Козы і Шэкспір
Я яшчэ памятаю тыя часы, калі ў Чэгеме куры не ведалі куратнікаў і на ноч узляталі на дрэвы. Выбар дрэва, хутчэй за ўсё, вызначаў галоўны певень, які стаяў на ўзлётнай паласе, пакуль усе куры не ўзляцяць. Вядома ж, куры адной гаспадаркі заўсёды ўзляталі на адно дрэва. З чаго ніяк не вынікала, што яны несліся седзячы на галінках.
Я аб гэтым кажу, бо чуткі, нібыта чэгемскія куры нясуцца, седзячы на галінках, а чэгемскія жанчыны цярпліва стаяць пад дрэвамі, расцягнуўшы прасціны, каб мякка спаймаць знесенныя яйкі, распаўсюджваліся ворагамі Чэгема, якіх я стаміўся называць.
Не, курыныя гнёзды ўжо прыдумалі, хоць куры часцей аддавалі перавагу кустам паблізу дому і несліся там, напэўна, заўважыўшы, што людзі часцей выкарыстоўваюць яйкі не для працягу курынага роду, а для працягу роду ўласнага. Курам такое было не даспадобы.
Так што гаспадыня дома па вечарах разграбала навакольныя кусты і збірала яйкі ў прыпол, нібыта белыя грыбы. Хоць грыбы ў нас наогул не збіраюць. Ды і навошта збіраць іх там, дзе можна збіраць яйкі? Любоў да грыбочкаў — наступства хранічнай бяскорміцы многіх народаў.
...У дванаццаць год я пасвіў коз і чытаў Шэкспіра. Напачатку гэта было нядрэнна. Я ахопліваў рэчаіснасць з абодвух бакоў.
Да коз мяне прыставілі невыпадкова. Мае родзічы, якіх з немалым перабольшваннем палохала, што я пакутую ад гультайства, выдалі пад мой нагляд коз.
Але выпадкова ў доме маёй стрыечнай сястры, якая вучылася ў горадзе, я знайшоў велічэзны том Шэкспіра. Цэлае лета я яго чытаў і перачытваў. Лета таксама было велічэзным, як том Шэкспіра.
— Кніга больш за яго важыць! — насмешліва казалі чэгемцы, калі бачылі мяне з гэтым томам.
З чаго не вынікала, што яны наогул былі супраць кнігі, а толькі тое, што, па іх меркаванні, трэба ўсё ж такі неяк суадносіць вагу кнігі з уласнай вагой. Звыклыя мець справу з паклажамі на ўючных жывёлах, яны чуйна заўважалі ўсялякае парушэнне раўнавагі.
— Пакуль будзеш да пашы спускацца, — прыпыніўшы мяне, прыязна павучалі некаторыя, — можна вяроўкай кнігу да спіны прывязаць. Яна будзе адцягваць цябе назад. Бо інакш бразнешся носам на крутой сцежцы і ўніз пакоцішся. З кнігай нічога не здарыцца, я за яе не баюся. На ёй вунь якая скура. А ты пакалечышся і тым самым нас зганьбіш. Скажуць, недагледзелі!
— Хто скажа? — па нявопытнасці пытаўся я першы час, праяўляючы, з чэгемскага пункту гледжання, бестактоўнасць, якую нельга звярнуць на звычайнае разявацтва.
— Не прыкідвайся, што ты не ведаеш ворагаў Чэгема! Не такі ты ўжо і маленькі! — папракалі мяне.
Зрэдку знаходзіліся і нечаканыя аматары кніг.
Адзін з іх, памацаўшы том Шэкспіра, папярэдзіў:
— Бачыў, бачыў, як ты шнырыш па дрэвах, пакінуўшы сваю кнігу без дагляду. Нядобра гэта. Козы яе, вядома ж, не перагрызуць, але абгадзіць могуць. А буйваліца дык і перагрызе.
Мае тагачасныя хударлявасць і маларосласць, пэўна ж, спрыялі трывозе чэгемцаў, што кніга аднойчы канчаткова пераважыць мяне і зваліць са сцежкі. Але я на іх ні кропелькі не крыўдзіўся. Хоць у тыя часы і не марыў аб пісьменіцкай будучыні, але чамусьці ведаў, што ўсе яны мне калі-небудзь спатрэбяцца.
Зрэшты, я ўжо тады глыбока задумваўся над паходжаннем слоў. Менавіта ў той час я адкрыў паходжанне (ненавіджу двукоссі!) слова — айва.
...У старажытнасці руская жанчына і каўказскі мужчына гулялі ў нашых дрымучых лясах. Раптам яны ўбачылі незнаёмае дрэва, якое ўсеяна было незнаёмай буйной садавіной.
— Ай! — усклікнула руская жанчына.
— Ва! — здзівіўся ўсходні мужчына.
Так невядомая садавіна атрымала назву — айва. Што занесла рускую жанчыну ў нашы дрымучыя лясы, з’елі яны тады айву ў біблейскім сэнсе альбо не, мяне ў тыя часы не цікавіла.
Я чытаў Шэкспіра. Сэр Джон Фальстаф, баранет, і каралеўскія блазны надоўга і нават назаўсёды зрабіліся маімі любімымі героямі.
Адзін блазан сказаў прыдворнаму, які ўзнагародзіў яго манетай:
— Спадар, не будзе двудушнасцю, калі вы падвоіце сваю велікадушнасць!
Мне гэтая фраза здавалая мяжой дасціпнасці, якая можа быць даступная чалавеку. Я непакоіўся толькі пра адно: ці дойдзе да маіх школьных сяброў у горадзе гэты жарт без усялякіх тлумачэнняў. Я ўжо ведаў, што тлумачэнні зніжаюць узровень гумару.
Я рагатаў над жартамі блазнаў і, узняўшы галаву, смяяўся над хітрыкамі коз. Калі я з томам Шэкспіра ў руках гнаў іх на пашу і ўладкоўваўся дзе-небудзь пад кустом, яны час ад часу паглядвалі на мяне, спрабуючы ўгадаць, ці дастаткова я зачытаўся, каб рушыць на недалёкае кукурузнае поле. Ніякая агароджа іх не ўтрымлівала.
Часам я ім вельмі гучна, магчыма, спрабуючы пераадолець іх нявопытнасць у зносінах з Шэкспірам, зачытваў найбольш смешныя маналогі Фальстафа. Сілай голасу я спрабаваў заразіць іх сваім захапленнем.
Паша была пад узгоркам, на вяршыні якога знаходзілася тытунёвая адрына, дзе працавалі жанчыны. Мой голас даходзіў да іх.
— Ша! — ускідвалася якая-небудзь з жанчын, — Гэта, здаецца, крычыць Той, Каго Пераважвае Кніга!
Часам самая цікаўная не вытрымлівала, і, не паленаваўшыся выйсці з адрыны, крычала мне ўніз:
— Гэй, з кім гэта ты там перакрыкваешся і рагочаш?!
— З козамі! — крычаў я ў адказ, каб пацешыць жанчын, бо нішто так не натхняе людзей, як праяўленне кімсьці прыкмет бяспечнай прыдуркаватасці. Як мне потым перадавалі, мой адказ нязменна прыводзіў жанчын да доўгіх, апетытных размоў пра дзівацтвы майго звар’яцелага дзядзечкі.
Найтанчэйшая далікатнасць чэгемак заключалася ў тым, што, акуратна перабіраючы дзівацтвы майго дзядзечкі-вар’ята, яны ніколі не пераходзілі на мяне. Праўда, казалі, што ў гэтых апісаннях часам прарывалася недарэчная, неактуальная гарачнасць, бо дзівацтвы майго дзядзечкі былі ўласцівы яму ад нараджэння да сталага ўзросту, у якім ён тады і знаходзіўся.
З усяго вышэйпералічанага ніяк не вынікае, што пазней у жыцці майго дзядзечкі надышла ціхая, прасветленая старасць. На жаль, гэтага не адбылося. Аднак імкненне да дакладнасці занадта мяне пераследуе, быццам я, спрабуючы бегчы ад свайго дзядечкі, набліжаюся да яго з процілеглага боку зямнога шара.
Дык вось, я чытаў маім козам маналогі Фальстафа. Многія козы ўздымалі галовы і слухалі. Часам нават фыркалі, як мне здавалася, у самых смешных месцах, хоць нельга выключаць таго, што фыркалі яны зыходзячы з уласных казіных патрэб. Як бачыце, працягваю сачыць за дакладнасцю таго, што адбывалася.
Але ж, зразумела, куды часцей, забываючы пра ўсё на свеце, я зачытваўся сам, а козы ў гэты час пераскоквалі праз агароджу і паядалі кукурузныя сцёблы разам з лісцем і зялёнымі стручкамі фасолі. У Чэгеме фасоль часта садзяць каля кукурузы, і яна аплятае яе сцябло. У Чэгеме садзяць столькі фасолі, што ніякіх падпорак не назапасіш.
Спахапіўшыся, я, бывала, бягу да коз, грозна прамаўляючы магічнае слова, каб спыніць патраву.
— Іё! Іё! — крычу я, што на мове коз азначае: прэч! Назад!
Кожны раз, пачуўшы мой голас, козы не толькі не прыпынялі свае злачынныя дзеянні, але, карыстаючыся апошнімі імгненнямі, пачыналі куды хутчэй, нават з адценнем раздражнённасці, раздзіраць кукурузныя сцёблы і прымаліся яшчэ больш актыўна іх спажываць. Напэўна, найпершы пробліск свядомасці: калі адганяюць ад жратвы, хутчэй жары!
Мала таго. Некаторыя з коз, трымаючы ў зубах недагрызеныя сцёблы, зашапацеўшы лісцем, перакідваліся праз агароджу на пашу і ужо там спакойна іх даядалі, быццам уся справа была ў тэрыторыі. Іншыя, аблытаныя плецямі фасолі, пераскочыўшы праз агароджу, пачыналі самі сябе грэбліва аб’ядаць, нібыта толькі дзеля таго, каб вызваліцца з паразітычных гэтых путаў.
Брыгадзір аднекуль з далёкага поля, пачуўшы мой голас і зразумеўшы, у чым тут справа, дасылаў гучныя праклёны, не губляючы пры гэтым у крыку звілістага сюжэту праклёнаў, што мяне больш за ўсё ўражвала.
— Зноўку патрава?! — грымеў ён. — Каб ты нарэшце падламаўся пад сваёй кнігай! І каб я на вогнішчы з тваёй кнігі падсмажыў самую прагную тваю казу і, клянуся прахам бацькі, агню хопіць на гэтую казу! І каб я, з’еўшы казу, якую падсмажыў на агні з тваёй кнігі, паспеў прыкурыць ад попелу тваёй кнігі, што не дагарэў яшчэ да канца! І паспею, клянуся прахам бацькі, паспею!
Я з жахам думаў, што ён на самай справе паспее, і, адагнаўшы коз, вяртаўся да тома Шэкспіра, які і не падазраваў, якая небяспека над ім навісла.
Разам з козамі пасвіліся тры авечкі. Яны скублі траву, ні на імгненне не ўздымаючы галавы, нібыта пакляўшыся страшэннай клятвай: аніводнай травінкі ў рот, перш чым унюхацца ў яе! Паколькі пасвіліся авечкі не ўздымаючы галоў, яны часам натыкаліся на коз, і тыя іх адганялі ўдарам рагоў. Дарэчы, козы рабілі так і тады, калі авечкі не натыкаліся на іх.
Козы наогул пагарджалі авечкамі. Ніякіх прычын для гэтай пагарды ў коз не было, акрамя адной: авечкі не маглі, ды і не спрабавалі, пераадолець агароджу кукурузнага поля. Козы ім гэтага не даравалі.
Козы, у адрозненне ад авечак, пасвіліся, часта ўздымаючы галаву, каб агледзець статак альбо ў глыбокім задуменні палкаводца ацаніць навакольную мясцовасць. Для гэтага яны не ленаваліся ўзбірацца на якую-небудзь скалу і адтуль, перажоўваючы жвачку, азіраліся па баках.
Відаць, ім было ўласцівае стратэгічнае мысленне. Зрэшты, яно ў коз спалучалася з практычным. Убачыўшы са свайго ўзвышша казу, якая ўдала падмяла куст арэшніку і паглынае зараз яго сакавітую лістоту, яны пакідалі сваю скалу і хуткімі крокамі, аднак спрабуючы захаваць паважнасць і не пераходзіць на бег, спяшаліся да гэтай казы, каб дружна паласавацца. Зайздрасць дапамагала ім трымацца разам.
Затое, калі якая-небудзь каза, паквапіўшыся на куст ажыны, замаруджвалася ў ярку, з якога статак ужо сышоў і незаўважна для яе пасвіўся непадалёку, яна пачынала панікаваць, кідацца ў розныя бакі ды істэрычна бляяць, сігналізуючы астатнім аб тым, што патрапіла ў гібельныя ўмовы. Мабыць, траваядныя не валодаюць адпаведным нюхам, каб адшукаць сваіх па слядах.
Што цікава, козы ёй звычайна не адказвалі. Магчыма, гэта азначала пакаранне: маўляў, будзеш ведаць, як адбівацца ад статка. І, толькі як след паздзекаваўшыся з небаракі, якая-небудзь з коз нядбайна падавала голас.
Пацешна, што пры гэтым мог даволі выразна чуцца званочак на шыі якой-небудзь казы са статка. Але каза, якая мітусілася ў яры, без рызыкі можна сказаць, не валодаючы дастатковым музычным слухам, не давярала гэтаму гуку, бо званочкі розных памераў матляліся на шыях і ў іншых жывёл — кароў, буйвалаў, аслоў.
Без водгуку каза ўсё мацней і мацней нервавалася, магчыма, лічачы, што статак менавіта зараз выйшаў на райскія лугі. Астатнія не адказвалі, але, калі ў гэты ж час знаходзілася яшчэ адна аблудная каза, яна адразу ж адгукалася на бляянне.
Кожная з двух коз лічыла, што ёй адказвае менавіта прадстаўнік статка, і яны, шукаючы сустрэчы, доўга бляялі і канчаткова заблытвалі мяне. У такіх выпадках накіраваць казу ў бок статка не хапала ніякіх сіл. Праз любыя калючкі, любыя гушчары яна імкнулася на голас другой казы. Усё больш апантана, ужо ахрыпла бляяючы, козы і імкнуліся да сустрэчы.
У іх галасах было столькі сусветнага сіротства, што, здавалася, сустрэўшыся, яны не змогуць адарвацца адна ад адной. І раптам — сустрэча пасля нечуваных блуканняў! Імгненнае заспакаенне, і ніводная з іх нават не глядзіць у бок сяброўкі па няшчасці.
Тая, якую я з усіх сіл спрабаваў павярнуць да статка, а яна, уся ў рэп’ях і калючках, ірвалася на голас другой казы, пачынае спакойна абгрызаць куст са сспарылю, нібыта менавіта яго яна і шукала ўвесь гэты час.
Яны пасвіліся не звяртаючы адна на адну ўвагі. Кожная з іх лічыла, што за спінай другой казы ўвесь статак. Тут нарэшце іх абедзвюх можна было перагнаць куды трэба. Козы не выносяць адзіноты, але аддаюць перавагу статку, у якім пануе поўная абыякавасць.
...Цэлымі днямі я валяўся на зялёнай расквітнелай траве. Зверху нябачныя жаўрукі бесперапынна даказвалі, што неба — першасная крыніца музыкі.
Кучаравыя авечкі пасвіліся над кучаравай канюшынай і ад гэтага, відавочна, рабіліся яшчэ больш кучаравымі згодна з законам Дарвіна.
Пчолы ныралі ў кветкі з нязграбнай упартасцю вадалазаў.
Нястомныя спружыны конікаў.
Сарамлівыя зігзагі матылёў над кветкамі.
Нейкае зусім невядомае мне буйное насякомае з гудзеннем падлятала да кветкі, але ніколі на яе не садзілася. Кожны раз, калі яно набліжалася, я цярпліва чакаў, калі ж насякомае апусціцца, каб я мог яго разгледзець. Але яно, жаласна гудучы і з хвіліну стоячы над кветкай у паветры, мабыць, упэўнівалася, што яна не мае патрэбнага нектару, і пералятала да другой кветкі. І зноўку жаласна гуло, стоячы над ёй, але,нібыта ўпэўніўшыся, што і яна не мае нікай вартасці, накірўвалася да трэцяй.
Але я так і не ўбачыў ніводнага разу, каб тое насякомае села хоць на якую-небудзь кветку. Пераборлівасць ягоная здзіўляла мяне і выклікала спачуванне. Ды яшчэ гэтае бесперапыннае жаласнае гудзенне. Чым яно харчавалася пры такой капрызлівасці? Якую ж кветку яно нарэшце выбера?
Аднойчы, бліжэй да вечара, яно паблізу ад мяне зноўку з жаласным гудзеннем завісла над чарговай кветкай. І раптам у вечаровых сонечных промнях бліснуў, нібыта доўгая тонкая іголка, хабаток, якім насякомае працяла самае сэрца кветкі, так і не апусціўшыся на яе. Я ўздрыгнуў ад прадчування далёкага вераломства, хоць, здавалася, быў дастаткова падрыхтаваны да яго некаторымі змрочнымі героямі Шэкспіра.
...Уздоўж пашы высіліся ажно да катлавіны Сабіда дзікія фруктовыя дрэвы — алыча, сліва, яблыні, грушы, інжыр, грэцкі арэх.
Па меры паспявання, а часцей значна апярэджваючы яго, я паядаў садавіну і падчас гэтага зрабіў батанічнае адкрыццё, пра якое чамусьці забыўся паведаміць свету. Аднак лепш пазней, чым ніколі.
Я заўважыў такую заканамернасць: чым меней смачная і пажыўная садавіна, тым лепш пладаносіць фруктовае дрэва.
Самай пладаноснай была алыча. На ёй пладоў было больш, чым лісця. Але плод не вельмі смачны, так, вадзяністая кісляціна.
Сліва куды смачнейшая, але пладоў на ёй значна меней.
Дзікія грушы і яблыкі смачней за сліву, але пладоў на іх менш, чым у яе. Зразумела, калі ўлічваць і дастаткова вялікі памер дрэва.
Інжыр куды больш смачны за яблыкі і грушы, але і менш пладаносны.
І нарэшце, самыя смачныя і пажыўныя — грэцкія арэхі, але, улічваючы велізарнасць дрэва і колькасць пладоў на адзінку плошчы, іх яшчэ меней.
Спажываючы садавіну, я вывеў вялікую заканамернасць прыроды, якую падказаў мне апетыт. Чым смачнейшы плод, тым з большай колькасці карысных рэчываў ён складаецца, але тым цяжэй караням здабываць у зямлі рэдкія сокі, што жывяць плады. Таму, чым смачней плады, тым ніжэй пладаноснасць дрэва.
Чым больш пладоў можа даць дрэва, тым ахвотней яно скідвае іх з сябе. Таму пад алычой заўжды тапталіся свінні, чаўкаючы і гучна крышачы сваімі гяурскімі зубамі костачкі алычы.
Свінні, паглынаючы алычу, прыўзнімалі галовы, з задавальненнем прыслухоўваючыся да ўласнага чаўкання. Адчувалася, што, чаўкаючы, яны атрымліваюць ад ежы дадатковае задавальненне праз гук. Калі многія свінні, перачаўкваліся, атрымлівалася сапраўдная сімфонія жратвы. Калі канчалася алыча, яны пераходзілі на іншую, больш смачную, садавіну, але чаўканне пры гэтым не ўзмацнялася, з чаго можна зрабіць выснову, што свінні не ўлоўлівалі розніцы смаку. Тут ужо напрошваюцца зусім не батанічныя законы.
Напэўна, былі яшчэ нейкія іншыя адкрыцці, але я пра іх зараз не памятаю. Калі потым успомню — раскажу.
...Вечарам, калі цётухна даіла коз, часта адбываліся розныя непаразуменні. У Чэгеме (апошняя апора гуманізму), калі дояць коз альбо кароў, заўсёды спачатку падпускаюць дзіцянят да сваіх маці, каб яны крышачку папілі малака. І пасля даення пакідаюць малако дзіцянятам.
Казлянят выпускаюць па адным. З радасным бляяннем казляня бяжыць да статка, але часта не пазнае сваю маці і пачынае смактаць малако зусім чужой казы. Самае дзіўнае, што вопытная, ва ўсялякім разе ў параўнанні з казляняткам, каза таксама не пазнае яго і з безуважлівай шчодрасцю падстаўляе чужому дзіцяці сваё вымя.
Але тут спахопліваецца цётухна і за каўнер вядзе казляня да вымя яго ўласнай маці, каб даць казляняці папіць свайго законнага малака, тым самым дазволіць казе расслабіцца і затым падаіць яе.
Да гэтага часу каза, у якой чужое казляня выпіла частку малака, пачынае разумець сваю памылку, але чамусьці затойвае крыўду не на сябе, а на гаспадыню і, ужо калі выпускаюць яе казляня, даволі часта хавае малако ад цётухны, каб больш дасталося ўласнаму дзіцяняці.
Адбываецца найскладанейшая псіхалагічная барацьба паміж гаспадыняй і казой. Дазволіўшы казляняці крыху адпіць малака, цётухна дубчыкам адганяе яго і пачынае даіць. У гэты час каза, якая памылкова падпусціла чужое казляня да свайго вымя, з асаблівай пяшчотай вылізвае ўласнае дзіцянятка, быццам спрабуе гэтым залізаць памылку.
Аднак пасля гэткага пакаяння яна рашуча хавае малако, робячы выгляд, што яно скончылася. Але гаспадыня пра гэта ведае. Усё ўлічана: і тое, што паспела выпіць чужое казляня, і тое, што паспела выпіць сваё.
Цётухна зноўку падпускае казляня да законнага вымя, і малако, якое нібыты скончылася, зноўку спраўна паступае, а казляня, прыцмокваючы, цягне за сасцы. Праз нейкі час цётухна мякка, вельмі мякка адсоўвае казляня ад вымя і пачынае даіць казу.
Праходзіць хвілін дзесяць, і раптам каза, тупавата азірнуўшыся (цікава, аб чым яна думала ўвесь гэты час?), выяўляе, што не казляня пад вымем, а цётухна. Каза, спахапіўшыся, зноўку хавае малако. Цётухна зноўку падпускае казляня да вымя, малако зноўку падаецца, і так некалькі разоў.
Дзеля аб’ектыўнасці мушу заўважыць, што некаторыя козы, вельмі рэдкія козы, калі пад імі чужое казляня, верагодна, адчуўшы чужы прыкус сасца чужым казлянём, адразу ж праганяюць яго. Але такая чуласць — з’ява выключная.
Наколькі я заўважыў, само казляня не прыдае асаблівасцям родных сасцоў аніякага значэння: малако адсмоктваецца — ну і добра! Дарэчы, чалавечае немаўля ў гэтых адносінах, на мой погляд, нічым не адрозніваецца ад казляняці.
Не падумайце, што апошняе меркаванне я вынес з асабістых успамінаў. Як гэта ні дзіўна — я не памятаю сябе грудным дзіцянём. А гэта ж доўжылася даволі працяглы час.
Але вось нарэшце коз загналі ў загон, і яны там супакоіліся. Ноч. Цішыня. Толькі зрэдку бразне званочак соннай казы — і зноўку цішыня. Адпачнём і мы.
Вось мае, здаецца, самыя раннія ўспаміны. Гады, напэўна, ў чатыры бацька патлумачыў мне, што цара няма. Калі і былі яшчэ нейкія падрабязнасці, я пра іх не памятаю.
Памятаю, што я паверыў бацьку, і мне зрабілася невыносна тужліва. Я выйшаў на вуліцу і падумаў: цара няма, значыцца, гэтая зямля, па якой я хаджу, нікому не належыць, ніхто за яе не адказвае. Было шкада сябе, але я выразна памятаю, што асабліва было шкада зямлі без гаспадара. Сялянскія гены маці спрацавалі, ці што?
Суседскі хлопчык падбег да мяне, каб пагуляць. Але якія тут могуць быць гульні!
— Цара няма, — сказаў я, каб узрушыць суседа распадам сусветнага парадку. Але тое, што я сказаў, да яго неяк не дайшло.
— А дзе ён? — спытаўся хлопчык.
— Няма зусім, — сказаў я, не пакідаючы яму ніякай надзеі. Але я зноўку адчуў, што гэта яго не кранула.
Абражаны, я адышоў ад хлопчыка, каб паўнавартасна пакутаваць аднаму.
Магчыма, гэта быў крызіс казачнай свядомасці. Вядома ж, я ўжо штосьці чуў пра савецкую ўладу, аднак лічыў, што цар стаіць над усім гэтым.
...Аднак не будзем перабольшваць маю педантычную прывязаннасць да Шэкспіра. Часам, здаралася, я прыходзіў пастушыць без гэтай вялізнай кнігі. І заўважыў, што козы пры гэтым рабіліся відавочна нуднейшыя. У такіх выпадках яны амаль не спрабавалі пералезці на кукурузнае поле, таму што я заўсёды быў напагатове і своечасова адганяў іх. За лета козы, звыкшыся з маёй пільнасцю без чытання, пачыналі разумець, што кукурузныя сцёблы для іх недаступныя, калі яны не бачаць у маіх руках тома Шэкспра.
Калі ж я раніцай з кнігай ў руках гнаў коз з загона, яны адразу весялелі і прыходзілі ў дураслівы настрой. Дураслівасць іх даходзіла да таго, што яны насмешліва дэманстравалі пазасезонную злучку. Козы парадзіравалі аднаполую любоў, на хаду зграбна ўзлазячы адна на адну, што аддалена нагадвала мне блытаніну з пераапрананнямі ў Шэкспіра, дзе мужчына нацягваў жаночае адзенне і наадварот.
Цалкам недарэчна западозрыць тут схільнасць да ненармальнасцяў, але, магчыма, менавіта такім спосабам козы спрабавалі ўзварушыць, разгарачыць казлоў, якія паважна крочылі побач. Але падавалася, што казлы змрочна асуджаюць гэтыя пазасезонныя любоўныя гульні. Яны моўчкі адстойвалі сваё законнае права на адпачынак.
Іх можна было зразумець. Казлоў было ўсяго чатыры, а коз — каля сарака. Козы, калі бачылі ў маіх руках том Шэкспіра, відавочна ўзбадзёрваліся са шматабяцальнымі планамі. Было цалкам зразумела, што козы жадаюць, каб я чытаў Шэкспіра. Далейшае яны бралі на сябе. Казлы, вядома ж, таксама не супраць былі, каб я чытаў, вось толькі не такой дарагой цаной, на якую намякалі козы. Пры гэтым павінен заўважыць, што авечкі былі абсалютна абыякавыя да Шэкспіра.
Паміж прыдворнымі інтрыгамі ў Шэкспіра і хітрыкамі коз я знаходзіў шмат агульнага, гэта весяліла мяне і, як я зараз лічу, падсвядома працавала на аптымізацыю майго светапогляду.
Менавіта тады я зразумеў: чалавек — гэта штосьці сярэдняе паміж казой і Шэкспірам. Кажуць, апошнія матэматычныя даследаванні на гэтую тэму не толькі пацвердзілі, але нават узмацнілі маю здагадку. Кажуць, зараз устаноўлена: Шэкспір, падзелены на казу, дае чалавека ў чыстым выглядзе. Без астачы.
Для праверкі гэтага палажэння даю беглы накід майго маскоўскага жыцця. Калі я прыехаў сюды вучыцца, я ў першыя ж дні быў ашаломлены дзвюма, можна сказаць, процілеглымі падзеямі.
Неяк, знаходзячыся ў цэнтры горада, я падышоў да міліцыянера і спытаўся, як прайсці на пэўную вуліцу.
Міліцыянер раптам аддаў мне чэсць, узняўшы руку ў пальчатцы надзвычайнай белізны, і гасцінна паказаў шлях да патрэбнай вуліцы. Мне, яшчэ амаль хлопчыку, аддаюць чэсць, ды яшчэ ў такой бялюткай пальчатцы!
Я быў узрушаны гэткай добразычлівасцю. Магчыма, пальчатка была з поўсці чэгемскіх коз, думаў я, радуючыся, але як жа ён даведаўся, што я чэгемец?
А праз некалькі дзён я стаў сведкам зусім незразумелага відовішча, якое мяне нават напалохала. Я бачыў, як міліцыянеры груба і без усялякіх пальчатак на вялікай праезнай вуліцы зганяюць усе машыны на абочыну.
А праз хвіліну я заўважыў урадавыя аўтамабілі, якія імчалі з такой панічнай хуткасцю, нібыта за імі гналіся кулямётчыкі, нібыта яны толькі цудам змаглі выбрацца з-пад абстрэлу. Але анікаяй пагоні за імі не было, у чым я амаль адразу ж і ўпэўніўся на свае вочы.
За гады прабывання ў Маскве, я не раз назіраў падобнае відовішча і зразумеў, што гэта нармальная манія пераследу, хутчэй за ўсё, уласцівая ўсім, хто мае вялікую уладу. Упершыню я гэта ўбачыў у сталінскія часы. Потым эпохі змяняліся, а манія пераследу заставалася.
На расквітнелых падмаскоўных палях я часам сустракаў адзінокіх коз, якіх звычайна пасвілі самотныя бабулькі. Адна каза на адну бабульку. Па чэгемскіх звычаях бабулькі, якія пасвяць коз — гэта ўсё адно што старыя мужчыны, якія мыюць бялізну ў начоўках. Мне першы час так і карцела запытацца ў бабулек: а куды падзеўся ўвесь статак?
Але чэгемская далікатнасць стрымлівала мяне ад гэтага чэгемскага пытання.
Аднак вось што мяне больш за ўсё ўражвала: адзінокая каза спакойна пасвілася, не праяўляючы ніякага хвалявання з нагоды адсутнасці статка. І гэта было для мяне дзіка. Скаланаючыся ад унутраных рыданняў, я сачыў за жывёлінай і думаў, да чаго бальшавікі давялі коз, што яны забыліся пра усялякую блізкасць. Змірылася ганарлівая каза, рыдай, Расія!
За час доўгага жыцця ў Маскве я зрабіў нямала адкрыццяў з пісьменніцкага жыцця. З чаго, вядома ж, не вынікае, што я цяпер пасвіў пісьменнікаў. Хутчэй, мяне самога пасвілі і каралі, нібыта аблудную казу, якая ўжо зламысна пазбягае статка.
Я спадзяюся, што любоў да Фальстафа не стала фальстартам у маім пісьменніцкім лёсе.
Натхненне — шчасце для пісьменніка. Але нічога так не зношвае чалавека, як шчасце. Прырода беражэ нас, рэдка даруючы шчасце. Так што, людзі, будзьце шчаслівыя тым, што шчасце — рэдкі госць.
Чытач можа спытаць у мяне: чым добры пісьменнік адрозніваецца ад дрэннага?
Спяшаюся адказаць, нават калі чытач мяне аб гэтым не спытае.
Вось як бяздарны і таленавіты пісьменнікі пішуць пра адно і тое ж.
Бяздарны пісьменнік:
— Я зайшоў у рэстаран і ўбачыў свайго сябра (называе па імені), ён, як заўжды, сядзеў за столікам і, як заўжды, піў гарэлку.
Таленавіты пісьменнік:
— Я зайшоў у рэстаран і ўбачыў свайго сябра (называе па імені), ён, як заўжды, сядзеў за столікам і, як заўжды, піў гарэлку, і я, як заўжды, адразу ж далучыўся да яго.
Адна фраза ўсё змяняе. Самаіронія робіць карціну больш аб’ёмнай і не такой ганебнай для прыяцеля, які і сапраўды часта выпівае.
Наогул, пісьменнік, які не мае самаіроніі, рана ці позна робіцца аб’ектам іроніі чытача, і менавіта ў той ступені, у якой ён сам пазбаўлены самаіроніі.
Такім чынам, Шэкспір, падзелены на казу, дае чалавека. Я дзеля смеху расказаў пра гэта аднаму міламу вучонаму, з якім пасябраваў на любові да шэкспіраўскіх блазнаў. Мы дапамагалі адзін аднаму жыць тым, што жылі знаходзячы час для жартаў. Аднойчы, прабываючы ў змрочным настроі, я напісаў такія вершы:
Азызлы целам і душой,
Састарыўся, няйначай.
І нават зрок ужо не той,
Мне цяжка твары бачыць
Сяброў і ворагаў сваіх...
На жаль, пачаў я блытаць іх,
Ды ўсё жыву для гора.
...Так краб, што выкінуў прыбой,
Апошняй парай лап сваёй
Паўзе да мора, плача...
Азызлы целам і душой
Састарыўся, няйначай
Праз некалькі дзён вучоны прыйшоў да мяне, і я даў яму пачытаць гэтыя вершы. На той момант настрой у мяне выраўняўся.
Ён бесперапынна курыў, пакуль падазронна доўга чытаў, а потым узняў галаву і сказаў:
— Калі б гэтыя вершы я прачытаў у іншым горадзе, я прымчаўся б да цябе на дапамогу.
Я сумеўся і замяў размову. Тым больш я ведаў, з якой беззаганнай мужнасцю ён паводзіў сябе ў найбольш цяжкія для яго гады барацьбы з касмапалітызмам. Жартаўнік!
Мы часта з ім спрачаліся і проста вялі размовы на адцягненыя тэмы. Часцей за ўсё нашы меркаванні супадалі, хоць час ад часу і разыходзіліся, але гэта ніколі не ўплывала на сяброўства.
Вось некаторыя фармулёўкі, на якіх мы сышліся.
Жорсткасць — спроба глупства пераадолець глупства дзеяннем.
Вераломства — удар баязліўца ў цемры.
Аналіз забівае ўсялякую асалоду, але падоўжвае асалоду ад аналізу.
Пасля доўгіх спрэчак мы ўстанавілі строгую навуковую лінію эвалюцыйнага развіцця чалавека: жываглот, гарлахват, гарлаед, аглаед, шпагаглот, вінаглот, кураглот, мудаглот, пацярухаглот, мухаглот (ён жа слыхаглот), гарладзёр, гарлапан, гарлан і, нарэшце, паліглот.
Калі тут пачуецца ўздых палёгкі, то, папярэджваю, ён заўчасны, таму што развіццё гэтае цыклічнае (ледзьве не сказаў — цынічнае) і ўсё паўтараецца ў тым жа парадку. Эвалюцыйная лесвіца абвальваецца, не вытрымаўшы беднага паліглота, і ўсё зноўку пачынаецца з жываглота.
Але ў пытанні, ці можа чалавек, які прымае людзей за коз, спажываць казінае мяса, мы не сышліся. Я лічыў, што не можа такі чалавек есці мяса казы. А сябар лічыў, што мой падыход — адлюстраванне крайняга суб’ектыўнага ідэалізму, альбо, груба кажучы, саліпсізму.
Дык вось, калі я яму са смехам (дзеля перастрахоўкі) сказаў, што сучасная навука ўстанавіла, што Шэкспір, падзелены на казу, дае чалавека, мой сябар іранічна прыўзняў бровы і падхапіў! Ён умеў падхопліваць!
— Прывітанне! Ды гэтаму адкрыццю ўжо дваццаць гадоў! Нават з’явіўся доказ ад зваротнага: Шэкспір, падзелены на чалавека, дае казу.
— Чаму ж пра гэта не было чутна? — здзівіўся я.
— Таму што гэта лічылася дзяржаўнай таямніцай, — адказаў ён, — таямніцай нацыянальнага мыслення. Але, калі амерыканскія разведчыкі выкралі ў нас сакрэт нашага нацыянальнага мыслення, а нашы разведчыкі выкралі ў амерыканцаў сакрэт іхняга нацыянальнага мыслення, абедзве таямніцы цалкам супалі і стала магчыма іх рассакрэціць. Пагроза вайны адпала, дэмакратыя ў нас расквітнела, як агарод для коз, і кожная краіна перайшла на падножны корм. Праўда, у кожнай краіны ён свой, але гэта іншая тэма.
Дарэчы, мой вучоны сябар быў пакінуты на бязлюдным востраве для правядзення навуковых даследаванняў ва ўмовах поўнага адзіноцтва. Праз тры гады, як і дамаўляліся, за ім прыплылі суайчыннікі.
— Якое ў вас самае моцнае ўражанне ад трохгадовай адзіноты? — спыталі яны ў яго.
— Сумленне адпачыла, — нечакана адаказаў ён, але, памякчэўшы, дадаў: — Тым больш тут поўна дзікіх коз.
— У сэнсе людзей? — здагадаўся хтосьці, правільна прасачыўшы за напрамкам яго змякчэння.
— Так, у сэнсе людзей, але і ў сэнсе свежага мяса, — патлумачыў мой сябар, магчыма, завочна працягваючы спрачацца са мной
Суайчыннікі ўсё ж пакрыўдзіліся на яго за сябе і за чалавецтва.
— Дык, можа, вас яшчэ на тры гады тут пакінуць? — з’едліва спытаўся адзін з іх.
— А вы думаеце, чалавецтва за тры гады выправіцца? — не менш з’едліва адказаў мой сябар, падымаючыся па трапе. — На мой погляд, з часоў Шэкспіра яно не змянілася, вось толькі якасць жартаў значна знізілася.
...Не, шапчу я сам сабе, прагрэс усё ж ёсць. Чэгемскія куры больш не ўзлятаюць на дрэвы, але пакорліва праводзяць ночы ў куратніку. А можа, усё ж лепей было б ім узлятаць? Божа, божа, як усё складана! Дакладна вызначана, што на дрэвы ўзлятала куды больш курэй, за тых, якія зараз начуюць у куратніках.
...Але дзе я? Дзе Чэгем? А ўсё ж з козамі было лепей.