Жабры смагнуць

Выйшлі а другой гадзіне ночы.

Мора выглядала непачціва. Але сіла, энергія, дзікая воля адчуваліся нават зверху, са скал. Сухапутны чалавек угадвае вялікую ваду нават здалёку. Крочыць па вуліцы — і раптам накрыла, запахла: вось за гэтым вуглом, за паваротам зараз адкрыецца прастора, і салёны вецер стукне ў твар.

Да берага — крута ўніз — вяла прабітая ў камені сцяжынка: выгінастая, але акуратна аформленая. Дзе трэба — парэнчы, дзе трэба — прыступкі. Праз роўныя прамежкі — ліхтары, яны нас асабліва радавалі: у цемры мы з Сямёнам зламалі б тут шыі праз тры хвіліны пасля пачатку паходу. Ноч была незвычайная — салёная, тлустая ноч італьянскага поўдня — чапляй нажом і намазвай на хлеб. Калі ўмееш.

Пакуль ішлі, мора пакрыху рассоўвалася, пераставала быць дэкаратыўным. Нявызначаны шум расслаіўся на асобныя гукі: вось накаціла, вось стукнула і ўзарвалася пенаю, вось зашумела і адхлынула.

На перадапошнім павароце я спыніўся і сказаў:

— Глядзі: яно ці не яно?

— Падобна, — адказаў Сямён. — Пахне добра. Сапраўдным морам.

— Міжземным, — удакладніў я.

— Новы пах, — сказаў Сямён. — Зусім іншы. Як пахне Чорнае — ведаю. І Каспійскае. Балтыку — таксама нюхаў. Паўночнае пранюхаў. І Аральскае... Міжземнага не нюхаў.

Бераг уяўляў сабою нагрувашчанне камянёў, кожны другі памерам з аўтамабіль. Але і тут, між грубых скалавых рэбраў, працавітая рука выбіла праход. Рашуча пакрочыўшы, я пераадолеў апошнія метры, устаў на спіну валуна і засмяяўся ад задавальнення, а калі чарговая хваля ператварыла мае сухія чаравікі ў мокрыя, засмяяўся яшчэ раз — гучней і бесклапотней.

Усё было сапраўдным. Востраў Капры, ноч, люты, у Маскве мінус дваццаць пяць, а тут — я зараз здыму порткі, і скокну ў ваду, і паплыву.

— Вось, — крыкнуў я Сямёну. — Гэта яно і ёсць. Міжземнае. Абганяй, брат!

Сямён ужо распранаўся.

— Затое, — адказаў ён, — я нюхаў Чорнае са зваротнага боку. З боку Турцыі. Калі вазіў кантрабанду. З Турцыі ў Наварасійск, начамі, на вельбоце.

— Рамантыка, — сказаў я.

— Так, — сурова згадзіўся Сямён. — Яшчэ якая.

Ён прайшоў каля мяне, ужо голы, і палез паміж камянёў, на манер краба, упіраючыся рукамі і дэкламуючы, няспешна, у духу старой мхатаўскай школы: «Па рыбах, па зорах праносіць шаланду! Тры грэкі ў Адэсу вязуць кантрабанду».

Рухаўся крыху нязграбна, але затое без адзінага лішняга руху. Лішніх рухаў ён даўно не рабіў: ні падчас начных купанняў, ні ўвогуле.

Сеў на край глыбы, падобнай на вялізны зуб, і паведаміў:

— Камні паўсюдна!

— Трымайся мацней, — сказаў я. — Хваля прыйдзе — шыю звернеш.

— Ужо ідзе, — сказаў Сямён.

I яго накрыла.

У апошні момант, калі падыходзіў пенны грэбень, Сямён выдаў глухі гук захаплення ці жаху (зрэдку гэта адзін і той жа крык). Пасля чаго знік.

За першай хваляй адразу ішла другая, такая ж моцная.

Вынырнуўшы, Сямён паўтараў шчаслівы покліч, але ўжо сытым басам. «Увільготніў жабры», — падумаў я і крыкнуў:

— Плыві!

— Impossibile! — адказаў Макараў і палез назад, кашляючы і моцна дрыжучы.

Сеў побач і стаў выціраць плечы нацельнай майкаю.

Ручнік мы не ўзялі.

— Калі проста зламаць нагу — гэта нічога. Але калі ступня зачэпіцца, яе проста адарве да д’ябла.

— Незразумела, як тут купаюцца мясцовыя.

— Яны не купаюцца, — сказаў Сямён. — Гэта нам экзотыка, а ім што? Мора і ёсць мора. Давай вось уявім зваротную сітуацыю. Два італьянскія боўдзілы адмыслова прыехалі ў Маскву, на два дні, каб злавіць fun. У пятніцу апоўдні перабегчы праз Трэцяе транспартнае кальцо. Адзін перабег, крычыць другому: «Марыё, гэта крута! Давай да мяне! Там хутчэй, там прытармазі і глядзі, каб не збіла паветранай хваляй, калі фура праедзе...»

Я рассмяяўся. Сямён закашляўся.

— Што, брат, — запытаў я, — жабры адвыклі?

— Нічога, — адказаў Макараў. — Гэта карысна: марскою вадою насаглотку прамыць.

— Мы на востраве Капры, — сказаў я. — Тут усё карысна. Вада, паветра, пахі, камяні нават.

— Камяні — так, — сказаў Сямён. — Камяні вельмі рэальныя. Заходзь лявей гэтага валуна. За ім будзе другі, крыху меншы, — ён квадратны, за яго трымайся — і прабірайся. А калі стукне, проста прыцісніся да таго, першага каменя, ён роўны.Толькі патыліцу беражы. І расслабся.

— Не вучы мяне расслабляцца. Калі б не я, ты б сядзеў цяпер у канторы і смактаў растваральную каву.

— Так, — весела сказаў Сямён. — Гэта мы добра прыдумалі.

— Называецца — «выбраліся».

— Дакладна, —згадзіўся Сямён. — Выбраліся. Ты ідзеш?

Нават у слабым месяцовым святле было відаць, што ён дрыжыць.

— Холадна, — сказаў я.

— Ты ж сам крычаў: пайшлі нырнём, ноч, скалы, зоркі... Ідзі. Толькі не спяшайся. Май на ўвазе: яна можа цябе не толькі адпіхнуць, але і за сабою пацягнуць.

— Хваля?

— Так.

— Нібы пра жанчыну сказаў.

Сямён адказаў нешта наконт жанчын — я не расчуў.

Камяні ляжалі не паўсюль. Каля самай вады мелася пляцоўка, рукатворная: бетонная лысіна, тут і там шчыліны, летам у іх устаўлялі, пэўна, парасоны, якія-небудзь лёгкія апоры для палатняных тэнтаў, і еўрапейцы з верхне-сярэдняга класа ў мностве сваім загаралі тут, атрымоўваючы асалоду ад ультрафіялету.

Я распрануўся да трусоў. Падумаўшы, сцягнуў іх таксама. Начное купанне прадугледжвае аголенасць.

Вада абпаліла. З’явілася дакладнае адчуванне, што апусціўся ў спірт. Гулкі чорны спірт, якi буйна пах, ахінаў з усіх бакоў, набухаў гарбамі, накотваў, узрываўся цяжкімі пырскамі, спрабаваў адарваць мяне, учапіўшыся за каменны выступ абедзвюма — ужо абадранымі — рукамі, каб адцягнуць прэч ад берага альбо нават забіць, перавярнуўшы і стукнуўшы.

Заспяваў:

— Я приеду к морю — в теплые края.

Семь часов полета — и на юге я.

Похожу по скалам, в море окунусь —

И к тебе на север обязательно вернусь!

Кіпнёвы спірт быў без літасці. Калі водная труна адцягвала назад, паўсюль над масляна-чорнай паверхняй паказваліся верхавіны рыфаў. Тры хвіліны назад я планаваў як-небудзь злаўчыцца і ўсё-такі адплыць ад берага, асядлаўшы хвалю, — даказаць Сямёну, старому сябру, пракуранаму цыніку, што немагчымае магчыма; зараз разумеў, што стары сябар мае рацыю. Тут можна толькі сядзець, абапіраючыся далонямі аб гранітныя вуглы, і захапляцца абыякавасцю прыроды.

Вылазіў, злавіўшы момант, — а калі чарговы вал дагнаў, пагрымваючы за спінаю, зразумеў, што трэба не проста вылазіць, а ратавацца ўцёкамі. Замітусіўся, уціскаючы галаву ў плечы, і яшчэ раз абадраў локаць.

Сямён ужо апрануўся і курыў, пускаючы па ветры пунсовыя іскры.

— Я таксама прыгадаў гэтую песню, — крыкнуў ён. — «Я живу на севере. Работаю на сейнере!»

— Нырні яшчэ раз!

— Не, — адказаў Сямён. — Холадна. Трэба было ўзяць гідракасцюм.

— Яшчэ чаго. Гэта востраў сухотнікаў, астматыкаў і багатых старых. Тут не карыстаюцца гідракасцюмамі.Тут выкарыстоўваюць белыя порткі і канацье.

— Тады трэба было ўзяць белыя порткі.

— Не, — запярэчыў я. — Ідэя была: у чым былі, у тым і паехалі.

— Вельмі слушна зрабілі. Я задаволены. І што, гэта сапраўды рай?

— Так напісана, — адказаў я і адчуў, што мяне пачынае калаціць ад холаду, але гэта не расстроіла і не расчаравала.

— Калі тут рай, дык куды мне выкінуць акурак?

— Здымі з пачка цэлафанавы чахол, — параіў я. — Закруці — і ў кішэнь.

— Ага, — адказаў Сямён. — Буду ведаць.

Злева, з паўкіламетра, з вады тырчэла голая скала вышынёю з дзесяціпавярховы дом, правей пралегла дарога месяцовага святла: па ёй можна было даплыць, рухаючыся увесь час на захад, прама да Гібралтара і яшчэ далей — да Карыбскіх астравоў і Бразіліі. Ніякіх перашкод, граніц, пад’ёмаў і спускаў, ніякіх скрыжаванняў, шмат’ярусных эстакад, ніякага пятнічнага трафіка і галалёду — толькі вада і нічога акрамя; гэта было да такой ступені проста, што свядомасць адмаўлялася верыць у саму ідэю татальнага прамога шляху. Але калі перавальваеш на пяты дзясятак, свядомасці лепш не давяраць. Абапірацца на інтуіцыю, на пачуцці. На жаданні. Захацеў — паплыў. Захацеў — купіў білет і прыляцеў да мора, у благаславёныя краі рыбакоў і жывапісцаў.

— Ну, — сказаў Макараў. — Што? Твае жабры задаволеныя?

— Так.

— Тады хадзем.

На пад’ёме я сагрэўся.

У добрым тэмпе мінавалі манастыр езуітаў і выйшлі, не спаткаўшы ніводнай жывой душы, на галоўны пляц пасёлка, памерам крыху болей тэніснага корта. Паглыбіліся ў стары квартал, дзе вуліцы ўяўлялі сабою шчыліны шырынёю ў паўтара метра. Тут Сямён, які ішоў першым, спыніўся.

— Цішыня, — сказаў ён. — Паважаю.

Пастаялі, прываліўшыся спінамі да прахалоднай сцяны.

— Гэта падобна на кіназалу, — ціха прамовіў Макараў. — Бывае такая цішыня... Калі ўсе расселіся па месцах, і святло патушылі, і біліцёр фіранку завесіў, якая пры ўваходзе. А экран яшчэ не запалілі. Ціха, цёмна, і ўсе сядзяць... Прадчуваюць. А мне сем гадоў, і я асабліва прадчуваю, аж зубы стукаюць. Зараз мне пакажуць «Чалавека-амфібію». Іхціяндар пабяжыць па вуліцах, вось па такіх жа... А за ім — злодзей. Педра Зурыта. Сука і закончаны гад. Ужо амаль даганяе, але Іхціяндар — хоп! — і ў мора, за скалы! І ўцёк, хрэн яго дагоніш....

Калі падняліся на самы высокі грэбень гары, убачылі за раз абодва схілы вострава: на ўсходнім жылі мясцовыя, заходні быў суцэльна — сцяна да сцяны — забудаваны фешэнебельнымі гатэлямі — тут агні былі гусцей і ­ярчэй.

Сцяжына расшырылася і вывела да рашотчатай брамы. Сямён дзергануў вісячы замок — жалеза паныла бразнула.

Макараў засапеў і рашуча палез, хапаючыся за пруты.

— А калі тут вартаўнік? — запытаў я знізу.

— Дамо грошай.

— А не возьме? Паліцыю выкліча?

— Скажам праўду. Мы рускія турысты. Раптам пасярод працоўнага тыдня невыносна захацелі выкупацца ў моры. І не проста ў моры, а каб самае культурнае месца ў Еўропе. А пасля купання, зразумела, ніяк нельга прайсці міма вілы імператара Ціберыя. Італьянскія разваліны — гэта сусветны брэнд! Як італьянскі футбол! Як італьянскае смецце! Прыехалі — зачынена. Крыўдна да слёз... Так скажам.

— Даруйце, дзядзечкі, мы болей не будзем?

Сямён саскочыў, выцер рукі аб порткі і ўсміхнуўся — праз частыя пруты:

— Гэта яны павінны нам сказаць: «Даруйце, дзядзечкі!» Бо мы і ёсць рэальныя дзядзечкі. Дарослыя мужыкі. І мы рэальна прыляцелі палядзець на разваліны. І мы не з’едзем, пакуль не паглядзім. Таму што мы турысты. Вядзём сябе прыстойна, акуркі не раскідваем а ў мяшочак закручваем. Вельмі хочам патраціць грошы і прывезці ў халодную Расію ўспаміны пра цёплую, гасцінную Італію... Давай лезь. Тут няма вартаўніка.

Я стаў караскацца, а Макараў працягваў, азіраючыся:

— І калі лютай зімою я буду замярзаць у сумёце ў цэнтры Краснай плошчы і на мяне нападзе злы мядзведзь і пачне грызці мае старыя косці, я падумаю: «Жыццё не прайшло дарэмна! Я бачыў востраў Капры! Я гутарыў са зданню Ціберыя! Я дзікі рускі, але мае жабры дыхалі італьянскім морам! Калі мае продкі забівалі адзін аднаго дубінкамі, тут ужо была дэмакратыя, пошта і вадаправод!» Так я скажу, калі мяне арыштуюць.

Масіўныя шмат’ярусныя руіны былі чорныя, маўклівыя і панурыя. Не ахоўваліся і не падсвечваліся. Пахла, як паўсюдна на паўночным беразе Міжзем’я, сухім казіным памётам.

— Нічога не адчуваю, — сказаў я.

— Дзве тысячы гадоў, — адказаў Сямён. — Тут не засталося ніводнай яго малекулы.

— Не можа быць. Ціберый кіраваў светам. Ён загадваў Понцію Пілату. Калігула быў яго прыёмным сынам. Трэба шукаць.

— Будзем шукаць, — сказаў Сямён. — Толькі не куры. Самы таемны час. Духі не юбяць тытунёвага дыму.

— Як скажаш. Але ўлічы — хутка раніца.

— Гэта нам на руку. Час перад світаннем — пара паміж ваўком і сабакам.

Сямён не верыў у прымітыўную звышадчувальнасць, у экстрасэнсорыку, у наў********. Свет ценяў здаваўся яму абывацельскаю казкай, — але цяпер ён падумаў і прамармытаў:

— Напэўна, дух павінен жыць у падвале. На ніжнім паверсе.

— Наўрад ці. Унізе, напэўна, былі службовыя памяшканні. Кладоўкі, стайні ды іншае. Я б жыў наверсе.

Падняўшы каўняры, мы яшчэ раз абышлі суровы каменны лабірынт. Я пасядзеў ва ўсіх кутах, у нішах, запоўненых шматслойнай дзёгцевай цемрай, у трохкутных камерах, дзе, можа быць, чакалі свайго часу юныя хлопчыкі, да якіх імператар быў вельмі ахвочы. Але нічога не адчуў. Засталіся лёгкія ваганні, слабыя сляды і нават сляды слядоў — але не самога Ціберыя, а яго нявольнікаў, якія напаўнялі вадою басейны і запальвалі пахучасці ў курыльніцах. Намаганне майстра ніколі не знікне, у адрозненне ад намагання ўладалюба.

Я знайшоў Сямёна на самым версе, на глядзельнай пляцоўцы: ён прысядаў і размахваў рукамі, спрабуючы сагрэцца.

На ўсходзе доўгаю чарадою агнёў акрэсліваў сябе Неапаль.

Учора мы прайшлі на набярэжнай Санта-Лючыя, але не ўзбудзіліся. Неапаль аказаўся горадам валацужных сабак, падобных на старыя матаролеры, і старых матаролераў, падобных на валацужных сабак. Востраў Капры быў дагледжаней і салідней за Неапаль. Астравіцяне — спакойней і ветлівей за неапалітанцаў. Разваліны палаца Ціберыя — больш хмурныя і таямнічыя, чым крэпасць Сан-Эльма.

На верхнім, шостым, паверсе вілы імператара верныя сабе католікі паставілі капліцу і статую Панны Марыі. Мемарыяльная дошка сцвярджала, што ўсё зроблена з бласлаўлення Яна Паўла Другога.

— Не знайшоў? — запытаў Сямён.

— Не.

— Расслабся. Каб я быў духам Ціберыя, я б сюды і носа не сунуў. Падумай: я забіў Ісуса, прайшло дзве тысячы гадоў, і на страсе майго дома людзі ставяць помнік! І не самому Ісусу, а яго маці!

— Ціберый не забіваў Хрыста.

— Не, — спакойна запярэчыў Сямён. — Яго віна прамая. Ён кіраваў сістэмай, якая забіла Ісуса. Ты сам распавядаў, што пры Ціберыі Рымская імперыя бязмежна квітнела. Так што — пайшоў ён на хер. І дух яго таксама. Гісторыя сцерла дзецюка. Глядзі: світанак пачынаецца.

Вакол нас ужо прачнуліся і заспявалі птушкі.

Лінію далягляду закрывалі хмары, і мы з Сямёнам не ўбачылі першага праменя. Спачатку прапалі зоркі, адна за адной, нібы саромеючыся: час сыходзіць — вось-вось з’явіцца тутэйшы гаспадар; пасля цені наліліся сінечай; нарэшце сам гаспадар стукнуў знізу ўсёю сілай, пафарбаваў воблакі ружовым золатам, адмяніў іх і пакаціўся ўверх; закрычалі чайкі ў ва ўнісон сваім сухапутным братам, але больш сіпла — марскія птушкі дужэйшыя, грубейшыя за мацерыковых. Бледны месяц паспяшаўся за кулісы дзейства. Ультрамарын асляпіў мяне, забыўшага і пра Сямёна, і пра жабры, і пра Ціберыя, дух якога, зразумела, якраз у гэта імгненне праслізнуў міма — злавіў момант, калі няпрошаныя госці абстрагаваліся, каб схавацца да новага захаду. Здані мёртвых тыранаў не любяць жывой мітусні.

З поўначы накаціла новая, больш шчыльная, цынкава-шэрая хмара, але і яна толькі ўпрыгожыла працэс, змякчыла залатое свячэнне да больш мяккага срэбнага, а ў дзюркі лілося і падала каштоўнае ззянне.

— Яны бачаць гэта кожны дзень, — ціха сказаў Сямён. — Зайздросціш?

Макараў ганарліва рассмяяўся.

— Не. Глупства зайздросціць абывацелям рая. Іх жабры ў парадку. А мы — сухапутныя істоты. Нашы жабры заўсёды ў стане захапалення. Мара пра мора ўвесь час з намі. Сядзіць у падсвядомасці. Бегаем па горадзе, нюхаем выхлапныя газы, сіпім... Малюнкі з пальмамі на сцены вешаем... І калі прыязджаем — жабры ў захапленні. Гэта значыць — у нас ёсць гэта пякельнае захапленне, а ў іх яго няма.

— Думаеш, мы прыехалі з пекла?

Сямён адказаў толькі праз нейкі час: калі ўжо ішлі назад.

Пералазіць цераз браму не сталі, знайшлі збоку дзюрку ў плоце.

— Масква не пекла, — вымавіў Сямён. — Яна па-за гэтых катэгорый.

Хмары цяпер закрывалі ўсю ўсходнюю палову блакітнага купала, пакінуўшы адзіную прарэху — адтуль да паверхні вады апускаўся ідэальна прамы слуп залатога полымя.

— Трэба было ўзяць фотаапарат, — сказаў я.

— Не, — запярэчыў Сямён. — Дамова была: толькі самае неабходнае.

Гарадок ачнуўся. Знакамітыя на ўвесь свет, увекавечаныя жывапісцамі доўгія італьянскія цені пралеглі паміж кутоў і карнізаў. З-за агароджаў выляталі бытавыя шумы. Матулі шматслоўна ўгаворвалі дзяцей спяшацца ў школу, моладзь заводзіла матаролеры, зяленіўшчыкі выцягвалі скрыні з лімонамі. Плошча ажыла, абедзве кавярні адчыніліся, і бартэндэр, засяроджаны, як усе бартэндэры, кінуў нам уздоўж прылаўка два дабл-эспрэса: «Prego, signori!» — у адказ мы засмяяліся, і ён зразумеў.

Ад кавы і кіслароду ў мяне закружылася галава. Сеў на крэсла, паклаў локці на белы абрус. Паглядзеў на сябра і запытаў:

— І няўжо гэта ўсё?

— Так, — сказаў Макараў. Адразу зразумеў. — Гэта ўсё, брат. Прыляцелі, абадралі шкуры аб мокрыя камяні, па руінах пабадзяліся — пара дахаты.

— Занадта проста! — усклікнуў я, узбуджаючыся двайною порцыяй узбуджаючага яду і самой ідэяй райскай прастаты. — Я думаў, гэта будуць прыгоды. Да майго лецішча ў Багародскім раёне цяжэй дабрацца, чым да вострава Капры.

— Свет стаў маленькім.

— Ці мы сталі вялікімі.

— Ты расчараваны?

— Я шчаслівы.

— Я такама, — адказаў Сямён і дзелавіта прапанаваў: — Жонкам скажам, што ўсё атрымалася. Мора цёплае, пяшчотнае. Дух Ціберыя на месцы. Выйшаў з дзюркі ў сцяне і распавёў, як было насамрэч. Ісуса не забіваў, з хлопчыкамі не спаў, гісторыкі нахлусілі...

— Па-мойму, жонкам усё роўна, — сказаў я. — Яны ў шоку.

— Нічога страшнага, — спакойна сказаў Макараў. — Гэта карысны шок. Я сваёй адразу сказаў: «Бяру толькі самае неабходнае. Гэта значыць, цябе і грошы». Сабралася за дваццаць хвілін.

— Мая — за пятнаццаць, — сказаў я.

Калі вярнуўся ў нумар, яна яшчэ спала. Будзіць не стаў. Для мужчын, якія будзяць сваіх жанчын, у пекле ёсць асобае месца.

Спячая, яна выглядала ўвасобленай ціхамірнасцю. Расслабленыя, нібы мармуровыя, вусны, шчокі, павекі.

«Занадта прыгожая для мяне», — падумаў я ў соты раз.

На кухні яе маскоўскай кватэры працяглы час вісеў вялікі фотаздымак яе самой. Заплюшчыўшы вочы, яна назірала сны. Здымак, зразумела, зрабіў адзін з маіх папярэднікаў, я не пытаўся, хто менавіта.

Сон быў адной з яе шматлікіх рэлігій.

Пазней, слухаючыся складанага імпульсу, яна прыбрала са сцяны здымак сябе спячай. Я не запытаў чаму. Мне падабалася самому яе разгадваць.

Калі вярнуўся з душа — яна ўжо сядзела, падклаўшы пад спіну абедзве падушкі, узброеная нататнікам і аўтаручкай: запісвала ўбачаныя сны.

— Выкупаўся? — запытала яна, не падымаючы вачэй.

Я адчыніў дзверы на балкон, упусціў пахі мора і кропель расы, якая выпарвалася з лісцяў лімонных дрэў.

— Штосьці было. Слабое, кароткае. Напэўна, трэба было праседзець там ноч. Каб перажыць усе стадыі. Захад сонца, поўнач, перадранішняя цемра — і ўсход сонца. Духі любяць цярплівых.

Яна не адказала. Паглыбілася ў свае запісы. За паўтара года я так і не звыкся з тым, што яна жыве адразу ў некалькіх слаях: рэальнае, паўрэальнае і зусім нерэальнае ў роўнай ступені паглыналі яе, яна перасоўвалася з аднаго ўзроўню ў іншы імгненна.

Шмат гадоў я быў упэўнены, што з такімі жанчынамі немагчыма жыць, і раптам высветліў, што памыляўся.

Яна захлопнула сваю інкунабулу і падняла смехатлівыя вочы.

— Ты, напэўна, цяпер думаеш: «Які я круты! Усе яшчэ спяць — а я ўжо на нагах... увесь востраў абышоў... Сустрэў світанак у развалінах палаца тырана...»

— Можа быць, — адказаў я. — Відаць, калі ўсіх людзей, колькі іх ёсць, прымітыўна падзяліць на крутых і некрутых, дык я, напэўна, траплю ў першы разрад...

Яна засмяялася і зноў пагрузілася ў пасцель, як у хвалю, мяркуючы, відаць, яшчэ падрамаць, і абвясціла:

— Вось! Гэта твая памылка. Ты пячорны чалавек. Олдскул-мэн. Калі ты круты, дык па-свойму. Па-пячорнаму. Вылез дзікун з нары, кінуў пару пантоў — і хутчэй назад у нару! Сеў і ганарыцца. Вось я круты! Вось я моцны! Захацеў — падхапіўся і ў Італію паляцеў у зімовай куртцы! Давай звані — сёння твая чарга замаўляць сняданак.

— Ведаеш, — сказаў я, — калі Ціберый быў маладым, імператар Аўгуст загадаў яму развесціся. І пажаніў другім шлюбам: са сваёй дачкой Юліяй. А яшчэ пазней развёў і з другою жонкай. Дарэчы, завочна: Ціберый заваяваў Арменію і Польшчу, але пасля пакінуў кар’еру і з’ехаў з Рыма ў Грэцыю. Юлію з сабою не ўзяў.

— Ён не кахаў яе?

— Ён сумаваў па Агрыпіне. Аднойчы сустрэў яе выпадкова — і так паглядзеў на яе, такі погляд кінуў, што Аўгуст імгненна загадаў жанчыне з’ехаць з Рыму.

— І што ў гэтым такога?

— Аўгуст кантраляваў палову насельніцтва планеты. І яшчэ паспяваў разбірацца ў чужых позірках! Напэўна, гэта быў самы знакаміты позірк мужчыны на жанчыну ў гісторыі чалавецтва.

— Нічога асаблівага, — сказала яна. — Гэта ж напісаў нейкі гісторык?

— Святоній.

— Ну, дык яму ж трэба было рабіць захапляльна. Каб не толькі ўсякія сушаныя вучоныя чыталі кнігу, але і звычайныя людзі. Жанчыны таксама. Вось ён і ўставіў душашчыпальную легенду паміж аповедамі пра славутыя подзвігі.

— Ціберый, — запярэчыў я, — не здзяйсняў славутых подзвігаў. Ён быў пануры і рацыянальны мужык. Моцны гаспадарнік.

— Таму ён табе падабаецца. Ты такі ж. Пануры і рацыянальны. Звані. Табе трэба паесці.

Каву піў на балконе.

Праз гадзіну неабходна было вызваліць нумар, а праз чатыры гадзіны — сесці ў самалёт.

Дыхаў лёгкімі, жабрамі, усёю скурай. Нават, напэўна, вачамі. Паветра было добрае. У Маскве такога няма.


* У адпаведнасці са стараславянскай міфалогіяй — месца знаходжання цёмных багоў. (Перакл.)