З цыкла «Дырыжаблі»

Вясковыя могілкі

Калі я пакідаю дом свой, з вялізнай кухняй,
                                                                        з кортамі і лабірынтам спальняў,
і павольна крочу па дарозе, адкуль паўстагоддзя назад
везлі разбіты наш карабель на брычцы, па частках — навалены
бег падкаленных западзін на гары адтулін, — ну што тут яшчэ сказаць...

  Надтрэснуты коней рух, іх шлях — падман, прыступка чарвячная.
Дык вось што атрымліваецца, калі ніякага плана няма...
Сухі праект узнік у маёй свядомасці, як нейкая дробязь нязначная,
так мог бы пачак запалак зваліцца і ўстаць старчма.

  Як уяўлялі смерць мае калегі? Як выпадзенне з круга таго?
Паверылі, што іх верне назад, калі вышыню гублялі?
Што іх прапусціць цвердзь, як вымаюцца свістам адзін з аднаго
два цягнікі сустрэчныя, што ў ноч на даўжэзны мост уз’язджалі?

  Не, яны ў капелюшах, пад падбародкамі — матузкі,
пазіралі скоса туды, дзе выбух млявы яшчэ трымаўся ўбаку
вучэбнай лялькаю на спіне, што зацягнула ў вір пасярод ракі...
І яшчаркі з языкамі на вуснах на беразе моўчкі глядзелі ў раку.

  На полі крыналіны казалі, што нават да зеніта не даехаў
дырыжабль чаканны — скамянеў, правароніў Мядузу нябесную ён.
Загар у веласіпедыстак ёдысты, можна падумаць — збіральніцы арэхаў,
яны забыліся ў спартыўных сукенках і ў акулярах, у якіх зіхаціць мельхіёр.

  Я памятаю апарат д’Эскювелі, тую лесвіцу, якую эпоха выгнула,
тую вінтавую, што з вінтом ён зблытаў, перамінаючыся на скале.
Як ачышчальнік шкла выпараецца, паветраных змеяў дынастыя вымерла.
Аэраплан ляціць, але ўсё ж застаецца на месцы, ім праціраюць бруд
                                                                                                 на ветравым шкле.

  Зараз па фотаздымках гарчычных цяжка ўявіць бірузовы,
вызначаны колер іх святочных гандолаў і стужак свабодны палёт,
але вядома, што іх дырыжабль — сыпучы і што шматслойныя іх камбінезоны.
Калі целы сабралі з зямлі, іх адбіткі запоўніла ноччу вада, ну а раніцай — лёд.

  За кругаглядам нервовых канчаткаў прырода бярэ пачатак.
                                                                                              У цемры амаль завісае
даліна — нам не па росце. Чым далей едзеш па аб’ектыве зумам,
                                                                                              наводзячы апарат,
тым бліжэй і выразней бачыш дэталі. Тым беззваротней сэнс западае.
І кожны атам непаражальным робіцца, штурхаючыся наўгад.

  Заспакоіўся вечар. Сціх дзеяслоў. І абачлівы вастраліст у калапсе.
І шолахі, нібыта ў класе малявання — вушную ракавіну намаляваць.
Кузурка рухаецца па гарызонце, ніхто не асмельваецца палічыць ёй лапкі,
ніхто. Паромшчык узняў над вадою вясло, але ўсё ж не стаў веславаць.

  Авечка, што ходзіць прама, уся на капытцах лёгкіх, з далёкай ёўні, няйначай,
бяжыць па нябесным схіле, галаву павярнуўшы, на хвост увесь час глядзіць,
выкручваецца на месцы, нібыта спрабуе ў люстэрку спіну ўласную ўбачыць.
О, дзе зараз знайсці Парміджаніна, каб ёй шыю даўжэйшай зрабіць?

  На могілках хімічна-зялёных я помнік узвёў паходны, часовы.
На сценках накрэсліў потым паветра балон.
Гадаю па ценях — яны раскіданыя па плоскасцях пабудовы,
як інструмент зборны, дзе 36 прыбораў адкрытыя пад вуглом.

  Кусачкі, пілачкі, нажы для кансерваў, і прагінаецца блакіт на лязе гарбатым,
кругавароты, лункі для пазногцяў, адвёрткі, кручкі...
Хто выража прапелер па дузе, хто з абрэзкаў збярэ Більбао.
За лопасцю сусвет надзімаецца купаламі і перабірае намеры сваёй рукі.

  Нярэдка іх паветраныя шары не віртуозы вялі над прыгарадамі і —
                                                                                                                прызямлялі.
Шар выпускае шум з абалонкі, а значыцца — быць бядзе.
У ахапак ловіць уяўны пазваночнік. Унутры пад вуглом замацаваныя педалі
штурхаюцца, і вось — шар распрастаны, і па ім стратанаўт ідзе.

  Навыцяжку ў аўтамабілях — стоячы, і вуліцы лістоўкамі ўсе ўсыпаны,
там гіпсавая ГЭС пайшла ў размол па перафарацыі на небе і ў кіно.
Сярод вершнікаў, фатографаў, дзяцей — Васенкі, Федасеенкі, Усыскіны.
І профіль кожнага абмеркаваны і зверху зацверджаны ўжо даўно.

  Навошта хірургі з вачамі блакітнымі ў цела скальпелямі ўвайшлі направа
                                                                                                                 і спакваля,
налева — майстры з бальзамамі, а ў лоб — гіпнацізёра трасціна матавая?
Жадалі паветраплавальніка зноўку вярнуць да руля,
але ён развальваўся, заблытваўся ў ячэістых снасцях,
                                                                                   такая вось сітуацыя патавая.
У іншай краіне ў іншыя часы ён, напэўна, ахоўваў бы велічэзныя армады
лайнераў, што бядуюць без справы і распродажаў чакаюць, а ён —
                                                                                    у кампаніі сабак
пражэктарам цягнуў бы па плоскіх іх крылах і апускаў жалюзі Невады,
дзе на адкрытых складах фюзеляжы схапіў у абліпку авальны лак.

  А магчыма, ён уцякач і хаваецца, усе — за ім, і нізкі вецер над лужынамі вые,
узбройваючы лукамі, а ён вісіць, нахіляе за край хмарачос?
Ён у цішы ствараў чарцёж дырыжабля і ў цітрах фільмаў не быў выяўлены.
І, жгуцікі ад ластыка здзімаючы, увёў рэфлексы недатыкаў у свой чарцёж.

  Ён здзіўляўся. Ён пісаў Ніколу Тэслу: «Планеты асвецяцца. Іх абалонкі лёгкія,
якія зараджаны нябожчыкамі, успыхнуць — шпулька дае прабой у вітку.
Хто звяжа зямлю з небам наўпрост, калі не мёртвыя лётчыкі?
Шахцёр на кукішках у забоі нагадвае знак маланкі на электрашчытку.

  Рэльефы, статуі, пліты, алтары, але адвярніся — яны локцямі ўсе працуюць,
зрываючыся і збягаючы ў вышыню хутчэй, чым малпы збягаюць у лес;
хто не прайшоў натуральны адбор, той з дротам цішком шпацыруе,
круціць вакол сябе, і бачны клейкі ток, каб агароджу не пералез.

  Ды ўсё ж упартае святло вырвецца з недраў, і глобус выпрастаецца,
як калі ў скамечаную трубачку падзьмуць,
клубок расправіцца, пакажа ўсім язык адзінка і выцягнецца,
і па воблаках, што засталіся ўнізе, мы зможам у будучыню зазірнуць».

  Усім не паспець за Жакам і Жазэфам, хоць у іх галовах не менш веры
у тое, што дым цыгарэт, які запоўніць канверт, пацягне яго
                                                                                           ў вышыню пустую.
— Папера не для літар, пішыце на камянях, — здымаючы кацялкі,
узляцелі Мангальф’еры.

  Паўсотні бочак з жалезнай стружкай. І шчыкае аміяк нахабны,
таму ўсе ў масках. Кіслата метал кусае за адварот, звіваючыся ў трубе.
Ёсць вадарод, што небяспеку адчувае вастрэй, чым Арфей пасярод вакханак.
І голы чалавек спецыялістам паказвае схему на сабе:

  вяроўка, што працягнута ад запясця да локця. Ахоплівае шыю.
                                                                                               Мацуецца неаднаразова
спецыяльным вузлом. Спускаецца да другога локця. Перахопліванне
праз запясце да паясніцы. Вузел, чый хадавы канец ідзе адмыслова
насустрач карэннаму. У гэтай клетцы людзі свабодна лунаюць,
                                                                                               не думаючы аб тым.

  Не раз я заўважаў — з акуляраў ягоных зрываўся лётны стадыён,
                                                                                              і натоўп хістаўся
сектар за сектарам, калі ён узнімаў твар і штосьці ўспамінаў.

  Не раз я заўважаў — з горада пад раніцу ён на паветраным шары вяртаўся,
аднойчы стаяў пехатой ён на небе, круцячы свой дырыжабль,
                                                                        каб трапіць у тэрмінал.
Сведчу: у бары аўтаматы яго перадавалі па ланцугу і скідвалі ў бібліятэкі.
І сніліся палявыя турмы, якія ў стэпе ставілі на скорую руку
з іржавай рабіцы, і вывіхнуты шкілет дырыжабля, які перагароджвае рэкі,
і панцырная сетка на мелкаводдзі, дзе маюцца для малькоў кароткія праходы

  Не раз я заўважаў: ён выходзіў з дому, падцягнуты і адначасова нясмелы,
з рулонам чарцяжоў, з драўляным куфрам, як салдацік на вайне.
І травы, нібыта вялізныя плакаты, што сарваліся са сцяны белай,
згіналіся перад ім, і ён шаптаў і глядзеў на шчыліны ў гэтай пустой сцяне.

  Ён раптам знік, я не сустракаў яго і не шукаў, проста не меў патрэбы,
не азіраўся па дарозе альбо ў гатэлі, перабіраючы дні.
Аднак вертыкаль натапырвалася гармонікам, быццам заехала раптам
на зебру,
і назад падавалася. Як казаў апостал, ён будзе ўсюды, куды ні зірні.

  Я больш не шукаў ягоных слядоў, успышак святла,
                                                                                    што заўсёды ўласцівыя німбу,
пакуль аднойчы летам у Сан-Францыска, дзе ў бары «Ружы і Чартапалох»
на ламінаванай ранішняй газеце нам падалі аранжавую рыбу,
паміж рэбраў акіянскай гэтай істоты я не разгледзеў звычайны некралог.
Перазахаванне. Магіла — пустая. Даследаваная. Пробы грунту адтуль узялі.
Веру: насельніка неба забрала ды прах ягоны і знак ніхто не пакрыўдзіў
                                                                                                                     пры гэтым.
Я не толькі быў сябрам яму, але і надзейным агентам тут, на зямлі.
Я ацаніў і радыус і вугал, падмятыя заваротам цягі — перамяшчэння
                                                                                                          ў іншых Сусветах,
дзе галерэі ціхіх дырыжабляў, што не сшытыя яшчэ па краі заранне,
і тканіны калышуцца з нагоды дыхання, яны нас проста вывалілі ў траву.
І планерная асалода пранізвае скроні, ландшафт на клетачнай мембране,
дзе ў вежы з адключаным тэлефонам я слухаю праз плюшч пустынную саву.


Ангар у прыцемках

  Рогі ангара ўваткнуліся ў поле.
Шок вышыні, дзе ветры лютуюць.
Зеўрае сектар лобнае долі
Дырыжабля, які ўсё яшчэ будуюць.

  Мы лягчэйшыя за паветра і па гарызанталі
свабодна падаем. Куточкі і зморшчыны сабой запаўняем.
Водбліскі сонца нібыта шкло на вакзале.
І дырыжабль плыве ды з-пад чэрава агеньчыкамі страляе.

  Хто хаваў днём пад зварачным шчытком
свой мазкі мозг? З кішэняў выглядаюць
апалавыя інструменты. Цалком
ангар рассеяўся. І робаты застылі ў нерухомасці, але пакеты
трымаюць.

  Ангар пагас, прапаў. Ды ўсё ж штосьці рухаецца ў ангары
ад зоны да зоны, ад гэтых дзвярэй да тых.
— Што верціш галавой? Што ходзіш уверх нагамі?
— Я шукаю лікі святых.

Расклад

  Буйныя кроплі дажджу над морам з неба ляцелі.
У мяккім наплыве сядзіба і наваколле, і блытаешся: «Дзе я?»
Плашч яе доўгі між дрэў у час хады змяняе адценні.
Штосьці ў ёй ад афіцэрскай лінейкі — у павароце эліпсаў і веяў.

  — Мне надакучыла, — яна кажа, — быць пятым колам падводы,
                                                                                                     заложніцай латарэі.
Выпадак мяне прыціскае і, забягаючы наперад, замацоўвае — на нерухомую вось.
Гартаю «Гісторыю дырыжабляў» — велічэзныя абалонкі падаюць на калені,
пераламаваючыся аб зямлю, гойдаючыся і ўспыхваючы — хоць святых вынось.

  Выносяць святых. Латарэйныя барабаны круцяцца. Катастрофы
велічны, калі выпарыць гук і чорныя дзіркі зацыраваць.
Геадэзісты, расфасаваўшы тратыл па кішэнях, стаяць нерухома ў профіль...
Так лёгка рукой узмахнуць і сонечны дыск падарваць.

  Рухаецца разам з Зямлёй карабель над воблакамі, не сыходзячы з месца,
з месца пад Сонцам. А тут у мяне — дача з вежай, шпіёны і гжэль.
Над праектам чарую — можа, гэта арышт хатні хоць крышачку зменшыць? —
каб палаў пахавальнай урнай — кіламетрамі — дырыжабль.

  Снілася, што далі мне хлеб лягчэйшы за паветра (аб’ект у форме круглага хлеба),
у ім знутры — стадыён, і ў разгары гульня, толькі гэта бачнасць адна.
Я бягу па пяску, я пускаю яго ў філіграннае цёмнае неба.
—Асцярожней, натоўпы народу там, калі нават ты застрахаваная ў фазе сна...

  Я брыду на ўранавы могільнік з сонца промнямі першымі,
пробы бяру і звяраю з табліцамі, ёгу раблю, сябе гляджу на прасвет.
Куды свяціла падзелася? Нібы цыркуль у пальцах Каперніка,
я вісну над явай нейтральнай, бянтэжу вуглы планет.

  У маім вымытым доме на гравюрах — шары, яны ў ачагах і ззяннях згубіліся,
аэранаўты ляцяць на прычальную мачту, якой не бачаць яны.
Сапраўдная бура. І куча раслін, вось толькі іх назвы забыліся...
Хітрыя пажыральнікі Сонца — змей паветраны і вадзяны.

  Можа, я зачапілася за нейкія граблі ў сваім няўклюдным адзенні,
можа, я запусціла камп’ютар не з правай, дык з левай рукі?
Можа быць, пераставіла кнігі не з верай, а толькі з надзеяй?
Вежа адлюстраваная раздвоілася ў сажалцы, нібыта развязаныя шнуркі.

  Толькі вось мой запіс у сшытку: сонца не пераадолела
лінію небакраю. Віды не паўтарыліся. Час не спыніцца, але праміне.
Частка дрэў затаілася ў цемры, частка да святла прарвацца здолела,
Гнеўна множыліся забаўкі, але ўтварыўся завал і абараніў мяне.

  І адступалі бязглузда флора і фаўна пад напорам зімовага ветру,
бялковыя і каменныя істоты родныя мясціны пакінулі за сабой.
З Сахары прыйшла гэтая шчарбатая асобіна з вушамі, што нібы касеты,
і мроіцца ў белых тэмпературах на ўскраіне пустэчы ледзяной.

  Гэта проста, нібыта ў класе, па падручніку Пёрышкіна: вагоны
тармазілі, ды слізкі багаж з пасажырамі ўсё далей і далей ад’язджаў.
І, пакуль раздзяляліся начынне і контур на дзве чорна-белыя зоны,
насунуты на траекторыю, змяшчаўся ў ноч дырыжабль.

  І на начной палове планеты ўжо бачыліся зверху
камандзіры Навіна, стомленае сонца наіўнае на ілбах
                                                                                      скрываўленых гараджан.
  На прыборнай дошцы ніцма падалі стрэлкі. На бартавой паверхні
астывалі пласціны. І ў пакутах курчыўся дырыжабль.

  І яна прымала яго за адну з нябесных аддушын.
На тры дні заблукала ў склепе: піла і пісала скрыжаль.
І здавалася ёй (недарэчнай, раўнівай і скрушнай),
абардаж міражоў, міраж абардажаў нёс кудысьці паўразбураны дырыжабль.


Папяровы змей

 Гарачы вецер, змрочна ные корда,
расхрыстаны сігнальны змей
плыве ваконніцай Іерыхона.
Вяроўкі чырвань цягнецца пазней.

 Змей дыхае, яго перагародкі
хаваюць дуркаватых і сляпых,
што склейваюць разлезлыя каробкі
і шчокі ветру ўпіхваюць у іх.

 Цягну за ціхую гіпатэнузу,
то пашыраецца, то зноў пляскаты ён
і сочыцца ад шлюза і да шлюза,
парсек пранырваючы і эон.

 У цэлым небе не знайсці прыпынку,
то ў правы бок, то ў левы ён плыве,
Квадрат мілімітровак у адзінкі
аб’ёму перавёўшы ў галаве.

 Упарціцца, калі насустрач з хмары
імкнецца да яго другая раць.
Калі рыхтуешся прымаць удары,
дык памятаеш: першым не страляць.

 І ён дрыжыць, як клёпкі на абшыўцы,
адзін без чорнай меткі сярод нас
у сховішчы забойцаў па памылцы...
Працятых конусам у профіль ці ў анфас,

 Калі задумаў у прыпадку веры
Перарасці ў тытанавы цурбан
і ўраз сабе прымроіць на паперы:
з вялізнай дзюбай пёрысты валан?