Здарэнне

Рыгор Пятровіч Гуляеў, мажны мужчына гадоў пяцідзесяці, памёр. На гэтым свеце засталася ад яго ў аднапакаёвай кватэры жонка — Наталля Сямёнаўна, гадоў на дзесяць маладзейшая за яго, сынок Вова васьмі гадоў і акрамя таго некаторыя сваякі, у тым ліку і такія блізкія, як родная сястра — Лізавета Пятроўна, якая жыве Бог ведае дзе.

— Дарма, дарма Грыша памёр, — казала адна такая сваячка, бабулька Агаф’я. — Заўчасна, можна сказаць...

— А хто ж свой час ведае? — запярэчыла іншая сваячка, мацней целам. — Нас жа, паразітаў, не пытаюцца, калі нам паміраць.

Жонка Наталля Сямёнаўна нічога і нікому не пярэчыла, толькі ўздыхала, думаючы пра будучае. А хлопчык Вова наогул ні ў што не паверыў і вырашыў, што тата проста з’ехаў — у далёкае-далёкае падарожжа і што ён, хлопчык Вова, таксама за ім хутка рушыць услед — туды, дзе тата.

Між тым трэба было арганізоўваць пахаванне. На двары ўжо стаялі дзевяностыя гады, канец другога тысячагоддзя, час неверагодна цяжкі. Але Рыгор Пятровіч быў асоба адказная, службовая, і арганізацыя, дзе ён працаваў, дапамагла. Горш за ўсё аказалася з магілай: месца ледзь знайшлі, але затое на прыстойных, нават вясёлых могілках. Вернік быў Рыгор Пятровіч ці не — наконт гэтага нікому нічога невядома было, нават незразумела. Але, прынамсі, грамадзянскую паніхіду падрыхтавалі па правілах.

Яна адбылася ў клубе веласіпедыстаў — там на першым паверсе размясцілася велізарная зала, вокны якой выходзілі ў зялёны, утульны і ў меру паганенькі садзік. Труну паставілі ля задняй сцяны залы — прама насупраць уваходу. Былі кветкі, нават сцяг і не так ужо шмат людзей. (Наталля Сямёнаўна вырашыла Воўку свайго не пускаць і адправіла яго на летнік да стрыечнай бабулі).

У труне Рыгор Пятровіч пастарэў і замест сваіх пяцідзесяці выглядаў гадоў гэтак на сто, а то і на ўсе сто дзесяць. Скура раптам адрузла, нібы правалілася, вочы былі закрытыя — але з нейкай нетутэйшай упэўненасцю і нават цвёрдасцю, то бок яны ўжо ніколі не адкрыюцца. Рукі таксама былі складзеныя з поўнай упэўненасцю, што яны ўжо ніколі не растуляцца.

Плакалі — сярэдне, адна толькі жонка, што цалкам натуральна, галасіла, ды яшчэ сястра. Маці і бацькі ў Рыгора Пятровіча ўжо даўно не было. Двое сяброў наогул не прыйшлі. Чамусьці з’явілася чалавек пятнаццаць са спартыўнага таварыства веласіпедыстаў — зусім нікому не знаёмых людзей.

— Швэндаюцца тут усякія, — незадаволена бурчэла бабка Агаф’я. — Нябожчык жа не п’яніца быў запойны, каб ведаць усю Маскву, усіх сабутэльнікаў. Ён быў чалавек ціхі, адказны. Аб сям’і клапаціўся.

— Бязладдзе, ды і толькі, — пацвярджала іншая сваячка. — Спакою нават у труне не даюць. Так вось і ўсё жыццё мардуешся, мардуешся, крычыш, шукаеш чагосьці, а потым і ўзнагароджання ніякага няма, адно хамства. Ляжаш у труну — і табе ж у пысу наплююць...

— І не кажыце, — шаптала трэцяя сваячка, — хлопцы ж гэтыя, незнаёмыя, напэўна, падпітыя...

А на дворыку між тым, за кустамі, размясціліся двое суседзяў Рыгора Пятровіча — Мікалай і Сяргей, размясціліся для выпіўкі.

— Ну што ж, памянём, — сказаў адзін.

— Памянём, — адказаў другі.

Памянулі, выпілі, а Сяргей успомніў:

— А нябожчык жа нядобра сябе паводзіў перад смерцю...

— Чаму нядобра? — насцярожыўся Мікалай.

— Біцца ўвесь час лез. Ледзь што — у морду, хоць і хворы ўжо быў, усё разумеў, да чаго справа ідзе.

— Не можа быць! — жахнуўся Мікалай.

— Факты, — упарта пацвердзіў Сяргей, потым задуменна дадаў: — Можа, жыццё такое пайшло, крутое.

— Ды чаго ж перад смерцю ў морду?

— У самы раз. Але не думай, што ён толькі хуліганіў. Калі адзін заставаўся ў кватэры, крыкам крычаў. Я чуў, у нас сценкі тонкія.

— Людзей усіх шкада, — праскрыпеў Мікалай. — Не мог ён, напэўна, зразумець: як гэта — цела — і раптам яго няма. У яго цела было дыхтоўнае, не тое што...

— Памянём, — праскуліў Сяргей, і яны памянулі.

Між тым у зале наступіла нейкае зацішша. І тады ля ўваходу з’явіўся сам Рыгор Пятровіч, жывы. Непрыкметна так з’явіўся, ціха, нібы ўвайшла тагасветная птушка. Спачатку ніхто і ўвагі не звярнуў: ну, увайшоў чалавек, напэўна, сабутэльнік, хоча развітацца з Рыгорам Пятровічам, які ў труне. Сам Рыгор Пятровіч, ці, дакладней, Рыгор Пятровіч, які ў труне, і не паварушыўся: ляжыць і ляжыць. Адразу відаць: мёртвы чалавек. Але жывы Рыгор Пятровіч ўсе да яго рухаецца, павольна, але дакладна. Нарэшце першай жонка закрычала:

— Грыша!

Так, Грыша, і пінжак той жа самы, і, галоўнае, то няўлоўнае ці ў хадзе, ці ва ўсмешцы, па якой адразу ведаеш: гэта ЁН, у дадзеным выпадку Грыша, Гуляеў Рыгор Пятровіч уласнай персонай. А іншая ўласная персона ляжыць на пастаменце, ва ўрачыстасці, у кветках, ціхая.

Наталля Сямёнаўна яшчэ раз вырачыла вочы і грымнула на зямлю: ­Грыша!

Шчыра кажучы, амаль ніхто нічога не зразумеў: кінуліся да жонкі, думаючы, што ў яе інфаркт, а на жывога Рыгора Пятровіча глядзелі толькі некалькі чалавек аслупянела.

Сястра яго родная, Лізавета Пятроўна, якая вылучалася наогул жорсткім характарам (часам яна начавала і пад цягніком), ледзь-ледзь падышла да жывога Рыгора Пятровіча і спытала:

— Хто ты?

— Той, хто ў труне. — І жывы Рыгор Пятровіч падышоў да мёртвага Рыгора Пятровіча.

Пахаладзелая сястра яго таксама наблізілася. Астатнія стаялі або важдаліся каля жонкі. Некаторыя ўбаку — проста шапталіся.

Жывы Рыгор Пятровіч пільна і, праўда, даволі змрочна глядзеў на свой труп. Усе мярцвеючы і мярцвеючы, Лізавета Пятроўна спытала:

— А гэта хто? — і кіўком паказала на нябожчыка.

— А гэта я, — змрочна адказаў Рыгор Пятровіч.

— Грыша, але ж ты размаўляеш, ходзіш, — мармытнула Лізавета, і адно вока яе звар’яцела.

— Ну і што? — насмешліва прамовіў жывы Рыгор Пятровіч. Потым, быццам прабачыўся, кіўнуў на сябе, мёртвага, і паціснуў плячыма.

— Як — ну і што? — жахнулася сястра.

— А вось так, — і Рыгор Пятровіч павярнуўся да яе, гатовай зваліцца. — Добра, Лізок, ты вось што: перадай Наталлі — я да яе сёння ўвечары пазней прыйду. Толькі няхай Воўку не бярэ назад. І няхай прыгатуе вячэру: яечню з каўбасой, кефіру, булачак. Гарэлкі не трэба.

— А я? — пяшчотна прашаптала сястра.

— А чаго ты? Мы з табой і так родныя.

Жывы Рыгор Пятровіч некалькі разоў важна прайшоўся каля сваёй труны, спыніўся ля галавы, памацаў кветкі, свае пасівелыя, ужо нежывыя валасы, цьмяны жоўты лоб, непрыкметна тузануў сябе за мёртвае вуха. Потым зірнуў на сястру.

— Вось што, — шапнуў ён. — Калі Наташка баіцца, то няхай спіць, скажы ёй, няхай спаць кладзецца, калі палохаецца. Я сам разбяруся на кухні, кусну, а потым да яе прылягу...

І Рыгор Пятровіч упэўнена, але ўсё ж такі журботна пайшоў да выхада, павярнуўшыся задам да сябе, мёртвага. Большасць з тых, хто праводзіў, не ведалі яго як след у твар і да таго ж наогул ашалелі, як ён бесперашкодна выйшаў з залы.

Праўда, нейкі хлапчук, прызнаўшы ў ім нябожчыка, хацеў схапіць яго за руку, але ў апошні момант не адважыўся.

Тры чалавекі, якія добра ведалі Рыгора Пятровіча, ляжалі на падлозе ў непрытомнасці. Адзін жа проста сядзеў і біў сябе ў грудзі кулакамі, быццам у бяспамяцці. Іншыя ўсё яшчэ адкачвалі Наталлю Сямёнаўну. Некаторыя мармыталі пра галюцынацыі.

Іншыя скоса паглядалі на мёртвага Рыгора Пятровіча: ці не паварушыцца. Пагоршыў становішча высокі сівы стары, мабыць сектант: ён, назіраў за ўсім, што адбываецца, падышоў да труны і плюнуў у твар нябожчыку, прычым плюнуў вельмі строга, нібыта прыстрашыў.

Што тут паднялося!

Сваякі, асабліва сястра нябожчыка, прама ўчапіліся ў старога сектанта, нехта тузануў яго за бараду. Пачуліся свісткі, быццам выклікалі міліцыю.

Між тым музыкі ні на што не звярталі ўвагі, зайгралі жалобны марш, як і было дамоўлена. А ў зале ўжо дайшло да мардабою. Стары-сектант, ірваны, валяўся на падлозе.

У гэты час Наталля Сямёнаўна апрытомнела. Са здзіўленнем яна глядзела на свет. Свет быў ні на што не падобны: хоць труна стаяла на месцы і лілася замагільная музыка, ёй спадарожнічалі мардабой і немыя крыкі.

Тым часам ужо па ўсёй зале разышлася пагалоска, што, маўляў, толькі што Рыгор Пятровіч прыходзіў сюды сам, жывы... і ў гэтым пахаванні нешта не тое. Ужо нейкі руды здаравенны мужык выцягваў нябожчыка з труны, лямантаваў, што мерцвяка падклалі. Нябожчыка ледзь адбілі, і падзеі пасля такога факта прынялі нейкі фантастычны абарот: біліся ўсе супраць усіх, а астатнія лямантавалі.

Наталля Сямёнаўна вырашыла, што яна на тым свеце, і зноў страціла прытомнасць.

Са сваіх кустоў выскачылі суседзі-алкаголікі Сяргей і Мікалай з крыкамі, што яны дапіліся, таму што бачылі Грышу, які сыходзіць з залы ў напрамку аўтобуснага прыпынку. Тым часам пад’ехала выкліканая кімсьці міліцыя. Першым выйшла начальства — сіваваты грузны лейтэнант-аператыўнік. Але выгляд тых, хто біўся ля труны, паставіў яго ў тупік. Ён і яго суправаджальныя выйшлі з гэтага тупіка хвілін праз пяць-шэсць.

— Трэба разагнаць усю гэтую пахавальную працэсію! — закрычаў нарэшце лейтэнант, падышоў да беспрытомнай Наталлі Сямёнаўны, таму што яму сказалі, што гэта жонка памерлага. Каля лейтэнанта раптам закруціўся нейкі чалавек у цывільным, здаецца, з вярхоў веласіпеднага клуба. Наталлю Сямёнаўну растрэслі, і яна расплюшчыла вочы.

— Гэта ваш муж ці не ваш?! — закрычаў чалавек, паказваючы на труну.

Наталля Сямёнаўна заплакала.

— Вы нам гэтым дзікім пахаваннем дэмакратызацыю грамадства зрываеце!!! — вішчаў чалавечак і ледзь не падскокваў вакол Наталлі Сямёнаўны.

— Дайце вы ёй апамятацца, — закрычала на яго бабуля Агаф’я. — Няўрымслівыя! Усё вам трэба высветліць! Дайце ёй разабрацца — памёр у яе муж або жывы?!

Лейтэнант вылупіў вочы. Не ў сілах больш выносіць такія словы і мардабой вакол труны, лейтэнант выйшаў на сярэдзіну залы і гаркнуў:

— Спыніць бязладдзе, а то страляць буду!

Выхапіў пісталет і накіраваў яго чамусьці на труну з нябожчыкам, але потым апамятаўся, падняў пісталет руляй да столі. Міліцыянты, што стаялі каля яго, здранцвелі. Але словы і грозны выгляд, як ні дзіўна, падзейнічалі пазітыўна. Бойка, як стомлены сіні акіян, стала заціхаць, і, акрамя істэрычных крыкаў, нічога асаблівага больш не адбывалася. Чалавечак з вярхоў веласіпеднага клуба падышоў да лейтэнанта і спытаў:

— Што рабіць будзем, таварыш... спадар лейтэнант? — асцярожліва спытаў ён.

— Што рабіць? — задуменна прамовіў начальнік. — Першае: пра тое, што адбылося, — маўчаць. Другое: пахаванне згарнуць, музыку спыніць і ў гэтую ж хвіліну з’язджаць на могілкі. Машына ж ёсць? Ёсць. А я прасачу, каб усё было як след.

Паслухаліся яго загаду.

Труну перанеслі ў машыну. Але працэсія падзялілася ў меркаванні: большасць схілялася да таго, што ехаць хаваць няма сэнсу, бо невядома, каго хаваюць.

Наталля Сямёнаўна спачатку наадрэз адмовілася ехаць, але потым, калі труну ўжо засунулі ў машыну, прыадчыніла яе накрыўку і залямантавала:

— Ды гэта ж ён, Грыша! Ён — мілы, ненаглядны, незабыўны мой. — І з гэтымі словамі яна проста за труной нырнула ў чорную пашчу жалобнай машыны. За ёй — сястра Рыгора Пятровіча Лізавета і яшчэ некалькі чалавек.

Па дарозе Лізавета вельмі строга і рацыянальна распавяла Наташы пра тое, што ёй казаў Рыгор Пятровіч жывы. Пад канец аповеда вочы Лізаветы раптам напоўніліся нейкім дурманам, быццам яна ўжо знаходзілася ў іншым свеце, але ў вельмі нядобрым, і тады Лізавета Пятроўна прамовіла:

— Ты паглядзі, тут перад намі Рыгор Пятровіч мёртвы і ў той жа час Рыгор Пятровіч прыходзіў жывы. Іх двое — адзін мёртвы, а другі жывы.

Пасля гэтых слоў жонка Рыгора Пятровіча засумавала. Пахаванне скончыліся зусім змярцвела і адхілена. Усе маўчалі. Міліцыя толькі назірала здалёк.

Такім чынам, Рыгора Пятровіча мёртвага хутка пахавалі. Ніякіх двухсэнсоўных і вальнадумных прамоваў не было. І ўсё ж такі пад канец нашкодзілі: з парадзелай купкі людзей вырваўся нейкі стары, пабіты ў папярэдняй бойцы ў зале веласіпеднага клуба, абтрапаны, брудны і ірваны, валасы ў яго трапяталі, і пачаў істэрычна крычаць і паказваць на магілу:

— Нам туды трэба! Туды! Рыгор Пятровіч — ён і мёртвы, і жывы адначасова. Ён і ў труне, ён і ходзіць!.. Туды нам трэба, туды! Да Рыгора Пятровіча!

Міліцыя наблізілася. Старому заткнулі горла, і ўсё абышлося гарма­нічна.

Наталля Сямёнаўна задуменна вярталася дадому. У галаве была толькі адна думка — Рыгор Пятровіч абяцаў прыйсці сёння ўвечары. Праводзіла яе Лізавета Пятроўна, астатніх сваякоў нібы здзьмула. Потым здзьмула і сястру нябожчыка. Наталля Сямёнаўна засталася адна.

Увайшла ў сваю аднапакаёвую кватэру, запаліла святло і механічна прыгатавала вячэру, як і загадаў Рыгор Пятровіч: яечня з каўбасой...

І стала чакаць, чамусьці пазіраючы на гадзіннік. Потым, калі ўсё ж выйшла са свайго здранцвення, захвалявалася: што яна, з глузду з’ехала? Каго яна урэшце чакае? Рыгор Пятровіч глыбока пад зямлёй, ляжыць у зямным шары, як круціцца, і не выйсці яму адтуль. Але раптам яна падышла да люстэрка і паправіла валасы, падфарбавала вусны, захацелася накінуць нешта прыгожае, як быццам чакала мужа пасля доўгай камандзіроўкі. Злавіла сябе на гэтым і загаласіла з жалю да сябе: значыць, яна і сапраўды звар’яцела. Узяла сябе ў рукі, і ўсе благія думкі прайшлі. Прыбрала пакой, каб проста нешта рабіць, — і вырашыла, што раніца за вечар мудрэйшая.

— Трэба класціся спаць, — сказала яна і, выпіўшы паўшклянкі гарэлкі, хутка распранулася і завалілася ў ложак. — Заўтра будзе шмат клопатаў, і ўсе гэтыя непаразуменні забудуцца... — І даволі хутка заснула.

Ёй прысніліся вочы Лізаветы, з дурманам. Потым праз сон пачулася, быццам ключом адчынялі дзверы. Аднак гэта быў не сон, яна адчувала ясна. Але не хапала сіл адкрыць вочы, стомленасць, гарэлка скавалі цела, а самае галоўнае — ёй ужо было ўсё роўна. Частка яе свядомасці была ў сне, іншая — у яве, і гэтай часткай свядомасці яна ўсё ўспрымала. Чула, як нехта ўвайшоў у кухню, потым пазнала голас мужа, яго чмяканне, звон талеркі і лыжкі. На хвіліну ўсё сціхла. Потым раптам: мат, зноў звон талеркі, шум і голас мужа, што ўсё дрэнна прыгатавана, вакол прусакі; потым зноў мат, булькатанне вады... Нарэшце яна правалілася ў сон, глыбокі непрытомны сон.

А дзясятай гадзіне раніцы Наталля Сямёнаўна прачнулася. У поце і жаху выйшла на кухню; яечня была з’едзена, талерка пабітая, вада разлітая. Але ў кватэры ўжо нікога, Наталля Сямёнаўна зірнула на сваё цела і закрычала дурным голасам: на ім выразна праступалі сляды згвалтавання...

— Грыша, родны, як жа так? — закрычала яна.

Словам, Рыгор Пятровіч мёртвы ляжаў у зямлі, Рыгор Пятровіч жывы блукаў па гэтай жа так званай зямлі і ў момант, калі Наталля Сямёнаўна прачнулася, быў зусім недалёка ад яе дома. А несмяротны дух Рыгора Пятровіча пакінуў яго — і жывога і мёртвага і сышоў далёка-далёка ад іх абодвух, да свайго Нябеснага Бацькі, схаваўся ад дыхання смяротных і пакінуў Рыгора Пятровіча жывога і мёртвага сам-насам з Сусветам.

Касмічны бог Арад, у духоўнае поле зроку якога выпадкова трапіла гэта гісторыя, так рагатаў, так рагатаў, калі убачыў гэтыя беды чалавечыя, што нават планета Д., якая знаходзіцца ў яго падпарадкаванні, адчула праз яго рогат вялікія непрыемнасці і нават буры на сваёй паверхні.