Тайнік
Пакуль святар праводзіў абрад, муж утрымліваў за дзвярыма дзяўчынку, іх дачку, чымсьці падобную да малпачкі. Дзяўчынцы адразу ж стала сумна і крыўдна ў бальнічным калідоры, таму яна рвалася ў палату, нічога не жадаючы разумець. Ёй падабалася рабіць тое, што прыцягвала ўвагу. Кемлівасці хапала толькі для маленькіх, але цалком жаночых хітрыкаў. То яна ўсім выглядам выказвала, што знарок жадае, каб бацька пачаў на яе сварыцца, і што ўсё роўна яна не баіцца. Затым, зрабіўшыся пяшчотнай і робячы выгляд, што скарылася, дзяўчынка рэзка кінулася да забароненых дзвярэй, наскочыўшы на тату, але аказалася прыкаванай да ягонай рукі. Выкарыстаўшы, здаецца, усе магчымыя выкрутасы, каб дабіцца свайго і перамагчы, малая крыкнула бацьку, што ён злы, чужы, і выгукнала яшчэ плаксіва: «Мамачка! Мамачка! — за што бацька імгненна і бязлітасна пляснуў па вуснах. Тады яна і сапраўды заплакала, глытаючы з усхліпамі паветра, быццам яе ім кармілі, спалохана набіўшы поўны рот. У вачах усё раптам расплылося. Стала страшна... Яна нібыта аслепла праз слёзы. Дзяўчынка выцірала іх, бясколерныя, і глядзела на свае далонькі з пакутлівай грымасай, але як быццам баялася выпацкацца і жадала паказаць яшчэ камусьці нябачныя свае боль і кроў. І, здрыгануўшыся, выціснула з камячкамі дыхання, па складах, нібыта паміраючы: «Я пра-глы-ну-ла сва-ё сэр-ца...»
Бацьку было ўсё роўна — ён утаропіўся ў бальнічную сцяну.
Мамачка — яна ведала — раззлавалася б і прымусіла дзяўчынку змоўкнуць.
У іх нарадзілася новае дзіця — а яе нікому не шкада.
І тое, што адабралі ў яе, аддадзена яму.
Падобнае да лялькі, але жывое, немаўля гэтае выклікала ў дзяўчынкі адну толькі агіду. Калі б яно было лялечнае, было яе цацкай — яна зламала б яе, адарвала б і ногі, і галаву, ані кропелькі аб гэтым не пашкадаваўшы. Таму што гэтае малое ўвесь час штосьці патрабавала: пішчала, плакала, гарлапаніла, пэцкалася і наогул здавалася дзяўчынцы нейкай пачварай. Але пачвара гэтая належала бацькам — і дзяўчынка баялася нават дакрануцца да яе без іх дазволу.
Дзяўчынцы казалі, вядома ж, што яна ўжо вялікая і павінна гэтую істоту любіць.
Што гэтая істота — яе родны брацік.
І яна цярпела і чакала, калі ж ён памрэ: слабы, агідны, лішні.
Яна думала аб гэтым міжволі, лёгка, упэўненая чамусьці, што дастаткова захацець — і яе жаданне здзейсніцца.
Яна ж толькі захоўвала маўчанне — таямніцу.
Нават быццам бы нечую, а не сваю, таму што самой было невядома, як і калі гэта адбудзецца. Але яна верыла — як верыла б камусьці таму, хто ведаў.
І таямніца ні кропелькі не мучыла.
Хацелася толькі як мага хутчэй выкінуць з памяці браціка: заснуць, а прачнуўшыся, убачыць, што яго больш няма і што зноўку яна любімая, адзіная.
Яна была ўпэўнена, што бацькі забудуцца пра яго, як пра яе, калі нарадзілі яго для сябе, каб любіць больш, чым любілі яе.
Забудуцца і перастануць шкадаваць, што ён памёр.
Яна маўчала і ў храме, куды яе вадзілі распавядаць святару пра свае кепскія ўчынкі і атрымліваць за гэта ўзнагароду.
Дзяўчынка ведала, што на небе ёсць Божанька, што гэта ён стварыў зямлю, прыдумаў людзей і што кожны чалавек павінен яго слухацца. А тых, хто не слухаецца, ён карае, прымушае хварэць альбо зусім забівае.
Бацька хадзіў з імі ў храм, калі яго прымушала мамачка. Ён быў смешным, таму што не верыў у Божаньку, лічачы сябе вельмі разумным. Мама казала, што яго дрэнна выхавала бабуля Верачка. Казала, што тая вярзе ўсялякія глупствы, ды і сама такая ж. Дачка слухала — і ахвотна смяялася, таму што верыла мамачцы як сабе. Бачыла, што мамачка закахалася ў Божаньку — і таксама вельмі жадала закахацца. Прымаючы за казку, прасіла чытаць перад сном кніжку пра яго. Засынаючы, думала, што адлятае да яго на спатканне, прама ў нябёсы. І мама называла яе «мой анёльчык».
Дзяўчынцы здавалася, што царква — гэта дом, у які яны прыходзілі ў госці.
Яна малілася, як яе навучылі, і хрысцілася, каб спадабацца Божаньку і мамачцы, адчуваючы сябе там, знутры, нібыта запрошанай на свята, амаль дзіцячае, калі б яшчэ дазволілі бегаць, шумець і смяяцца.
Затое можна было запальваць свечкі — як на торце ў дзень нараджэння.
Упрыгожваць іх агеньчыкамі храм.
Дзяўчынцы падабалася ўсё прыгожае — а ў царкве было прыгожа.
Але больш за ўсё яна любіла цалаваць карцінкі — іконы, на якіх бачыла Божаньку, разглядаючы яго, затаіўшы дыханне, і часам, калі мроілася, што не яна, а ён уважліва і строга глядзіць на яе, бессэнсоўна і амаль шчасліва дасылаючы яму, нібыта жывому, хуткую радасную ўсмешку. І дзяўчынка заўсёды атрымлівала сваю ўзнагароду, а мамачка ганарылася, любуючыся, якая выдатная ў яе дачка. І яна таксама ганарылася, любавалася сама сабой.
Святар быў добры. Дзяўчынка яго не баялася, засвоіўшы, што прызнавацца яму трэба ў тым, аб чым ужо ведала мамачка і за што сама дзяўчынка адчувала, прытым шчыра, сваю віну. Затым святар хаваў дзяўчынку пад свой залаты фартушок, штосьці прагаворваў над галавой і дараваў. Затым хаваў мамачку — і таксама дараваў. Але тая ніколі не расказвала дачцэ аб сваіх грахах, а падслухаць, як ні спрабавала, дзяўчынка ніводнага разу не змагла. Толькі бачыла, што мамачка плакала. Горка, нібыта яе пакрыўдзілі. Сама дзяўчынка не магла так заплакаць, нават прыкінуцца, хоць вельмі і вельмі жадала быць падобнай да мамачкі, рабіць усё так, як робіць яна. Мамачцы, напэўна, было чамусьці вельмі страшна. Але дзяўчынку, калі што і палохала, дык гэта маміны слёзы.
Яна прасіла ў Божанькі даравання і здароўя — для сябе, для бацькоў. Прасіла, каб мамачка з татам выканалі яе жаданні, хоць гэта нават смешна — прасіць у Божанькі тое, што могуць купіць тата з мамай.
Але, калі з’явіўся брацік, дзяўчынка раззлавалася на Божаньку.
Яна не прасіла браціка — а ён з’явіўся.
Пакрыўдзілася на бацькоў і перастала маліцца перад сном: усім на злосць.
І ёй нават не было страшна, таму што яна не баялася смерці.
Смерць уяўлялася ёй чымсьці смешным.
У думках яна даўно вырашыла, што хварэюць і паміраюць нейкія дурні.
Знікаюць — вось і ўсё. Робяцца паветрам — і таму іх больш не бачна.
Сябе дзяўчынка лічыла разумнай, таму што бацькі яе былі ўрачамі. І, калі ў яе пыталіся: «Кім ты жадаеш стаць, калі вырасцеш?» — адказвала: «Я буду ўрачом». А яшчэ, выклікаючы ў сябе ж самой захапленне і прыступ смеху: «Я жадаю кахаць мужчыну і ведаць некалькі моў!»
Тата раніцай адвозіў яе на сваёй машыне ў гімназію — там яна вучыла англійскую мову і сядзела за адной партай з прыгожым багатым хлопчыкам.
Мама на сваёй — забірала і адвозіла на ўрокі танцаў.
Дзяўчынка любіла разважаць, здавацца дарослай.
Думаць і ўяўляць сябе дарослай было вельмі лёгка.
Гэтая лёгкасць нічога не давала адчуць.
Але злосць і крыўда — вось што прымушала дзяўчынку адчуваць разгубленнасць, бяссілле.
І самае невыноснае — шкадаваць сябе.
Здавацца самой сабе непрыгожай і старой.
Калі браціка хрысцілі, гэта быў самы незразумелы і жахлівы для яе дзень. Яны ехалі ў машыне. Дзяўчынка забілася ў куток на заднім сядзенні, падціснуўшы ногі, і маўчала, але на яе не звярталі ўвагі. Немаўля ляжала там жа, ва ўласнай калысачцы: абярнуўшыся, яе пагойдвала адной рукой мама. Затым немаўлятка ўзяў на рукі бацька і з хваляваннем, якое ўраз змяніла звычайна такі непранікальны выраз ягонага твару, панёс у царкву. Раптам зніклі ўсе думкі. Усё, што бачыла, здавалася дзяўчынцы сном. А потым яна ўжо нічога не памятала — толькі тое, што яе за руку трымала гэтая дурнаватая, нікому не патрэбная бабуля Верачка. Напэўна, яна сама жадала б памерці, пакінуўшы іх усіх: мамачку, бацьку, браціка і нават Божаньку. Заснуць — і не прачнуцца. Толькі ў той момант, калі немаўлятка акуналі з галавой ў купель — а ён вынырваў і крычаў, — падалося, што брацік патоне і памрэ. Але яго адразу ж выцягнулі з вады.
Ужо дома дзяўчынка кінула на падлогу сваю любімую іконку з Божанькам, якую ёй некалі купіла ў царкве мамачка, але потым, азіраючыся ў пустым пакоі з ніякаватай усмешкай, падняла і акуратна паставіла на месца, каб ніхто нічога не заўважыў.
І не ў чаканні чагосьці, а таму што больш нікому не верыла, дзяўчынка змірылася з тым, што брацік жыў і што ўсе яго любілі.
Але раптам штосьці адбылося не з гэтай істотай — з мамай.
Мамачка ляжала ўвесь час у ложку, амаль не падымаючыся.
Яна казала, што вельмі стамілася.
А потым ад’ехала — і яны засталіся адны.
Мама шмат разоў ад’язджала — у іншыя краіны, гарады, — і гэта не засмучала дзяўчынку, ёй падабалася заставацца з бацькам. Зараз мамачка адпачывала ў бальніцы — зусім непадалёку, дзе людзі, як здавалася дзяўчынцы, нічога не рабілі, толькі елі, спалі і слухаліся ўрачоў. Бацька перастаў хадзіць на працу. Яны ўсё рабілі разам: гулялі, рыхтавалі сабе ежу, мылі посуд, глядзелі тэлевізар. Дзяўчынка адчувала, што тата прывязаўся да яе, нібы зусім забыўшыся пра маму, і яны зрабіліся чымсьці чароўна адзіным, свабодным, рабілі ўсё, што маглі пажадаць, але што забараніла б, напэўна, мамачка. І дзяўчынка старалася, дапамагала з брацікам і нават ганарылася тым, што так патрэбна яе падтрымка. Калі ж заставалася з брацікам сам-насам, падкрадвалася да ягонага ложачка ды марыла аднесці з дому і куды-небудзь выкінуць, пакуль ён спаў. Але брацік прачынаўся — і дзяўчынка зноўку прыкідвалася, што яна ягоная мама, а той верыў.
Было так лёгка яго падмануць.
Ён да гэтага часу не ведаў, напэўна, хто ж яго мамачка, не памятаў — і не любіў, не шкадаваў яе ні кропелькі, таму і яго не было шкада.
Яна яшчэ не думала, што гэта праз яго захварэла мама...
Хвароба мамы раніла толькі самалюбівую яе цікаўнасць.
Дзяўчынка цярпець не магла сакрэтаў. Нават гэтая бабуля Верачка штосьці ведала, а калі прыходзіла дапамагаць, прыкідвалася гаспадыняй, уяўляючы, што дзяўчынка павінна падпарадкоўвацца ёй, як падпарадкоўвалася мамачцы. Вось і сёння — бацька не жадаў браць дзяўчынку з сабой. Ад яе хаваюць штосьці вельмі важнае — яна ўцяміла. Але гэты чалавек ў паношанай расе — святар — толькі і падаўся ёй падобным да дурня, так што яна, забыўшыся, хіхікнула і ўсё роўна, ні кропелькі не збянтэжыўшыся, знарок разглядала яго, прыкідваючыся вельмі дарослай. Можна было падумаць, што святара гэтага падабралі на вуліцы. Нават крыўдна зрабілася, што ён даведаецца пра ўсе таямніцы мамачкі. Дзяўчынка здагадалася: гэта будзе як у храме, у якім яны маліліся яе любімаму Божаньку, была ўпэўненая, што ўбачыць слёзы мамачкі і ўжо чагосьці чакала, назіраючы за тым, як мамачка, нервова ажыўшы і зрабіўшыся непрыгожай, да нечага падрыхтавалася.
Усталявалася маўчанне, у якім надрыўна і адзінока прагучала амаль умольна: «Выйдзіце... Ну, што ты стаіш... Вам нельга!» Тады дзяўчынка кінулася да маці, цалуючы яе руку, у якую ўчапілася так, нібы яе толькі што ўдарылі, лёгка падхопліваючы гэты ўмольны тон і выпрошваючы: «Мамачка! Любімая, мамачка! І я дрэнная! І я жадаю з табой!»
У гэты час наведваць хворых забаранялася. Аб усім дамовіўся яе муж, ён жа і згайшоў святара. Шукаў... Тэлефанаваў знаёмым, пытаўся — вядома ж, у тых, хто верыць, у праваслаўных. Яму не адважваліся штосьці параіць, галоўным чынам таму, што яшчэ не аказваліся ў падобнай сітуацыі. Але палохаліся: яна памірае? І ён коратка адказваў, спыняючы размову: «Ды не. Хоча жыць».
Хірург, сотні аперацый...
Ён быў упэўнены ў сабе, таму што ні ў што не верыў.
Корпаўся ў чужых кішках?
Ці было хоць штосці прыемнае ў гэтым занятку?
Ці мо было страшна?
Прывучыў сябе. Урачы не шкадуюць сваіх хворых. Калі б шкадавалі, то пачыналі б адчуваць і агіду, і страх.
Апендзюкі, грыжы, язвы... Ён атупеў: рэзаў і зашываў людзей, як гэта робяць, калі праводзяць хіба што менш гуманныя доследы над іх заменнікамі з плоці і крыві. Штосьці аднастайнае, тупое і робіць работу звычкай. Нават зарплатка — альбо, як нявесела жартаваў, «латка» — таксама. Усё, чаго жадаў, — хаця б выспацца. Звычайнае жыццё: сям’я, работа. Наўрад ці задумваўся над нечым іншым... Навошта ёй жыў? Гэтае пытанне рабілася пакутлівым, калі думаў аб дзецях, якім даў жыццё. Любіў па-мужчынску, як сваё, кроўнае. Працяг роду... Тое, што застанецца... Але з гэтай любоўю не мог бы перадаць аніякай веры... Ён ведаў, што складаецца з касцей, жылаў, мышцаў, нерваў. Што не баіцца сваёй смерці. Жыў для тых, каму быў патрэбны. І жыццё, і смерць — прамая лінія, якая вяла ў абыякавую бясконцасць. Там няма чаго і няма каго шукаць. А тут?
Поўныя вусны, вялікія грудзі, белая і мяккая, нібыта залішне вільготная скура. Усё нязграбнае, не сказаць каб надта прыгожае. Хутчэй, нават грубаватае, плоцевае. Ягоны тып жанчыны. У медыцынскім звычайна знаёміліся на адну ноч. Пераспаўшы, рабіліся сябрамі. Фізіялогія — вучэбны прадмет, такі ж, як патолагаанатомія. Усе спецыяльнасці — аднаполыя. Ну а роўнасць палоў — гэта сяброўства. Кола магло быць шырокім. І хадзілі па коле. Была ж у студэнтаў хохма: «Усе ўрачы — браты, а ўсе мядсёстры — шалавы!» Дактары — самыя гідлівыя людзі. Можа, таму, што сяброўства больш стэрыльнае, чым каханне? Складваліся пары: артапед і акуліст, кардыёлаг і ўролаг, стаматолаг і практолаг... Альбо, як яны, хірург — і дэрматолаг. Потым сем’і... Калі ўжо чамусьці не маглі адно без аднаго. Потым з многімі, з кім вучыліся, парамі сябравалі... Таварышы, калегі, эскулапы з адной на ўсіх клятвай: «Клянуся Апалонам, урачом Асклепіем, Гігеяй і Панакеяй, усімі багамі і багінямі, беручы іх у сведкі, выконваць шчыра, адпаведна маім сілам і майму разуменню наступную прысягу...»
Вяртаючыся дамоў пасля сутак у бальніцы, пакідаючы ў двары машыну, ён мала што ўспрымаў. Яна здагадвалася, маўчала, а ён не пераходзіў межаў, калі маніць было б бессэнсоўна. Агульнае — тое, што трэба дзяліць. І самае дзіўнае ва ўсім гэтым — агульнае дзіця. У яе з’явіліся грошы — свае. Раптам збіралася — і адпраўлялася ў падарожжа з невядомай сяброўкай. Калі адыходзіла, не абарочвалася. Гэта было спробай уцёкаў. Яна магла не вярнуцца, ён адчуваў. Казала, што адлятае ў Іспанію... Потым ў Тайланд... Вярталася разгубленная, спустошаная: дадому, да яго, да маленькай дачушкі. Усё ж прывозіла сувеніры, сіроцкія падарункі — але нічога не расказвала. Ён жа ні аб чым не пытаўся. Браў чужыя дзяжурствы — і дзён, калі хаця б начаваў дома, рабілася ўсё меней. Усё павінна было калісьці скончыцца. Некалькі разоў, напэўна, ён мог усё скончыць, калі б ударыў яе... Але вытрымаў. Таму што быў мацнейшы і нікому б не дазволіў сябе зламаць. Яна выклікала на гэта, ёй лёгка было выказаць яму самае жорсткае, калі словы — нібыта пляўкі. Пазбавіць сваёй блізкасці — а калі яна і здаралася паміж імі, фізічная, то гэта было штосьці такое, што не прыцягвала, а наадварот — адштурхоўвала. Патрабаваць, патрабаваць, патрабаваць... Альбо рабіць выгляд, што яго не існуе, не прызнаючы побач з сабой самое ягонае існаванне проста як чалавека — а затым даводзіць сябе да істэрыкі, лямантаваць, злосцю сыходзіць ужо ад адной ягонай прысутнасці... Толькі каб адчуў сябе нікчэмнасцю. І кожны дзень яна рабіла сябе яшчэ больш няшчаснай. Плакала, хныкала ў сне, нібыта маленькая. Абражаная сваім жыццём, бездапаможная, параненая знутры істота. Здавалася, што гэта хвароба... І ўсё тое, што адбывалася, яны ж самі хавалі, як праўду пра яе, пра хваробу. Ад родзічаў, ад блізкіх. І толькі гэтая змова маўчання працягвала штосьці такое ж нямое, адзінокае — падобнае да жыцця.
Думаў, усё пра яе ведае... Папіна дачка — прывязаная была больш да бацькі, чым да маці, ад якой пасля ягонай смерці пагардліва адхілілася. Ён, вырасціўшы, сышоў з сям’і, у поўнай сіле ажаніўся на маладзенькай дзяўчынцы, амаль яе аднагодцы, а праз два гады пакінуў тую ўдавой, сканаў ад неаперабельнага раку прамой кішкі Паміраў спакойна, абыякава, як быццам і сам усім здрадзіў і ўсе яму здрадзілі. Што яму ніхто не патрэбны быў, яна, дачка, асэнсавала, калі той, хто быў яе татам, адправіўся ў поўным адзіноцтве на спаленне ў топку крэматорыя. І яна, як і большасць людзей, што перажылі сваіх бацькоў, рабіла выгляд, нібы ўсё разумее. Напэўна, адчувала задавальненне, вырашыўшы, што даравала, і не выдаўшы пры гэтым сваіх пачуццяў. Яна жадала, каб яе любілі, але толькі яе адну. Гэта было свайго роду вар’яцтва. Таму раўнавала яго да маці, не жадаючы змірыцца з тым, што тая існуе.
Ён вырас без бацькі. Дрэнныя альбо добрыя, ува ўсіх яны былі. У яго ж — прочырк у пасведчанні аб нараджэнні. Маці хавала мінулае: ні размаўляць, ні думаць аб сваім бацьку сын не смеў. Было шмат законаў, па якіх ён рос, а парушаючы іх, рабіўся здраднікам, і калі яна яшчэ лічыла сябе ягонай маці, дык толькі таму, што знішчыла памяць аб гэтым чалавеку. Для яго гэта зрабілася чужой таямніцай: не мае значэння чыёй. Бацька мог жыць, мог ужо памерці — але яго не было. У рэшце рэшт, ён бы ніколі не змог стаць падобным да свайго бацькі, а якім ён павінен быць — вывучыла, нібыта пасынка, жыццё.
Аднойчы жонка пабудзіла яго пацалункам: дакранулася лёгка і цёпла да шчакі. Ён нібыта апрытомнеў ад адчування пяшчоты, быццам бы нарадзіўся нанова. Іншая, яна ўзнікла нібыта фантом, зрабіўшыся ўважлівай і клапатлівай, цярплівай і ласкавай. Але так, раптоўна, па яе волі, па яе жаданні, усё ў іх жыцці перамянілася. Гэта потым яна пайшла ў царкву і вадзіла маленькую дачку... Ахоўваючы, у кватэры паўсюдна з’явіліся іконкі. Верніца. Была... Зрабілася... Але, калі вярталася, на твары заўсёды панаваў выраз шчасця вызвалення — і ён, адчуваючы, як далёка ад яе, напружана заміраў, чагосьці чакаючы. Сутаргава ажыўляючыся, яна прыносіла мітусню з кожнай новай думкай аб чымсьці будучым, але што трэба было зараз жа выбраць і купіць, вырашыць і зрабіць. Ён падпарадкоўваўся і быў настолькі сляпым, што не заўважаў у яе стане больш сур’ёзных змяненняў. Сваю цяжарнасць яна ўтойвала. Падмануўшы, напэўна, ганарылася сабой. Цярпела. Хавала. І ўсё дзеля таго, каб, падрыхтаваўшы недарэчную вячэру са свечкамі, сказаць з загадкавай усмешкай, што выношвае ягонае дзіця і што гэта — яна ўжо ведала — хлопчык. Была шчодрай, шыкоўна выглядала. І паднесла свайму мужу самы дарагі падарунак.
Хлопчык будзе насіць імя бацькі — яна вырашыла.
Усё гаварылася лёгка.
Ён лёгка згаджаўся.
Лёгка потым было кожную хвіліну. Ёй хацелася святаў, і яна іх выдумляла: шпацыры ў парках, падарожжы за межы горада, званыя вячэры для сяброў. Дзіця нібыта спала ў чэраве маці і не дастаўляла клопатаў. Час адлятаў, адпушчаны на свабоду. Ён пачаў цягнуцца нясцерпна марудна бліжэй да канца. Тады яна зрабілася маўклівай, кожны дзень хадзіла на царкоўныя службы і, адгаворваючыся, што жадае пабыць адна, больш не брала з сабой дачку. А потым знікла, пайшла і не вярнулася дадому — і аб ёй нічога нікому не было вядома некалькі дзён... А ён шукаў яе дзе толькі мог — але не абзвоньваў моргі.
Вера — гэта чаканне. Самая сапраўдная. Калі верыш — чакаеш.
Ён павінен быў чакаць.
Яна нічога не разумела... Гэта зрабілася яму раптам так ясна. Калі вярнулася, то не магла адказаць ні на адно пытанне. І яшчэ гэта — мяккі, пяшчотны выраз шырока расплюшчаных вачэй, у якіх застыла штосьці жудаснае. Шчаслівая ўсмешка... З жыватом... На апошнім тэрміне цяжарнасці... Нікому нічога не сказала... Не звар’яцелая ж дурачка... І не стварэнне ж бяздушнае... Яна ўсміхалася і маўчала, чакаючы, калі ж скончыцца допыт. І, гледзячы на яе, ён спалохаўся самога сябе... Пазбавіць яе свабоды? Прымусіць пакутаваць? Але ў яе пад сэрцам ягонае дзіця. Усё трэба забыць. Калі нарадзіла, ён забыў. Ён дараваў. Нарадзіўся сын! І вось ужо сагравае ціхая радасць... Першае ягонае тонкае мяўканне.. Першы свядомы погляд.. Першая ўсмешка... І, калі ўзяў на рукі пасля хрышчэння, адчуў сябе больш дурным і лядашчым за гэтага маленькага чалавечка, адчуў толькі рабскае жаданне жыць дзеля яго, служыць яму... Столькі радасці, так што хвілінамі рабілася страшна: за што? Калі купаў сына ў пластмасавай ванначцы, успомніў іх радасць, купель... Раптам задрыжэлі рукі. Уявіў —чамусьці ўявіў: чуецца тэлефонны званок, потым чужы стрыманы голас... Скажуць: «Ваша жонка памерла»... Колькі разоў ён сам гаварыў гэтыя словы, нават не задумваючыся, чаму так павінна быць, менавіта так: канец — і больш нічога?! Ён яшчэ не адчуваў сябе настолькі бездапаможным, прызнаючы сваю няздольнасць зрабіць чалавека здаровым. Кожны ўрач у такіх выпадках, вядома ж, ведае, што ў Амерыцы гэта лечаць вельмі проста — а ў Расіі робяць, маюць звычку рабіць самі не ведаючы што: спрабуюць, перабіраюць прэпараты, якія ёсць, прызначаюць бальнічнае харчаванне, якое ёсць... А ў гэты час падае гемаглабін. Развіваецца гіпаксія. Ён ведаў. Таму дамовіўся, паклаў — але не да сябе, — адчуваючы, як яна баіцца... Нібыта дзіця, якое здагадалася, што жыццё — гэта не назаўсёды... Што жыццё — гэта смерць. І, толькі калі, адкінуўшы галаву на падушку, пасля нечакана прыціхлых хваляў сутаргавых боляў адчувае кожным нервам звычайны спакой, усмешка змякчае паўнепрытомны, бяскроўны твар.
Перад бальніцай (напэўна, каб перамагчы страх) наладзіла абрад развітання... Непазбежнасць таго, што ўжо раніцай ён адвязе яе на невядома які тэрмін у бальніцу, знешне яна ўспрымала спакойна і нават урачыста, быццам бы ўсё гэта было толькі роляй, і яна яе выконвала, але не як актрыса, а вельмі ўсур’ёз. На світанні яны выйшлі з каляскай у двор свайго дома, вырашыўшы не будзіць дачку. Малеча спаў, чуйна напружваючы ноздры і ўцягваючы свежае прахалоднае паветра, ачышчанае ад спякотнага смуроду, якім задыхаўся ў гэтае праклятае лета горад. Яны сядзелі на смешнай лавачцы, размаляванай ва ўсе колеры вясёлкі, у глыбіні падобнай да апусцелага цацачнага гарадка дзіцячай пляцоўкі, і пілі маленькімі глыткамі белае віно, якое разбавілі мінеральнай вадой. Вядома ж, з хрустальных келіхаў, загадваючы, як пад Новы год, жаданні, толькі ўжо не па адным, а зноўку і зноўку, з кожным глытком, пакуль бутэлька не апусцела.
Яна хацела, каб іх было шмат і каб гэта былі зусім розныя жаданні, але каб яны нічога не казалі адно аднаму ўслых... Ён вельмі старанна выконваў сваю ролю. І віно рабіла ўсё лёгкім, прыемным, нават боль. Вельмі халоднае, ледзяное — калі ўжо амаль не магла прымаць ежу, а проста адну ваду, піць было агідна. Яны размаўлялі пра дзяцей... Пра тое, як ён будзе з імі адзін... Але, ужо адарваная ад дому, ад сям’і, дзяцей, яна чамусьці адмовілася ад апошняяй і самай натуральнай радасці: убачыць маленькага сына... Баялася, упрошваючы, каб ён ні ў якім разе не прыносіў яго, так упэўнена, як быццам бы гаворка ішла аб жыцці і смерці. Усё паўтарала і паўтарала нешта дзіўнае: «Няхай мой сыночак нічога не ведае. Я вярнуся дадому — і ўбачу яго».
Яму было сорамна, што жонка бачыць яго здаровым, свабодным.
Хвароба зрабіла яе кволай, раніма-вытанчанай... Стоячы ля дзвярэй яе палаты, за якой адбывалася штосьці яму непрыемнае, ён і зараз думаў пра яе як пра жанчыну, адчуваючы саладкаваты цялесны боль. Прыходзіў на яе паглядзець...
Яна ўмела ўлюбляць у сябе, бо гэта было проста... Усміхнуцца камусьці ў агульнай чарзе ў працэдурную ці за бальнічнай ежай. Падараваць санітарцы альбо медсястры салодкае, садавіну. Яна дазваляла карыстацца сваёй душавой, прытым, што сама, не маючы сіл пераадолець гідлівасць, абціралася вільготным гарачым ручніком. Адны потым прыходзілі выслухоўваць яе лекцыі аб дзівосах сучаснай касметалогіі, аб правільным доглядзе за скурай. А па вечарах з агульных палат у яе асобным боксе збіраліся для малітвы жанчыны-верніцы, якіх яна заахвоціла рабіць гэта разам: чытаць па чарзе і слухаць. Але ўсіх яна прасіла памаліцца аб ёй. З такім выразам, што просьба гэтая здавалася, напэўна, надзвычайнай, святой. Яна прамаўляла гэта як заклінанне: «За мяне моліцца шмат жанчын».
«Можна было б даўно каго-небудзь уваскрэсіць», — аджартоўваўся ён, так, нібыта не верыў у тое, што чуў.
Раптам яна завяла гаворку пра Дывеева, што ён павінен адвезці яе на машыне туды, у нейкі жаночы манастыр, — і тады яна вылечыцца. Але гэта было немагчыма. І калі папрасіла паклікаць святара — ён адчуў палёгку, што ў яе ёсць хаця б адно жаданне, якое ён мог выканаць. Размаўляў з урачом, які яе лячыў, разумеючы, што ў яе стане сам забараніў бы штосьці падобнае. Той намякнуў, што ягонай жонцы прынесла б большую карысць кансультацыя псіхіятара — але не асмельваўся настойваць... І ён падумаў са злосцю: «Зразумела, хтосьці курчыцца ў тваёй бальніцы — але гэта нармальна... Камусьці ні храна не здольны дапамагчы ты сам — але ж ты не станеш глытаць антыдэпрэсанты... Ты поўнасцю нармальны... Здаровы... І таму ўсё ведаеш, вырашаеш... І распараджаешся жыццямі хворых...»
Столькі вытрымала, не ведаючы, колькі ж яшчэ трэба... дзён, тыдняў, месяцаў.
Боль і халодны ліпучы пот, ваніты і кроў..
Змагалася, не маючы ні мужнасці, ні сіл.
Нічога не разумела.
Паклікаўшы да сябе заплаканую дзяўчынку, бацька паглядзеў на дачку... Так падобная да сваёй маці, яна сярдзіта адварочвалася, хавала вочы... Фыркнула: «Што? Хочаш прызнацца мне ў любові?» І, калі ён моўчкі прыціснуў яе да сябе, усё яшчэ не жадаючы яму дараваць, супакоілася-такі, буркнуўшы: «Ну вось, яшчэ адзін у мяне закахаўся...»
Па бальнічным калідоры брылі адзінокія жаночыя постаці ў сваіх хатніх халатах... Нарэшце з палаты выйшаў узмакрэлы святар. Хуценька ці то кіўнуў, ці то пакланіўся — і паспяшаўся знікнуць.
Яна ляжала ў ложку, уткнуўшыся тварам у падушку. Да яе адразу ж кінулася дачка, абдымаючы і палохаючыся: «Мамачка, табе балюча? Балюча табе?»
Пасля прыпадку хворая расплюшчыла вочы, убачыўшы, як у сне, мноства твараў...
Урачу, які, па ўсім бачна было, змарыўся важдацца з гэтай пацыенткай, хапіла такту не абмяркоўваць таго, што адбылося.
Медсястра зрабіла ўкол ёй у вену, быццам бы выпусціўшы кроў, так што стала лёгка, і яна забылася, адчуваючы пад сабой штосьці мяккае, паветранае.
«Тата, а мама памерла?» — пачуўся дрыготкі, слабенькі галасок.
Яны засталіся адны ў гэтым стэрыльным і напоўненым старэчым пахам пакоі з голымі сценамі. З халадзільнікам, тэлевізарам, столікам і яшчэ адным вольным ложкам, нібыта гэта было чыёсьці жытло.
«Яна заснула. Мы не будзем яе будзіць, мы паедзем».
І ён бессэнсоўна прамовіў у пустэчу, перад тым як сысці: «Ну і дзе ж ваш Бог?»
Дома, дзе ў прысутнасці маці чамусьці адчуваў сябе чужым, ён млява альбо груба адказваў на яе пытанні, даючы зразумець, што не стане з ёй размаўляць шчыра, так што тая пакінула іх, у які ўжо раз абражаная, і яму было ўсё роўна.
Дзяўчынка хавалася ў маленькім сваім пакойчыку, але адной ёй стала страшна. Яна ўспомніла чамусьці пра браціка — і ў бацькоўскі пакой, дзе стаяў дзіцячы ложачак, яе падштурхнула гнятлівая цішыня. Брацік ляжаў у мяккай патаемнай глыбіні — і, падалося, не дыхаў. Яна паклікала... Ціха-ціха.
І ён раптм са здзіўленнем расплюшчыў вочкі, ажыў.
Дзяўчынка заплакала, як быццам бачыла яго ў апошні раз.
Малеча глядзеў на яе, цягнуў да яе ручкі — і ўсміхаўся.
І столькі ў вочках ягоных было радасці, святла, жыцця.