Яшчэ элегія

няўжо ты, падумаў я, калі выходзіў
з трамвая 37-га на прыпынку
там, дзе толькі што быў, дзе зярністая ад дажджу
маставая яшчэ дымілася, ад датавання

устрымаюся, а што да сезона быў месяц май,
няўжо ты? ты слізганула поглядам паверх пасажыраў
і, здаецца, пазнала мяне, і 37-ы трамвай
таргануўся, пачаў тармазіць, і з’ехаў твой сіні плашчык,

агаляючы тонкую шыю, і я сышоў,
абуджаючыся адначасова, як бы на хаду
няўжо ты паўтараў раз за разам і валідол
у цемры спрабаваў намацаць, ні пра надвор’е,

ні які дзень не ведаючы, хаця б год,
ты спала так ціха і далёка, што, баючыся дакрануцца,
студыёзус, наўздагон крыкнуў, ты ідыёт,
на адным трамваі ездзіць і размінуцца,

ён заварочвае ўвесь час кудысьці ўбок
на Лефортава, а табе як заўсёды направа,
і каму праз бездань гадоў бразгоча званок
ці што там, мабільнік? — не мае значэння — не стой, разявака,

на шляхах, калі будучага не ведаеш! — спрасонку
так я думаў упоцемках, і ты была побач, побач,
незнаёмка з 37-га — жано, гэта ты? — жонка,
і яшчэ было штосьці, што словам не схопіш, поглядам

хвацкім не ўгледзіш, ды гэта прысутнічала
нібыта знак непазбежнасці, ці што, і вестка абаім,
і дыхала ў шкло, і прыкідвала лік,
роўны чатыром пятакам альбо двум аболам,

бо час элегій рымскіх-нярымскіх прайшоў, а тэрмін
чакання што ні раніца карацее за ноч,
і ўсё ж, калі я бачу твой твар і сівую скронь
з сіняватай жылкай, любімая, ты верыш, спрэс

адступае ўсё — стомленасць, гады, неўроз,
сісталы старасці, што ўсё бліжэй, і хваробы —
усё адыходзіць, толькі пах тваіх валасоў,
задзірліва пад рукой раскіданых, каб

тайна зрэзаць іх як закладку на чорны дзень
у каштоўную кнігу-абярэг, пах, толькі ён і
трымае тое, што правеяла там, і, куды б ні падзеў
тую кнігу, да спазмаў заўсёды ўдыхаеш яе, шмальцуеш

нібы той запавет, хоць не раз і не два прачытаў,
па вершы завучваючы, яна ўсё роўна загадка
і сама па сабе, і, вядома ж, яшчэ фінал,
да якога не дойдзе ніколі закладка,

бо фіналу няма, як наогул ні слова няма,
род дэпрэсіі гэта ці мозга пустое кіпенне:
пазнавата сустрэліся? ды ўсё ж сустрэліся, ну а любоў,
як тав. Сталін пісаў, пераможа і ўсё такое,

і надзея адна, што шчэ ў розуме правадыры
і памерці дадуць сваёй смерцю, і нават у ложку,
чым не льгота, ды толькі наперадзе дзірка фатальная,
Божа, я прашапчу, няўжо тут Ты, няўжо

шанц даеш, бо, здаецца, стаміліся паркі твае
прасці пражу нябачную — што яна тут, ці не дзірка? —
ды сяброўка са мной, на світанку яе не будзі,
на світанку салодка так спаць, і трамвай ад’язджае