Хавай, мая радасць, да горшых часоў...

* * *
                                                             А. Р.

Хавай, мая радасць, да горшых часоў
асенніх світанкаў свінцовую стынь,
шаўковую сырасць сарваных сцягоў,
шурпатую сцюжу бальнічных прасцін,

апошніх абдымкаў уздым трапяткі
і стук цягнікоў, што сыходзяць навек...
Вазьмі, каб патопам не знесла ў бакі,
і гэтую просьбу маю ў свой каўчэг —

сігнал да адпраўкі, развітвання знак,
нябыту прэлюдыю, быццам маяк,
і лёгкі, амаль адчувальны скразняк
апошняга холаду, радасць мая.