Доўга ты праляжала ў зямлі, бяздзейная...

* * * Доўга ты праляжала ў зямлі, бяздзейная,
бескарысная, і нарэшце прыйшоў
час, — ачуняла ад сну, узняла галаву
цяжкую, выпрастала хрыбет косны,
затрашчалі з храбусценнем пазванкі — маланкі
разнастайныя, гром, жудасны для смяротнага,
грымнуў, здрыгануліся ганарлівыя нябёсы,
буйны град ці, хутчэй, нябесныя камяні,
што ператвараюцца ў час палёту ў вострыя
выцягнутыя кроплі, падобныя да зярнят,
якія жадаюць прарасці ўсё роўна, чым бы ні
прарастаць: смарагдавай травой, альбо
цёмным лесам, ці яшчэ якім густым
параснікам. — Ты праляжала ў зямлі доўга,
бяздзейная, бескарысная, але — вось ён прыйшоў,
той, каго ты чакала і дачакалася, час —
бо лепш праспаць, мітуснёй грэбаючы,
непрабудна, нерухома свой век кароткі,
чым крокамі ў цемры блукаць дробнымі
па рабрыстай паверхні навобмацак,
зрэдку спатыкаючыся, смеючыся весела,
прапаведуючы: «Усё добра, слаўна!» —
вось таму цябе і празвалі, імя
сапраўднага не ведаючы, маленнем — маўленнем