Пад ласкаваю скурай згушчалася доўгая хорда...

* * *

Пад ласкаваю скурай згушчалася доўгая хорда,
Штампаваў з ночы цэх каляндарны другое чысло.
«Тут жыццё — пра любоў», — абвясцілі мне ля уваходу,
І відушчае цела ў мяне штохвілінна расло.

Непачатая кроў бушавала ў дзіцяці капрызным,
І, калі акушэр дзелавітае слова сказаў,
Я вітаў белы дзень галасістым сваім арганізмам,
Як вітае чугуеўскі дзядзечка Курскі вакзал.

І з ваенных руін падымаліся хаты і поле,
Ад Нявы да Балкан часавы зноў ішоў па сцяне.
Што я ведаў тады, як сваю аддаваў людзям долю
За той голас прароцкі ў навекі глухой старане?

Я хадзіў па радзіме прадвеснікам раю ляснога —
Як муціла мяне ў рытуале дварцовых манер,
Як я помсціў усім, як хвастаў ненавіснае слова —
Да жывое крыві, выганяючы зранку ў манеж.

Гэты свет — маё кола, дзе з вобадам рукі звязалі.
Пра каханне жыццё, дзе, як пыл, пралятаюць вякі.
Для каго я жыву, для каго я крычу на вакзале,
Дзе на сотнях платформаў шалёна равуць цягнікі?