Тыграплач

ці ведаеце вы
як плачуць тыгры
выюць рыдаюць
заціскаючы лапамі
рот — люты
дык вось
заплюшчваючы вочы
каб
не ўпала сляза
буйная
як град
велічынёй з грэцкі арэх
ах
эх
як выплакваюць
тыгры
заканчэнне галосных
і зычных
ці ведаеце вы
плач тыграў
уладарных
што качаюцца па зямлі
у параксізме любоўным
даганяюць
ахвяру
у выглядзе ўласнага
ценю
у свабодным падзенні
са скалы