Гамлет

                                              Генадзю Айгі

 Падмосткі — быццам пастка для акцёра,
як для шафёра — рэзкі паварот...

 Ён дэкламуе доўга, без паўтораў —
і ўсе маўчаць, як ён раскрые рот,
каб праявіць сваё майстэрства слова,
каб зноўку ні аб чым апавядаць...

 А думка ссохлася да дзеяслова,
і выхаду з палону не відаць.
Ён улівае ў горла тую ж сумесь,
што гартавала ядам сталь клінкоў...

 Што ёсць мастацтва? Нават смерць пасуе
перад мастацтвам, большым чым любоў.