Пясочны гадзіннік

Анёлы — ворагі, і чэрці. Забыла вусце пра выток.
З жыццёвай колбы ў колбу смерці перацякае мой пясок.

Каханне, злосць, а часам слёзы — усё, што не магу забыць,
То мой мароз, а то спякота — перацякаюць. Не спыніць.

Сяджу на пошлай вечарынцы, ды бачу, што няма надзей,
Балюча — у гэтай вось пясчынцы на дно і жнівень мой ідзе!

А час жыве без катаванняў, шчыруе дзень і ноч не спіць —
Ляцяць на дно мае спатканні, і верш, і проза... Не спыніць.

І цяжка мне, з маёй нудою, у цот паверыць і ў няцот —
Што хтосьці ўладнаю рукою гадзіннік верне наўзварот.

І каб нанова паўтарыцца, каб жыць, кахаць і паміраць,
Зноў з колбы смерці ў колбу жыццяў пачне пясок перасыпаць.

Я буду плаваць зноў у маме, круціць задумліва турок...
Анёлы вернуцца чарцямі, і вусце ўспомніць пра выток.