Дзень Перамогі

Франтавыя сто грамаў наліў,
выпіў, доўга стаяў ля акна.
На грудзях — за вайну медалі,
ну а ў думках — былая вайна.

 Сярод дыму ўстаюць перад ім
негеройскія твары сяброў.
Добра там ім было, маладым,
адчуваць, як хвалюецца кроў.

 Добра ўсё ж кожны ўдых адчуваць,
 ваяваць супраць цемры і зла.
І на смерць ім было напляваць,
калі міма, на шчасце, прайшла.

 Ну а што там віднее здаля —
дык на тое махалі рукой.
А забітых прымала зямля,
дзе і гора, і боль, і спакой.

 За зямлю тую мноства салдат
У акопах навек паляглі...
Іх ужо засталося няшмат,
тых, хто ходзіць яшчэ па зямлі

 і не можа ніяк зразумець,
што ў краіне нязвычнай жыве.
Тут, хто хоча багацце займець,
родны край на кавалкі ірве.

 Гэта свята, што зноўку прыйшло, —
адпушчэнне міжвольных грахоў.
А на небе той Зоркі святло,
што ў пячору вяла пастухоў.