Дрэва — ап! — і расквітнела пад балконам...

* * * Дрэва — ап! — і расквітнела пад балконам, быццам разавыя ўспыхнулі суквецці. Цемра шапаціць ліпка-зялёным, ды шурпатым пальцам гладзіць лісце вецер. Прабягае — шась! — па дыяганалі, шорх! — петыт лісця кудлачыць светла, і шыпіць, скругляе блочнае паветра, надзімае святло, а цені праганяе, вецце пашырае, ноч да касцей праймае. Кінь, — гудзе, — перажывеш і гэта. Чуеш, смерці не бываць, а будзе лета, калі расквітнела ўжо. І шапаціць, гартаючы наадварот, кнігу клейкую крыві і роду код. Ш-ш, — у кроне воля палымнее. Дрэва прыжыццёвае квітнее.