На карціну Ганны Арэнштэйн «Яечня Forever»

Паўзмрок на карціне (мо стыль мастака?),
ледзь бачны кафейнік трымае рука
ды ставіць у цэнтр зухавата,
і вось ён трывала стаіць на стале,
ручка — направа, а носік — нале-
ва, душа — пасярэдзіне. Анта-

лагічна ён побач, у нашым жыцці,
і зараз ды тут будзе з намі ісці,
хаваючы рэч. Ці не каву?
Фенόмен (або фенамéн?) зараз ён,
рэальнасць, што трапіла ў вязкі палон,
астатняе нам не цікава.

Кафейнік у той жа час вечна
павінны зайздросціць яечні.
Раней ці зараз? Ўсё нібы ў тумане.
Калі раней — на пяць хвілінін? На сто?
Ён сімвал, іерогліф, знак. І што?
Рука, што знак дае нам, значна далей,

чым цвёрды знак кафейніка. Аб ёй
не ведаем па дурасці сваёй,
не знаючы, чаго аб ёй не ведаем.
Таму, кафейнік, выгляд ты стварай,
што на стале стаіш, а сам — за край
стала, і хтось пасля за ім паснедае.

Дваістасць і ў сальніцы ёсць, настоль-
кі там і тут, што ў тым ўся соль
яе ў сабе. Таму адна патэльня
Прасцейшая за ўсё, што на стале,
Яечня ў ёй адкрытая, але,
хоць проста ўсё, здаецца, ды не вельмі.

На самой справе ёсць і тут нюанс:
Патэльня не саромеецца нас,
але яечня ўсё ж яе спрабуе
схаваць ад вока, нібы ў ножнах меч,
нібы таемную у сейфе рэч.
Не можа — і ў вачах агонь віруе

вар’яцкі, без пачатку і канца,
тым больш што, нібы змрочны цень Айца,
над ёю навісае сімвал грозны.
Ды гэта не бяда яшчэ... Аднак
відэльца прывід, цёмны Лёсу знак,
плыве за ёй, і ўжо хавацца позна.

«Быць ці не быць?» — ў вачах яе гарыць,
Ды ўжо пытанне тое не стаіць.
Яечня ўсё уцяміць не жадае:
з бясконцасці, што існуе спрадвек,
руку галодны цягне Чалавек
за ёю.

                               Што няшчасную чакае!