Пасля закрыцця сезона

1. Эльба

 Як Страсны тыдзень — з мяккіх галіначак вербных,
Вечны студзень заўжды пачынаецца з майскай Эльбы.
Распаўзаецца цемра, запаўняе нізіны, кайстры,
І людзей вачніцы... У які б ні прачнуўся час ты,
Не паднімеш ні мех, ні павекі — для сноў ахову,
Ні паплечніка, знаўцу заўзятага саланчакоў Азова
(альбо прэрыяў Індыяны). У скрыжаванні візіра
Пілігрымы чацвёртай — апошняй — хвалі прызыву
Заміраюць пад ветрам сівым... І шырока, густа
Снег заслонай спускаецца ўздоўж ледзянога люстра.
Між заснежаных меж б’ецца, стомлены і зляканы,
Водгук доўгага рэха — у спробе зваліць парканы.

 2. Уральскі утрыш

 Там увесну заўжды вырасталі тыпі
З тонкіх жэрдак, брызенту — дарожны сквот.
У дрымучай глушы называлі «хіпі»
Барадатых мужчын, а жанчын іх — «скво».

 Сцежкі збочвалі ўніз ля карчмы дарожнай,
Узвышалі над марным — ні даць, ні ўзяць
Камяністыя грывы ў дрыгве таежнай;
За масткамі — масткі, і за гаццю — гаць.

 Там, дзе стрымліваў пустку хрыбет, як вупраж,
І сцяжынкі спляліся тугім вузлом,
Раздаваўся сезонны «ўральскі утрыш»,
Нібы ўсходу ўначы залаты разлом.

 Тут галетнікі, калікі, пілігрымы,
Зімагоры наўкольных «скалістых гор»
Утваралі стракаты і недзялімы
Кругавод пакаленняў — бязмоўны хор.

 На шляху адшукаўся герой, гатовы
У натоўпе, як быццам у гушчары,
прапускаць скрозь цянёты разумных словаў
галасы, што дагэтуль жылі ўнутры.

 І, аршыннага скрутка — гатовай кнігі —
Пакідаючы межы, ён за сабой
Зводзіў гэтых малых, як манах-расстрыга
Шчырых верай — на гульбішча і разбой.

 У курумы ссыпацца, гранітным плітам
Не шыханы — імёны свае дарыць...
Той саюз разбітны, хоць і ўшчэнт разбіты,
Тут пісьменнасць уласную змог стварыць.

 Азіяцкая ноч залягла ў даліне,
Дзе, пакінуты ўсімі, смакуе сон,
Растрыножыўшы песню казла, Даліле
На калені паклаўшы шчаку, Самсон.