Дзявочнік

Каця ганарыцца,
           што муж яе прэстыжны,
                       з пасадай, яна і рада;
Лена ганарыцца тым,
           што адна дзіця гадуе,
                       не патрабуючы нічога ад людзей;
Света ганарыцца тым,
           што ў яе прафесія
                       і высокааплатная пасада;
Таня ганарыцца,
           сваёй асабістай кватэрай,
                       самастойнасцю, карацей.

Да другой кабеты ўцёк прэстыжны муж Каці.
Час ляціць, а няма каму ацаніць
           мужную душу Лены,
                       загартаваную ў выпрабаваннях.
Света, не сышоўшыся характарам,
           пакінула працу —
                       ходзіць заўжды ў халаце.
Тужліва і неяк самотна ў кватэры Тані.

Кожны год яны ладзяць дзявочнік
           на жаночае свята.
Каця прывозіць торт і пірожныя,
           Лена — сыр з сервелатам,
Света — добрае курыва і кагор для азарту,
а Таня ставіць сучасную музыку,
           аздабляючы стол смажанай курачкай і салатам.

— А вось, кажуць, у Грэцыі Старажытнай, —
пачынае хтосьці, — быў такі востраў,
дзе адны толькі жанчыны-амазонкі жылі,
дык яны мужыкоў да сябе
і на гарматны стрэл не падпускалі,
а тых, каго выпадкова заносіла бура,
забівалі на месцы!

Гісторыя гэтая выклікала ажыўленне
           і настрой узняла:
пагаварылі пра мудрасць грэкаў,
           паслухалі канцэрт майстроў эстрады
і нават самі патанчылі
           і абмеркавалі наступнае пакаленне,
і аб пірожныя і бутэрброды
           выцерлі святочныя памады.

Да сустрэчы, Каця,
выглядаеш цудоўна пры хатнім асвятленні няяркім!
Да сустрэчы, Лена,
табе яшчэ на тралейбус,
           а там — праз пустэчу спалоханым крокам!
Да сустрэчы, Света,
табе направа, потым налева і —
           чорным, замерзлым паркам!
Да сустрэчы, Таня, табе яшчэ мыць кубкі
           з нявыпітым сокам.