Глядзі на адвароце

Глядзі на адвароце

Спякотны майскі дзень у Равене, маленькім італьянскім гарадку, дзе пахаваны Дантэ. Калісьці — у самым пачатку пятага стагоддзя ад Р. Х. — імператар Ганорый перанёс сюды сталіцу Заходняй Рымскай імперыі. У даўнія часы тут быў порт, але мора даўно і далёка адступіла, а ягонае месца занялі балоты, пыл і вінаград. Равена знакамітая сваімі мазаікамі, і натоўпы турыстаў перамяшчаюцца ад аднаго храма да другога, каб, задзіраючы галовы, разглядзець цьмяны бляск дробнай рознакаляровай смальты там, высока, пад змрочнымі скляпеннямі. Штосьці можна ўбачыць, але не вельмі выразна. На глянцавых паштоўках бачна лепш, ды надта ўжо ярка, плоска і танна.

Мне задушліва, спякотна, пыльна. Мне маркотна на душы. Мой бацька памёр, а я яго так любіла! Калісьці даўным-даўно, гадоў сорак таму, мімаходам, ён быў тут, у Равене, і даслаў мне адсюль паштоўку з выявай адной са знакамітых мазаік. На зваротным баку надпіс — чамусьці алоўкам, напэўна, пісаў у спешцы: «Дачка! Нічога больш цудоўнага (глядзі на адвароце) ў жыцці сваім не бачыў! Плакаць хочацца! Ах, калі б ты была тут! Твой бацька!»

Кожная фраза заканчваецца дурацкім клічнікам — ён быў малады, ён быў вясёлы, магчыма, ён выпіў віна. Я бачу яго ў фетравым капелюшы, які ён ліха заламіў на патыліцу, — па модзе канца пяцідзясятых гадоў, з цыгарэтай у белых, тады яшчэ ўласных, зубах, з дробнымі кропелькамі поту на ілбе, — высокі, стройны, прыгожы, вочы ягоныя шчасліва ззяюць пад круглымі шкельцамі акуляраў... На паштоўцы, якую ён кінуў ў паштовую скрыню, легкадумна даверыўшы яе дзвюм ненадзейным поштам — італьянскай і рускай, — рай. Усявышні сядзіць пасярод асляпляльна зялёнага, вечна вясновага раю, вакол яго пасвяцца авечкі. Дзве ненадзейныя пошты, руская і італьянская, абламалі і раскудлацілі вуглы паштоўкі, але нічога, пасланне я атрымала, амаль усё на ім можна разглядзець.

Калі рай існуе, то мой бацька там. Дзе ж яму яшчэ быць? Вось толькі ён памёр, памёр і больш не піша мне паштовак з клічнікамі, больш не дасылае вестачак з розных куткоў зямлі: маўляў, я тут, я цябе люблю, ці любіш ты мяне? ці радуешся разам са мной? ці бачыш тую прыгажосць, якую я зараз бачу? прывітанне табе! вось паштоўка! вось танны глянцавы фотаздымак — я тут быў! тут цудоўна! ах, калі б і ты змагла таксама!

Ён аб’ехаў увесь свет, і свет яму спадабаўся.

Зараз я, па меры магчымасці, іду па ягоных слядах, еду ў тыя гарады, дзе ён быў, і спрабую ўбачыць іх ягонымі вачыма, спрабую ўявіць сабе яго, маладога: вось ён заварочвае за вугал, вось узнімаецца па прыступках, вось абапёрся на парапет набярэжнай з цыгарэтай у зубах.

Вось зараз я ў Равене, пыльнай, задушлівай, стамляючай, як і ўсе турыстычныя мясціны, з натоўпамі на вузкіх вулачках. Мёртвы, мітуслівы, спякотны горад, і няма дзе прысесці. Магіла Дантэ, якога выгналі з роднай Фларэнцыі. Магіла Тэадорыха. Маўзалей Галы Плацыдзіі, жонкі Ганорыя, таго самага, што зрабіў Равену сталіцай Імперыі. Прайшло пятнаццаць стагоддзяў. Усё змянілася. Мазаіка абсыпалася, паўсюдна ўладарыць пыл. Тое, што было некалі важным, — стала неістотным, тое, што хвалявала, — сышло ў пясок. Нават мора сыйшло, і на месцы, дзе плёскалі вясёлыя зялёныя хвалі, зараз пустэчы, пыл, маўклівасць, спякотныя вінаградныя плантацыі.

Сорак гадоў таму — жыццё таму — мой бацька хадзіў і смяяўся тут, і блізарука прыжмурваў вочы, і садзіўся за вулічныя столікі, і піў чырвонае віно, і адкусваў піцу ўласнымі, моцнымі зубамі. І навальвалася зверху сіняя ноч. І на самым крайчыку стала алоўкам ён пісаў мне таропкія словы свайго захаплення і любові да гэтага свету, расстаўляючы як патрапіць клічнікі.

Задушлівае воблачнае неба. Спякотна, але сонца не відаць. Пыл. Тое, што некалі было марскім дном, зараз ляжыць вакол гарадка шырокімі ўрадлівымі палямі, там, дзе поўзалі крабы, зараз ходзяць аслы, на месцы водарасцей разрасліся ружы. Усё адмерла і заглухла, і па некалі бліскучай сталіцы Заходняга свету швэндаюцца расчараваныя амерыканскія турысткі ў ружовых распашонках, незадаволеныя тым, што іх зноўку падманула турыстычнае бюро: у гэтай Еўропе ўсё такое дробнае, такое маленькае, такое старое! Пятнаццаць стагоддзяў. Магіла Дантэ. Магіла Галы Плацыдзіі. Магіла майго бацькі. Нейкі наіўны зялёны рай на пакамячанай паштоўцы.

Што яго тут так уразіла? Я знаходжу патрэбны храм, я гляджу ўверх — так, штосьці зялёнае, там, высока, пад скляпеннем. Белыя авечкі на зялёным лузе. Цьмянае, паўсядзённае святло. Рознагалосая гаворка турыстаў знізу. Паказваюць пальцамі, шукаюць тлумачэнне ў спецыяльных даведніках. Вось такое стагоддзе, такое мастацтва. Усё як усюды, як заўсёды. Дрэнна відаць. У кожным італьянскім храме на сцяне вісіць скрынка для грошай — дадатковая паслуга для тых, хто цікавіцца. Калі апусціць туды трыста лір — чвэрць долара, — то на некалькі імгненняў пад столлю загараюцца яркія пражэктары, якія асвятляюць свежым белым святлом каменьчыкі мазаічнага ўзору. Фарбы робяцца больш яркімі. Бачны дэталі.

Натоўп узбуджаецца, гул ягоны робіцца больш гучным. Усяго толькі чвэрць долара. Усё роўна вы ж прыехалі сюды здалёк, заплацілі за самалёт, за цягнік, за гатэль, за піцу, за прахаладжальныя напоі, за каву. Вам што, шкада яшчэ некалькі цэнтаў?..

Але многім шкада. Яны незадаволеныя, іх не папярэджвалі. Яны жадаюць бачыць рай задарма. Купка турыстаў чакае, калі хто-небудзь адзін, шчодры і нецярплівы, апусціць манетку ў шчыліну жульніцкага італьянскага апарата — усе італьянцы жулікі, хіба ж не так? — і тады ўспыхнуць пражэктары, і на кароткае, недастатковае для чалавечага вока імгненне рай стане больш зялёным, авечкі — яшчэ больш цнатлівымі, Усявышні — больш добрым. Натоўп гучна абураецца... — але святло згасае, і гул расчараваных турыстаў на імгненне ператвараецца ў ропат пратэсту, у бурчанне сквапнасці, у шэпт расчаравання. І зноўку ўсё ахутана змрокам.

Я брыду з царквы ў царкву разам з натоўпам, слухаю прыглушаную рознамоўную гаворку, падобную на шум мора, мяне закручвае ў павольных людскіх вірах, мільгаюць бяздумныя змораныя твары — такія ж бяздумныя, як і мой, — блішчаць шкельцы акуляраў, шамацяць старонкі даведнікаў. Я праціскаюся ў вузкія дзверы храма, спрабуючы адсунуць бліжэйшага, спрабуючы, гэтак жа як і кожны, заняць лепшае месца, спрабуючы не вельмі раздражняцца. Бо калі рай і сапраўды існуе, — думаю я, — то ўвайду я ў яго разам з гэткім жа, менавіта гэткім жа натоўпам авечак, натоўпам людзей — старых, не вельмі разумных, прагнаватых. Бо калі рай не для нас, то для каго ж ён, цікава ведаць? Хіба ёсць іншыя, асаблівыя, тыя, што прыкметна лепшыя за нас, звычайных, сярэднестатыстычных?

Няма іх, і так можа стацца, што брысці па зялёных лугах мне прыйдзецца ў статку амерыканскіх турыстаў, незадаволеных тым, што тут усё такое старажытнае і невысокае. А калі гэта так, то гэта значыць, што ў райскіх мясцінах — нудна і дрэнна, чаго быць не павінна па вызначэнні. Там павінна сустрэць іх чароўная прыгажосць.

«Нічога больш цудоўнага (глядзі на адвароце) я ў жыцці сваім не бачыў!» — напісаў мне бацька. Гляджу на адвароце. Звычайны рай. Што ж ён убачыў такога, чаго я не бачу?

Разам з натоўпам я ўціскаюся ў маленькі будыначак, аб якім рускі падарожнік пачатку стагоддзя Павел Муратаў напісаў у свой час у знакамітай кнізе «Вобразы Італіі»: «Незвычайна і неяк неспасціжна глыбокі, вельмі цёмны сіні колер на столі Маўзалея Галы Плацыдзіі. У залежнасці ад асвятлення, што трапляе сюды праз маленькія акенцы, ён дзівосны і нечакана цудоўна пералівае то зеленаватымі, то ліловымі, то барвянымі адценнямі. На гэты фон накладзена знакамітая выява юнага Добрага пастыра, які сядзіць сярод беласнежных авечак. Паўкругі ля вокнаў упрыгожвае буйны арнамент з аленямі, што п’юць з крыніцы. Гірлянды з лістоты і самай разнастайнай садавіны ўюцца па нізенькіх арках. Пры выглядзе іх хараства міжволі думаецца, што чалавецтва ніколі не стварала лепшага мастацкага сродку для аздаблення царкоўных сцен. І тут дзякуючы невялікім памерам надмагільнай капліцы мазаіка не здаецца справай мітуслівай і халоднай пышнасці. Вакол саркафага, у якім некалі ляжала набальзаміраванае цела імператрыцы, паветра ззяе сінім агнём, і паветра гэтае вартае быць марай палымяна-рэлігійнага ўяўлення. Ці не да гэтага імкнуліся, толькі іншым шляхам, мастакі каляровых шкельцаў у гатычных саборах?»

Цудоўныя словы! Але, калі я ўсё ж змагла праціснуцца ў капліцу, то так нічога і не ўбачыла. Магчыма, для Муратава ў свой час праваднік асвятляў храм паходняй, але зараз тут проста цёмна, і тое небагатае святло, што ледзь-ледзь пранікае праз вокны, засланяюць спіны турыстаў. Натоўп стаіць шчыльна і ўпарта, локаць да локця. Трэба кідаць манеты ў асвятляльную скрыню, але ніхто не спяшаецца, кожны чакае, што гэта зробіць хто-небудзь іншы. Я таксама не спяшаюся. «Я ўжо шмат разоў кідала, — унутрана апраўдваюся я, — няхай зараз іншыя». Праходзіць хвіліна ў задушлівай цемры. Другая хвіліна. «Не ўступлю», — думае кожны.

Цемра цісне на галаву. Пахне мышамі, цвіллю і яшчэ чымсьці вельмі старым, — як быццам гэта пах самога часу. Затым пачынаеш адчуваць і людскія пахі — старэючай плоці, духоў, мятных таблетак, поту, тытуню. Вось так будзе адразу ж пасля смерці: чыёсці дыханне і сіпенне ў цемры, спякота, чаканне, няўлоўная непрыязнасць да спадарожнікаў, ветлівая рашучасць гэтую непрыязнасць не паказваць, маленькі эгаізм, упартасць, надзея, сумненне. Зала чакання на шляху ў рай — куды ж яшчэ? «Нічога больш цудоўнага (глядзі на адвароце) я ў жыцці сваім не бачыў! Плакаць хочацца!» — напісаў бацька з раю.

Нарэшце чуецца характэрнае шчоўканне — хтосьці ўсё ж наважыўся, і, як і раней, на некалькі імгненняў запальваецца святло. Нават на адно кароткае імгненне — вока не паспявае ахапіць столь, вока мітусіцца, — на адно кароткае імгненне тупая і спякотная цемра над галавой раптам робіцца зорным небам, цёмна-сінім купалам з вялічэзнымі дрыготкімі зоркамі, вельмі блізкімі на вачэй зоркамі. «А-аххх!» — чуецца знізу, і святло тухне, і зноўку цемра, яшчэ цямнейшая за тую, што панавала раней.

І зноў шчоўканне, і зноўку фантастычныя рознакаляровыя зоркі, нібыта колы, што імкліва круцяцца, і тое ж самае паветра, што гарыць сінім полымем — секундны прывід, — і зноўку цемра. Але ў які ўжо раз бразгоча манетка, у які ўжо раз чуецца шчоўканне, — дзівосны прывід, не знікай, пабудзь з намі! — і чарговы ўдар цемры. Нібыта зачараваны стаіць натоўп грэшнікаў, узняўшы ўверх твары. У цемры адкрыўся шлях, дадзена абяцанне, прад’яўлены доказ, усе будуць выратаваныя, не трэба ніякіх тлумачэнняў — чароўная сіняя бездань, што ўзвялі над намі безыменныя мастакі, сама тлумачыць, спявае на мове без слоў. Сінеча сцякае ўніз, да кошыкаў з садавінай і лістотай... усё знікае, але зноўку і зноўку ўспыхвае святло, і свята робіцца бясконцым, і вось-вось пачуюцца спевы анёлаў. Мы вітаем цябе, святло!

Я асцярожна праціскаюся праз натоўп, я жадаю спадцішка паназіраць за тым ненасытным, што падараваў нам феерверк, рассоўваючы святлом сцены грабніцы. Ён сядзіць у інвалідным крэсле, апусціўшы твар. На каленях у яго скрынка з манетамі. Ён намацвае манету рукой, прапіхвае яе ў шчыліну аўтамата, і на кароткае імгненне, пакуль сінеча пераліваецца ліловым і барвовым агнём, жанчына-павадыр таропка шэпча яму на вуха словы, якіх я не чую, ды і пачуўшы, не зразумею: гэтая мова мне невядомая.

Гэты чалавек — сляпы. У яго замкнёны і цярплівы твар, як і ва ўсіх сляпых, павекі самкнутыя, галава апушчаная, вуха ён нахіліў да сваёй спадарожніцы. Хто яна яму — дачка, альбо жонка, ці проста кампаньёнка, якую нанялі для падарожжа? Ён слухае яе шэпт і зрэдку каротка ківае галавой: так. Так. Ён хоча слухаць яшчэ, ён кідае манету за манетай. Ён кідае манеты ў цемру, і з цемры чуецца голас, які апавядае, як умее, аб вялікім суцяшэнні прыгажосцю.

Ён даслухаў і кіўнуў, і ўсміхнуўся, і жанчына, спрытна ўпраўляючыся ў натоўпе з інвалідным крэслам, развярнула яго і выкаціла з Маўзалея. На іх глядзелі: яму было ўсё роўна, а яна, хутчэй за ўсё, звыклася з гэтым. Крэсла заскакала па брукаванай камянямі плошчы, прычыняючы дробныя дадатковыя пакуты сляпому. З хмары пачаў накропваць дожджык, але адразу ж скончыўся.

«Глядзі на адвароце»! Але на адвароце нічога няма, на адвароце толькі цемра, спякота, маўчанне, раздражненне, сумненне, панурасць. На адвароце — зацёртая ад старасці выява чагосьці, што было важным даўным-даўно, але не для мяне. «Плакаць хачацца», — пісаў бацька сорак гадоў таму аб прыгажосці, якая так уразіла яго тады (а магчыма, і аб чымсьці большым), мне ж хочацца плакаць, таму што яго больш няма, і я не ведаю, куды ён сышоў, і ад яго засталося толькі шмат папер і вось гэтая паштоўка з зялёным раем, якую я перакладвала, як закладку, з кнігі ў кнігу.

Але, магчыма, усё не так, магчыма, усё было задумана даўным-даўно, і ўсё ішло па плане, і адазвалася толькі сёння. Невядомаму візантыйскаму майстру, які быў адухоўлены верай, уявілася прыгажосць Боскага саду. Як мог, ён выказаў яе на сваёй мове, магчыма, сярдуючы, што не хапіла сіл на большае. Прайшлі стагоддзі, мой бацька прыехаў у Равену, узняў галаву, убачыў выяву Эдэма, купіў таннае адлюстраванне ягонага адлюстравання, з любоўю даслаў мне яго, падмацаваўшы для вернасці клічнікамі, — кожны выбірае сваю мову. І калі б ён яго мне не даслаў, я б не прыехала сюды, не зайшла ў цёмную капліцу, не сустрэла сляпога, не пабачыла б, як па ўзмаху ягонай рукі на адвароце цемры ўспыхвае сіняе святло райскага пераддзвер’я. Бо мы гэткія ж сляпыя, не, мы ў тысячу раз больш сляпыя, чым гэты стары чалавек ў калясцы. Нам шэпчуць, а мы затыкаем вушы, нам паказваюць, а мы адварочваемся. У нас няма веры: мы баімся паверыць, таму што баімся, што нас падмануць. Мы ўпэўнены, што мы — у грабніцы. Мы дакладна ведаем, што ў цемры нічога няма. У цемры нічога быць не можа.

А яны аддаляюцца па вузкіх вулачках маленькага мёртвага горада, і жанчына штурхае каляску, і штосьці кажа, нахіляючыся да вуха сляпога, і запінаецца, напэўна, і падбірае словы, якіх мне ніколі не падабраць. Ён нечаму смяецца, і яна папраўляе ягоны каўнер, які завярнуўся, яна падсыпае манет у скрынку на ягоных каленях, яна заходзіць у таверну і выносіць яму кавалак піццы, і ён пачынае есці, удзячна, старанна і неахайна, намацваючы ў цемры рукой нябачную і цудоўную ежу.