Жаночы пляж
Мы з’явіліся на беразе Чорнага мора старшымі лейтэнантамі — тры «афганцы», тры халасцякі, якія пазнаёміліся ў цягніку. Эх, гульнём!
— Слава богу, мужчынскі тупат перад звальненнем пачула, — ззяла дзяжурная, калі мы, не дачакаўшыся ліфта, скочваліся ўніз па лесвіцы. Напэўна, яна ведала іншыя часы, таму што ўсміхацца нам пачала, як толькі мы пераступілі парог санаторыя першы раз.
— А навошта звальняцца, калі з’явіліся мы? — адчуўшы ў ёй блізкую душу, шчыра запыталі мы.
— Канчаецца маё халасцяцкае жыццё, хлопчыкі. Муж паявіўся, кліча да сябе ў Кіеў.
Пра мужа нам не спадабалася, і мы патупалі да сябе ў нумар. Аднак праз некалькі гадзін, адзначыўшы прыбыццё, скардзіліся ёй самі:
— Сумнавата ў вас, цётка Ніна.
— Дык жа адны «лыжнікі», — тужліва праводзіла яна позіркамі генералітэт, які шоргаў тапачкамі па калідоры. — Якая ім весялосць, не рассыпацца б.
— А вы падкажыце, дзе не сумна
— Э-э, самі знойдзеце. Для гэтага розуму не трэба, былі б вочы ды жаданне. Яшчэ потым і мяне запросіце.
Хітрыла цётка Ніна: ужо ёй, да гэтага часу сімпатычнай і гаварлівай, ды якая адпрацавала ў санаторыі паўтара дзясятка гадоў, не ведаць кожны кусцік і кожную дзяўчыну, якая не супраць правесці пад ім вечарок з адпускніком!
— Нічога, нічога, не апошні дзень, — разумеючы, што мы хочам болей, як проста саўдзелу ва ўздыхах, супакоіла яна. Але закінутую намі прынаду не спяшалася выцягваць. — Ачомайцеся спачатку пасля дарогі, а там будзе відаць.
Паслухаліся. Два дні адзначалі адпачынак, не спускаючыся нават у сталовую.
Добра, што ў кампаніі заўсёды знойдзецца той, хто п’е менш за ўсіх. У нас рэаніматарам стаў Алег. Піва халоднае, агурочкі з базару раніцамі, свежая рыбка на абед — тут ён не падводзіў, ставіў нас на ногі ўмомант. Адказны таварыш.
— Гуляеце, маладыя людзі? — калі з зайздрасцю, калі з асуджэннем не праміналі супыняць нас бліжэйшыя «лыжнікі», заўважаючы нашу празмерную эмацыянальнасць.
— Адпачываем, — выструньваліся мы перад старшымі афіцэрамі, але адразу спяшаліся на чарговы тост з чарговай бутэлькі, завочна пасылаючы ахоўнікаў нашай маральнасці на ўсе трыццаць тры літары, уключаючы «ы» і цвёрды знак.
Мы маглі сабе гэта дазволіць, таму што былі першымі афіцэрамі, якія прыехалі ў водпуск з Афганістана. Ён яшчэ толькі-толькі пачынаўся, і мы пакуль не былі ні героямі, ні няшчаснымі: нас акружаў толькі арэол таямнічасці і загадкавасці. Як жа, вярнуліся з невядомай, страшнай здалёку краіны, дзе страляюць і, кажуць, нават забіваюць. Да таго ж з нас ніхто пакуль не заікаўся ні пра якія льготы, ніхто нічога не патрабаваў і ні на што не скардзіўся. А значыць, былі мы для чыноўніцкага люду і навакольных калі і не жаданымі, то, ва ўсякім разе, недаймальнымі.
Адзіныя, хто паклапаціўся па ўласнай ініцыятыве, — гэта медыкі. Узялі і адсеклі ад штабоў і ўпраўленняў, а значыць, вышэйшага начальніцкага складу, частку пуцёвак у санаторыі і рассыпалі веерам перад «афганцамі»: вам неабходна, бярыце.
Не адмовіліся. Жыццё раптам убачылася нам у Афганістане крохкай чашай у нечых няўпэўненых руках. А тут нам, якія прапахлі порахам, потам, кансервамі, гарам, толам, ружэйнай змазкай, саляркай; нам, якія перажылі напачатку пасля ўводу войска паносы, болькі, вошай; нам, якія трызнілі аб жанчынах, раптам, ні з таго ні з якога ніякага! летам! на Чорнае мора! пры «мядзведжым» водпуску ў сорак пяць сутак! бясплатная пуцёўка.
Па ўжо густа загарэлых тварах і спакоі да чыноў, якія пачалі кішэць ужо ў вагоне паўднёвага цягніка, мы, «афганцы», адразу вылічылі адзін аднаго і сталі плячом да пляча каля рэстараннай стойкі. А потым і перад цёткай Нінай. Утрох. Па першых «афганскіх» часінах — цэлы абмежаваны кантынгент.
Вось за гэта і пілі — за сваё вяртанне, за тых сяброў, што засталіся за Гіндукушам. Зрэшты, гэта пілі не мы — гуляла наша бесшабашнасць і маладосць. Назад мы яшчэ не азіраліся, але і зусім не баяліся таго, што чакае наперадзе. До-о-бры час!
— Хлопчыкі, можна да вас? — пастукаліся аднаго разу да нас у дзверы.
— О, цётка Ніна! — Рэаніматар адрэагаваў першым і абняў дзяжурную прама на парозе.
— Ах, хлопчыкі, здаецца мне, што пара б спыніцца, — яна кіўнула на стол з трохдзённым бардаком.
— Панове афіцэры! — Віктар, як самы разухабісты, таму што дэсантнік, расплюхваючы чырвоныя пырскі «Ізабэлы», напоўніў чатыры шклянкі.
— Панове афіцэры, перад намі наш сябар і прыгожая дама, чыё слова для нас з гэтай хвіліны закон. Цётка Ніна, апошні бакал — за вас. Астатняе — у ракавіну. Зарэмба! — загадаў ён мне.
Я ўзяў слоік, выліў віно ў умывальнік, і мы горда ўсталі перад дзяжурнай.
— Не, на калені, — падтрымала тон нечаканая госця і падняла нос угору.
Мы ўкленчылі на дыванку, адставілі локці пад дзевяноста градусаў — узялі вугалок, размясцілі шклянкі на тыльным баку далоней і, стрымліваючы дрыжыкі, панеслі іх да вуснаў. З палёгкай упіліся ў шкло, задралі галовы.
Апарожненыя шклянкі адначасова падкінулі, перакручваючы, угару, пад трывожнае «ой» дзяжурнай злавілі і паставілі каля яе ног.
— Цётка Ніна, для вас, для вас... — Віктар шукаў магчымасць выказаць яшчэ большую сімпатыю, але на вочы нічога не трапляла, а на розум нічога не прыходзіла, і тады ён рыўком зняў з сябе цяльняшку: — Цётка Ніна, вось яны, пяхота з салярай, мазута няшчасная, прасілі яе ў мяне — не даў. Вам — дару.
— Ой.
— Цётка Ніна, — спыніў яе радасць Рэаніматар, выцягнуўшы руку. — Секунду.
Ён нагой расхінуў дзверы шафы, падцягнуў да сябе сумку. Звонка пстрыкнуў замком, пакорпаўся ўнутры і дастаў хрусткі пакет з наборам жаночых трусікаў «тыдзень».
— Цётка Ніна, — да гэтага часу я ўжо высунуў тумбачку і трымаў на выцягнутых руках шыкоўныя па тым часе сонцаахоўныя акуляры з дужкамі-выкрутасамі.
Наша дама па-дзіцячы шморгнула мініяцюрным носікам, залыпала вачыма, імкнучыся спыніць слёзы. Ды што яна — мы самі гатовы былі заплакаць ад замілавання сабой. Ад усведамлення, што вось так, спантанна і проста, абрушылі на чалавека здавальненне. Сапраўды, дарыць больш премна, як атрымліваць падарункі самому.
— Хлопчыкі, — прашаптала ўсхваляваная госця, прытуліла нас да сябе, пачала цалаваць. Затым у вачах яе падбрыкнулі і замерлі, нібы перад стартам, чорцікі: — Не заходзіць, — шмыгнула яна ў ванную.
Гордыя адзін адным, мы пераглянуліся і ўтаропіліся на зачыненыя дзверы. Як звычайна, кожная жанчына прыгожая, патрэбна толькі крыху выпіць, каб зразумець гэта. А поколькі выпіта было значна больш, то і цётка Ніна падалася нам не толькі аднадумцам і сябрам, але і жанчынай, з якой нядрэнна апынуцца побач і правесці вечарок. Не сумняваюся, падобнае ж блукала ў галовах Рэаніматара і Дэсантніка, таму што, калі адчыніліся дзверы, мы замерлі з адкрытымі ртамі.
Цётка Ніна выйшла да нас у адной цяльняшцы. Не ведаю, ці адкрыла яна камплект рэаніматарскага «тыдня», таму што цяльняшка апускалася амаль да кален, але станіка, прынамсі, не было: грудкі вольна калыхаліся пад матэрыяй, прымушаючы хвалявацца бела-блакітныя палосы і нас. Надзеўшы акуляры, цётка Ніна замерла перад намі ў позе манекеншчыцы, карцінна падняўшы руку і адставіўшы ножку.
У яе — акуратную, дужую, загарэлую, і ўтаропіліся мы прагнымі, працверазелымі позіркамі. Кашмар: амаль тыдзень ходзім з дзяжурнай запанібрата, а яна вунь якая...
— Энікі-бэнікі елі варэнікі, — ні з таго ні з сяго ляпнуў Віктар. Напэўна, каб проста ачомацца.
— Я яшчэ магу падабацца? — какетліва страсянула прычоскай госця і на дзве палоскі падняла ўверх цяльняшку.
— О-о, што за здзек з мужчын, якія адседзелі год у Афганістане!
Дэсантнік зыркнуў вакол спапяляючым позіркам, але мы з Рэаніматарам прыкінуліся бесталковымі і не крануліся з месца, галодным нюхам адчуваючы: цётка Ніна сама нікога канкрэтна не выдзеліла, а значыць, шансы ва ўсіх аднолькавыя.
— Цётка Ніна, мы даём вам чатыры гадзіны, — «адкрыў запасны парашут» Віктар. — Роўна праз чатыры гадзіны вы разам з дзвюма сваімі сяброўкамі заходзьце ў рэстаран каля прычала.
...Добра шыкаваць, калі ёсць грошы.
Нарэшце, і то дзякуючы двайному «афганскаму» акладу, займелі лішнія соценныя нават мы, старшыя лейтэнанты.
— Панове афіцэры! — Віктар, агледзеўшы нас, узяў меню. — Сягоння на вечар я прапаноўваю правіла правай рукі.
Ні я, ні Рэаніматар зусім не ведалі, што гэта такое. У памяці ўсплыло нешта з фізікі, нейкае «правіла свярдзёлка», але, тым не меней, дружна кіўнулі. Прыйшоўшы ў рэстаран некалькі хвілін назад, мы імгненна зразумелі, як груба і па-хлапечы пракалоліся. Вакол знаходзілася столькі ўсяго і рознага на любы цвет і густ, што перасыхала ў горле. А тут прывядуць пяцідзесяцігадовых, невядома каго...
— Та-ак, — са шкадаваннем працягнуў Рэаніматар, і мы з Дэсантнікам згодна ўздыхнулі ў адказ.
Але мы памяталі, што на нашых плячах пагоны, мы шчыра ганарыліся і, сцяўшы зубы, старючыся не страляць вачыма па баках, чакалі сваёй долі. Калі цётка Ніна раптам прывядзе чарцей з рагамі, мы рассыплемся перад імі, як перад першымі прыгажунямі ўсяго Чарнаморскага ўзбярэжжа. Прынцыпова.
Але цётка Ніна, — о, што за цуд наша цётка Ніна! — уцерла нам нос, як сляпым кацянятам. Яна з’явілася ў суправаджэнні дзвюх асляпляльна белакурых дзяўчат. Прынамсі, нам так падалося пасля ўяўленняў пра чарцей з рагамі. У першы момант мы нават не ўцямілі, што камусьці з нас дастанецца сама цётка Ніна. Дзе там дэсантная жвавасць?
— Тут, мы тут, прашу, — выпырхнуў з-за століка Дэсантнік і паказаў на месца, дзе каля прыбораў ляжалі купленыя намі ружы.
Цётка Ніна пераможна сксавурыла вочы на сябровак: ну, што я вам абяцала? І села паміж мной і Дэсантнікам.
— Прадстаўляю старшых лейтэнантаў, — узяў ролю тамады, пачаў знаёміць нас непрыстойна радасны Віктар. — Алег, — паказаў ён на Рэаніматара. — Першакласны, між іншым, сапёр. А гэта Аляксей Зарэмба, наша разведка на паўднёвых рубяжах Айчыны. І я, Віктар, — Паветрана-дэсантныя войскі, якія ўвогуле не маюць патрэбы ні ў якіх прадстаўленнях.
— Оля, Лена, — прадставіла сябровак цётка Ніна.
Вось тут якраз Дэсантнік, усаджваючы з другога боку ад сябе Олю і тым самым пакідаючы мне цётку Ніну, і паўтарыў: — Панове-таварышы, сягоння на вечар я прапаноўваю правіла правай рукі.
— А як гэта? — нахілілася да яго Оля.
Іх валасы перапляліся, і асабіста для мяне стала канчаткова зразумела: з Оляй я ў поўным пралёце. З таемнай надзеяй перакінуў позірк на другі край стала, але і там Рэаніматар дапамагаў Лене вешаць на спінку крэсла сумачку. Значыць, крыж няўдачніка ўсё ж выпаў на мае плечы. Эх, цётка Ніна, цётка Ніна. Ужо лепей бы ты прывяла з сабой да сябе падобных, каб не зіхацелі меднымі кацялкамі морды таварышаў.
— Усё элементарна, Волечка, — гусарыў Дэсантнік. Вядома, пры такіх ножках побач са сваімі і я б гарцаваў як буланы. — Правіла правай рукі — гэта калі накрываеш даланёю цэны і бярэш тое, што падабаецца. А левай — наадварот, больш сціпла, адпаведна цэнам.
— Цудоўна, — запляскала ў далоні Лена. — Я таксама за правую руку.
Мне ж трэба было выбіраць, як паводзіць сябе. Ці пастаянна нагадваць усім, а асабліва дзяжурнай, хто тут самы няшчасны і па чыёй міласці, ці, наадварот, — выкруціцца, але даказаць адваротнае.
Каля сцэны грымнулі ўдарнікі, і перш як мае кампаньёны перасмыкнуліся, я падняўся і ўзяў цетку Ніну за руку:
— Мы танцуем. Паклічаце нас, калі накрыеце столік.
— Нас таксама, — падхапіўся Рэаніматар. — Заказ зробіць гэты малады чалавек, — паказаў ён на Віктара афіцыянту, які падышоў да іх. — Ён у нас сягоння праўшой працуе, — падтакнуў я.
Дэсантнік на гэты раз надта доўга цяміў, накалолі мы яго ці ўсё ідзе як мае быць. А мы тым часам далучыліся да цеснага натоўпу танцуючых.
— А я думала, што ў вас верхаводзіць Віктар, — усміхнулася цётка Ніна. — Малайцы.
— Няхай верціцца, — я наблізіўся да яе, балазе, гэта было натуральна ў такой цясноце. Дакрануўся ла таліі: — Сягонняшні вечар — для цябе, Ніна.
Я зламаў і выкінуў розніцу ва ўзросце. Я вырашыў: узніму свой крыж на такую вышыню, дзе ён заззяе і аслепіць астатніх. Усміхайся, Ніначка, у цябе падчас усмешкі адкрываюцца адразу ўсе зубы — таму ты асляпляльная. У цябе стройная фігура і, я адчуваю, вельмі рухавае цела. Ногі, вядома, не такія, як у сябровак, але прыгожыя ногі цікавыя толькі здаля, зблізку яны ролі не іграюць. Танчым!
Да нас прабіліся Алег і Лена — таксама задаволеныя і з усмешкамі.
— А цётка Ніна нічога, — ці то каб падтрымаць мяне, ці то папрасіць прабачэння за рабаванне пад самым носам, а хутчэй за ўсё, цалкам шчыра прашаптаў мне Рэаніматар.
«Ну, дык давай памяняемся», — сам сабе падумаў я. Але ўслых сказаў адваротнае:
— Ніначка — цуд.
Алег здзіўлена ўскінуў бровы: хуткі ты. Музыканты тым часам перайшлі на павольны танец, і я расхінуў абдымкі, прымаючы Ніну. Яна прытулілася адразу ўсім целам, і я адчуў яе грудзі, жывот, ногі.
— Алег сказаў, што ты прыгожая, — прашаптаў я, адшукваючы губамі вушка, схаванае ў завітках.
— А што скажаш ты? — Ніна прыўзняла галаву з майго пляча.
— Ні-чо-га, — працягнуў я.
— Ча-му? — перадражніла яна.
— Не хачу, каб ты заганарылася ад сваёй велічы і задрала нос угору.
Ніна выпрабавальна зірнула на мяне і, паверыўшы, што я не жартую, шчасліва ўсміхнулася. Зноўку прытулілася да грудзей.
— Эй, не засніце, — данёсся зусім побач голас Рэаніматара. — Віктар кліча.
— Вось так, Ніначка, і разбураюць шчасце: хтосьці кудысьці кліча, чамусьці трэба ісці, — уздыхнуў я.
— А давай не пойдзем, — прыжмурыла яна вочкі.
— Мы не пойдзем, — рэхам паведаміў я парачцы, якая кружыла вакол нас.
І тут я злавіў Ленін позірк. Магу паклясціся, што ў ім прамільгнула зайздрасць. Яна выдатна ведала, што больш сімпатычная, а галоўнае, маладзейшая за сяброўку, і дзесьці ў глыбіні душы, відаць, падрыхтавалася апынуцца ў цэнтры ўвагі. Але аказалася, што такога шыку, той безагляднай закаханасці, якія дасталіся з першай хвіліны цётцы Ніне, нестае якраз ёй самой.
Хоць пачатак вечара, ясная справа — гэта глупства. Важны фінал. Тым болей Лена і сапраўды лепшая і прыгажэйшая за ўсіх, як ні круці, не адварочвайся і не заплюшчвай вачэй. Нават Дэсантнік тут прагадаў. Мяняю і я Ніну і Олю на адну Лену.
— Добра, пойдзем, не тое яшчэ перцу падсыпяць у бакалы, — нібы адчула мой стан Ніна і першая накіравалася да століка.
Не дай бог камусьці яшчэ трапляць у становішча, у якім апынуўся ў той вечар я. Проста загадаць сабе паводзіць так, а не іначай, — гэта яшчэ не ўсё. Далёка не ўсё. Я то шарахаўся ў сваім настроі да замілавання ад сваёй дамы, то проста ненавідзеў яе за падлянку, якую яна арганізавала.
Даставалася ў рэпліках, жэстах і хлопцам. Ды, відаць, гэтак шчыра, што яны некалькі разоў кідалі на мяне трывожныя і ўмольныя позіркі: «Не губі вечар, потым разбяромся».
Навошта, навошта Ніна прывяла такіх прыгожых дзяўчат! А Лена проста цуд — пругкая, ядраная, кроў з малаком. І зусім ужо тужліва зрабілася, калі, разлічыўшыся, — рэшты не трэба! — мы апынуліся на вуліцы. Ключ ад нумара мы не здавалі, і Рэаніматар узняў яго за металічную балванку:
— Хто прыйдзе першы?
Дамы пераглянуліся: гэта, безумоўна, залежыла ад іх. І тут Ніна зноў хітнула маятнік майго настрою на сваю карысць:
— Разбірайцеся вы, — адкрыта забрала яна мяне на ноч.
На гэты раз пачуццё нейкай зайздрасці мільганула ўжо на тварах Дэсантніка і Рэаніматара: іх сяброўкі неяк няпэўна паціснулі плячыма.
— Наша шампанскае з намі? — праверыла сумачку Ніна і ўзяла мяне пад руку. — Усім да сустрэчы...
Няма летам начэй на Чорным моры. Вуліцы, пляжы, скверыкі курортных гарадоў не ведаюць спакою нават пад зоркамі. Такое ўражанне, быццам добрая палова адпачываючых прыляцела з Далёкага Усходу і не жадае прызнаваць розніцу ў часе. Гэта ўражанне падмацоўвалася і тым, што не існавала розніцы і ва ўзросце сярод гуляючых: свяціліся не толькі белыя кашулі і блузкі маладых, але і сівыя галовы старых. А ноч ціхая, а зоркі буйныя, а прыбой лянівы. І добрыя ўсе жанчыны навокал, а лепшая за ўсіх — тая, якая крочыць побач, да якой можна дакрануцца — нічога-нічога, гэта я проста так — і якая ў адказ усміхнецца, паднырне пад руку. І акажацца, што менавіта ад гэтай жаночай даверлівасці мужыкі загараюцца больш за ўсё. Ды яшчэ калі побач няма канкурэнтных ног. Калі ў меру выпіта, калі не толькі ты кажаш мілае глупства, а табе самому пастаянна нагадваюць: як добра, што побач ты, такі дужы і ўважлівы...
— Пайшлі туды, дзе нікога няма, — прапанаваў я. — Калі, вядома, можна адшукаць тут такое месцейка.
Здаецца, мы туды і крочылі. Ніна толькі прыціснулася шчыльней і трохі паскорыла крок.
Народу траплялася ўсё меней, і я азірнуўся на горад, які ўсімі ліхтарамі пазіраў нам услед.
— Баішся? — падахвоціла Ніна. Зняла туфлі, пайшла па пенным беразе мора, якое цяжка варочалася ў сне.
«Афганцу» баяцца ў сваёй краіне? Крыўдзіш, начальнік.
— Адзінае, чаго я магу баяцца, — гэта холаду. А мы, здаецца, ідзём на паўднёвы ўсход.
— Мы ідзём на жаночы пляж.
Усё-такі гэта камень аказаўся вінаватым у тым, што я спатыкнуўся, а не паведамленне Ніны. Яна вярнулася да мяне, я ж у гэты момант вытрэсваў пясок з чаравіка, дачакалася, калі абдыму яе: жанчына ў абдымках адразу становіцца безабароннай, і Ніна таксама панікла, уціхамірылася.
— Ты сказаў, што сягоння мой вечар, а я хачу пакупацца. З табой. І выпіць шампанскага на беразе. Мне здаецца, што такога са мной ужо ніколі ў жыцці больш не здарыцца, і таму... — яна замаўчала, не дагаварыўшы.
— А...жанчын там многа? — паспяшаўся я перавесці размову: да ўсяго сягонняшняга мне яшчэ не хапала слёз, споведзей і істэрык.
— Я адна. А што, табе мала?
— Цябе дастаткова, — схітрыў крыху я. — Хадзем.
— Лічы, што ўжо прыйшлі.
Вузкая палоска пяску і галькі паміж морам і абрывам — гэта і ёсць жаночы пляж? Размоў пра яго чуў столькі, што міжволі чакаў убачыць штосьці незвычайнае. А тут з экзотыкі — толькі месячная дарожка на супакоеным моры.
— Абдымі мяне.
Я ахвотна падпарадкаваўся.
— Табе сягоння было крыху нязручна са мной, — раптам прамовіла Ніна тое, аб чым я думаў увесь вечар. І тут жа прыкрыла мне далонню рот, калі я, натуральна, паспрабаваў абурыцца. — Я ж усё бачыла і адчувала, не маленькая. Але, тым не меней, ты ўсё роўна падарыў мне цудоўны вечар. Дзякуй табе. Я, безумоўна, магла прыйсці з такімі сяброўкамі, на чыім фоне глядзелася б дзесяцікласніцай, але... пашкадавала вас. А вось сабе не магла адмовіць. Не змагла, даруй. Я вельмі хацела пабыць у кампаніі.
— Перастань, Ніна. Мне шчыра, на самай справе, добра з табой.
— Праўда? Ты ведаеш, а я адчувала часам гэта. А праз два дні я паеду, і ты, у адрозненне ад сваіх сяброў, станеш вольным. А хочаш, — перапыніла яна маю чарговую спробу запярэчыць, — хочаш, яшчэ штосьці скажу?
— Скажы.
— Твае сябрукі, у адрозненне ад цябе, сягоння будуць начаваць у санаторыі, у сваіх пасцелях.
— Та-ак? — я паглядзеў на Ніну, якая хітра ўсміхнулася, яшчэ не ведаючы, як рэагаваць на навіну.
— Так. Абедзве яны жывуць з бацькамі і дочкамі. Вось так ім, — не злосна, але ўсё роўна помсліва закончыла яна.
У душы варухнулася крыўда за хлопцаў, якіх так хітра падставілі, але потым узгадалася, як яны расхоплівалі гэтыя ногі, якія растуць прама з шыі.
Напэўна, Ніна гэта таксама прадбачыла, выбіраючы сябровак без асобных квартэр. Ох, жанчыны.
— Добра, давай скончым гэтыя размовы і лепей проста вып’ем.
— Давай.
Адкаркаваць бутэльку не паспелі: данесліся галасы, і мы прыселі за кустамі каля абрыву. Вось табе і бязлюднае месца. Не, начам на поўдні рашуча нельга давяраць.
На фоне мора, якое блішчэла чарнатой, пачалі прарысоўвацца фігуры, і я з задавальненнем згледзеў фуражкі на галовах — свае, афіцэры. Яны ажыўлена размаўлялі ўсе разам і літаральна насупраць нас раптам спыніліся, быццам месячная дарожка праходзіла толькі па гэтым месцы. Бліснула шкло, бульканне з горлейка перабіла лянівы шолах хвалі.
— За мора, якое мы ахоўваем, — падняўшы шклянкі, афіцэры проста ў форме пакрочылі ў ваду. Зайшоўшы ў яе да пояса, выпілі, закінулі бутэльку ў месячны бляск і морам, уздоўж берага пакіравалі далей.
— Сягоння ж Дзень пагранічніка, — успомніў я дату.
— І ўсё-такі ў афіцэраў ёсць штосьці такое, — задумліва пстрыкнула пальцамі Ніна, і я ў думках падзякаваў пагранічнікам за іх выхадку, якая міжволі ўзвысіла і мяне ў вачах дамы. — Дакладней, засталося ад старых, вядомых нам толькі па кнігах мінулых часоў. Калі шчыра, я і ў наш санаторый уладкавалася ад жадання ну... як бы табе растлумачыць, быць бліжэй, ці што, менавіта да вас, ваенных.
— А да гэтага дзе працавала?
— У музеі. Вадзіла экскурсіі.
— Напэўна, мужчыны разглядвалі не экспанаты, а цябе. Прынамсі, я б рабіў менавіта гэтак.
— Была справа, — пагадзілася Ніна з далёкай усмешкай, якая прыйшла з даўняга мінулага.
— Рэдкі вечар абыходзіўся без званкоў. «Алё, вы мяне памятаеце? Я быў у вас на экскурсіі, у белай кашулі». А ў мяне экскурсанты ўсе на адзін твар і на адну кашулю, запамінаюцца толькі тыя, хто задае шмат пытанняў.
«Алё, — працягвала Ніна голасам чарговага паклонніка, — вы ведаеце, тут у мяне выпадкова два білеты аказаліся ў тэатр». — «І што, вы абодва аддаеце мне?» — «Не, адзін вам, а другі — мне». Па першым часе бегала як дурненькая, думала: можа, знайду лёс. Потым надакучыла, пачала выбіраць ужо тэатры, а потым ужо спектаклі, а там — месцы... Зразумела: звоняць чамусьці толькі тыя, у каго ўсё ёсць: і сям’я, і дзеці, і машына, і дача, і кар’ера. А вось хочацца ім яшчэ чагосьці звыш таго, каб захлынацца... Брыдка. Потым пачаў садзіцца голас, і я з задавальненнем перайшла да вас.
Пагранічнікі адышлі ўжо далёка, і мы вылезлі з укрыцця.
— Мы так і не выпілі, — заўважыла Ніна.
— Без праблем, — расхістаў пробку, яна з воплескам выстраліла ў цемру, і Ніна са смехам падставіла далоні пад пену, якая выпірала з горлейка.
— А цяпер я хачу пакупацца, — капрызна-загадна сказала яна, выпіўшы дзве далонькі віна. — Толькі ў мяне з сабой, вядома, няма купальніка. Але пляж жаночы, таму ці крыху адыдзі, ці адвярніся.
Вядома, лепей адысці на некалькі крокаў, таму што вочы прызвычаіліся да ночы і цемра гусціцца, хаваючы абрысы берагоў, толькі далёка.
Ніна расшпіліла блузку, нядбайна кінула яе на камяні. Ярка, да рэзі ў вачах забялеў станік, але звонка пстрыкнула засцежка, і ён, узмахнуўшы ў паветры крыламі, таксама апусціўся на зямлю. Ніна стаяла да мяне спінай і, калі зрабіла крок з апушчанай на пясок спадніцы, я не адразу зразумеў, што разам з ёю яна зняла і трусікі. Дыханне перахапіла, але, злавіўшы мой рух да яе, Ніна імкліва пакрочыла да мора, урэзалася ў яго спакойную гладзь і радасна запішчала.
— Ідзі сюды, гэта ж чароўна.
Уявіўшы сябе ў халоднай вадзе, я скалануўся. Але пад нагамі, нібы падстрэлены, бялеў падгорнутымі крыламі станік, у месячнай дарожцы цешылася голая жанчына, і я дрыготкімі пальцамі расшпіліў кашулю.
Вада абпаліла, упілася ў цела мільёнамі іголак. У самы час было выскачыць назад на бераг, але падплыла Ніна і ўзмахнула рукамі, намерваючыся абдаць мяне пырскамі. Адкрыліся белыя грудкі, якія падскочылі разам з рукамі, і, каб хутчэй перапыніць жахлівы холад, я кінуўся да іх. Не дастаў, далоні толькі слізганулі па целе. Але ўсё роўна, з галавой знікаючы пад вадой, паспеў дакрануцца да мяккага жывата і бядра. Пры такіх умовах я гатовы быў акунацца і ў ледзяную палонку.
Таропка вынырнуў, імкнучыся авалодаць тым, што мне нібыта належыла. Але Ніна, адпіхнуўшыся, паплыла ў марскую цемру. Некалькі грабкоў хапіла, каб дагнаць яе, закружыцца вакол, з асалодай адзначаючы кожны дотык да жаночага цела.
— Паспрабуй проста паляжаць і паглядзець у неба, — прапанавала яна і павярнулася на спіну.
У цёмнай вадзе праглядваліся белыя, незагарэлыя палосы на целе, але, каб не мучыць сябе, я павярнуўся ўслед за ёй. І, дзіўная справа, на момант супакоіўся: якія гарманічныя раптам аказваюцца прыгажосць жанчыны і прыгажосць прыроды! Наколькі яны адзіныя і роднасныя! Які ідыёт прыдумаў, што жанчына створана з рабра Адама?
І пры гэтым усё роўна — якія могуць быць зоркі, якое неба, калі побач, толькі працягні руку, ляжыць, гайдаецца жанчына. На прыроду яшчэ можна заплюшчыць вочы, на жанчыну — няма такіх сіл. Хоць нейкі паэт і казаў: хто хоча ўсё і адразу, той бедны тым, што не ўмее чакаць...
Ніна зноў адчула мой рух да яе і зноў мудра спыніла ціхім голасам:
— Я вельмі люблю ваду. Халодную нават болей, у ёй нібы нанова нараджаешся.
— Тады будзеш грэць мяне.
— Ну вось, дажыла — ужо грэй мужчын. А тапіцца, выпадкова, не збіраешся?
— Толькі ў тваіх абдымках.
Пажартаваў і адразу пашкадаваў аб сказаным: як груба гучыць зараз усё, што ненатуральна. Адзінае, што можа быць сумленным зараз, — гэта плыць назад да берага. Жанчына ўсё ж зроблена з мужчынскага рабра — не можам мы без іх.
— Паплылі назад?
Прапусціўшы Ніну крыху наперад — джэнтльмен, каб яго чорт узяў, нават у вадзе, паплыў услед, імкнучыся не ўсплёскваць і выглядзець у Ніны хоць штосьці ў вадзе. Намацаўшы дно, абое спыніліся. Паветра было нашмат халоднейшым за ваду, але Ніна, хутчэй за ўсё, замерла таму, што выбірала, як ёй быць далей.
Беручы на сябе ініцыятыву — а проста не маючы болей сіл стрымлівацца, плюнуў на паэта з яго парадамі чакаць, павольна падышоў ззаду, абняў. Намацаўшы мяккія бугаркі, сціснуў іх. Пацалаваўшы праз мокрыя валасы шыю, лёгка падняў дзяжурную на рукі і панёс на бераг. Вада, сцякаючы з Ніны, паступова адкрывала яе ўсю, і невялічкае азерца засталося толькі між жыватом і нагамі, схаваўшы ў сваёй малой глыбіні чорны трохвугольнічак...
Потым, у Афганістане, гэта снілася і ўяўлялася мне тысячу разоў: я нясу Ніну і азярцо. І штосьці надламілася ўва мне. Баючыся прызнацца самому сабе, раптам заўважыў: пасля водпуску я перастаў ваяваць за паўднёвыя рубяжы нашай Радзімы. Не, я нікога замест сябе не падставіў пад кулі, нікому не здрадзіў, тут афіцэрскі гонар і сумленне чыстыя. Я проста пачаў змагацца толькі за сябе, за сваё вяртанне. «За свой кажух, — як жартавалі з гэтай прычыны ў Афгане».
А вось вакол служылі сябры-лейтэнанты, у кожным баі якія лезлі ў першую шарэнгу і гатовыя загінуць, асабліва не засмуціўшыся. І я параўноўваў іх з тымі пагранічнікамі, якія дзеля прэстыжу службы пайшлі ў мора. Так-так, асноўная маса тых, хто ваяваў, нават не ведала, што магла страціць разам з жыццём.
А я ўжо ведаў. Я глынуў той вільгаці, якая ап’яняе і дурманіць. Я ведаў, куды і да чаго можна вярнуцца. Я ўжо не хацеў губляць нават памяць пра той вечар з Нінай — о, якое шчасце адшукваць і саграваць дрыготкую жанчыну ў спехам накінутым адзенні!
І я стаў асцярожным, як ліс, і бязлітасным, як барс, да тых, хто мог бы і хацеў забіць мяне. І мой ордэн Чырвонай Зоркі — менавіта за выжыванне, а не за асаблівую храбрасць на той вайне.
І я выжыў.
Але раптам аказалася, што ў душы пасялілася не толькі таемная радасць ад гэтага. Запіхваючыся ў ваенна-транспартны самалёт, які вывозіў нашу змену ў Саюз, гледзячы ў ілюмінатар на тых, хто праводзіў, і не знаходзячы сярод іх нікога, хто б прыйшоў праводзіць мяне, я адчуў і паскудства да самога сябе. І прызнаўся нарэшце ў даўно зразуметым:усё-такі я здраджваў тым лейтэнантам і капітанам, якія ў баі думалі пра бой, а не пра ўласную скуру. І таму правільна зрабілі, што не прыйшлі да самалёта. На вайне цяжка штосьці схаваць, яшчэ складаней прытварыцца. І калі мяне збераглі для гэтага жыцця месячная дарожка на жаночым пляжы і Ніна, то менавіта яны ж і прымусілі ставіцца з пагардай да сябе.
— Вяртайся, — шаптала як заклінанне Ніна ў той вечар у сябе ў квартэры. — Вяртайся і знайдзі мяне.
— Цяпер вярнуся, — упэўнена адказваў я, тады яшчэ не ведаючы, што потым, кожны раз успамінаючы афганскую вайну, буду ненавідзець сябе. Хоць ні ў чым не вінаваты.
Я вярнуўся, але да Ніны не паехаў. І ад пуцёвак у той санаторый кожны раз катэгарычна адмаўляўся.
Але немагчыма падмануць лёс і схавацца ад мінулага.
Аднойчы на прызыўным пункце ў Пяцігорску я нос да носу сутыкнуўся з Рэаніматарам. Як і я, ён прыехаў па маладых салдат, і хоць на яго грудзях віселі дзве калодачкі ордэна Чырвонай Зоркі, на зацёртых пагонах завэдзганага кіцеля замест трэцяй зорачкі былі відаць дзіркі.
— Разжалаваны ў доблесныя лейтэнанты, — патлумачыў Алег, зразумеўшы маё здзіўленне. — Не ў час выпіў.
Ён і да таго часу быў ужо пад градусам, але калі паведаміў, што Віцька Дэсантнік згарэў у бронетранспарцёры, падарваўшыся на фугасе, мы ўсе роўна залезлі ў нейкае кафэ на гарушцы. Я мітусіўся, заказваў столік, міжволі адцягваючы момант успамінаў, а Алег — п’яны, разжалаваны, недагледжаны, — сядзеў горда і... сумленна. А пасля трэцяга тоста, прамоўленага за Дэсантніка, раптам нешта ўспомніў:
— Пачакай, але я, здаецца, павінен кудысьці ісці.
— Куды? — я памятаў яго абавязковасць, але зараз і яна была нібы ў піку майму стану. Ды і куды яму ў такім брыдкім выглядзе! — Сядзі ўжо.
— Не. Я павінен кудысьці ісці. Не памятаю куды, але трэба.
Ён з цяжкасцю падняўся, абняў фуражку і, перш чым я паспеў яго ўхапіць, пераступіў цераз поручні веранды, закуляўся ўніз. Каля падножжа горкі ўстаў, доўга абтрасаўся, потым яшчэ даўжэй уладкоўваў на галаве фуражку і глядзеў па баках, выбіраючы кірунак. Падняць галаву ўгору не хапіла сіл, а я чамусьці не крыкнуў, не нагадаў пра сябе. Толькі глядзеў яму ўслед, пакуль Рэаніматар не знік за кустоўем.
Цікава, а дастанься ў той вечар Ніна яму ці Дэсантніку, ці змянілася б нешта ў гэтым свеце, у сягонняшнім раскладзе лёсаў? Вядома, мора, пляж, кватэра да раніцы былі б і ў іх, але ці стала б іншым іх жыццё? Ці ўсё ж не абмінуць той дарогі, што вызначана на раду?
— Вам яшчэ што-небудзь, таварыш капітан? — пацікавілася афіцыянтка.
Я быў адзіным наведвальнікам, і яна, напэўна, магла дазволіць сабе праявіць дадатковую ўвагу.
— Прабачце, а... у вас тут ёсць жаночы пляж?
Дзяўчына ўспыхнула, адносячы маё жаданне на свой рахунак, і давялося прасіць прабачэння:
— Не-не, гэта мне проста згадалася.
— Але ў нас нават няма мора, адкуль узяцца пляжу? — асцярожна ўсміхнулася афіцыянтка. Будзь я п’яным, пытанню б, напэўна, не здзівілася. Але ўсё ж правільна, назад пласцінка не іграецца.
— Тады бакал шампанскага.
Я выпіў за Ніну, за нас трох, яшчэ жывых, якія не спіліся і нікому не здрадзілі. За свой кавалачак жыцця, які неспадзявана стаў такім цудоўным і праклятым...