Развіваючы Дантэ

                                         Ну што з таго, што я там быў?
                                                              Юрый Левітанскі
                                         
                                         ...Прахалодныя змрочныя палаты.
                                                                           Леў Лосеў

  Вакол мітусіцца, гамоніць, кішыць чалавечы мурашнік.
Амаль гатовы ты ўдзельнічаць у разумнай той валтузні,
але разумееш раптам, што ўсё гэта — сон учарашні,
што памёр ты імгненне таму. У сне.

  Лічы, што пашчасціла. Але прытрымай браваду.
Тут жа роўныя ўсе, хвалявацца не трэба дарма,
бо адсюль два напрамкі: да пекла і райскага саду.
Прывакзальная зала чакання, дзе прасторы і часу няма,

  як няма неабходнасці ў веры — хутчэй, гэта месца даверу
і адсутнасці сораму, зайздрасці, страху штодзённых пакут.
Бо, калі пажадаеш, адразу ж адчыняцца дзверы
і ты стрэнеш любімых, што раней апынуліся тут.

  Рэчы толькі здаюцца, і ўсё ж яны тут узнікаюць,
калі раптам падумаць пра іх... Але вось жа бяда:
на іх можна глядзець, але нельга памацаць рукамі,
пераменліва ўсё тут, нібы ў рэчцы імклівай вада.

  Гукаў шмат тут, ды слых сярод іх успрымае
толькі гукі надзённых мелодый, няўлоўных, як сон.
А вось пахаў няма... Праўда, гэта значэння не мае:
той, хто шчыра кахае, навошта яму ферамон?..

  Што ж датычыцца слоў — тут заўсёды праўдзівыя словы,
а ілжывых няма, тых, што з намі паўсюдна былі.
Тут заўсёды паўзмрок — ды не ранішні, не вечаровы...
Ні спякоты, ні холаду — засталіся яны на зямлі.

  Ды трывожыць здагадка, бо ведаць не можаш зараней,
што ж чакаць — ці вышэйшага сэнсу, ці выспятка ў зад?..
І павольна стамляешся ў гэтым бясконцым чаканні.
Там, наперадзе, пекла ці райскі квітнеючы сад?..