Алег Чухонцаў
Нарадзіўся ў 1938 годзе ў Паўлаўскім Пасадзе Маскоўскай вобласці. Скончыў Маскоўскі абласны педагагічны інстытут ім. Н. К. Крупскай. Працаваў загадчыкам аддзела паэзіі ў часопісах «Юность» і «Новый мир». У 1960-я — 1980-я гады актыўна перакладаў на рускую мову вершы еўрапейскіх і амерыканскіх аўтараў, паэтаў з саюзных рэспублік. Аўтар дванаццаці паэтычных кніг і зборнікаў, у тым ліку: «Фіфія» (2003), «З гэтых межаў» (2005), «З лірыкі» (2007), «Цёзка па прозвішчы» (2008), «Мова маўчання: з розных кніг» (2014), «Без’языкі тлумач» (2014), «тое, што выходзіць з — тое, што сыходзіць за» (2015). У 2019 годзе выйшаў зборнік выбраных твораў «І гук і водгук». Алег Чухонцаў — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РФ, прэмій часопісаў «Новый мир» і «Знамя», Пушкінскай прэміі фонду Альфрэда Цёпфера (Германія) і Дзяржаўнай Пушкінскай прэміі РФ, Нацыянальнага конкурсу «Кніга года», паэтычнай прэміі «Anthologia», літаратурнай прэміі ім. Барыса Пастарнака, вялікай прэміі «Трыумф», прэміі «Маскоўскі лік», Нацыянальнай прэміі «Паэт» і іншых. Жыве ў Маскве.
Паэзія Чухонцава займала важнае месца ў літаратурным кантэксце апошняй трэці ХХ стагоддзя, выклікаючы станоўчыя і нават хвалебныя водгукі і крытыкаў, і літаратуразнаўцаў. Аднак пасля выхаду кнігі «Фіфія» пра Чухонцава загаварылі як пра аўтара, які карэнным чынам змяніў ранейшую сваю паэтыку. На новым творчым вітку з новым набытым духоўным вопытам і новымі моўнымі магчымасцямі ён аплаквае тых, каго ўжо няма, разважае пра старасць, пра метафізічнае юродства паэта і чужароднасць яго навакольнаму асяроддзю, а яшчэ пра сусветную энтрапію, якая ўсё нарастае...