Таямнічы запал
(фрагмент рамана)
1968, лістапад
Каруза
У лістападзе ўсё таго ж «катастрафічнага» года Кукуш і Ваксон апынуліся ў Растове-на-Доне. На змярканні там шпацыравалі па цэнтральным бульвары. Сякія-такія, няхай бездапаможныя, сляды засталіся там у архітэктуры ад буржуазнага багацця. Ну, ранні мадэрн, вядома, з яго звівамі. Ад камсамольскай утопіі канструктывізму таксама засталося два-тры помнікі; ну, напрыклад, фісташкавага колеру гатэль, дзе яны спыніліся, падобны бакамі на элеватар збожжа.
Шпацыруючы, сталічныя госці не заўважалі вялікага розначытання са сталіцай. Прыблізна такія ж чэргі за прадуктамі ўтвараліся да гэтага часу ля гастраномаў. У кафэ і рэстараны публіку прапускалі малымі дозамі ў адпаведнасці з колькасцю тых, хто выходзіў. Адна ўстанова чымсьці адрознівалася ад іншых, што прымусіла пісьменнікаў спыніцца перад яе шыльдай: «Кактэйлі». Гэтыя нязменныя «Кактэйлі», заўсёды яны ўзрушваюць савецкую моладзь! Так было і тут. Братва, пералічваючы метал і паперкі, праціскалася ў адкрытыя насцеж высокія дзверы і далей адважна далучалася да ўнутранага натоўпу. За натоўпам, па ўсёй верагоднасці, былі адкрытыя мармуровыя прылаўкі, дзе і змешваліся спакуслівыя напоі.
Адтуль даносіліся грубавата-жаночыя галасы: «Вяртайце бакалы, хлопцы! Майце сумленне, няма ў што наліваць!»
Гэтыя хлопцы ў шырачэнных клёшах ужо на адлегласці двух-трох метраў ад прылаўкаў пачыналі выкрыкваць свае заказы: «Адно „Каруза“! Два „Каруза“! Тры „Каруза“!»
На сцяне пад партрэтамі Брэжнева і Падгорнага вісеў «Прэйскурант напояў». Там сярод усялякіх «Паўднёвых» і «Крымскіх» вылучаўся вось менавіта гэты самы «Каруза» з тлумачэннем (напой сярэдняга мацунку). Вось менавіта да яго па нейкіх важкіх прычынах і цягнуліся спакусы моладзі.
— Вось бачыш, Кукуш, якое тут бурліць жыццё: адно суцэльнае «Каруза»! — задуменна вымавіў Ваксон.
— Ім, напэўна, здаецца, што гэта нейкае кола з феерверкамі. Кола Каруза, гучыць нядрэнна, — адазваўся Кукуш.
— Прыйдуць дні, калі і Кукуш тут з’явіцца ў меню, — выказаў меркаванне Ваксон. — Уяўляеш, як будуць заказваць: адзін «Кукуш», два «Кукушы», тры «Кукушы»!
Наймілы Кукуш з яго тонкімі вусікамі і лермантаўскім ілбом весела, але, як заўсёды, злёгку сумнавата, сумнавата-вясёленька, рагатнуў:
— А вось кактэйлю «Вакса», б’юся аб заклад, ты не дачакаешся!
Яны прыехалі сюды па запрашэнні мясцовага ўніверсітэта. Сумесны вечар: Ваксон чытае, Кукуш спявае. Гурба студэнтаў сустракала іх на вакзале. Прама там перадалі дадатковае запрашэнне — выступіць сёння ўвечары на гарадскім свяце ў гонар 50-годдзя Ленінскага камсамола. Ваксон быў запярэчыў, але Кукуш яму шапнуў:
— Пагаджайся, дзівак, бо камсамол — гэта наша альтэрнатыўная партыя.
Тут варта адзначыць, што ў тыя часы пісьменнікі атрымлівалі за выступленне ад «Бюро прапаганды мастацкай літаратуры» чатырнаццаць рублёў пяцьдзясят капеек: часы былі не меркантыльныя.
Іх прывезлі ў Палац спорту. Зала на дзесяць тысяч месцаў была запоўненая. На сцэне разыгрываўся тэатралізаваны канцэрт па гісторыі камсамола. На сапраўдных данскіх скакунах дэфіліравала Першая конная. Выязджала сапраўдная тачанка, у гонар якой грымеў хор:«Эх, тачанка-ростовчанка, наша гордость и краса, пулеметная тачанка, все четыре колеса!»
Маршыравалі з адбойными малаткамі будаўнікі ДнепраГЭСа. Байцы ВАВ узнімалі сцяг на будынак Рэйхстага. У скафандрах спускаліся па ўрачыстых прыступках касманаўты, якія вярнуліся з арбіты. Луналі чырвоныя сцягі. Трубілі трубачы. Потым усё заціхла і сцэна ачысцілася. Кукуш шапнуў Ваксону: «Пра апошні подзвіг чамусьці маўчок».
Пасля паўзы вядучы аб’явіў: «Павіншаваць нас з выдатным святам прыехалі маскоўскія пісьменнікі, паэт Актава і празаік Ваксон». Пад гучныя апладысменты абодва сябры падняліся на сцэну; абодва былі не пры парадзе, без гальштучкаў, адзін (Кукуш) у скуранцы, другі (Ваксон) у пакамячанай вельветавай касцюменцыі. Увесь першы рад, запоўнены «бацькамі горада», хоць і памахаў далонькамі, аднак абмяняўся здзіўленымі поглядамі. Слова для прывітання было дадзена Кукушу. У кароткай прамове гэты маскоўскі таварыш засяродзіўся на ролі інтэлігенцыі, іншымі словамі, аб асноўных класах грамадства наогул не гаварыў, а толькі праслаўляў праслойку. Зала ў адказ на гэта страціла сваю рытмічную пружыну, апусцілася ў падабенства хаосу. Першы рад проста надзьмуўся. У цэнтры нехта нешта ціха прагаварыў, і шэпты разбегліся па флангах. Ваксон выйшаў да мікрафону і працягнуў тэму Кукуша і нават яе паглыбіў. Цяпер нам трэба, сказаў ён, не столькі сілу павялічваць, колькі развіваць інтэлект. Інакш мы станем подобнымі да дыназаўраў. Развіццё гэтых нашых папярэднікаў у ролі лідараў Зямлі зайшло ў тупік, калі аказалася, што ў іх толькі мускулы неймаверна павялічваюцца, у той час як мозг застаецца непрапарцыйна малым. У адказ на гэту бестактоўную заяву хаатычныя гукі ў зале павялічыліся, а ў цэнтры першага рада ўтварылася
прарэха.
Раніцай у гасцініцу прыскакалі з круглымі вачыма ўніверсітэцкія энтузіясты новага мастацтва. Кукуш і Ваксон, будзьце, калі ласка, асцярожней. У кіраўніцтва стварылася меркаванне, што маскоўскія пісьменнікі паводзілі сябе неадэкватна і сапсавалі моладзі яе запаветнае свята. Больш за тое, стала вядома, што першы сакратар парэкамендаваў універсітэту даць адпор гэтым неадэкватным таварышам.
Ва ўніверсітэце панавала нейкая перапалоханая летаніна, як быццам да гарадскіх межаў падыходзіла Добраахвотніцкая армія. Амфітэатр быў поўны, або, лепш сказаць, бітком набіты. Маскоўскія госці завялі размову на выключна літаратурныя тэмы. Было некалькі філалагічных пытанняў. Потым хтосьці папрасіў Кукуша праспяваць «што-небудзь новенькае». Бард, як заўсёды, пачаў трошкі какетнічаць. Ды я зараз амаль не спяваю, ды ў мяне і гітары няма, і гэтак далей. Падрыхтаваная студэнтамі гітара тут жа прыплыла да яго прама на калена. Ён праспяваў «Моцарта», «Малітву Франсуа Віёна», «Возьмемся за рукі, сябры». У зале, як заўсёды сярод навучэнскай моладзі, выявілася некалькі цудоўных дзявочых асоб з вачыма на мокрым месцы. Раптам па радах як быццам швабра прагулялася; прайшла паласа скрыўленых твараў, у канцы якой ўздыбіўся магутный казак з ліку выкладчыкаў. Ён задаў кардынальнае пытанне: «А вось скажыце, маскоўскія пісьменнікі, як вы ставіцеся да ўводу нашых войскаў у Чэхаславакію?» І зноў, як учора, узнікае нейкі спецыфічны растоўскі феномен — хаатычные бурленне натоўпу.
Рэктар хутка падымае і павольна апускае абедзве рукі, быццам кажучы: спакойна, таварышы! Не трэба так рэагаваць на звычайнае акадэмічнае пытанне. Зала заціхае, і ў цішыні Кукуш вымаўляе свой адказ: «Асабіста я лічу ўвод войскаў у Чэхаславакію вялікай палітычнай памылкай». За гэтымі словамі ўзнікае выбух, ужо не проста хаатычны, а хутчэй землятрус. З усіх бакоў амфітэатра грыміць або віскоча слова «Ганьба!». Цяжка зразумець, каму яно адрасавана: савецкай арміі або Кукушу Актаве, ганебнаму лібералу і паражэнцу? Кукуш сядзіць, прыкрыўшы далонню вочы. Ваксон стаіць з паднятай рукой і крычыць: «Спыніце правакацыю! Не чапайце Кукуша!» Зала заціхае толькі праз некалькі хвілін. Сустрэча скончылася. Сыходзячы, Ваксон кажа ў мікрафон: «Хацеў бы я ведаць, хто гэта ўсё загадаў і разыграў».
Ніхто не прыйшоў іх праводзіць. У натоўпе на пероне ім увесь час здавалася, што за імі плывуць вочы вышукоўцаў. У цягніку адразу прайшлі ў вагон-рэстаран. Заказалі каньяку і выпілі з ходу па паўшклянкі. Потым абняліся. Ваксон, мой дарагі! Кукуш, мой сардэчны!
Тыя людзі пра іншага, нібы пра брата,
Мелі клопат не толькі ў багемнай гульні,
І не толькі таму, што пайшлі ад буратаў.
Там яўрэйскага тыгра адбітак ступні.
Іх бацькі запалілі агні камунізму,
На Урале ўзначальвалі гарады,
Паміралі ад сквапных адэптаў садызму
У краіне разгулу шалёнай арды.
Не мінуць іх матулям спакусаў трацкізму,
Ўзнагародай за ўсё будзе ім Калыма.
Малады «камсамол» стаў нудліваю трызнай,
Уцячы з-пад нагляду надзеі няма.
Вы, нашчадкі ахвяр, словаў гронкі збірайце,
Покуль не дапіліся ушчэнт да чартоў
У палоне таемнай паэзіі жарсці,
Стаўшы купкай сляпых і аглухлых кратоў.
Праз гадзіну іх сур’ёзна развезла. Яны сядзелі ў кутку дрыжачага рэстарана, дапівалі другую бутэльку і ціхенька размаўлялі пра тое, што іх агульны сябар Гладыёлус Падгурскі называў «сямейным і асабістым жыццём».
— Ну, раскажы мне пра сваю каханку, — сказаў Ваксон. — Якая яна ў інтыме?
— Яна чароўная ў сваёй пяшчоце і далікатная ў сваёй боскасці, — адказваў Кукуш. — Геніяльная ў сваёй дзявоцкасці і гарэзлівая ў сваёй геніяльнасці.
— Выдатна сказана, — ківаў Ваксон. — Так і бачыш яе ўсю.
— А цяпер раскажы мне пра сваю, — добразычліва прапанаваў Кукуш.
— Гэта пра каго?
— Пра сваю каханку.
— З якой гэта нагоды я буду расказваць пра яе?
— Я ж табе расказаў пра сваю.
— Я ведаю тваю, а ты маю не.
— Ну, дык тым больш скажы пра яе чатыры словы.
— Чатыры словы?
— Так, чатыры.
— Сцерва любімая, хараство невыноснае.
— Нядрэнна сказана, Шызы Нос, тым болей, што я яе ведаю.
Між тым за імі ў перапоўненым вагоне ўважліва назіралі два вельмі падобныя адзін да аднаго маладыя чалавекі: доўгія валасы, пышныя бакенбарды, звіслыя вусы. Дачакаўшыся афіцыянта, яны паслалі ім трэцюю бутэльку каньяку ў суправаджэнні запіскі: «Ад нашага стала — вашаму сталу. Фёдар і Сяргей Барысавы, прыхільнікі талентаў». На шчасце, бутэлька з запіскай да іх і не даехала. Яе перахапіў юнак херувімскай знешнасці ў куртачцы студэнцкага будатрада. Схаваў яе ў кішэню і прадэкламаваў экспромт: «Гэтых двух у бакенбардах лепш за ўсё адпраўце ў жопу. Бо фальшыўкі-леапарды нявартыя антылопы!» І адразу знік у накураным
паветры.
У Маскве на пероне іх чакалі абедзве каханкі. Смалілі і балбаталі пад прасвятлелым за ноч небам. Зарагаталі, калі з вагона выйшлі абодва жаданых джэнтльмена: «Ну, што я табе казала? На мора і назад!»
Чорна-жоўтая «Волга» выехала на Садовае кальцо. За рулём сядзела Раліса. У дзесяці метрах за імі рухалася цалкам чорная «Волга» з двума падобнымі адзін да аднаго маладымі людзьмі, але ўжо без вусоў і бакенбардаў. «Вось гады, зноў цягнуцца ззаду», — сказала яна свайму сябру. На заднім сядзенні размясціліся Кукуш з яго сяброўкай. Яны нічога не бачылі і нікога не чулі, акрамя адно аднаго. Узахлёб чыталі вершы.



