Кожны божы дзень, акрамя выхадных і святочных...
Кожны божы дзень, акрамя выхадных і святочных,
калі без неабходнасці асаблівага сэнсу няма
з дому рухацца ў бок цэнтра,
з невыносным скрыгатам, рыпеннем, сіпеннем,
візгатам, лязгатам, што драпае і раздзірае наскрозь
барабанныя перапонкі, на вар’яцкай хуткасці
цягнік падземны звычна праімчыць мяне
каля таго самага месца, між Аўтазаводскай
і Павялецкай, дзе майго дружбака, не з блізкіх,
ціхага чалавека і сем’яніна, якіх яшчэ пашукаць,
добрага сабутэльніка і заўзятага кнігалюба,
які нічога працай сумленнай сабе не прыдбаў,
Бору Гелібтэра (памяні ў малітвах імя ягонае, той, хто жывы!)
разарвала на кавалкі ў час выбуху шостага
лютага дзве тысячы чацвёртага года ад Нараджэння
Хрыстова, у пятніцу, у трыццаць дзве хвіліны дзявятага,
калі ехаў на працу ў ранішні час пік,
не падазраючы, што яму, нябогу, за пяцьдзясят чатыры
дні да саракатрохгоддзя ў самае пекла
патрапіць (о выпадковасць бессэнсоўная!) наканавана,
і прыходзяць мне ў галаву то праклёны гнеўныя:
«Тым, хто аддаў, не ўздрыгнуўшы, страшны загад, і тым,
хто, усведамляючы і ведаючы, што творыць, выканаў,
хай не будзе спакою ні на тым, ні на гэтым свеце,
ні ў халодных магілах, ні ў ложках гарачых целам
іх не спіцца, а душам рыхтуецца кара найжорсткая!» —
то ціхмяныя думкі аб тым, што, на жаль, неспасціжна
разуменню людскому задума нябёсаў высокіх
і што з мерай зямной да яе падступацца не трэба,
нараджэнне смяротных, жыццё іх і скон у руках
толькі ў Творца, што блажэнных Сваіх да сябе забірае:
«Будзе хай дабраслоўным узлюблены Мной!» —
то прадчуванні смутныя, маўляў, калі справы Агульнай
філосаф мае рацыю і даных дакладных
для ўваскрашэння ў будучым спатрэбіцца лічба, тады
можна будзе зачэрпнуць яе і адсюль, і ў абвяржэнне
слоў горкіх мысліцеляў іншых даць доказ,
што паэзія пасля Асвенціма і ГУЛАГа, крывавых
рэвалюцый і войнаў, Хірасімы, Багдада, Нью-Ёрка
можа быць, ды якой? — хто ж там ведае, — мо і такой.



