. Затым працягнулі вяроўкі пад днішча труны. Крэкчучы, з цяжкасцю ўстрымліваючы яго ў раўнавазе, пачалі апускаць труну ў прахалодную гліністую глыбіню. Апусцілі. Выцягнулі вяроўкі назад. Самотна і глуха запускалі камякі зямлі. Усё больш глуха і мякка... Перайшло на шамаценне.

Засыпалі і зноў спыніліся ў разгубленасці. Трэба было разыходзіцца. Але было, напэўна, у кожнага на душы адчуванне чагосьці недаробленага, недасказанага або зробленага не так.

Але больш няма чаго рабіць. Магіла засыпана, не да вечара ж над ёю стаяць. Не дружна, групамі пачалі разыходзіцца. Жанчына гадоў пяцідзесяці кожнаму сказала, каб прыйшлі памінаць.

Ну, так. Зараз збяруцца ў хаце гэтай жанчыны, вып’юць пад просценькую закуску, а там і нап’юцца дап’яна. Ці папракаць? Патрэбна ж выліць з душы тугу, якая сасе, хоць не да канца ўсвядомленую ці і зусім неўсвядомленую.

Папаўняючы другую (другарадную, праўда) сваю калекцыю, Кірыл амаль ці не ў кожнай вёсцы прасіў мяне адшукаць старшыню калгаса. Таму мне тут выпадала галоўная роля, што, пакуль я размаўляю са старшынёю як журналіст, выпытваю ў яго пра калгасныя справы, Кірылу зручней збоку, агледзеўшыся і прыцэліўшыся, выкарыстоўваючы нават і тэлеаб’ектыў, каб наблізіць старшынёў твар, заняць ім увесь кадр, зрабіць сваю снайперскую пстрычку затворам і павезці ў камеры адбітак майго суразмоўніка, які часам не здагадваўся, што яго фатаграфуюць, а калі і заўважаў, то, вядома, не пратэставаў, а, наадварот, радаваўся: карэспандэнты, потым патрапіш у газету.

Але «потым» ніякага не было. Потым Кірыл раскладваў у сябе на стале фатаграфіі і казаў:

— Паглядзі, паглядзі. Вось яны, камандзіры нашай сельскай гаспадаркі. Адшукай хоць адзін твар. Адшукай рысачку адухоўленасці хоць на адным твары. Прыгледзься больш уважліва. Гэта ж не твары, а хары. Няголеныя, апухлыя, ці то з пахмелля, ці то з недасыпання. Магчыма, ты бачыш волю, пробліскі асобы хоць на адным твары? Безаблічныя людзі.

Разгубленыя, неўразумелыя, чаго ж ад іх хочуць. Гэтыя людзі будуць рабіць усё, што ім скажуць зверху. Сеяць кукурузу — сеяць кукурузу. Выкараняць кукурузу — выкараняць кукурузу. Узбуйняць калгасы — узбуйняць калгасы. Разбуйняць калгасы — разбуйняць калгасы. Уводзіць працадні — уводзіць працадні. Замяняць працадні зарплатай — замяняць працадні зарплатай. Самім думаць не трэба. Самім трэба толькі злаўчацца, як бы ўстрымацца на месцы, а для гэтага як бы абхітрыць начальства са зводкамі, як бы пусціць пыл у вочы, што ўсё ужо пасеяна і сабрана, а заўтра заднім чыслом гэтыя лічбы ўсё ж выканаць. Але выканаць не заўсёды ўдаецца. Падман выклікае новы падман. І атрымліваецца так, што на паперах існуе адна рэальнасць, а на самай справе іншая. Падман ідзе з раёна ў вобласць. У апошняй інстанцыі падманваць ужо няма каго, апрача хіба саміх сябе, ды яшчэ ўвесь народ з трыбуны з’езда ці сесіі Вярхоўнага Савета. А ў гэты час таіць ад народа, ліквідоўваць неадпаведныя рэальнасці папяровыя лічбы шляхам закупкі пшаніцы і аўсу ў Амерыцы, у Канадзе, у Аўстраліі.

Усё ж пакуль Кірыл здымаў, мне даводзілася размаўляць са старшынёй, і няцяжка было зрэзаць яго, як на экзамене, з другога пытання, таму што стан нашых калгасаў мне тады быў вядомы падрабязна. Спачатку ён напінаўся, але хутка высвятлялася, што ўраджай у мінулым годзе быў дзевяць цэнтнераў, што малака каровы даюць па дзве тысячы літраў, што частка бульбы засталася ў полі пад снегам, нягледзячы на тое, што прыганялі з горада цэлымі аўтобусамі рабочую сілу, што кармоў не хопіць і да сярэдзіны зімы, — дык старшыня скісаў, «калоўся», паводле выразу Кірыла, і адразу пачынаў скардзіцца на недахоп рабочай сілы.

Адзін дырэктар саўгаса (для разнастайнасці) так нам і сказаў:

— Заўтра буду праводзіць агульны сход, буду заклікаць людзей, няхай запрашаюць сваіх родных ці знаёмых пераязджаць да нас у саўгас. Недахоп рабочай сілы.

— Дзе ж народ?

— Бягуць, — коратка і зразумела адказаў дырэктар.

— Але ўсё ж вунь колькі хат у вас на саўгаснай сядзібе. Жывуць жа ў іх людзі. І потым, справа хіба ў колькасці людзей? Вось я быў у Даніі, пацікавіўся...

— Ну і як там, у Даніі? — жыва і зацікаўлена адгукнуўся дырэктар

— Там у іх фермерскі тып вядзення гаспадаркі. На гэты шлях павінна была стаць Расія з ажыццяўленнем сталыпінскай рэформы. Так і называлі, здаецца, «дацкі шлях». Але Данія маленькая. Няхай хоць і фантастычная прадукцыйнасць працы, але не тыя маштабы. Калі б такую вытворчасць у маштабах Расіі...

— А якая прадукцыйнасць?

— Ну... Я папрасіў паказаць мне невялікую гаспадарку. Прыкладна, каб столькі зямлі, колькі было ў нас у сярэдняй сялянскай гаспадарцы. Прычым гаспадарку не выбіралі. Ехалі па дарозе, і зайшла размова. Павярнулі з галоўнай дарогі, фактычна да першай, якая трапілася, гаспадаркі.

— Ну і?

— Сем гектараў зямлі. Муж і жонка. Абоім па трыццаць. Дачка — падлетак. У дачкі свой верхавы конь. Яшчэ конь для працы. Палова колавага трактара.

— Як гэта?

— З суседам на дваіх куплены колавы трактар. Прычапныя прылады свае, галоўным чынам падвесныя. Інструмент... Паглядзелі б вы на інструмент! Вілы, рыдлёўкі, граблі — усё ярка пафарбаванае, ручкі выгнутыя адпаведным чынам, каб меней прыкладваць намаганняў і каб больш зручна інструментам карыстацца. Два аўтамабілі: легкавая машына і невялікі грузавічок. Тое, што вырабляюць самі, — не ядуць. Прыязджае спецыяльны аўтамабіль (якраз пры мне прыязджаў) і прывозіць тое, што яны заказваюць: мяса ў цэлафане, зялёны гарошак, шпінат... Гаспадыня мне паказала халадзільнік — гарызантальны, нагадвае скрыню. Падняла века — поўна прадуктаў. Усё свежае, яркае, як на карцінцы з кнігі пра смачную і здаровую ежу.

— А што вырабляюць?

— Тры віды таварнай прадукцыі: малако, яйкі і парасят. Я, вядома, запытаў, колькі яны ўдваіх на сямі гектарах, маючы паўтрактара і каня, вырабілі рознай прадукцыі.

— Ну і?

— Дзве тоны яек, малако ў пераразліку на сметанковае масла 1800 кілаграмаў і сорак парасят на бекон.

— Яйкі на вагу?

— Так, яйкі на вагу. Там яны ў іх і ў магазінах прадаюцца на вагу. Значыць, каля трыццаці штук. Калі на ўсіх траіх, уключаючы дачку, падзяліць, атрымліваецца па дзесяць тысяч на кожнага чалавека, а фактычна — па пятнаццаць, таму што працуюць толькі двое. Вось вам прадукцыйнасць. А ў вас?

— Што ў нас? — нібы прачнуўся дырэктар.

— У вас ёсць курыная ферма?

— Ёсць.

— І колькі ж у сярэднім на чалавека вы здалі ў мінулым годзе яек?

— У нас куры не галоўнае. У нас галоўнае малако.

— Але ўсё ж?

— Па тры яйкі на чалавека.

— Цяпер возьмем галоўны ваш прадукт — малако. У яго каровы па пяць тысяч літраў папросту даюць. Я яму кажу: прыязджайце да нас, вы ж адразу маяком станеце, ваш партрэт у раённай газеце надрукуюць, а то яшчэ і Героя Працы дадуць. Не, кажа, я ўжо як-небудзь тут пераб’юся без раённай газеты... Ну, дык возьмем цяпер галоўны ваш тавар, малако.

— Не буду і браць, — адказаў дырэктар. — Я ўжо зразумеў. Іншая сістэма — іншыя вынікі. Я думаю зараз: значыць, у мяне ў саўгасе не недахоп рук, а сапраўдная багадзельня. У іх там на дваіх сорак парасят. Ды калі б па дваццаць парасят на кожнага майго рабочага, ды мы б усю вобласць парасятамі завалілі. Гэта што атрымліваецца? Тысяча восемсот кілаграмаў сметанковага масла ў год. Удваіх. Неверагодна! Няхай у нас трыста чалавек у саўгасе. Значыць, мы павінны б вырабіць шэсць мільёнаў яек, каля трыццаці тон масла ды яшчэ шэсць тысяч парасят на бекон. Не, гэта не можа ўкласціся ў свядомасці. Які ж у іх ураджай?



* Вось карцінка, намаляваная былым камендантам Крамля П. Мальковым. Такім чынам, яму даручылі прыбраць Крэмль да 1 Мая. І ён прыбраў. Далей дакладна па тэксце (Малькоў, П. Запіскі каменданта Крамля. М. :Маладая гвардыя, 1968. С. 127): «Выйшаў Уладзімір Ільіч. Ён быў вясёлы, жартаваў, смяяўся. Калі я падышоў, Ільіч ветліва прывітаўся са мной, павіншаваў са святам, а потым раптоўна жартаўліва пагразіў пальцам.
— Добра, бацечка, усё добра, а вось гэту гадасць так і не знеслі. Гэта ўжо нядобра, — і паказаў на помнік, узведзены на месцы забойства вялікага князя Сяргея Аляксандравіча.
Я са скрухай уздыхнуў.
Я сокрушенно вздохнул.
— Правильно, — говорю, — Владимир Ильич, не убрал, не успел, рабочих рук не хватило.
— Ишь ты, нашел причину! Так, говорите, рабочих рук не хватило? Ну, для этого дела рабочие руки найдутся хоть сейчас. Как, товарищи? — обратился Ильич к окружающим.  Со всех сторон его поддержали дружные голоса.
— Видите? А вы говорите, рабочих рук нет. Ну-ка, пока есть время до демонстрации, тащите веревки.
Я мигом сбегал в комендатуру и принес веревки. Владимир Ильич ловко сделал петлю и накинул на памятник. Взялись за дело все, и вскоре памятник был опутан веревками со всех сторон.
— А ну, дружно! — задорно командовал Владимир Ильич.
Ленин, Свердлов, Аванесов, Смидович, другие члены ВЦИК и Совнаркома и сотрудники немногочисленного правительственного аппарата впряглись в веревки, налегли, дернули, и памятник рухнул на булыжник.
— Долой его с глаз, на свалку! — продолжал распоряжаться Владимир Ильич. Десятки рук подхватили веревки, и памятник загремел по булыжнику к Тайницкому саду.
Владимир Ильич вообще терпеть не мог памятников царям, великим князьям, всяким прославленным при царе генералам... По предложению Владимира Ильича в 1918 году в Москве были снесены памятники Александру II в Кремле, Александру III возле храма Христа Спасителя, генералу Скобелеву... Мы снесли весь этот хлам, заявлял он, и воздвигнем в Москве и других городах Советской России памятники Марксу, Энгельсу, Марату, Робеспьеру, героям Коммуны и нашей революции». Выразительная картинка, не правда ли?
— Правільна, — кажу, — Уладзімір Ільіч, не знёс, не паспеў, рабочых рук не хапіла.
— Бач ты, знайшоў прычыну! Дык, кажаце, рабочых рук не хапіла? Ну, для гэтай справы рабочыя рукі знойдуцца хоць зараз. Як, таварышы? — звярнуўся Ільіч да навакольных. З усіх бакоў яго падтрымалі дружныя галасы.
— Бачыце? А вы кажаце, рабочых рук няма. Ану, пакуль ёсць час да дэманстрацыі, цягніце вяроўкі.
Я хуценька збегаў у камендатуру і прынёс вяроўкі. Уладзімір Ільіч спрытна зрабіў пятлю і накінуў на помнік. Узяліся за справу ўсе, і неўзабаве помнік быў аблытаны вяроўкамі з усіх бакоў.
— Ану, дружна! — з запалам камандаваў Уладзімір Ільіч.
Ленін, Свярдлоў, Аванесаў, Смідовіч, іншыя члены УЦВК і Саўнаркама і супрацоўнікі нешматлікага ўрадавага апарата запрэгліся ў вяроўкі, налеглі, тузанулі, і помнік зваліўся на брук.
— Прэч яго з вачэй, на звалку! — працягваў распаражацца Уладзімір Ільіч.
Дзясяткі рук падхапілі вяроўкі, і помнік загрукацеў па бруку да Тайніцкага саду. Уладзімір Ільіч увогуле трываць не мог помнікаў царам, вялікім князям, усялякім праслаўленым пры цары генералам... Па прапанове Уладзіміра Ільіча ў 1918 годзе ў Маскве былі знесены помнікі Аляксандру ІІ у Крамлі, Аляксандру ІІІ каля храма Хрыста Збавіцеля, генералу Скобелеву... Мы знеслі ўвесь гэты хлам, заяўляў ён, і ўзвядзём у Маскве і ў іншых гарадах Савецкай Расіі помнікі Марксу, Энгельсу, Марату, Рабесп’еру, героям Камуны і нашай рэвалюцыі». Яскравая карцінка, ці не праўда?