Німфа

1

Вядома, у Белага Халата шмат слоў. Яшчэ і яшчэ ён даймае мяне класічным «сатырыязам». Які ўжо ў кроку ад мяне!.. Што я «сатырмэн». Што я месяцовы стары... І нават з прамалінейнай няветлівасцю праслізнула «старэча сатыр». З узростам, маўляў, такое бывае. (Калі зараз жа не падлячыцца!.. Дах едзе... Ах, ах! Небяспечна!..) Ды хай яго балбоча... Працуе!.. Лекар мае права ператасоўваць свае навуковыя словы. Але я маю права ім не паддацца... Жыццё — гэта капітал. Я яго пражыў... Магу сабе дазволіць мяккі, ціхі распад.

Белы Халат, вядома, спакойны і нацэлена наганяе на пацыента хоць і разбаўлены, але ўстойлівы страх. Аўра страху. Пацыент сядзіць... Замер... З лекарам пацыент, так ужо павялося, — па розныя бакі стала. Зусім па розныя!.. На сценах дыяграмы... Малюнкі... Нават жывапіс... Усё, каб вырабіць пабольш гэтага разбаўленага ветлівасцю ўстойлівага страху. Але пацыент — гэта я. І я падшэптваю сабе, што я ўсяго толькі неадэкватны. І што мой выпадак лёгкі. Найлягчэйшы!.. І мяне не загіпнатызаваць малюнкамі на
сценах.

Аднак як ваяўніча мне цяпер думаецца, седзячы ў яго кабінеце! Седзячы насупраць Белага Халата... Я, маўляў, у гэтыя хвіліны трымаю грандыёзную абарону... Тысячы і дзясяткі тысяч старых, якія сядзяць у кабінетах і абміраюць цяпер ад страху. Небаракі!.. Трэба трымацца... Мы — людзі. Трэба біцца за сваю свядомасць. На нашым бясконца расцягнутым фронце... Трымацца, бо барацьба... І хай лекары калі-небудзь скажуць — гэты Пётр Пятровіч Алабін быў усяго толькі стары, але затое які!

— І апошняе на сёння пытанне, Пётр Пятровіч... Пачатак... З чаго і як — канкрэтна — у вас пачалося?

Ён мяне выпытваў ўжо трэці дзень.

— Што пачалося? (Я раптам станавіўся тупым. Стаміўся...)

— Тое, пра што мы з вамі гаворым.

А я ледзь не перапытаў — так, так... зразумела... дык пра што мы?

— Тое, пра што мы з вамі гаворым трэці дзень. Тое самае, Пётр Пятровіч, дзеля чаго вы сюды да нас прыйшлі.

Я прамаўчаў... Я?.. Дзеля чаго?.. Але я ж не хворы. Мой выпадак, вы, доктар, самі гэтыя словы сказалі, найлягчэйшы... І, калі шчыра, я прыйшоў сюды, да вас (у аддзяленне псіхалогіі і псіхіятрыі) з прычыны некалькі запозненай старэчай цікаўнасці. З цікаўнасці... Ну і каб на людзях трохі пабыць. Старому з людзьмі хочацца!

Ну і каб трохі ў сабе пакапацца. Паразважаць пра тое-сёе. (Збольшага з простай засцярогі.)

Голас лекара Недаплёсава стаў крыху больш жорсткім:

— Тое самае, баючыся чаго вы сюды прыйшлі. З чаго і як пачалося?

Я незразумела ад чаго... ад стомы... завіляў:

— Не памятаю.

Ён засмяяўся:

— Замкнуліся?.. Разумею, Пётр Пятровіч... Першая старэчая спакуса... Першая! Гэта ўсё адно як псіхіятру пытацца ў жанчыны пра першага мужчыну... Быццам бы яна ўсё памятае, усё ведае. А словы ў яе не ідуць... Парадаксальны і ў той жа час вельмі звычайны факт ступару!

І сапраўды ж словы з мяне не ішлі. І сапраўды я быццам бы дрэнна памятаў.

— А ўсё ж такі, Пётр Пятровіч, напружцеся... Якія-небудзь падрабязнасці. Любая дробязь... Зразумейце: першы ваш вопыт нясе ў сабе магутную, нават звышмагутную канцэнтрацыю ведаў пра вашую асобу. Закадаваныя веды. Якія ні вы, ні я адразу не вылавім і не адгадаем... Але калі паступова... Пакрокава...

Зразумела, псіхолаг-псіхіятр умеў даціскаць пацыента. Хай даціскае... Хтосьці дзесьці пра гэтага Недаплёсава казаў... Хваліў па тэлевізары. Раіў... А потым мой стрыечны ўнук Алежка (а дакладней, прыдуркаваты прыяцель майго Алежкі) корпаўся ў інтэрнэце. І выявіў — таксама супадзенне, выпадкова — менавіта гэтага элітарнага дактарышку.

Мы тады пілі гарбату. Алежка грыз яблык. «Дзед, можа, табе цікава?.. — сказаў ён, смеючыся. — Псіхіятр Недаплёсаў. Чуў?.. Старымі займаецца». Алежка, вядома, смяяўся. І (па маладосці) злёгку мяне дражніў. А я клюнуў.

Я папрасіў паказаць увесь тэкст. І мяне адразу прыцягнула. Цікава!.. Грэчаскія міфы як згусткі чалавечай псіхікі, гэта модна! І вось нейкі лекар Недаплёсаў параўноўваў вядомую хваробу старых з яшчэ больш вядомымі паводзінамі сатыра ў розных міфах. Таго самага сатыра... Старога і пачварнага, які з карцін вялікіх жывапісцаў ужо стагоддзе за стагоддзем цікуе за соннай німфай. У Недаплёсава прыгажосць міфа ператваралася ў дабрыню — і, як мне падалося, нават у прабачэнне нашых няспынных жыццёвых жарсцяў. Ці дрэнна? (Дахрысціянская грубаватая міласэрнасць. Але не толькі.)

І побач — смешнае. Усялякія патугі і дабаўкі-прыбаўкі, як зазвычай, ад актыўных чытачоў. Інтэрнэтаўскае здзекаванне... Забаўкі... Але цікава, што і прыдуркі, і аднолькава з імі інтэлектуалы ўволю паздзекаваліся над літарай «ё» ў прозвішчы маладой знакамітасці. Ён быў у іх і лекар Недаплясаў. І Недаплюсаў. І Недаплакаў. І нават Недапісаў і Недапіхаў. Я смяяўся.

І вядома, мяне вельмі натхніла заўвага: У цікавых выпадках кансультацыя лекара і заняткі бясплатныя.

Недаплёсаў сказаў:

— Вы яшчэ разгаворыцеся, Пётр Пятровіч... Вы абавязкова разгаворыцеся... Не сёння і не заўтра, але мы ўсё ж возьмем на вока ваш першы выпадак, не штурмуючы яго. Аблогай. Мы ж саюзнікі, праўда?..

Я кіўнуў.

— Хвілін дзесяць адпачніце. А потым — у клас.

Недаплёсаў гуляючы адкінуў на край стала паперу, дзе страчыў пра мяне. Дзе толькі што, прамацваючы пацыента, ён запаўняў адпаведныя графы і клетачкі.

Я ўстаў:

— Доктар... Мне сказалі, трэба дапамагчы павесіць карціну.

— Так-так. — Недаплёсаў не адрываў вачэй ад нейкай іншай паперы. — Папрацуйце там, калі ласка. Гэта якраз і зойме дзесяць хвілін. Уся ваша чацвёрка там... А потым — у клас.

Я ўстаў — і да дзвярэй. Я, па сутнасці, ужо сышоў, я на выхадзе, я націснуў на ручку ўжо амаль адчыненых дзвярэй, калі лекар наўздагон імкліва мяне паклікаў — роўна ў тую самую секунду адыходу:

— Пётр Пятровіч, а ўсё ж такі... Адказ адразу... З чым ваш першы выпадак вы маглі б звязаць?.. Асацыяцыя. Адразу! Любым адным словам... Першым, якое трапіцца, а?

— Баржомі, — неяк хутка адказаў я.

— Выдатна. Баржомі — населены пункт або напой?

— Вада.

— Ідзіце, ідзіце. Усё.

Я ішоў калідорам. Які ўчэпісты!.. Вырваў інфармацыю!.. Напэўна Недаплёсаў зараз зноў прысунуў да сябе мой ліст паперы і напэўна ўпісваў у адну з пустых клетачак: Баржомі. Напой.

У калідоры я ўбачыў Чыжова, найбольш сімпатычнага мне з нашай старэчай чацвёркі. Ён школьны настаўнік.

Падышоўшы бліжэй, я сказаў, што гатовы папрацаваць у славу мадэрновай медыцыны, я гатовы дапамагчы — а дзе жывапіс? дзе карціна?

— Не ведаю. Вязуць яе... Або ўжо нясуць.

— Доўга нешта нясуць. Я думаю, яны яе разглядаюць.

Мне хацелася пажартаваць:

— Разглядаюць, я ўпэўнены... Мацаюць. Злёгку хапаюць німфу за азадак.

— Намаляваную? — Ён чмыхнуў.

— Так, намаляваную... А чаму не?

Але мой жартоўны настрой Чыжову не да спадобы. Школьны настаўнік ставіцца да нашых тут заняткаў сур’ёзна. Занадта сур’ёзна да Недаплёсава. Занадта сур’ёзна да жыцця. Яму, на мой погляд, часам бракуе старэчай лёгкасці. (Галоп сівізны! Старэчая прыдуркаватасць!.. Гэта не для Чыжова.)

Але, магчыма, у іх з Недаплёсавым спрацоўваюць сацыяльная парука, узаемападтрымка. Настаўнік не можа грэбаваць лекарам.

— Мне наш лекар цікавы. Ён таленавіты. Ва ўсякім разе, арыгінальны, — пачынае Чыжоў (па-выкладчыцку адгадаўшы ход маіх заніжаных думак). — Мне толькі не падабаецца гэта яго смажанае слоўца: «сатырмэн»... Ведаеце, ён актыўна ўводзіць слова ў навуковы ўжытак... Бачылі яго артыкулы?

— Не.

— Шкада.

Чыжову хочацца пагаварыць. (Трапляючы да лекараў, кожны самотны. І таму старыя асабліва цэняць кантакты ў казённых калідорах. Сурагат хуткага сяброўства.)

— Што ж не пачыталі?.. А саміх вас, Пётр Пятровіч, не абурае слова «сатырмэн»?

— М-м.

— Я разумею... Прызвычаіцца можна. Але ў напісанні гэта ўсё ж такі рэжа вока. Чаму праз «э»?.. Цікава, як гэтае слова ў яго будзе выглядаць па-ангельску... Бо ў нас усё падобнае праз «е»... «спартсмЕн», «бізнесмЕн», «джэнтльмЕн»...

Яго голас разагнаўся да гучнага:

— Я хацеў Недаплёсава спытаць. Мне, маўляў, цікава... Напісанне, маўляў, сведчыць пра многае... Але я спалохаўся і змаўчаў. Раптам ён скажа, што «джэнтльмен» — гэта пра зусім іншых людзей.

Ага, ага! Мы таксама трошкі жартуем. Трэба падтрымаць школьнага настаўніка:

— Так, — кажу я. — Гэта вы своечасова спахапіліся. Наконт джэнтльменства.

А нас ужо трое. Падышоў па калідоры яшчэ адзін наш — Дзібыкін. І адразу басуе:

— Ну што-о-о, разумнікі?

Можна не адказваць. Дзібыкін дэбілаваты, размова з ім ніякая.

Яны стаяць побач — кантрасная пара. Чыжоў далікатны. Чыжоў — высокі, худы, з невялікай сівенькай бародкай і ў акулярах. Ён падобны да Чэхава, ужо ялцінскага. Усё зразумела. Школьны настаўнік, вядома, ведае пра сябе і пра Чэхава... І, магчыма, культывуе гэтую сваю падобнасць. Так што ён гуманны, мяккі, чалавечны. Дзібыкін побач з ім — гара гарой. Магутны, моцны старэча. Мы ўсе (уся чацвёрка) даволі моцныя старыя, але грубы магутны Дзібыкин — гэта і зусім нешта. Камяк цягліц.

Гэты камяк цягліц нарэшце ўспомніў:

— Пайшлі, пайшлі да чорнага хода, разумнікі!.. Ха-ха-ха. Карцінка там. Карцінка прыехала!

Ён пасмейваецца... Што тут смешнага?

Мы ідзём да чорнага выхаду. Карціна і сапраўды ўжо там. Яе выгрузілі і пакінулі прама ля дзвярэй. (Чутны шум ад’езду машыны.) Каля карціны медсястра Арыша і наш чацвёрты стары — Клюшкін. Ён нервовы стары. Ён махае нам сваёй параненай забінтаванай рукой:

— Чаго вы там!.. Давай, давай, сатырмэны. Трэба несці... Чакаю, чакаю, нікога няма!

Мы падыходзім. Прымерваемся, як узяць. Я бяру знізу і збоку.

— Ваўтэрс... Копія з копіі, — нягучна паведамляе мне пра карціну школьны настаўнік Чыжоў.

Настаўніку хочацца, каб людзі ўсё ведалі. Асветнік... Ён таксама бярэ за раму знізу.

Панеслі.

Памер карціны немалы, цяжкая рама. Арыша, арганізаваўшы нас, крочыць побач і падганяе кароткімі камандамі: «Нясі раўней!» — і яшчэ: «Асцярожней на рагу!» — і яшчэ: «Лягчэй, лягчэй. Гэта табе не раяль!» Але затым яна змаўкае. Нашы рукі ўзгадніліся, і цяпер камандуе Чыжоў — настаўнічаючы, ён у школе меў справу з карцінамі не раз і не два. Ды і мы, па сутнасці, усё ведаем. Навошта каманды! У старых вопыту якога хочаш! А ўжо прыладзіць на калідорную сцяну карціну, калі месца намечана і галоўны цяглавы крук ужо ўшрубаваны, зусім не хітра.

Здаравяк Дзібыкін вешае на крук, а мы з Чыжовым прытрымліваем ніжнія рогі. Клюшкін, не ўдзельнічаючы, таксама ўдзельнічаў. Ён тыкаў забінтаванай рукой, як пальцам указальным, і крычаў нам нервова і злосна:

— Лявей! Лявей!.. Чыжо-о-оў!.. Ты што, стары муд, зусім касавокі?!

Скончыўшы справу, мы ўсе адыходзім на некалькі крокаў і разглядаем, што мы прынеслі, — як-ніяк жывапіс! Мы, вядома, ужо чулі, ведаем лекава-выхаваўчы сэнс палатна. Недаплёсаў у сваіх гутарках не раз і не два адсылаў да міфаў... Франс Ваўтэрс, XVII стагоддзе, алей, «Сатыр і німфа»... Німфа на поплаве... Зразумелая справа, голая, спіць. Сатыр, стары і ганебны, крадзецца сваім нячутным крокам. Вось ён ужо побач. Навокал — нікога. Толькі лес.

Як мы даведаліся ад Чыжова, гэта копія з копіі. Фарбы аляпаватыя. (Галерэя ў падмаскоўным Падольску.) Але не толькі ў колеры страты. Німфа таксама пры капіяванні моцна здала: німфа схуднела. Галандскае мясцо апала, і німфачка атрымалася гадоў трынаццаці, настолькі юніёрка, што настаўнік Чыжоў нягучна і павучальна (і жартаўліва) мне заўважае: у падпраўленай гэтай карціне і назву варта было б падправіць — не «Сатыр і німфа», а «Сатырмэн і німфетка».

— Асіметрыя, — падтакнуў я.

— Менавіта. Менавіта так! — Настаўнік усхваляваны. — Сатырмэны паводле задумы матухны прыроды апраўдваюць... як бы гэта сказаць... апраўдваюць і адцяняюць існаванне німфетак. Анамалія тлумачыць анамалію. Сатырмэны тлумачаць німфетак. Яны з німфеткамі пераклікаюцца. Па дыяганалі ўзросту... Асіметрычная раўнавага.

Дзібыкін, які стаіць побач і добра чуе, не дае нам паразумнічаць:

— Муды. Што вы такое гоніце!

Глядзім моўчкі... А ўсё ж палатно самавітае. Уражвае. (Гэта не слайд.)

— Дзядок. — Дзібыкін тузае мяне за рукаў. — Хто ты па спецыяльнасці?.. Чым хлябок зарабляў?

Я адказваю, амаль адразу ў дзясятку:

— Дачнік.

— М-м! — недаверліва мармыча ён.

Маўчым. Нас уразіла. Прыгажосць, як заўжды, нешта каштоўнае ў чалавеку ратуе — у дадзеным выпадку ратуе нешта ў нас. На нейкі час уся чацвёрка прыціхла. Мы ўсе сумленна маўчым. Мы глядзім з боку на сваю ганьбу.

2

Яе цела як малако ў збане, калі збан празрысты. Намёк, што ў яе цела няма суцэльнай беласці. (Млявасць топленага малака. Плёначка. Самлелая пенка.) А неба не палохае, неба шырока навісла над німфай — голай і соннай. Спякота... Кусты...

Прамень — скрозь лістоту аліў — прымудрыўся прапаліць сабе дзірку. І глядзіць. І я таксама гляджу. Я паплыў на гэтым промні. Я — пылінка, якая скача ў промні. Затое з вышыні я бачу сонную німфу ў поўны рост. Яе цела ніколі не спіць. Яе цела кліча. Яе нізкі лоб крычыць аб інстынктах. Але як да інстынктаў (да панаднай цемры яе інстынктаў) дабрацца небараку сатыру... Скачок з кустоў не просты. Скачок патрабуе іншай мужнасці. Калі б сатыр быў героем...

— Пётр Пятровіч, ды вы заснулі! — па-сяброўску абуджае мяне лекар Недаплёсаў. — Давайце пафантазуем. Але спачатку вызначымся: што робіць наш сатыр?.. Ну?

Модны псіхіятр Недаплёсаў поўны аптымізму. Дзесяць раніцы — голас яго свежы, бадзёры, напорысты, упэўнены ў перамозе, а запэўніць жа яму трэба нас — старых. Гэта няпроста. Бо адразу чатырох старых. Не напорыстых... Не бадзёрых... Не свежых.

— Падглядвае, — адказваю я. — Што яму яшчэ рабіць.

— А як вы, Пётр Пятровіч, думаеце — німфа здагадваецца, што на яе цяпер глядзіць мужчына?..

Але Пётр Пятровіч затарможаны. Файны жывапіс мяне паралізуе. Нават калі слайды. Нават няякасныя. Нават на бляклым экране, які пасля ўрока мы самі скочваем у рулон.

Недаплёсаў адразу кідае мяне і — звонкім голасам — выдзірае з нірваны Клюшкіна:

— Німфа здагадваецца, што на яе цяпер глядзіць мужчына? Ці яна ўжо цвёрда гэта ведае?

Але і Клюшкін пакуль што не адказвае як трэба. Толькі чмокае. Пцю-пцю. Выцягвае вусны — і чмокае яшчэ гучней. Салодка чмокае... Яго трэба спыніць. І Недаплёсаў смяецца:

— Зразумеў. Зразумеў... Адказ прыняты!

У класе змрок, а на белай сцяне (на экране) Рубенс... Сатыр крадзецца, голая німфа спіць... Сатыр падабраўся даволі блізка, ужо ў двух кроках, але далей ступіць не ў сілах. Затарможаны. Аслеп ад яе вялікага белага цела... Нейтральная паласа між імі — як памежная. У двух кроках... Скруха сатыра... Пцю-пцю, чмокае Клюшкін.

— Мяняйце ракурс! — Голас Недаплёсава зноў вырывае мяне з паўдрымоты.

Клас наш малы. Аднак кожны з нас за асобным сталом, кожны на трывалым зэдліку. Ранішняя псіхапрацэдура для чатырох пацыентаў — для чатырох старых, скатаваных (верагодна) благімі думкамі. І яшчэ больш благімі снамі... Я ваджу млявым позіркам... Трое (уключаючы мяне) каля правай сцяны. Наш правы фланг... А вось адзін (гэта Дзібыкін) каля акна. Акно, зразумела, закрыта фіранкамі.

Лекар Недаплёсаў ззаду нас, ён ля праектара. Ён адтуль дырыжуе ўсёй нашай музыкай. Мяняючы слайды — мяняе німф. І сам жа каментуе... Прамень няяркі. Экран размыты, як паверхня Месяца. (І чым бялейшы жывапіс, тым далікатней жаночае цела.) Сатыры на карцінках таксама мяняюцца. Яны жывыя людзі. Не монстры, а людзі!.. Лекар Недаплёсаў настойвае, каб мы чацвёра перасталі саромецца сваёй хваробы. Ну, бывае, бывае такое... Мілыя старэчы! На свеце шмат чаго бывае!.. Адкіньце свае паўдзіцячыя комплексы. Тое, чаго вы саромеецеся, даўным-даўно свету вядома. Вы не цягнеце на сапраўдных псіхаў. Вы не цягнеце нават на хуліганнё. Чалавецтва пражыло тысячы гадоў, і ці здзівіць яго падглядваннем за спраўным тоўстым бабцом! Той бяды!

— Змяняйце пункт гледжання. Мяняйце часцей... Карцінак у нас мала!

Лекар падсцёбвае. Ён прымушае нас рухаць галавой, адхіляцца на паўхвіліны направа, потым — налева... Ледзь перасунуцца. Крыху змяніць погляд... Лекар спрабуе з адной карціны атрымаць для нас эфект дзесяці. З аднаго Рубенса выціснуць дзясятак роўных яму мастакоў. (Мы нібы робім гімнастыку для хворых, што не могуць хадзіць. Падперці галаву правай рукой, локаць на стале. Падперці галаву левай рукой... Сесці прама. Сесці, адкінуўшыся назад.) Гэта дзіўна!.. Ледзь абапёрся, варухнуў галавой, а там ужо ветрык зайграў, пабег па аліўкавым! па грэцкім гаі!.. Лісце занервавалася. І сам сатыр крадзецца да белага азадка быццам бы з іншага, з блізкага боку куста — бач, асмялеў!.. Як, аднак, пасвяжэў Рубенс. У соннай німфы больш прыцягальным становіцца не ўлонне, ледзь прыкрытае вэлюмам, не малочны азадак, а грудзі... левая... як магутна яна кліча старэчы погляд!.. І завагаліся, дрыжаць яе белыя каленкі...

— А гэта Марсій!.. Чулі, спадары, пра такога?.. Фрыгійскі сатыр Марсій. Калі нават чулі, вы паслухаеце пра яго яшчэ раз. Ён таго варты, наш Марсій...

Недаплёсаў смяецца:

— Паглядзіце, які сціплы, а ён жа па гэтай частцы эксперт... Як ён глядзіць на німфу... Які баязлівы. Які збянтэжаны! Хто б мог падумаць, што гэты ціхоня закруціць са свайго лёсу такую завею. Такую буру!

Кожны дзень прыходзіў гэты Марсій падглядваць за маладой красуняй. Скрозь галінкі вярбы выглядваў, як яна купаецца... Але толькі-толькі яна, голая, выходзіла з вады, сарамлівы Марсій адбягаў у бок. Закаханы сатыр не адважваўся. Ён бянтэжыўся. Ён быў стары... І толькі з аддаленага пагорка, хаваючыся, ён назіраў за німфай. Як яна кладзецца адпачыць... Як засынае...

Аднойчы, на гэтым пагорку, Марсій спатыкнуўся і балюча наскочыў ступнёй нагі на якісьці прадмет. Вы, вядома, памятаеце — калі ведаеце! — што ў траве была флейта.

Ага! Вось што яе прывабіць да яго!.. Сатыр сеў на пагорку і зайграў. І як таленавіта зайграў... Але німфа не прачнулася і не прыбегла. Бываюць такія жанчыны. Яшчэ мацней спала... Ёй здавалася, што ў трыснягах спявае вецер... Яшчэ саладзейшымі былі ад цудоўнай музыкі яе дзявочыя сны.

Затое на натхнёную музыку набеглі з блізкіх паселішчаў людзі, якія жылі там. Гэтыя смяротныя, гэтыя сяляне (простыя старажытныя грэкі) захапляліся яго мелодыямі і крычалі наперабой, што сваёй ігрой сатыр перасягнуў усіх... усіх!.. ён пасароміў самога Апалона! Людзі любяць параўноўваць натхнёнае з боскім. А тое, што параўнанне з багамі небяспечна, мітуслівым людзям неяк без розніцы.

Сатыр Марсій адважыўся не адразу. Вагаўся... Але яму так хацелася, каб німфа прыйшла на спевы яго флейты, на яго трыумф. І ён сказаў «так» — ён пагадзіўся прыйсці на свята Апалона, дзе ён, просты сатыр, будзе іграць у гонар бога. І можа быць, лепш за самога бога.

А німфа так і не з’явілася. Або, як кажуць іншыя, з’явілася, але, захопленая вялікай і шумнай тусоўкай, круцілася дзесьці воддаль. То там, то тут... Ёй усё цікава! Калі стары Марсій, вылупіўшы вочы, выдзімаў чароўныя гукі, яна нават не падышла бліжэй... Затое падышоў Апалон. Бог з’явіўся ва ўсёй красе. Яго раздражнілі чуткі аб майстэрстве нейкага сатыра. Ён узяў у рукі флейту і зайграў. Затым узяў ліру — і зноў зайграў. Ён, зразумела, перамог. Ён перамог, але не падабрэў... Разгневаны дзёрзкасцю выскачкі, бог адразу ж пасля сваёй перамогі даў усім пра сябе ведаць — ён садраў з Марсія скуру і на доўгія вякі павесіў яе на дрэве. Мала таго што яе трапаў там вецер. Яшчэ і боль прыніжэння. Вытанчаны боль! Пры ўсякім блізкім гуку чыёй бы там ні было флейты скура небаракі сатыра пакутліва тузалася... Трапятала.

А німфу пры гэтым, дзе б яна ні знаходзілася, адразу хіліла ў сон. І яна засынала.

Лекар Недаплёсаў хоча, каб мы зліліся з тым заэкранным аліўкавым гаем. Каб пачуццёва і прытым спакойна (без боязі вокрыкаў і лаянкі з боку) паназіралі за німфай... Лекар упырсквае, навязвае нам у падсвядомасць вялікую першапачатковую дабрыню: вялікую ўсёдазволенасць грэчаскіх міфаў. (Дзядуля Фрэйд быў бы таксама задаволены. І зразумела чаму. З аліўкавым алеем, але каша тая ж.)

І няма чаго бянтэжыцца ўзроставай розніцай старога сатыра і маладухі німфы. Так было і ёсць. Шмат-шмат разоў было... Прэч ханжаства! (Асабліва жанчын за пяцьдзесят.) Вякі і вякі жывапісцы былі ўражаны німфічным сюжэтам. Іх узрушвала! Яны не маглі стрымаць пэндзаль. Ды так, што і сам пэндзаль мітусіўся па палатне. Пэндзаль ледзь паспяваў за іх уяўленнем... Пэндзаль падглядваў!

— Вы паглядзіце, якія вы моцныя... Агурочкі... Ну так, сэрца... Ну так, язва... Хваробы на месцы. Але, калі я сказаў медсястры Арышы (запаўнялі карткі), колькі кожнаму з вас гадоў, яна ледзь не ўпала з крэсла. Адзін у адзін. Гвардзейцы... Вы яшчэ дасце ўсім шоргату! Дзібыкін заўтра паб’е Тайсана. Але беражы вушы, стары!.. А галоўнае... Галоўнае, вы ўсё — доўгажыхары! Дар неба!

Слова «доўгажыхары» ён уціснуў у нас памацней. Паўза.

— У самім па сабе падглядванні няма нічога ні злачыннага, ні нават амаральнага... Але...

І Недаплёсаў робіць нарэшце прамую практычную выснову. Падагульняе. Дзеля нас, дзеля старэч... Ён вывернуў міф у прытчу.

— Вы зразумелі?.. Марсій быў пакараны. Пакараны за выклік. Вы зразумелі, спадары сатырмэны? Вы можаце колькі заўгодна марыць пра німфаў і пускаць сліну... Вы можаце аблізваць экран у паўночных эратычных фільмах. На карцінках... На пляжах... Вы можаце лавіць поўны кайф. Але... — голас псіхіятра цвярдзее, — але — не настойваць... Але — не кідаць выклік... Але — не лезці са сваёй флейтай у чужую прыгрэтую пасцельку.

Лекар Недаплёсаў мяняе слайд, і на сцяне ажывае яшчэ адна сонная німфа... А гэта хто?.. Адкуль яны? Адразу два сатыры. Абодва чорныя целам... Абодва затаілі дыханне... Яна кашляне, і іх садзьме ветрам. Яны амаль навісаюць над белым (і быццам бы безабаронным) яе целам. Уільям Эці. «Німфа ў сне і сатыры». 1828. Лонданская нацыянальная галерэя.

Роспіс на вазе. «Афіна і сатыр Марсій». V стагоддзе да нашай эры. Ага! Гэта ж перадгісторыя нашага небаракі. Гэта калі Марсій, наступіўшы ў траве нагой, знаходзіць флейту... Значыць, геніяльная флейта першапачаткова належала багіні Афіне. Чужая флейтачка была!

Пусэн. «Сатыр і німфа». 1630. А вось тут німфе нудна. Ёй нуднавата. Сатыр ад яе ўсяго ў двух кроках і на ўсю моц прысёрбвае з бутэлькі. Стары дапушчаны! Цуд!.. Але блізкасць ад німфы ў кроках (у двух кроках!) яшчэ не азначае, што наш старэча дасягнуў поспеху. Німфа проста дазваляе яму напіцца. Хто ведае — можа, ён, п’яны сатыр, яе павесяліць. Каб ёй развеяцца. Каб заняць час... Дай, дай яму яшчэ выпіць, малыш Эрат. Хай сербане! Гэткі казёл!..

А там паглядзім, паглядзім... Глядзіш, і на нашым гарызонце хоць нейкі, хоць дрэнненькі герой паўстане. На ўскрайку аліўкавага гаю... Стомлены-запылены герой-мужчына... А гэтага казла... гэтага сатыра тады прэч! Адразачку ў шыю!

— Мяняйце ракурс! — гарлапаніць Недаплёсаў. (Калі я ў дрымоце, любы голас жахліва гучны.)

Я жмуру вочы, каб не выпасці з дазволенага (з межаў мастацтва) і не вываліцца праз уласныя зрэнкі туды — да гэтых сонечных пагоркаў. Да кучаравых аліў і да белацелых, гладкіх німфаў, што спяць у цяні... Што мне там рабіць? Што там зменіцца ад маёй прысутнасці?.. Адным сатырам больш.

Я ведаю, што я ніякі не сатырмэн («э» ці «е» — не важна). Я тут проста цікаўлюся. Лёгкі выпадак!.. Я звычайны ўлюблівы старэча. Такім, верагодна, і памру. І няхай. Я, вядома, шмат чуў, што многія старыя сатыры запэўніваюць саміх сябе, быццам яны ўсяго толькі ўлюблівыя. (Я гэта дапускаю.) Няхай так... Навошта спяшацца з развязкай. Праз «э» або праз «е», але на карцінкі я ўжо нагледзеўся. Удосталь. Я растоптаны мастакамі. І я вось-вось стану цалкам згодны, што за межамі мастацтва (на перыферыі душы) чалавек нікчэмны. Чалавечак малы. Ён дробны.

Гэта я тут малы і дробны... І, калі я бачу выдатны жывапіс, мне ўжо не хочацца падарваць гэты свет. Ужо няма часу для манеўру. Ужо няма прасторы на выпадак адступлення. Кроў віруе, але я стары, і вірлівая кроў падарве мяне, а не свет.

Ж. Ф. Ж. Салі. «Сатыр з казлянём». 1751. Вось!.. Вось дзе знайшоў сатыр (а з ім і, нагледзеўшыся карцінак, сатырмэн) роднасную душу!.. Вось з кім яму проста — з маленькай чатырохногай істотай. І які ж стаў спакойны гэты малайцаваты мармуровы сатыр. Які прыгожы. Ён — частка прыроды. Ён сам яшчэ казляня. (Ён яшчэ толькі заўтра ўбачыць німфу. Толькі заўтра... пасля чаго цэлы камяк пакут абрынецца на яго.) Не сыходзіць бы яму з дзяцінства... з маленькага казлінага раю...

Кліча?.. Але ці яна кліча? (Адзін з яе трох далікатных падбародкаў кліча. Адна з яе ста складак на жываце.) Даць ці не даць — вось у чым няма пытання. Для німфы гэтае непытанне расцягнулася на вякі... па прычыне бессэнсоўнасці адказу! Гэта для іншых пытанне. У вачах німфы — ні макулінкі думкі. Але фарбы, фарбы! Але які баль цела. Прама на траве. На смарагдавай траве. Белая булка, якая вытыркаецца з матулі Зямлі.

Ляжыць і ляжыць. Яна нават героя не чакае... Яна сама па сабе. Чакае прамень... Дажджу... Казурку... Лебедзя... Усё, што ні зваліся з нябёсаў!.. Але толькі не зямное, не бруднае, не сатырападобнае. Яна не разумее, пра што ты, калі ты сатыр. Сатыр для яе — бомж. Бомж-доўгажыхар... У сатыраў (амаль у рыфму) няма кватэраў. У сатыраў няма мартыраў. Чаго яшчэ?.. Няма сарціраў?.. З гэтым якраз у парадку. Сарціраў тут поўнае поле і аліўкавы гай... і яшчэ кусты, кусты, кусты...

Шэптам (каб не перашкаджаць іншым):

— Пётр Пятровіч... Памяняемся месцамі, га?

Гэта Чыжоў. Школьны настаўнік хоча капітальна памяняць ракурс. Нацэліўся... Перасесці на маё месца.

Але я матаю галавой і яму таксама шэптам: не... Маўляў, ракурс — таксама мера. Мне, маўляў, для ракурсу цалкам хапае таго, што я жмуру вочы. (Насамрэч я папросту ў дрымоце. Мне лянотна.)

Чыжоў накіроўваецца да Клюшкіна — той яго адразу разумее, і яны мяняюцца месцамі. Малайцы! Уяўляю, як нанава зайграў для іх аліўкавы гай. Як пасвяжэла ў іх вачах трошкі таўстуха німфа, якая ўжо паднадакучыла. (Недаплёсаў бачыць іх абмен, але не каментуе, значыць, ухваляе.) Потым Чыжоў спяшаецца да Дзібыкіна, зноў і зноў мяняцца... Стараецца! Двайны абмен — гэта ж двайны ракурс. Добры настаўнік — як добры вучань.

Хто ён? Які ён па жыцці, гэты настаўнік Чыжоў?.. Весялун завуч?.. Ці, магчыма, хімік у старэйшых класах? У старэйшых класах настаўнік-хімік абавязкова гуллівы, а то і манерны — хімічыць?.. Цікава, ці білі Чыжова бацькі дзяўчынак? Пасля скаргі дачкі-дзесяцікласніцы?.. Маё ўяўленне не цягне далей таго, што разочкі тры Чыжыка выганялі са школы. Аднак небарака гатовы і далей настаўнічаць, гатовы ездзіць далёка. Змяніць гэтую школу на іншую... Бо любіць прафесію. Прызванне!.. Дзе-небудзь на ўскраіне ўсё ж змог уладкавацца. У Падмаскоўі... Яго і адтуль са школы гоняць прэч! Гоняць як пенсіянера, які ўжо засядзеўся. Чыжык прыляцеў — Чыжык паляцеў!.. І выгналі б зусім, ды толькі хто ж яшчэ з педагогаў паедзе на ўсё лета ў жудасны постсаўковы школьны лагер. А ён паедзе. Абавязкова... А далей?.. Белыя палаткі... Падступае ціхая цёплая ноч. Такая цёплая, такая летняя! Якія чароўныя ў Расіі вечары... («Калі па-бытавому, ваш выпадак не самы цікавы. Вас не білі, — сказаў мне ў першую ж сустрэчу Недаплёсаў. — А мае кліенты ў асноўным з пабоямі».) Па-бытавому? Я магу ўявіць усялякія там жарсці-мардасці ў брутальнага Дзібыкіна. Але Чыжоў... Ды як можна біць высокага, танклявага, з добрым тварам, з мяккай бародкай, сімпатычнага Чыжова — як можна дубасіць Чэхава? Не паспеў зняць з носа пенснэ. Хамы!

Школьныя летнія лагеры — справа непачэсная, бязмежна нудная, і рэдка хто сам туды напросіцца. А ён напросіцца... Агульны выезд за горад. У гэтыя вартыя жалю фанерныя бярлогі і спехам зляпаныя палаткі. Холадна яму. Голадна. Пакусвае страўнік. Язва (на маладзёжна-камсамольскім харчаванні) дасца ў знакі... Але ён паедзе. З’есць што дадуць. Чыжык усё склюе!.. Аднак далей я ўжо з натугай, з вялікай цяжкасцю ўяўляю сабе, як ён, падобны да Чэхава, ноччу крадзецца паміж палатак... Месяц... Усе спяць... Завуч-мараліст, ён не спяшаецца. Ён ледзь дрыжыць, седзячы падоўгу ля прыадчыненай палаткі, сысці б яму зараз... Глядзіць на сакавітую старшакласніцу. Спіць дзяўчынка. Але, магчыма, і прыкідваецца... Не, не, ласкавы, ён толькі працягвае руку і здымае травінку з яе азяблага пляча... Свінства, вядома, пра яго так думаць. Ведаю, што свінства. Я цаню школьных працаўнікоў. Катарга.

Інтэлігент, рукі дрыжаць ад крыўды, а не ад расправы. Пабіты Чыжоў, я думаю, зусім без лютасці... Ён віскліва пакрычыць-пакрычыць, а потым доўга ўсхліпвае, плача.

3

Спякота... Спякота расслабляе... Німфа спала, аголеная, на самым ускрайку лесу, а сатыр Марсій, ап’янёны яе белым целам, глядзеў з кустоў. Не герой... рашучасць да сатыра так і не прыйшла. Ну ніяк! Тады ён стаў хадзіць кругамі. (Не набліжаючыся, але і не аддаляючыся. Не трывожачы сон німфы, але і не страчваючы яе з віду.) Кружачы на ўскрайку, Марсій і наступіў на зусім не трысняговую флейту.

З костак высакароднага аленя зрабіла тую флейту багіня Афіна. Раніцай яна грала выключна для сябе, а вечарамі, часам, — для ўсіх. І ніяк не магла Афіна ўзяць у толк, чаму ў такі вечар Гера і Афрадыта пасмейваюцца. Пераглядваюцца і нават пырскаюць, а між тым забава (флейтавая музыка) была новая і, несумненна, цудоўная. Тым больш дзіўна, што ўсім іншым багам яе ігра была ў радасць. Асабліва варыяцыі — перайманні ветру... Аднак яе сола не падабалася двум прызнаным прыгажуням. Таксама факт. Нежартоўная падрабязнасць!

Зайшоўшы ранкам у лес глыбей, Афіна села ля ручая і зайграла сама для сябе, сочачы за адлюстраваннем у вадзе. Вось яно што!.. Яна зрабілася такой непрывабнай: з раздзьмутымі шчокамі і напружаным ад недахопу паветра тварам. Ігра на флейце, аказваецца, брыдзіць яе чароўны прыгожы твар... Афіна адразу адкінула флейту, паслаўшы праклён усякаму, хто яе падыме.

А небарака Марсій падняў прадмет, які так чароўна гучаў. Марсій толькі хацеў прывабіць музыкай німфу. Наўрад ці ён разумеў, што ён кінуў выклік. Гэта сяляне так хітра падбілі сатыра, запрасіўшы яго на сваё свята. Маўляў, давай, давай! Маўляў, і німфа твая пакліканая... Прыйдзе...

А для большай раскруткі свята паінтрыгавалі і прыцягнулі на творчы паядынак самога Апалона з яго лірай... І бог прыйшоў. Бог хіба збаіцца... Нейкага сатыра? Цьфу!.. І канцэрт двух флейт пачаўся. (Затым і ўжо пазней загучала ліра.) Яны гралі дзень да скону — да цемры. Аднак спаборніцтва не цалкам выявіла пераможцу. Выявілася раўнавага. Выслухаўшы абодвух, сумленныя грэкі падзяліліся скандальна пароўну.

І вось чаму абражаны Апалон кінуўся да браткоў на Алімп... Ён сказаў — няхай вырашаюць багі. І сышоў ад багоў, пляснуўшы дзвярамі. Ён не вымольваў у іх галасы для пераліку. Ён не быў дробязным... І зразумела, што гэтыя хлопцы з Алімпа самі, па-свойску і без ваганняў, аддалі перамогу яму.

— Гора пераможаным, — сказаў Апалон.

І загадаў пакараць. Садраць з сатыра жыўцом скуру... Німфа была там... Яна не магла глядзець на яго пакуты і ўцякла на свой лужок. Выкупаўшыся ў гаі, прылегла на траву... А скуру небаракі Марсія тым часам павесілі ў гроце. На вякі... І вось што заўважылі: чуллівая скура артыста пачынала тузацца ў такт, дрыжаць, калі з паселішча даносіліся простыя, няхітрыя гукі флейты.

Аднак скура вісела нерухома, калі на флейце гралі багі.

Дзібыкін — відавочны сатырмэн. Буйнагаловы. Калматы... Магутны стары, камяк цягліц. Ён глядзіць на свет з тупой перавагай асілка і адначасова — з пранізлівым дзіцячым страхам. Ён хавае сваю дзіцячасць. Усе людзі для яго — дарослыя.

Паколькі загадана мяняць ракурс, ссоўваючыся направа-налева, Дзібыкін зрушваецца, але як дзіця — разам з зэдлікам. Яму здаецца, што так прасцей. Навошта раздзяляцца з сядзеннем і навошта адрываць азадак?.. Ён з зэдлікам суцэльны. Як скача жаба — метр направа цок-цок... метр уперад цок-цок... Ён не разумее, што яго перамяшчэнне цок-цокае, грыміць ува ўсіх нас у вушах.

Недаплёсаў робіць яму заўвагу:

— Дзібыкін, ты б’еш капытамі. — І ўсміхаецца, змякчаючы: — У нас, спадарства, свой кентаўр.

Да Дзібыкіна не дайшло. Ён скача далей. Пры гэтым ён не адрывае вачэй ад здобнай німфы на слайдзе — ад белай плямы, што дражніць і хвалюе. Цяпер налева цок-цок!.. На падбародку нітка сліны.

Я ў дрымоце. Вакол мяне багі, сатыры, німфы... чаму б і не кентаўры?.. Глыбокае міфалагічнае паглыбленне.

— Ва ўсе стагоддзі кентаўры выклікалі ў чалавеку самыя ўзнёслыя пачуцці.

Не зусім так, спадар Недаплёсаў. Не зусім так... Па некаторых непапулярных міфах, КЕНТАЎРЫ — вырадкі. (За кошт чалавечай паловы.) Гэта не забылася. Не ўсе пра гэта забыліся... Падобна, што з’едлівы брытанец Свіфт не цярпеў кентаўраў. Яму хацелася разарваць недарэчны гібрыд зноў напалам. Яму хацелася праўды. Назад, назад!.. Яго цягнула да чысціні першапачатковых элементаў. І Свіфт падзяліў напалам кентаўраў — на выдатных коней і брыдкіх еху.

Калі гаворка пра скуру небаракі Марсія, наш магутны Дзібыка пачынае нервова ганяць жаўлакі. Ціха, але ўражвальна скрыгоча зубамі. Ён бы ім не даўся. Ён бы выратаваў сваю скуру (у самым прамым сэнсе). Ён бы паказаў ім усім, што пачым. І ён сам абадраў бы бакі гэтаму Апалону! І яшчэ невядома, чыя скура дрыжала б на ветры век за векам...

І раптам, крутануўшыся на падлозе з зэдлікам разам, кентаўр Дзібыкін крычыць на ўвесь клас. Ён гучна крычыць. Ён зразумеў сутнасць глыбей за ўсіх нас:

— Галоўнае — не наступіць на флейту!

— Пётр Пятровіч... Ракурс! — Гэта зноў Недаплёсаў.

Я адгукаюся не адразу.

— Пётр Пятровіч!

— Я мяняю, мяняю... Я жмуру вока.

— І што далей?

Лекар Недаплёсаў абганяе мяне. З лёгкай іроніяй ён дагаворвае за мяне маю фразу:

— ...І далей німфа пачынае пераследаваць вас сама. Так?

Ды няхай іх і далей іранізуюць... Мяне не зацягвае і не захапляе хуткая змена іх пунктаў гледжання. Рынак!.. Не ўдзельнічаю! Не знаходжуся... Вакол, маўляў, абменнікі, базар, усе яны з’ехалі з глузду, а я вось не — я толькі шчуру вочы. То правае — то левае. Адзіная змена, да якой я схільны.

Але ўжо і Дзібыкін пакінуў у спакоі свой цок-цокальны зэдлік і падключыўся да змены месцаў Клюшкіным і школьным настаўнікам Чыжовым. Цяпер іх трое. Навошта ім я?.. Вось ужо мянялы!.. Усім траім у кайф. Наперад, старэчы! Наперад, выдыхлае ўяўленне! Калі наехаць вокам яшчэ бліжэй, яшчэ імклівей і вастрэй, то ты і зусім гаспадар гэтага прыціхлага аліўкавага гаю, гэтай соннай травы — гэтай маладзенькай жанчыны ў сне. Прыкрытай чым?.. А нічым — толькі вузкім кавалкам тканіны, які лёгка віецца між яе пухлых белых ног. Між ляжак, калі ўжо напраўду.

Яны мяняюцца месцамі, усё паскараючыся. Клюшкін мяняецца з Чыжовым, настаўнік Чыжоў, няўрымслівы, — з Дзібыкам!.. Дзібыка — з Клюшкіным — а Клюшкін зноў з Чыжовым!.. Нон-стоп... Калі зірнуць зверху — карцінка змен яшчэ больш дынамічная. Быццам хтосьці велічэзны (хтосьці нябачны) гуляе дзядкамі ў тры напарсткі.

Аднак і новаздабыты пункт гледжання прыносіць сатырмэнам, відавочна, нядоўгую радасць. Гэтыя ўзаемныя пераскокі з зэдліка на зэдлік (з цёплага на цёплы) пачасціліся. Замільгалі мае дзядкі. Замітусіліся. Туды-сюды... Сюды-туды... Вось толькі той, хто апынуўся пры змене месцаў ля акна (там у шчыліну праціснуўся ранішні праменьчык), кожны раз не-не дый затрымліваецца... Заседзеўся... Але яго гоняць, яму даюць зразумець: пара, пара!..

А вялізны нябачны напарстачнік яшчэ і дадаў у хуткасці. Якімі сталі паспешлівымі — пад яго рукамі — усе трое. Якія усхваляваныя. Ледзь змяніўшы ракурс, хочуць мяняць зноў. (Добра, дзе нас няма!)

— Пётр Пятровіч, — шэптам аклікае мяне Чыжоў.

Падскочыў і крануў за плячо — маўляў, і з табой, давай-давай, памяняемся зэдлікамі, ідзі на маё месца да акна!

Я ківаю галавой — не хачу.

А ён, настырны, яшчэ і прыспешвае — ідзі, ідзі, Пётр Пятровіч, тут табе цьмяна. І холадам цягне. Дзьме нават.

— Зусім мне не дзьме.

— Дзьме, дзьме! Табе дзьме! — настойліва цісне на маю псіхіку стары школьны настаўнік.

Якая дурасць. Усё жыццё (і кожны гэта ведае) нам цягне і дзьме якраз ад акна, а не ад сцяны. Недарэчнасць такую мог выдаць, мог ляпнуць Дзібыкін... І Клюшкін мог... Але ніяк не школьны настаўнік.

Настырны Чыжоў ледзь не сілай падымае мяне з зэдліка. Вось прычапіўся! Я падпарадкоўваюся чужой волі і, так і быць, іду да акна мяняць ракурс. Плюхаюся на Чыжыкаў зэдлік і гляджу на экран — ну і што тут новага?.. Тая ж самая вечна прыўкрасная і вечна голая наяда... Той ж прылізаны поплаў. Тыя ж кучаравыя алівы ў ненашанскіх гаях... Але вось ад няма чаго рабіць (і ад няма чаго глядзець) я зірнуў у прасвет завешанай фіранкамі прасторы — у акно. Мама родная!

У будынку, што побач, на першым паверсе — ля самага акна — спала маладая дзяўчына. Жыўцом!.. Спіць, паўпрыкрытая, з пульхнымі шчочкамі і настолькі жыўцом, што на яе падбародку застыла маленечкая слінка. Выпаўзла з куточка яе вуснаў... Амаль скацілася... Плячо і адна з грудзей (у абыход лёгкай коўдры) выдатна праглядаліся. Але асабліва ярка, кідка, спакусліва ззялі яе белыя каленкі. Цуд!

Гэты будынак (у тры паверхі) па задуме быў, хутчэй за ўсё, рэабілітацыйным аддзяленнем. За вялікімі нямытымі вокнамі там можна было бачыць шведскую сценку, трэнажоры... Нават баскетбольны шчыт з кольцам. Усё гэта пакуль што пылілася і ржавела. Казалі, нехта купіў... Казалі, вось-вось... Аднак будынак пуставаў. А дзяўчынка ў пустым доме — як начны вартаўнік, на ўсялякі выпадак. Ад нас, калі лічыць, усяго ў пятнаццаці-дваццаці кроках. Спіць цуд!.. Вось чаму да «аконнай пазіцыі» прама з зэдлікам скакаў Дзібыкін! Вось чаму кожны са старэч спяшаўся, рваўся туды. Вось чаму гэтыя слінявыя так ліхаманкава мяняліся!.. Цяпер і мяне адсюль папросяць. Маўляў, заседзеўся ты, Пётр Пятровіч!

Звычайная справа нашых дзён: маладая дзяўчына вартуе начамі мёртвы будынак. Прыгляд. За грошы, безумоўна... Раптам я разумею, што рукамі, пальцамі, ледзь не пазногцямі я ўчапіўся ў зэдлік пад сабой... пальцы да болю! Не пайду адразу! (Пераводжу вочы з акна на дэманстрацыйны экран — з німфы на німфу.) Мяне ахоплівае лёгкая паніка. Я тут не вечны. Вось-вось адсюль прагоняць.

Я зусім не спакушаны гэтым жывым целам: дзяўчына прыгожанькая хіба што па маладосці. Напэўна прастуджаная (па надвор’і)... Злёгку смаркатая (са сну). І, шчыра сказаць, німфа жывая — прайгравала німфе-карцінке. Але яна, жывая, ударыла, стрэліла мне па мазгах. Яна разбудзіла. Толькі цяпер я быў там... У аліўкавым гаі. Я туды ўляцеў... На хуткасці!.. — і толькі цяпер німфа на экране ажыла цалкам. У сапраўдны жывапіс трэба ўрывацца. Менавіта так. Урывацца, а не ўваходзіць з заміраннем сэрца. У жывапіс трэба скакаць — скакаць з трампліна. (Як скачуць на лыжах. На выцягнутых, ледзь раскарачаных, хісткіх лыжах, якія імчаць па паветры.)

Ад дубля жыцця і жывапісу сціснула сэрца. Гэтай прагі не растлумачыць. Я самлеў... А дзяўчына ў сне ледзь павярнулася. Таксама ведае. (Мяняе ракурс.) І коўдрачка і прасцінка ледзь спаўзлі... О Божухна... Вось яно як. У заспанай небаракі... У яе... У гэтай дзяўчыны не было ступні. На левай назе.

На шчасце, рагом коўдры былі прыкрыты яе пахвіна і жывот. Класіка паставы. І так нясцерпна ярка і дзёрзка зіхацелі гэтыя выстаўленыя белыя каленкі.

Думка ўключылася — я шукаў вачыма мыліцы. Альбо кульбу з апорнай ручкай... Няма... Нічога...

Але ўважлівае вока знайшло. Вока наткнулася... Пад раскладушкай, на якой скалечаная дзяўчынка спала... Здымны пратэз. На ноч яна яго з нагі здымае. Танны... Грубы, жудасны чаравік. Шнуроўка... і скрэпы.

— Без пратэза ёй лягчэй. Ёй, вядома, лягчэй... Спаць лягчэй, — спачуваючы, бубніў я невядома каму. (Самому сабе. Заспетаму знянацку.)

А са спіны да мяне ўжо падабраўся Чыжоў. Ужо прыспешваў (паглядзеў?.. вызваляй, вызваляй месца!).

— Не туды глядзіце, — заўважыў ён мне.

Маўляў, ступня ступнёй — а глядзець, маўляў, на дзявочыя ногі трэба крыху вышэй. Казка ў выгібе... Прыгажосць... Убачылі?.. Казка ў выгібе ­кален.

— Не зразумеў... што? — перапытаў я. — Што вы сказалі?

— Не я... Гумілёў, — прабурчаў стары школьны настаўнік, крыўдуючы на татальнае невуцтва мас. — Сказаў паэт Гумілёў. Казка ў выгібе кален.