Я папрашу тваёй пяшчоты, ля ног тваіх згортваючыся клубком...
* * *
Я папрашу тваёй пяшчоты, ля ног тваіх згортваючыся клубком,
ператвараючыся ў зародак і ўжо з цяжкасцю варушачы языком.
Я дробнае дзіцянятка пад пахай тваёй, дык не раскрый крыла,
каб я, пакуль не сагрэлася, выпасці адтуль не магла.
Я дрымучая рыбіна, якая яшчэ не абзавялася хрыбтом,
бесхрыбетная бяссрэбраніца з разадраным амаль жыватом.
Не ўтрымліваюся, перавальваюся па той бок хрыбта твайго,
за якім — касмічнае цемры лёд і нічога, апроч яго.
Не пакінь мяне, вымі мяне з натоўпу на святло,
прачытай па мне, што з намі будзе і што з намі раней было,
правядзі па мне. Я — гэта зборышча дуплаў і пукатых мясцова-
сцяў, навінаў, гэта самы найлепшы тэкст для сляпога.
Прыкладзі да мяне ракавіну вушную, паслухай прыбой
усіх мораў і акіянаў, дзе мы яшчэ не пабывалі з табой,
усіх трапічных краін, усіх вар’яцкіх базараў, усіх незнаёмых слоў,
усіх цыкад і цыновак трэск, звон бранзалетаў і ланцугоў.
Я тканіна бясконцая, любую частку з яе можаш ты выбіраць —
хай я буду выкрайкай тым, хто потым зможа цябе пакахаць.
Я люблю іх за тое, што ў іх будзе пах тваёй цеплыні.
Я ненавіджу іх! Без цябе я загіну, ты мяне ад сябе не гані.
Скажы мне, што я птушаня, што ты не аднімеш мяне ад сваёй рукі,
скажы, што мы будзем жыць на беразе нікому не вядомай ракі.
Мы станем ныраць пад ваду і шмат часу праводзіць на дне,
мы станем нямымі для ўсіх, нібы рыбіны, і нерат нас абміне.