Карацелькі

Лістоўніца

Што за дзіўнае дрэва! Колькі бачым яе — хваёвая, хваёвая, так. Таго і разраду, значыцца? А вось і не. Надыходзіць восень, пачынаюць ападаць побач ліставыя, амаль як гінуць. Тады — праз спачуванне? («Не пакіну вас! Мае і без мяне перастаяць спакойна») — асыпаецца і яна. Ды так дружна асыпаецца і святочна — мільганнем сонечных іскраў.

Сказаць, што сэрцам, сэрцавінай мяккая? Зноў-такі не: яе драўніна — самая надзейная ў свеце, і сякера не кожная яе возьме, і для сплаву непадымная, і, калі ў вадзе пакінуць, не гніе, а наадварот, яшчэ мацнейшай робіцца, камянее.

Ну а вяртаецца зноў, усялякі год нібыта раптоўным дарам, ласкавая цеплыня — значыцца, яшчэ гадочак нам адпушчаны, можна і зноўку зазелянець і да сваіх вярнуцца праз шаўкавістыя іголачкі.

Бо і людзі такія ёсць.


Маланка

Толькі ў кнігах я чытаў, сам ніколі не бачыў, як маланка расколвае дрэвы.

А вось і пабачыў. З навальніцы, што сярод дня пачалася, раптоўна асляпіў маланкавы бляск нашыя вокны светлым золатам, і адразу ж, не адстаўшы і на поўную секунду, — ударышча грому: крокаў за дзвесце-трыста ад дому, не далей...

Мінула навальніца. Так і ёсць: паблізу, на лясным участку. Сярод высачэзных соснаў выбрала маланка не самую ж высокую ліпу. А за што? І ад верху, крыху ніжэй самай вершаліны, прайшлася маланка ўздоўж і ўздоўж ствала, праз яе жывое і ў сабе ўпэўненае нутро. А знясіліўшыся, не дайшла да нізу. Саслізнула? Вычарпалася?.. Толькі зямля ўся зрытая зблізку падпаленага карэнішча, ды на паўсотні метраў раскідана буйная трэска.

І адна плашка ствала, да сярэдзіны росту, адвалілася ўбок, налегла на сукі бязвінных суседак. А другая — яшчэ пратрымалася дзянёк, стаяла. Якой сілай? Яна ўжо была наскрось прадраная, зеўрала скразной вялізнай дзіркай. Потым і яна завалілася на свой бок, у сяброўскую развіліну яшчэ адной высокай сястры.

Так і нас, некаторага, калі ўжо спасцігае ўдар кары-сумлення, то — праз усё нутро наскрозь і праз усё жыццё ўздоўж. І хто яшчэ ўтрымаецца пасля таго, а хто і не зможа.


Звон Угліча

Хто з вас не чуў пра гэты звон, пра незвычайнае ягонае пакаранне, калі выдралі яму язык і адну з правушын, каб ніколі ўжо не вісеў у звонавай годнасці; мала таго — білі яго бізунамі, а яшчэ адаслалі за дзве тысячы вёрстаў, у Табольск, на калымазе. І ва ўсю гэтую далячынь не коні везлі заклятую паклажу, але цягнулі на сабе асуджаныя жыхары Угліча — звыш тых двухсот, якіх ужо смерцю пакаралі за знішчэнне гасударавых людзей (забойцаў малога царэвіча), і тых, каму языкі ўрэзалі, каб не маглі тлумачыць яны па-свойму таго, што адбылося ў горадзе.

Вяртаючыся Сібір’ю, перасекся я ў Табольскім крамлі з запусцелым следам выгнанніка — у каплічцы-адзіночцы, дзе адбываў ён свой трохсотгадовы тэрмін, пакуль не быў памілаваны да вяртання. А вось — я ў Углічы, у храме Дзмітрыя на Крыві. І звон, хоць і дваццаціпудовы, а ўсяго толькі ў палову чалавечага росту, замацаваны тут у пашане. Бронза ягоная пацьмянела да шэрасці выпакутаванай. Біла яго звісае нерухома. І мне прапануюць ударыць.

Я б’ю адзін раз. І які ж дзіўны гул узнікае ў храме, якое шматзначнае гэтае зліццё глыбокіх таноў, з даўнасці — да нас, неразумна паспешлівых і скаламучаных душаў. Усяго адзін удар, але доўжыцца паўхвіліны, а дадоўжваецца хвіліну поўную, толькі павольна-павольна велічна згасае — і да самага змаўкання не губляе маляўнічага шматгучча. Ведалі нашыя продкі таямніцы металаў.

У першыя ж імгненні пасля таго, як стала вядома, што царэвіча зарэзалі, дзяк саборнай царквы кінуўся на званіцу, здагадліва замкнуўшы за сабой дзверы, і колькі ні ламаліся ў яе ворагі, біў і біў набат вось у гэты самы звон. Узнёсся лямант і жах углічскага народу — гэта звон абвяшчаў агульны страх за Русь.

Тыя раскатныя ўдары звона — покліч вялікай Бяды — і прадвясцілі Смуту Першую. Выпала і мне вось зараз ударыць у пакутны звон — дзесьці ў доўжанні, у тленні Смуты Трэцяй. І як пазбавіцца ад параўнання: празорлівая трывога народная — толькі прыкрая перашкода трону і непрабіўной баяршчыне, што чатырыста гадоў таму, што зараз.


Званіца

Хто хоча ўбачыць адзіным поглядам, у адзін кругагляд, нашу недатопленую Расію — не ўпусціце шанца паглядзець на калязінскую званіцу.

Яна стаяла пры саборы, у гушчы багатага гандлёвага горада, непадалёку ад Гасцінага двара, і на плошчу да яе плаўна сыходзілі вуліцы двухпавярховых купецкіх асабнякоў. І ніякі ж празорлівец не прадказаў тады, што старажытны гэты горад, які перажыў разарэнні жорсткія і ад татар, і ад палякаў, на сваім восьмым стагоддзі будзе, невуцкай воляю самадурных уладароў затоплены на дзве чвэрці ў Волзе: усё б выратавала другая плаціна, але паскупіліся бальшавікі на яе. (Ды што! Малуга і ўся на дне). І сёння, калі станеш на прыбярэжнай мяжы, нават уяўленню твайму ўжо не ўзняць з воднай бездані гэты паднявольны Кіцеж альбо Атлантыду, якая сышла на тузін сажняў глыбіні.

Але засталася ад утопленага горада высокая званіца. Сабор узарвалі альбо расцягнулі па цаглінах дзеля нашай будучыні — а званіцу чамусьці не паспелі зваліць, нават зусім не кранулі, нібыта запаведную. І вось — стаіць з вады, дыхтоўнай кладкі, белай цэглы, у шасці ярусах, паступова звужаючыся ўгору (паўтара яруса — пад вадой), у апошнія гады ўжо і адмостку прысыпалі да яе для захоўвання нізу. Стаіць, не пакасіўшыся ні на сантыметр, не скрывіўшыся, пяццю прадзьмутымі пралётамі, а далей цыбулінкай купала і шпілем — у неба! Ды яшчэ на шпілі — якім цудам? — крыж захаваўся. Ад буйных волжскіх цеплаходаў, што не дабіраюць вышыні, калі здалёк глянуць, на палову яруса, б’юцца хвалі аб белыя сцены, і з палубаў ужо пяцьдзясят год дзівяцца на званіцу савецкія пасажыры.

Нібыта па смяротна параненых, брыдзеш па сумных ацалелых вулачках, дзе нават хацінкі тых паспешліва пераселеных затапленцаў перакасіў ужо час. На фальшывай набярэжнай калязінскія бабы, захоўваючы старую прыхільнасць да сапраўднай мяккасці і чысціні волжскай вады, намагаюцца выпаласкаць бялізну. Заціхлы, пераламаны, недабіты горад з малой рэшткай былых выдатных будынкаў. Але і ў гэтым запусценні ў людзей, якіх падманулі і проста пакінулі тут, няма іншага выбару, як жыць. І жыць — у гэтым самым месцы.

І для іх тут, і для ўсіх, хто аднойчы ўбачыў гэты цуд: яна ж стаіць, званіца! Як наша надзея. Як наша малітва: не, усю Русь да канца не дазволіць Гасподзь утапіць...


Старэнне

Колькі напісана аб жаху смерці, але якое ж натуральнае яна звяно, калі не гвалтоўная.

Памятаю ў лагеры грэчаскага паэта, ужо, па ўсім бачна, не жыльца, а гадоў — толькі крыху за трыццаць. І ніякага страху перад смерцю не было ў ягонай мякка-самотнай усмешцы. Я здзівіўся. А ён: «Перш чым надыходзіць смерць, у нас адбываецца ўнутранная падрыхтоўка: мы нібыта выспяваем да яе. І ўжо нічога не страшна».

Усяго год прайшоў — і я адчуў усё гэта на сабе сам, у свае трыццаць чатыры. Месяц за месяцам, тыдзень за тыднем хілячыся да смерці, прызвычайваючыся, я ў сваёй гатоўнасці, пакорлівасці апярэдзіў цела.

Дык наколькі ж лягчэй, якая адкрытасць, калі да смерці павольна падводзіць нас старэчы ўзрост. Старэнне — зусім нават не пакаранне Боскае, у ім сваё хараство і свае цёплыя фарбы.

Цёпла бачыць дзіцячую валтузню, назіраць за тым, як гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі растуць, набіраюцца моцы і характару. Цеплыню можна нават адчуць у аслабленні ўласных сіл, параўноўваеш: а якім, значыцца, асілкам я быў раней. Не адольваеш поўнага дня работы — салодкім можа быць і кароткі перапынак свядомасці, і зноўку яснасць другой альбо трэцяй раніцы ў дзень, яшчэ падарунак. І ёсць асалода духу — абмяжоўваць сябе у ежы, не шукаць смакавых перабораў: яшчэ ты жывы, а ўзнімешся вышэй за матэрыю.

І тонкі галасок сініц у заснежаным яшчэ, толькі напалову вясновым лесе — у два разы мілейшы праз тое, што хутка ты іх не пачуеш, так што слухай зараз! А маецца яшчэ скарб, якога нікому не адабраць, — успаміны; маладыя таго пазбаўленыя, пры табе ж яны ўсе безадмоўна, і жывы ўрывачак іх наведвае цябе штодзённа — пры павольным-павольным пераходзе ад ночы да дня, ад дня да ночы.

Яснае старэнне — гэта шлях не ўніз, а ўверх.

Толькі не пашлі, Божа, старасці ў галечы і холадзе.

Як — і кінулі мы столькіх і столькіх...


Ліхое зелле

Колькі ж працы ўкладае земляроб: захаваць зярняты да тэрміну, пасеяць правільна, даглядаць расліны добрыя да ўраджаю. Але з дзікай жвавасцю ўзыходзіць пустазелле — не толькі без дагляду-дапамогі, а супраць ўсялякага дагляду, у насмешку. Адсюль і прымаўка: ліхое зелле — няхутка ў зямлю сыдзе.

Дык чаму ж у добрых раслін заўсёды менш моцы?

Назіраючы непралазнасць чалавечай гісторыі, што ў даўняй-даўняй даўніне, што ў найсённяшнім сёння, панура схіляеш галаву: так, відаць, такі закон сусветны. І нам з яго не выбрацца — ніколі, ніякімі добрымі намерамі, ніякімі зямнымі пражэктамі.

Да канца чалавецтва.

І адпушчана кожнаму, хто жыве, толькі: свая праца — і свая душа.


Раніца

Што адбываецца за ноч з нашай душой? У нерухомай анямеласці твайго сну яна нібыта атрымлівае волю асобна ад гэтага цела прайсці праз нейкія чыстыя прасторы, вызваліцца ад усяго мізэрнага, што наліпала на ёй ці камечыла яе ў мінулы дзень альбо нават і ў цэлыя гады. І вяртаецца з першароднай снежнай бялюткасцю. І расхінае табе неабсяжна спакойнае, яснае ранішняе адчуванне.

Як думаецца ў гэтыя хвіліны! Здаецца, зараз ты з нейкай нечаканай праніклівасцю штосьці такое зразумееш, чаго ніколі... чаго...

Заміраеш. Нібыта ў цябе вось-вось кранецца ў рост штосьці такое, чаго ты ў сабе не адчуваў, не падазраваў нават. Амаль не дыхаеш, заклікаеш той светлы парастак, тую вершалінку белай лілейкі, якая вось зараз павінна з’явіцца, расквітнець над непрагляднай паверхняй вечнай вады.

Дабрадзейныя гэтыя імгненні! Ты — вышэй за самога сябе. Ты штосьці непараўнальнае можаш адкрыць, рашыць, задумаць — толькі б не разгайдаць, толькі б не даць устрывожыцца гэтай азёрнай гладзі ў табе самім...

Але што-небудзь неўзабаве абавязкова ўзрушвае, узломлівае чулую тую нацягнутасць: часам чужое дзеянне, слова, калі-нікалі твая ж дробная думка. І — чароўнасць знікла. Адразу — няма той дзіўнай застыласці, няма таго азярца.

І за ўвесь дзень ты яго ўжо не вернеш аніякімі намаганнямі.

Ды і не ўсякай раніцай.


Заслона

Сардэчная хвароба — як вобраз самога нашага жыцця: ход ейны — у поўнай цемры, і не ведаем мы, калі ж надыдзе самы апошні дзень: можа, вось ён тут, каля ганку, а магчыма, яшчэ і няхутка.

Калі грозна расце ў табе пухліна, то, калі сябе не ашукваць, можна разлічыць няўмольныя тэрміны. Але пры хваробах сэрца ты часам падманліва здаровы, ты не прыкуты да прысуду, ты нават як нічога ніякага.

Благаславёнае няведанне. Гэта — міласэрны дар.

А ў вострай стадыі сардэчная хвароба — як знаходжанне ў камеры смяротнікаў. Кожны вечар чакаеш, ці не набліжаюцца крокі? Гэта за мной? Затое кожная раніца — якое шчасце! Якая палёгка: вось яшчэ адзін поўны дзень дараваў мне Усявышні. Колькі, колькі можна пражыць і зрабіць за адзін-адзінюткі толькі дзень!

У прыцемках

Добра памятаю вельмі ў нас на Поўдні распаўсюджанае — сыходзіцца і сядзець разам у прыцемках. Звычай гэты, перанесены з дарэвалюцыйных часоў, магчыма, яшчэ больш замацаваўся беднымі і небяспечнымі гадамі Грамадзянскай вайны. Але жыў ён і раней. Схіляла да таго шматмесячная цеплыня паўднёвых прыцемкаў? А шмат хто быў прывучаны: ніколі не спяшацца з лямпай. Яшчэ завідна ўправіўшыся са справамі, хто і з жывёлай, не спяшаліся, аднак, і спаць класціся. Выходзілі на прызбы, на вулічныя альбо дваровыя лаўкі, а то і проста заставаліся ў пакоях, ды пры вокнах расчыненых, без агню не наляціць усялякая дробязь. Сядалі ціха — адзін, другі, трэці, як бы ў задуменні. І падоўгу маўчалі.

А хто і казаў — дык нягучна, мякка, нікога іншага не перабіваючы. Чамусьці ў размовах тых ні ў кога не ўзнікала запалу спрачацца, альбо злосна дакараць, ці сварыцца. Твары амаль нябачныя, потым і зусім, і штосьці незнаёмае, вось, пазнаецца ў іх, ды і ў галасах, што мы ўпусцілі заўважыць і за гады.

Авалодвала ўсімі пачуццё чагосьці адзінага, нам ніколі не бачнага, што ціха апускалася з пагаслага вечаровага неба, раставала ў паветры, улівалася праз вокны, тая незаўважаная ў мітусні дня глыбокая сур’ёзнасць жыцця, яе не знішчаны яшчэ да канца сэнс. Наша дакрананне да няўлоўнай загадкі.

Пеўневы спеў

З абязлюджаннем, з запусценнем, з выміраннем нашых вёсачак забылі мы (а пакаленні і не чулі ніколі) паўдзённы шматгалосы пераклік пеўняў. З двароў у двары, праз вуліцу, за аколіцу, у сонечнае лета — дзіўны, незвычайны гэты хор пераможнага жыцця.

Рэдка ад чаго прыходзіць гэткае заспакаенне ў душу. Ніякімі мітуслівымі гукамі не зашумлены — гэты яркі, з вібрацыяй, сакавіты, моцны спеў даносіць да нас, што ва ўсім гэтым наваколлі — благаславёны мір, нічым не ўстрывожаны спакой. Менавіта такім сённяшні дзень цёк дагэтуль — дык чаму ж яму не цячы так і надалей? Заставайцеся з добрымі сваімі заняткамі.

Вось тут дзесьці ён і праходжваецца ганарліва, бела-аранжавы, са шляхетным, рыцарскім чырвоным грабеньчыкам.

Без усялякай самоты, без аніякіх сумненняў.

Нам бы так.

Начныя думкі

Вось у лагеры: наломіш косці за дзень, толькі апусціў галаву на саламянную падушку — ужо чуеш: «Пад’ё-ом!» І ніякіх табе начных думак.

А ў жыцці сучасным, кругаваротным, нервовым, мітуслівым за дзень не паспяваюць думкі даспець і ўсталявацца, кінутыя на пасля. Ноччу ж яны вяртаюцца, каб дабраць сваё. І, як толькі ў свядомасці тваёй хоць крышачку прадралася заслона, рынуліся, рынуліся яны ў цябе, расплюшчанага, наўзахваткі. І нейкая з іх, самая з’едлівая, задзірыстая самая, нацэлілася ўкусіць цябе перш за іншых.

А твая ўстойлівасць, твая годнасць — не аддацца гэтым віхурам, але авалодаць патокам цёмным і накіраваць яго ў здаровае рэчышча. Заўсёды ёсць думка, і не адна, якая ўносіць стрыжанькі спакою, як у ядзерны рэактар усоўваюць стрыжні, што тармозяць ад выбуху. Толькі ўмець такі стрыжань, выратавальны Боскі прамень, знайсці альбо нават ведаць яго ў сабе наперад — і за яго трымацца.

Тады душа і розум ачышчаюцца, тыя віхуры збіваюцца прэч і ва ўсхваляваны аб’ём бяссонніцы ўваходзяць благаславёныя, спакойныя думкі. Хіба ж дакрануўся б ты да іх у дзённай мітусні?

І яшчэ дзякуй бяссоніцы: з гэтага агляду нават тое, што не рашаецца, рашыць магчыма.

Уладу над сабой.

Памінанне памерлых

Яно — з высокай мудрасцю завешчана нам людзьмі святога жыцця.

Зразумець гэтую задуму — не ў жвавым юнацтве, калі мы ў цесным атачэнні блізкіх, родных, сяброў. Але — з гадамі.

Сышлі бацькі, сыходзяць равеснікі. Куды сыходзяць? Здаецца, гэта нельга ўгадаць, нельга спасцігнуць, нам не дадзена. Аднак з якой жа адданай яснасцю прасвечвае, мігціць нам, што яны — не, не зніклі

І нічога больш мы не даведаемся, пакуль жывыя. Але малітва за душы іхнія — перакідвае ад нас да іх, ад іх да нас неадчувальную арку сусветнага размаху, блізкасці без усялякіх перашкодаў. Ды вось жа яны, амаль можна дакрануцца. І незнаёмыя яны зараз, і, па-ранейшаму, такія звычныя. Толькі вось адстаюць па гадах: некаторыя з тых, хто быў старэйшы за нас, ужо маладзейшыя.

Засяродзіўшыся, нават удыхаеш іх водгук, замінку, папярэджанне. І сваю зямную цеплыню дасылаеш ім у абмен: можа, і мы чымсьці дапаможам?

І абяцанне сустрэчы.