Енісей, адпусці!
(фрагмент кнігі)
Енісей я ўпершыню ўбачыў у 1974 годзе ў пачатку чэрвеня месяца ў тувінскай сталіцы — горадзе Кызыле, дзе рака збіраецца ў дрыготкае мутнае цела з двух горных прытокаў Каа-Хема і Бій-Хема. Там жа абмыўся я ў жаўтаватым ягоным холадзе, яшчэ не ведаючы, што астатняе жыццё так і пройдзе ў гэтай вадзе.
Старажытнымі каменнымі вачыма глядзяць горы на зліццё двух Енісеяў. Стэпавыя схілы там маюць даўкі і задушлівы пах палыну, кусцікі якога, нібыта вожыкі, пляміста пакрываюць наваколле, і пах гэты, здаецца, прапітвае самое слова Тува. На дзіва стойкі і пранізвальны водар вылучае гэтая расліна, якая змучана ўвесь час: то летняй спапяляльнай спякотай, то зімовым дыханнем марознага ветру. Так, бывае, усушаны жыццём чалавек здзіўляе сваёй стойкасцю, ссохлай горыччу сэнсу.
У далёкі і светлы той час нашага краю людзі тут стаялі шчыльней і мацней судакраналіся адно з адным плячамі. Ды і настаўнікі рабілі для нас усё, каб мы развіваліся, рухаліся, успрымалі і ўсмоктвалі пахі дзівоснай нашай зямлі. Ведаючы маю кніжную апантанасць, маё захапленне картами Сібіры, настаўніца мая па біялогіі Галіна Анатольеўна адправіла мяне са сваімі знаёмымі ў супрацьчумную экспедыцыю на паўднёвы захад Тувы, у пасёлак Мугур-Аксы.
Дабіраліся мы ў Кызыл з Абакана на аўтобусе па Вусінскім тракце — яшчэ старым, у ранейшым абрысе перавалаў. Заезныя двары, КрАЗы, «Калхіды» з паўпрычэпамі, баршчы, смятана і кампоты ў гранёных шклянках, шафяругі з падносамі... Выехалі бліжэй да вечара, і, памятаю, здалёк па правую руку праплыло Шушанскае за плоскім полем, і далей ад Такзыбея, калі прыцемкі паступова пачалі ператварацца ў самую сапраўдную цемру, на нас спярша насунулася, а потым і ўстала прама перад намі горная таежная плоць. Таямнічым чынам звязаная начной цемрай, яна ўразіла стромым насоўваннем сопак, чорнай гушчынёй тайгі, начной масай кедраў, ялін, піхтаў. У горадзе я гадзінамі глядзеў на карту Сібіры. Горы былі смуглява-карычневыя, колеру добра прапечанага хлеба, і я так і ўяўляў гэтыя мясціны — амаль голыя, карычневыя, з адзінокімі карціннымі дрэвамі, як на кніжных ілюстрацыях. Колькасць і гушчыня лясоў аказалася раптоўнай і суцэльнай, тайга, калі падступала ўжо, то абляпляла кожную сопку з неймавернай гушчынёй і цясніла, насоўвалася, змагалася за кожны метр абочыны.
Калі пачаўся першы перавал, Кулумыс, зрабіліся добра чутнымі ўсе пераключэнні перадач, натужлівае гудзенне рухавіка, якому раптам стала цяжка і нават амаль немагчыма. Аўтобус ехаў на першай перадачы павольна і з напружаннем, і калі разварочваўся на пятлі, то ўтыкаўся фарным святлом у скалістую сценку з кедравымі каранямі. Пераключэнне, разварот, і даўжэнны «Ікарус-66» ледзьве змяшчаўся на пляцоўцы, зноўку разварот — і зноўку ўверх па пятлі. І зноўку натужлівая работа на першай, пешай, перадачы і запаўзанне на пятлю. Рабілася ўсё цямней, і горы бліжэй і вышэй падступалі чорнымі сценамі і амаль зліваліся з ноччу. Навальваўся сон, нейкія ўрыўкі карцін, пакутлівая барацьба — і са сном, і з гэтымі вобразамі небывалага, чароўнага ўезду ў Саяны.
Затым я драмаў. Памятаю гэты тамлівы паўсон, калі разам з рэзкім ранішнім святлом пачуўся раптам нягучны голас Эдуарда Леанідавіча, начальніка атрада: «Ён спіць, дурань!» (Маўляў, замест таго, каб глядзець.) Дурнем быць не хацелася, і я як ніколі нічога прамармытаў: «А?!»
Далей быў Арадан. Назву Эдуард Леанідавіч вымавіў так, нібыта крынічнае гэтае слова азначала не пасёлак з дамішкамі, а штосьці важнае і агромністае, звязанае з усім, што адбываецца ў гэтыя часы, і мы паўтаралі, што, маўляў, разумеем, як жа, гэта ж Арадан! Арадан. Акрамя нас з Эдуардам Леанідавічам ехала яшчэ Люда, студэнтка-вячэрніца і супрацоўніца інстытута. Яшчэ двое, студэнты, сямейная пара з сабакамі, дабіраліся праз Саяны на спадарожным транспарце, у аўтобус іх не бралі.
Лілося, сыпалася ў вокны аўтобуса свежае расістае святло, змешанае з зелянінай вербаў, бярозак, лістоўніц... Горнай тайгі, што буяе, цісне, абступае з усіх бакоў і гатовая паглынуць дарогу, пасёлак і чалавека...
Яшчэ з той раніцы. Вус, рабрыста-дробны, увесь у перакатах і невялікіх каменьчыках. Я ўпершыню ўбачыў пенныя грабеньчыкі горнай ракі і, блытаючы Далёкі Усход і Сібір, здуру падумаў: а можа, гэта рыба ідзе на нераст? Яшчэ памятаю: драўляныя масты праз Вус і высачэнныя скалы над ракой. Аднак найбольш уразілі мяне востраканцовыя абрысы елак і піхтаў, у адрозненнях якіх я мала разбіраўся, але імгненна адчуў непаўторны сібірскі строй іх сілуэтаў. У мяне з дзяцінства абвостранае пачуццё мясцовасці — я імгненна адзначаў, перажываў і зберагаў рысы таго, што ўбачыў. І яшчэ быў адрэзак дарогі па-над таёжным правалам, усё тыя ж свечкі елак і піхтаў і далёка знізу ляжыць грузавая машына — іржавымі мастамі ўверх.
Бліжэй да Кызыла ўразіў доўгачаканасцю, класічным абліччам бясконцы, увесь у сопках, развал, які шчыльна парос пяшчотна-зялёнымі лістоўніцамі. Гледзячы на яго, я ўсёй душой зразумеў, што гэта і называецца морам тайгі. І, вядома ж, назіраў, як змянілася тайга, як стала яна куды святлейшай, якой сухой зрабілася мясцовасць, а потым яна і наогул перайшла ў горны стэп. Прыкладна ў гэтым месцы мы праехалі маралятнік з мараламі за загародкай на паўстэпавым схіле. Потым адкрыўся Кызыл у стэпавай катлавіне, а вакол на шмат вёрстаў суцэльнае каменнае асяроддзе — бясконцыя трохвугольнікі, складкі, цені, жылкі, каменныя ланцужкі і паясы. Куды не зірні — расплывістыя сопачныя далячыні, слаі сінечы... Марыва, так перапоўненае чымсьці таямнічым і прыцягальным, што і знутры сіні туманчык завязаўся, даводзячы да дрыжыкаў узрушаную душу.
У Кызыле мы сустрэліся з Аляксеем і Марынай. Яны перавалілі Саяны на «Калхідзе» — з двума сабакамі, заходнесібірскай і карэльскай лайкамі. Апісанне гэтага мерапрыемства суправаджалася жартачкамі і быццам бы эвенкійскім акцэнтам: «Шапёр, шапёр, перафесі чэраз Саяны». Аляксей, каржакаваты грузны хлопец, шырокім тварам крыху нагадваў маманта. Быў ён заўзяты паляўнічы, вялікі знаўца зброі і майстра па баявых адзінаборствах.
У Мугуры мы ляцелі на Ан-2, а перад гэтым тыдзень чакалі вылету — перавал праз Цаган-Шыбэту быў цалком ахутаны аблокамі. Кожную раніцу ездзілі ў аэрапорт, дзе спякотнасць і задушлівасць адчуваліся асабліва моцна і дзе, заварожваючы, гучалі ў рэпрадуктары назвы пасёлкаў: Тора-Хем, Кызыл-Мажалык, Сыстык-Хем, Тээлі. Там жа чакалі рэйса два мужчыны ў выцвіла-зялёных энцэфалітках і з медзведзянём на шморцы. Заграбаючы лапамі, ён круціўся на шморцы, і, калі ашыйнік уразаўся, шыя малечы здавалася зусім тонкай. Час ад часу ён пачынаў бурчаць, і тады яму давалі бутэлечку з малаком. Пасля гэтага медзведзянё клалася на спіну, абхоплівала бутэлечку лапамі і смактала, выдаючы нечакана маторнае муркатанне-бурчэнне, такое дыр-дыр-дыр на адной ноце.
Жылі мы ў пяціпавярховым будынку за тэлецэнтрам у кватэры супрацьчумніка і начальніка знішчальнага (гучыць як!) атрада Ігара Крукава, сябра Эдуарда Леанідавіча. Крукаў у гэты час быў у чарговай экспедыцыі.
Чакаем надвор’я. Гуляем па Кызыле, брыдзём па асфальтавай дарожцы ўдоўж таполек. Перад намі ідзе на абцасах руская худзенькая жанчына з акуратнай прычоскай, з нейкім мудрагелістым збудаваннем на галаве, крухмальнай вуалькай. Люда з Марынай не змаглі стрымацца ад смеху над дзіўнымі звычаямі глухмені, але Эдуард Леанідавіч жорстка іх асадзіў і, думаю, назаўсёды: «Вы ў чужым горадзе, а не ў сябе ў Маскве, таму вучыцеся паважаць людзей».
Потым ляцелі на Ан-2 над гарамі, і зноўку пазнаваў я роднае і доўгачаканае — трохвугольныя сопкі з лістоўніцамі па «поўначах», паўночных схілах. «Поўначы» больш вільготныя, а ў цэнтральнаазіяцкай сухоце кожная кропля важкая. Ляцелі кіламетраў трыста, і, акрамя гэтых сопак з лістоўніцамі, нічога не памятаю да самога Цаган-Шыбэту.
Юная памяць асаблівая: ляцеў бы зараз — і нашмат болей бы ўбачыў, запомніў... Напэўна, вока дзевяцікласніка яшчэ не прызвычаілася да такой колькасці зямных маршчын, і юначая душа толькі вучылася паўтараць і завучваць жыццёвыя складкі.
Усё вышэй узносіліся хрыбты, і вось мы ляцім праз Цаган-Шыбэту па цясніне, і ўжо ўпоравень з намі гранёна лілавеюць вяршыні і ўсё набліжаецца штосьці жахліва-грознае і цудоўнае, нейкая развязка, прарыў... Гэта адчуваем і мы, і самалёт. Дзверцы ў кабінку пілотаў расчыненыя... І вось нарэшце... скрозь празрысты і дымны дыск вінта я бачу нешта асляпляльнае і снежнае — белы купал-коўдру, пад якім ляжыць, крыху ўзняўшы калена, штосьці агромністае. А ніжэй зіхатлівы гэты купал трымаюць чорныя лапы-рэбры. Гэта Мангун-Тайга. Вышыня яе без трыццаці метраў чатыры тысячы. Як яна ззяла ў той дзень!
Мугуры размешчаны паміж небывалай гэтай гарой і Цаган-Шыбэту. Горны стэп. Складкі. Усё жоўтае і нібыта аблітае сонцам. Вершаліны больш высокія і вострыя — ліловыя, да адной нібыта прымацаваная крэйдавая зорка, і два сыпкія промні глядзяць прама на нас. Яе называюць Зорачка. Ак-Баштыг. На ёй пяціканцовы асыпак белага друзу. (Якіх толькі я ні наслухаўся здагадак пра гэтую зорку — ад той, што гэта ледавік, да той, што зорку намалявалі знарок). Мугуры. Драўляныя хаткі, авечкі.. Едзем па пасёлку, потым на супрацьчумную станцыю. Там шмат народу, рабацягі, якіх наскрозь прапаліла сонца, высушыла жыццё. Іркуцяне-супрацьчумнікі. На практыцы з Масквы Сунцоў мае нейкі нечалавечы выгляд: увесь карычневы ад загару і ў белай энцэфалітцы. Наогул, усе дзіка загарэлыя, прасмажаныя сонцам.
Нарэшце загрузіліся ў ГАЗ-53 і паехалі... Лагер павінен быў стаяць на рачулцы Каргы, ніжэй за Мугуры па плыні кіламетраў на дваццаць пяць. І кіламетраў дзесяць не даязджаючы да мангольскай мяжы. Ехалі па стэпе паміж сопак. Сопкі шарэнгамі, за імі і над імі — Мангун-Тайга. Да Каргы прабіраліся цераз нейкі цацачны драбнасопачнік па невялікай цяснінцы, на дзіва камяністай. Спыніліся каля выцвілай палаткі, перацягнутай расцяжкамі да серпавай гнутасці плоскасцяў і граняў. З яе хуценька выбраўся, нібыта вынырнуў, круглагаловы паголены і ладны хлопец, Валянцін Рыльнікаў. Такі ж карычнева-загарэлы і ў такім жа выпаленым да саляной беласці энцэфалітным касцюме. Выкінуў і скруціў спальнік, аслабіў, вызваліў і звярнуў палатку і, закінуўшы яе ў кузаў, заскочыў і сам.
Цясніна вывела да поймы Каргы, зялёнай стужцы, якая ўяўляла поўны кантраст з каменнай высушанасцю наваколля. Густыя тальнікі (вербнікі) і рэдкія велічэзныя лістоўніцы. Рэчка — вузенькая, сіне-малочная, між абломкаў сіне-дымчатых скал. Паверхня скал хвалістая, нібыта застылая рачная рабізна...
Стаўлялі палаткі. Разблытвалі расцяжкі, вырашалі — што куды. Замінка, блытаніна... Кажу, маўляў, туды і так трэба, аказалася, слушна. Лёха Міронаў, студэнт трэцяга курса, прамовіў задумліва: маўляў, у самага юнага «вочы маладыя, усё адразу ж скумекаў». Лёха заўсёды знаходзіў для мяне словы, якія заахвочвалі.
Збіраліся, рыхтаваліся і елі ў вялікай армейскай палатцы — прамавугольнай, з шатровым дахам і крамнінным перапляценням акенцаў. У ёй стаяла і печка. Астатнія палаткі былі рэдкімі для таго часу — не выцвіла-зялёныя, а з асаблівай сінтэтычнай тканкі, жоўтыя і з тэнтамі. Вечарам у кожнай гарэла свечка, і яны, да краёў напоўненыя святлом, выгляд мелі і дзіўны, і экзатычны. Маё жыццё на Каргы было пранізана задумлівым шумам яе вады, гукамі вечаровай гітары Валянціна — ён заўсёды браў некалькі адных і тых жа ўрачыстых акордаў з пераборам — хутчэй за ўсё, проста іх развучваў.
Рэчка вузкая, неглыбокая ў летнюю ваду, грузавая машына пераязджае ў шырокім месцы. Вышыня над узроўнем мора — 1800 метраў. За рэчкай горны стэп уздымаецца ўверх, цягнецца ажно да падножжа Цаган-Шыбэту — у адну лінію, у адзіны з ім вугал — нахільнай плітой. Хрыбет выглядае жоўта, замшава, акругла, увесь у складках, маршчынах. Нядаўна я даведаўся, што менавіта гэтая краявая града Цаган-Шыбэту называецца складанай мангольскай назвай Буршбан-умун-саланы-нуру. А Цаган-Шыбэту перакладаецца з мангольскай як «белая агароджа».
У адзін з першых жа дзён я ўмудрыўся ўзабрацца на нябесную гэтую агароджу і, уражаны тым, што ўбачыў, доўга прастаяў на вышыні, адкуль адкрывалася далячынь, прастора, якая была нібыта сабраная з бязмежных і бясконца далёкіх горных ланцугоў. Сотня вёрстаў спакойна і празрыста пралягла ад маіх ног да небакраю. На захадзе ляжала паўднёва-ўсходняя частка Горнага Алтая, хрыбет Чыхачова, больш на поўдзень, на паўднёвым захадзе ў Манголіі, бачны быў Тургэн-Уул і яшчэ адна чатырохтысячная вершаліна — белы трохвугольнік, які заўжды будзе часткай майго душэўнага кругагляду. І вядома ж, зусім побач на захадзе — паўночным захадзе ўздымалася Мангун-Тайга пад суцэльнай коўдрай святла.
Усё, што бліжэй, множылася ў бясконцых трохвугольніках дробных сопак. На кожнай — грэбень, нібыта каменны шоў самай грубай зваркі. Скрозь яго, застываючы бурым баранчыкам, нібыта працягваецца вылівацца каменная жыжка. Шарэнгі трохвугольнікаў, у чаргаванні ценяў, граняў, жылі ў адной музыцы, у адным ветры, нібыта застылы прыбой... Але гэта, калі праз бінокль прыглядзецца... А так — далячынь на далячыні дзясяткі вёрстаў. Жоўтае, карычневае, ружовае палатно і па ім бясконцае перамяшчэнне воблачных ценяў... Тады здавалася, такой і павінна быць наша прырода і што маё стаянне па-над прасторам — гэта перадпачатак яшчэ больш дарагіх сэрцу далячынь. Што самае велічэзнае, паветранае і плямістае наперадзе.
Зараз магу сказаць, што нідзе нічога падобнага не бачыў, хоць і пашчасціла наглядзецца на мноства сібірскіх гор.
З вогненна-зялёным адбіткам Мангун у вачах спускаўся я па схіле Цаган-Шыбэту, удыхаючы пах палыну, з’язджаючы па россыпах, зрываючы то мясісты стволік рэвеню, то трубку горнай цыбулі. Лагер жыў звычайным жыццём. Эдуард Леанідавіч, седзячы на ўючнай скрыні, чысціў стрэльбу. Хутка і дзелавіта ён спытаўся, дзе я быў, чаму не паведаміў, куды сабраўся, а потым адклаў стрэльбу і зірнуў у вочы: «Яшчэ адна такая выхадка — і паедзеш назад! На Масква».
Ні аднаму чалавеку на свеце не падыходзіў так выраз «заўзяты паляўнічы», як Эдуарду Леанідавічу Сядых. Было яму ад сілы гадоў трыццаць пяць. Чарнавокі, русы, твар вузкі, сухі, шчокі запалыя, вусы, барада — таксама сухія — контурам абрамлялі рот... Пры гэтым спартыўны, хударлявы, з нечакана вялікімі біцэпсамі. Гарачы, звонкі, нібыта трэска смаляная. З рабочай гарадской ваколіцы родам. Трымаў сабак, хадзіў на стэнд, варыўся ў маскоўскім паляўнічым варыве. Жыў у Карачараве і сабак сваіх назваў Кара і Чара. Ад яго ўпершыню пачуў выраз — азартныя сабакі. Гэта — увесь Эдзік. Калі правамоцна параўноўваць са звярамі чалавечае аблічча, не прыніжаючы высокага прызначэння чалавека, то нагадваў Эдзік паляўнічага сабаку.
Да Тувы ён працаваў на Урале на Вішары і ўвесь час распавядаў пра Дзеда Мая, што вазіў іх на драўлянай лодцы з маторам, і як аднойчы Май перакуліўся і вываліў экспедыцыйны груз. Словазлучэнне «Май перакуліўся» Эдуард Леанідавіч паўтараў шмат разоў, і яно толькі падкрэслівала вопытнасць Мая і тую асаблівую трагічнасць, якой была афарбаваная бяда, што здарылася з бывалым і моцным чалавекам.
Інстытут займаўся ачагамі чумы. Яе носьбіты — блыхі, а пераносчыкі — суслікі і пішчухі, напрыклад, мангольская пішчуха, жыццядзейнасць якой мы і вывучалі. Жылі пішчухі ў норах калоніямі. Я паступіў пад кіраўніцтва Валянціна і павінен быў, седзячы на адным з бакаў сопкі, назіраць за калоніяй пішчух на процілеглым схіле. Асабліва пільна сачыў за ўсім, што было звязана з патомствам, якое з’яўлялася два разы на лета. Я звярнуў увагу, што, калі з нор пачынаў вылазіць другі маладняк, падлеткі першага памёту знікалі з калоніі, нібыта вызваляючы месца. Гэтым назіраннем я падзяліўся з Валянцінам, і ён горача ўсклікнуў: «Слушна!» — быццам мяне правяраў і ўсё чакаў гэтага адкрыцця, каб пасвяціць у пішчухазнаўцы.
Валя моцны, сінявокі, ладны. У сваёй выцвілай энцэфалітцы падобны да салдата. Паголенасцю, круглай галавой. Усе яго любілі, але была ў Валянціна і свая самота. «Вось праз год скончу вучобу... І што далей... поўная невядомасць...» — казаў ён задуменна. Але не таму, што баяўся гэтай невядомасці, а якраз цэнячы гэтае сённяшняе знаходжанне паміж каменных сопак. А яшчэ ў ягоных словах гучала туга аб гадах, нібыта ён у свае дваццаць пяць асабліва абвострана адчуваў хуткаплыннасць часу... Спартыўны, моцны, смуткаваў: «Эх, колькі ў мяне сілы было... Колькі сілы...» — гэта пра які-небудзь 9-ы клас. Казаў нягучна, выразна. Гучала тое ж юнацкае пачуццё жыцця, што вельмі хутка праходзіць, як у Лёхі, калі той казаў пра «маладыя вочы».
Неўзабаве прыехаў Крукаў з таварышам, і Эдуард Леанідавіч з імі дзянёк добранька гульнуў. Ці то ў гэты раз, ці ў другі прывезлі барана. Як гатавалі, не памятаю — памятаю крывяную каўбасу. І што, калі разбіралі, Лёха набраў кварту крыві і паказальна выпіў — маўляў, карысная штука. Сядзелі ля вогнішча, і таварыш Лёхі сказаў, што ў іх перакулілася машына. Я чамусьці запытаўся: «Праўда?» І ён рыкнуў, навошта перапытваць, маўляў, што — не веру? З таго часу стараюся ніколі не задаваць бессэнсоўных пытанняў.
Крукаў быў, што называецца, шчырая душа. Невысокі, худы, нібыта падлетак, падгорнутыя трэніровачныя штаны агалялі дзіцячыя амаль лыткі. Крукаў шмат і горача апавядаў, як ён, да прыкладу, на Енісеі перакуліўся на плыце, калі плыў праз парог, так і не ведаю, праз які? (Хуцінскі?) Як выплываў на востраў і там адлежваўся на галечніку. А яшчэ расказваў пра скалу пасярод ракі з пляцоўкай на вершаліне, дзе быццам бы хата і старавер жыве. Крукаў з Эдзікам разышоўшыся, пачалі спрачацца, і Эдзік усё насядаў: «Не, ну ты лухту вярзеш! Я табе кажу, што ты лухту вярзеш». У Крукава быў сын Санька, і мы з ім гады два перапісваліся. Агульных тэм рабілася ўсё меней, і перапіска зрабілася натужлівай, больш па абавязку, і ў хуткім часе заглухла.
Эдуард Леанідавіч расказваў амаль байку пра нейкага мужыка, які ўсіх насмяшыў, заявіўшы, што «злавіў Імануіла», — ён злавіў манула. Пра манула я чуў, але страчаць не страчаў. Аднойчы, седзячы на сваім баку сопкі, я ўбачыў на процілеглым схіле моцнага целаскладу кацяру з чорнай паласой каля вока. Збягаў ён па дыяганалі з даволі незалежным і дзелавым выглядам, і гэтая дзелавітасць і мэтанакіраванасць падкрэслівалі тое, што ён тут настолькі дома, што можа мяне і не заўважаць. Нейкі час я сачыў за ім у бінокль.
Уражанне было найяскравейшае, за тое лета яно папоўнілася яшчэ многімі незабыўнымі сустрэчамі, напрыклад, у пойме Каргы бліжэй да Манголіі я знайшоў гняздо чорнага бусла на лістоўніцы. У ім сядзелі вялікія ўжо птушаняты. Наогул, птушак тут было не злічыць — і самых дзіўных: разнастайныя каменкі, стракатыя каменныя дразды (ярка-рудыя з сінім), улары, якіх я так і не ўбачыў, і вельмі шмат удодаў. І, вядома ж, драпежнікі — цэнтральнаазіяцкія канюкі, якіх мы звалі ЦАКі, і асабліва паважаныя намі балабаны і беркуты. І хоць займацца птушкамі ад мяне не патрабавалася, вывучаў і пазнаваў іх з усёй радасцю.
Так я і жыў пад лістоўніцамі, пад вербным полагам на беразе апалавай рачулкі, тугой і гаварлівай. У свабодны час хадзіў па ваколіцах. Лавіў хайрузкоў на конікаў і мух. А з раніцы брыў па цясніне між амаль цацачных камяністых сопак, якія нагадвалі гарадскія разваліны — так натуральна выглядала іх прасушаная каменная кладка. І ўсюды стаяў пах палыну — горкі і востры, раслі палынныя вожыкі і кусты караганы, з залацістым адлівам стволікаў...
І, як паўсюдна ў стэпавай Сібіры, — саранча. Спачатку я не зразумеў, што гэтыя тоўстыя і дыхтоўныя конікі — тая самая саранча, што губіць палеткі і засцілае неба чорнай хмарай. Шурпата-шэрыя кабылкі ўзляталі з верталётным трэскам, і іх заднія крыльцы веерна расквечваліся ружовым альбо сінім марывам. Вось яна скончыла трашчаць, ткнулася ў рэдкую стэпавую траўку-шчацінку і нібыта растварылася ў ёй, і ты ходзіш, шукаеш, выглядваеш, пакуль яна зноўку з трэскам не ўзляціць і не ткнецца ў стэпавую спіну.
Але вось дабіраўся я да свайго схілу і гадзінамі назіраў пішчух, падлічваў іх, запісваў асаблівасці паводзін і складаў карты калоній. І сам падсыхаў, мацнеў... Выпарвалася з душы гарадское, сталічнае, капрызнае. І душэўныя жылы рабіліся трывалымі, нібыта стволікі карагача.
А вечарамі патрэсквала вогнішча з пупырчатага сучча лістоўніцы, такое цяжкае на распальванне. Гітара Валянціна плыла пераборам, шумела Каргы, і жоўтыя палаткі, якія падсвечвалі знутры свечкі, здаваліся крылатымі каганцамі з празрыстага парафіну. І пугач вухаў непадалёку. А Валя пеў: «У рэчцы каменнай б’юцца камяні». Заканчвалася песня словамі: «І з працягнутымі рукамі ў гэтай каменнай старане я б навек ператварылася ў камень, толькі б ты пакланяўся мне». «Як жа гэта па-жаночы!» — ціха казаў Валянцін, адкладваючы гітару.
Спалучэнне пяшчотнасці і рашучасці перапаўнялі ягоную душу, абвостраную адзінотай, і, дзелячыся з намі сваімі перажываннямі, ён вучыў удумвацца і ў словы, і ў музыку, і паўсюдна бачыць глыбіню чалавека. Магчыма, калі б не Валя, я ніколі не звярнуў бы ўвагі на гэтыя па-сапраўднаму паэтычныя радкі...
Вядома ж, апынуўшыся ў гэтым стэпавым горным цудзе, я не забываў сумаваць па сваёй мары — тайзе. І вось пачалі мяне адпраўляць па рабоце на рэчку Барлык ля хрыбта Цаган-Шыбэту. Хрыбет глядзеў на Каргы вылізанымі бакамі, маршчынамі і складкамі, а калі пераваліць гэты першы акруглы шэраг сопачак (Буршбан-умун-саланы-нуру), то далей узвышаліся ўжо ліловыя вострыя вершаліны, адна з якіх мне асабліва падабалася — доўгая, падобная да кароны гара. Мы і звалі яе Карона.
Ужо не памятаю, па справе якой альбо па гарачым жаданні, але зноўку я апынуўся на ўлюбёным ілбе хрыбта Цаган-Шыбэту, адкуль бачыліся і ліловыя забарлычныя сопкі з завостранымі вершалінамі, і Манголія з возерам Урэг-Нур і трохвугольным пікам над ім. І Мангун-Тайга, якая па-ранейшаму спала пад асляпляльнай сваёй коўдрай, крыху падагнуўшы калена. У гэтыя хвіліны ніжэй мяне і літаральна метрах у васьмідзесяці праплыў у свабодным лунанні барадач (ягнятнік), адзін з самых цікавых горных драпежнікаў, якога я, як і многіх іншых птушак і звяроў, ведаў толькі па карцінках. Каляровы, з чорным верхам, рудой грудкай і чорнай палоскай ад вока да дзюбы. Нават палоску памятаю... І як ён пагойдваўся і як дрыжэлі ягоныя махавыя пёры на патоках паветра. Мяне ён не бачыў. Я быў часткай гары і падглядзеў патаемнае.
Потым пераваліў я ў бок Барлыка і апынуўся на схіле горнай тундры, якая парасла ўся кусцікамі ерніку (карлікавай бярозкі). У ерніку сустракаліся і сухія вузлаватыя кроны, вельмі прыдатныя для вогнішча. Карычневыя і шурпатыя, яны ўздрыгвалі кучна і спружыніста, калі дакрануцца. З сабой я насіў у рукзачку закопчаную бляшанку ад гарошку з ручкай з дроту. У яе я і набраў снегу з асляпляльнага зярністага снежнічка — плямамі ляжалі яны сярод лета ва ўвагнутасцях хрыбтовай спіны. Радуючыся, што ўсё пад рукой, я чэрпаў снег, чэрцячы сажай па белым. Развёў гарачае і амаль нябачнае вогнішча, закіпяціў горнай вадзіцы. Сярэбраным фантанчыкам забурліў мой чайнік...
Я няспешна піў гарбату, калі пяшчотна падышла паўпразрыстая хмара, яе ніжняя частка неяк дзіўна свяцілася. Пасыпаў сухі крупчасты снег, калюча загаварыла горнае неба, і шчасце роўна пасеялася ў душу. Усё адбывалася само сабой. Не трэба было нічога тлумачыць ні гарам, ні ўласнай душы. Яна ўсё ведала. І калі б зараз я апынуўся на тым самым месцы і пайшоў бы такі самы снег, я б прыціснуў калені да горнай тундры і, размазваючы на шчоках куродым чайнай бляшанкі са слязамі, маліўся б да Усявышняга аб бясконцай ягонай літасці...
Барлык пачынаўся з хрыбта Цаган-Шыбэту, працякаючы па цясніне, куды мы перавальвалі рознымі спосабамі. Проста пехатой, на конях і нават на машыне ў аб’езд, захопліваючы Барлык амаль у самога ягонага вытоку. У высакагор’е не дабіраўся стэпавы сухмень, было свежа, і тундрачка зелянела па бартах даліны і па перавалах. Барлык па большай частцы цёк пад камянямі, у адным месцы даліны ляжаў лёд, у які былі ўмарожаны рогі горных баранаў. Мы празвалі гэтае лядовае поле могілкамі архараў. Была і лужынка ніжэй за ледавік. Падыходзілі мы з Лёхам да лужыны і ўбачылі на ёй качак. Лёха ўзяўся, не спускаючы з іх вачэй, сцягваць з пляча вертыкалку, а я заперажываў, пачаў упрошваць, маўляў, давай спачатку зраблю здымак, а затым страляй. Лёха пакорліва згадзіўся. Я рвануўся да качак і спудзіў іх. Да гэтага часу памятаю, як было няёмка, і Лёхаву дабрыню: ён ні слова не сказаў.
Аднойчы я ехаў па Барлыку на кані і сустрэў тувінца — гарэла вогнішча, пасвіўся конь. Тувінец сядзеў ля вогнішча, побач ляжалі ТОЗ-8 і здабыты тарбаган (мангольскі сурок). «Мяса сурка будзем есці?» — спытаўся тувінец сваім гаварком. Ну і маўляў, «нядо прыгатовіць»... Далучацца да трапезы я пасаромеўся і паехаў далей.
Першы раз на Барлык мы патрапілі па кружной дарозе на ГАЗ-66. Начавалі ў кашары — шасцівугольнай аўчарні з бярвення. Раніцай я прачнуўся ад звонкіх крыкаў клянькання клушыц. Птушкі ці то па нейкай мудрагелістай ільдзіне білі, ці то па тонкім нацягнутым дроце, які праз гэта выдаваў нізкі нудлівы гук. Ці то ільдзінка па дроце слізгала, а дрот гэты з самога неба працягнуты. У клушыц дзюба тонкая, выгнутая, як хірургічная іголка, і густа-чырвоная... І крык такі ж востры, гнуты, адцягнуты... Не перадаць ні гэтага крыку, ні горнай свежасці... Толькі іголка працінае душу.
Па рабоце мы спускаліся па Барлыку на некалькі кіламетраў уніз, і гэта было святам: чым глыбей уваходзілі мы ў Цаган-Шыбэту ўніз па рэчцы, тым усё больш пакрывала схілы лістоўніца. Празрыстая і рэдзенькая, яна расла толькі па паўночных схілах. Была і цясніна Куве-Даба, дзе сярод лістоўніц паставілі мы з Лёхам нашу палатку... Тут смаліста пахла тайгой, вадзіліся бурундукі, чорныя вавёркі, а на лясной верхатуры ўбачыў я вялізнае гняздо беркута і чамусьці запомніў, быццам яно на кедрыку.
Праходзячы неяк па Барлыку, я ўбачыў невялікую пляцоўку ў скале. Узабраўшыся, выявіў пячорку, перад якой ляжала нага казулі. Але, як толькі рушыў я да пячоркі, адтуль вываліў, шчоўкаючы дзюбай і сярдзіта ззяючы жоўтымі вачыма, здаравенны пугач. А праз імгненне ён мякка панёсся ў дзень, растварыўся ў ім замагільным ценем. І яшчэ больш таямнічым зрабіўся Барлык, і захацелася далей пайсці ў бок Цаган-Шыбэту, туды, дзе з кожным кіламетрам больш тайгі па паўночы, дзе адна за адной адкрываюцца цясніны і ў іх празрыста зелянеюць лістоўніцы па схіле. Яшчэ памятаю, што па адным з распадкаў цёк ручай з нязвычнай назвай — Хемчычрайлык.
Пагроза чумы, вялізны ачаг якой знаходзіўся на поўначы Манголіі, была для мяне далёкай, абстрактнай і быццам не звязанай з жывёламі, за якімі мы назіралі, — і пішчухі, і суслікі, і тарбаганы цікавілі самі па сабе. Але словы «бубонная чума» гучалі нежартоўна, і задача стаяла жорсткая: праверыць дзейнасць ядаў на сусліках і пішчухах. Для гэтага і патрэбны быў бязлюдны Барлык. Патрабаваліся яды, якія б не назапашваліся ў драпежніках, што харчуюцца здыхатой, і не губілі іх, ды і іншую жыўнасць. Ніхто асабліва не разважаў, і так усё было зразумела. І суслікаў шкада, і пішчух, якіх мы з Валем вывучалі, але чума ёсць чума. Памятаю назвы: ратындан, дэфінацын, севін і як мы зубаскалілі, уяўляючы, нібыта гэта прозвішчы. «Таварыш Дэфінацын, не жадаеце лыжачку?» А Лёхава жонка, прыгажуня Марына, вельмі смешна і наўмысна манерна перастаўляла націск: «Дэ-фі-на-цын».
Ішоў па Барлыку з вялізнай бляшанкай на рамяні. У бляшанцы авёс з алеем, куды дадалі атруты. Кідаю атручаны авёс у норы вялікай лыжкай. Потым трэба будзе вярнуцца на Барлык і глядзець у неба: калі тым кружаць каршуны, беркуты, грыфы — значыцца, падзейнічала атрута.
Грыфы закружылі.
На перавале палянкай раслі эдэльвейсы — невялікія бялёсыя зорачкі, даволі сціплыя ў параўнанні са сваёй эфектнай назвай. Аднойчы спускаўся з эдэльвейсавай паляны да Барлыка і ўбачыў, як з процілеглага забарлычнага схілу бяжыць лісіца. Яна перабегла Барлык і рушыла насустрач. Я прадбачліва падхапіў з зямлі нейкі сухі кіёк. Лісіца падбегла і кінулася, разявіўшы пашчу. Выратаваў кіёк — лісіца аказалася шалёнай.
Стаялі мы ад Манголіі кіламетраў за дзесяць. Памежнікаў асабліва не бачылі. Быў выпадак: пад’ехалі па верхавіне Барлыка між ліловых гор да самай мяжы, якая была проста адзначана невысокімі слупамі без усялякага дроту. Высока над намі заўважылі памежніка, які сядзеў у сакрэце — усіх чамусьці насмяшыла велічэзнасць ягонай круглай фуражкі, якая тырчала на грэбені гары, і тое, што ён у сакрэце і ўсім бачны.
Неяк раз праз наш лагер прайшлі з Манголіі вярблюды, цэлы статак. Ішлі, як сапраўдныя дагістарычныя жывёліны, — міма, скрозь нас, струнна, дакладней, канатна, закранаючы нажышчамі расцяжкі палатак, хістаючыся з бока на бок, так трымаючы доўгія выгнутыя шыі, нібыта тыя сядзелі асобна і складана было ім прыстасоўвацца да крокаў саміх звяроў. Вярблюды былі з абвіслымі пасля зімы гарбамі, пераліняныя, у шматках поўсці, і вочы іх здаваліся асабліва вялікімі і цёмна-пукатымі, як сучкі. Потым прыехалі на іх пошукі манголы. Уразілі нас сваёй дагледжанасцю, акуратнасцю. Тувінцы былі пастаянна ў чымсьці працоўна-шэранькім, чорным, зашмальцаваным. У пінжачках, кацавейках. Худыя, абшарпаныя. А манголы прыехалі ў малінавых з адлівам халатах, у скураных ботах. Самім гадоў пад сорак, шчыльна збітыя, з шырокімі тварамі, дагледжаныя. Нават смуглявасць здавалася асаблівай — роўнай і пародзістай. І коні таксама невялікія, укормленыя, пярэстай масці — з чорнымі буйнымі плямамі па белым. Эдуард Леанідавіч запрасіў іх у палатку-кухню, нарэзаў хлеба, паставіў на стол вялікую эмаліраваную міску з цукровым пяском, засунуў у яе дзве сталовыя лыжкі. Манголы пілі гарбату і пасыпалі хлеб цукрам — шчодра і вельмі павольна, нібыта выконваючы рытуал. Калі яны ад’ехалі, Эдуард Леанідавіч сказаў, што цукар у іх далікатэс. Хутка скрозь наш лагер праехалі на вялікіх гнядых конях два памежнікі — у аднаго на баку радыёстанцыя, квадратны блок з гнуткай антэнай, якая залішне віхлялася і была нібыта сабраная з дробных пацерак. І коні, і афіцэры ў параўнанні з манголамі выглядалі вялізнымі і манументальнымі, як помнікі. Я пазіраў на іх знізу ўверх.
Аднойчы ў час майго дзяжурства па кухні прываліла цэлая машына супрацьчумнікаў. Кухня і сталоўка былі ў вялікай армейскай палатцы з печкай. Эдуард Леанідавіч прыйшоў у нейкі асабліва прыўзняты стан, які звычайна заўсёды ахопліваў яго ў прадчуванні застолля з сябрамі-супрацьчумнікамі. Я добра вызначаў гэты асаблівы настрой Эдуарда Леанідавіча, бо неяк разам змянялася ягонае да мяне стаўленне. У такія часы ён ад мяне неяк адхінаўся, уваходзіў у ролю строгага начальніка, а можа, саромеўся майго зялёнага ўзросту.
Вось і тут, увайшоўшы ў палатку, ён пачаў са слоў: «Так, Міхайла, ну і бардачок у цябе на кухні... Бардачо-о-к...» Быў сярод гасцей і бурат Юрый Дашэевіч Анчыраў, арнітолаг. Спакойны, самавіты і акуратна апрануты чалавек. У яго была рэдкая ў тыя часы дыхтоўная штармоўка сіняга колеру з клапанам на лапатках. На галаве чамусьці сярэднеазіяцкая шапачка — лямцавая, белая з чорнай акантоўкай і падобная да папяровага карабліка — гэтак жа сціснутая з бакоў. Я пачаў расказваць пра барадача, якога бачыў, але Юрый Дашэевіч мяне адразу ж асадзіў: «Пакуль я не патрымаю ў руках здабытую птушку, я нічога не магу сцвярджаць». Мне ж здавалася, што біць такога прыгажуна дзеля доказу не па-гаспадаркі. Ды і навошта патрэбны арнітолаг, калі яму нельга верыць.
Падобныя павучанні не азмрочвалі майго тувінскага існавання, тым больш што яго ўхваліў і Эдуард Леанідавіч. Калі Валя пахваліў маю працаздольнасць, Эдуард Леанідавіч, падабрэўшы і ўсміхнуўшыся голасам, сказаў, што, маўляў, Мішка аказаўся нічога сабе, і дадаў: «А то спачатку таксама... спрабаваў тут...» Што менавіта я «спрабаваў тут», ён не стаў тлумачыць. Магчыма, намякаў на мой незаконны ўзбег на Цаган-Шыбэту.
Як зараз памятаю, супрацьчумнікі больш стаялі ў наваколлях Мугур. Амаль што заклінаннямі гучалі для нас «атрад Абухова», «атрад Феактыстава», «атрад Раўданікаса». У атрад Абухова мы ездзілі ў госці. Быў вечар, вогнішча... Маладыя студэнты з Іркуцка. Асабліва запомнілася пара — дзяўчына і хлопец з буйной ляпнінай рысаў, з крыху адрузлай белай скурай і доўгімі распушчанымі валасамі, як тады насілі на эстрадны манер. Маладзён сядзеў, асветлены вогнішчам, з гітарай. Дзяўчыну добра памятаю да гэтага часу — вялікія вочы, якія яна ўвесь час апускала, і крыху пукатыя павекі. Твар невялікі, і шчокі таксама пукатыя, яблычна-круглыя. Крыху падфарбаваная, спецыяльна да вечаровага выхаду з палаткі — з сінечай на павеках, на вейках. Валасы дзіўна рассыпаліся па плячах, каштанавыя, кольцамі і на плячах і на грудзях. Хтосьці шапнуў, што яны хутка пажэняцца.
Яна так і сядзела побач з жаніхом. Гледзячы кудысьці ўніз, з застылай усмешкай на твары. Хлопец спеў адну-адзіную песню, у якой так пяшчотна адлюстроўваўся дух той эпохі і покліч маладых лёсаў, што я і зараз не магу спакойна яе слухаць і наждачок мурашоў нязменна завязваецца на спіне.
Дзе алень брыдзе замшавы,
Дзе світанак дрыжыць.
Ну чаму ты ўжо замужам,
Ну чаму, адкажы?...
Ён спяваў, і вогнішча адкідвала таямнічыя водблескі на сіняватых павеках дзяўчыны, і такая была ў тым вогнішчы надзея, такое пачуццё будучыні, што мне да гэтага часу хочацца адпрасіцца ў Эдуарда Леанідавіча, ускараскацца на самы лоб Цаган-Шыбэту і крыкнуць на ўсю Сібір: «Дзе вы зараз, юнакі?»