Заклікаеш добры сон — ён у жах ператвараецца...

* * *

Заклікаеш добры сон — ён у жах ператвараецца,
глянеш супастату ў спіну — а ён павяртаецца,
Растлумачваеш на пальцах — пяць і пяць не сходзіцца:
ходзяць чуткі, ажываюць, духі ў думах водзяцца.
Гоніш прэч ліхую жарсць — зморшчынай высоўваецца,
вызваляеш свет ад чараў — а ён заварожваецца.

Людзі разглядаюць ноч і люстэркі брудныя,
лямантуюць ваўкалакі, нібы ноччу суднаю.
Двайнікі тут, шулеры ды чарцякі грэшныя,
Бач, дзядуля-атэіст імі уваскрэшаны.
Гоніш ты нячыстых прэч, а яны высоўваюцца.
Вызваляеш свет ад чараў — а ён заварожваецца.

Прагне ежу люд здабыць, у камяк збіваюцца,
засынаюць на хаду і не прачынаюцца.
Хоць трубі ім у трубу — мітуснёю мучацца,
толькі чутна: «Бу-бу-бу», вочы не расплюшчваюцца.
Разрываеш ланцугі — зноў яны выкоўваюцца,
вызваляеш свет ад чараў — а ён заварожваецца.

Па навуцы растлумач, не кажы загадкамі:
як звязаны плоць з душой, яблыня з ападкамі.
Жах у дзірах, шчылінах ад святла хаваецца,
Дзед-нябожчык і натоўп пад шумок зліваюцца.
Выпраўляю план, ранжыр — ён не ўтрамбоўваецца,
Вызваляеш свет ад чараў — а ён заварожваецца.