А бярозавай зязюлечцы зімой не кукаваці...

* * *

А бярозавай зязюлечцы зімой не кукаваці.
Эх, зрабіўся я на вуха і на памяць глухаваты.
І нішто, апрач малітваў, не прыпомню, акрамя:
Маці Боская, Заступніца ў журботах, памяні, памілуй мя.

На рацэ таўкліся бабы, гучна пранік грукатаў,
я ж у лад з ім тупаў-грукаў, як у школу паспяшаў.
Інвалід на чымсьці струнным трэнькаў-брэнькаў ля ракі,
каб патрапіць у мелодыю, ды, як бачна, не з рукі,
а жыццё, яно капейка, там нішто не йдзе на лад,
так, нібыта з самалёта перасеў на самакат.
Месершміт таму віной альбо медсёстры ў медсанбаце,
а бярозавай зязюлечцы зімой не кукаваці.

Праз масток ішоў я ў школу, а са мною побач йшла
паўсядзённасць, і яна ў нас вельмі розная была,
дзесьці кветнік даглядалі ці праполвалі гарод,
а кінамеханік Гулін на хаду рашаў красворд,
а настаўнік музыкальны Тадэ, ён асілкам быў,
нёс футляр, ды не з баянам, цэглай той футляр набіў,
ды зусім не дзеля цела, а жывога духа для,
каб дрыжэла атмасфера ў опусе «Палёт чмяля».

Доля! вось яна — жыць побач, бо суседзі як-ніяк.
А затым нас паасобку адвязуць у беразняк,
там зязюля пракукуе кожнаму ў апошні раз...
Маці Боская, Заступніца ў журботах, памяні, памілуй нас.