Леў Талстой — свабодны чалавек
(фрагмент кнігі)
Цётачкі
Ва «Успамінах» Талстой піша, што самай важнай фігурай у яго выхаванні («у сэнсе ўплыву на маё жыццё») была цётачка Таццяна Аляксандраўна Яргольская.
Але як гэта магло здарыцца? Бо яна даводзілася яму далёкай раднёй. Бацька Яргольскай — стрыечны брат яго бабулі па лініі бацькі Пелагеі Мікалаеўны Талстой.
З’яўленне Танечкі Яргольскай у доме дзеда і бабулі Талстога, Ільі Андрэевіча і Пелагеі Мікалаеўны, — апісана ва «Успамінах»: «Яна і сястра яе Ліза засталіся маленькімі дзяўчынкамі, беднымі сіроткамі ад памерлых бацькоў. Было яшчэ некалькі братоў, якіх родныя сяк-так уладкавалі, дзяўчынак жа вырашылі ўзяць на выхаванне знакамітая ў сваім коле ў Чэрнскім павеце і ў свой час уладная і важная Таццяна Сямёнаўна Скуратава і мая бабуля. Згарнулі квіточкі, паклалі пад абразы, памаліўшыся, вынялі, і Лізанька дасталася Таццяне Сямёнаўне, а чорненькая — бабулі».
«Чорненькая» — была Танечка.
У складанай сістэме расстаноўкі герояў і прататыпаў «Вайны і міру» Тані адведзена сціплая роля выхаванкі сям’і Растовых — Соні. Гэта адзін з самых непрыкметных жаночых вобразаў рамана. Меркаваць па ім аб сапраўднай Таццяне Аляксандраўне — нельга. Але дакладна тое, што, як Соня была закаханая ў Мікалая Растова і Мікалай Растоў кахаў яе, так і бацька Талстога Мікалай Ільіч і Таццяна Аляксандраўна з дзіцячых гадоў кахалі адно аднаго.
Таццяна Аляксандраўна была, па сутнасці, нахлебніцай, хоць і не ў чужым доме. Спачатку яна расла разам з Мікалаем Талстым і, як гэта часта здараецца ў раманах, была ў яго закаханая. І Мікалай Талстой быў закаханы ў сваю кузіну, прычым у значна большай ступені, чым Мікалай Растоў — у сваю бедную сваячку. Мікалай Талстой быў вымушаны ажаніцца на Марыі Валконскай без кахання, па разліку, але, ажаніўшыся, быў шчаслівы. Яго жонка ведала пра каханне мужа да Туанет. Яргольская была прыгожая ці, ва ўсякім выпадку, прывабная. Але Марыя Мікалаеўна ніколі не выяўляла рэўнасці да Туанет, якая стала жыць з імі ў Яснай Паляне. Калі яны на нейкі час расставаліся падчас ад’ездаў Яргольскай да сястры Лізаветы ў Пакроўскае, Марыя Мікалаеўна пісала ёй лісты, у якіх адчуваюцца непадробныя пяшчота і павага. Тым не менш праблема «любоўнага трохкутніка» ўсё-такі была. Проста яна не развівалася. Усе ўдзельнікі «трохкутніка» разумелі сілу акалічнасцяў, якія склаліся.
Але гэтыя абставіны змяніліся пасля смерці Марыі Мікалаеўны. Туанет на той час было 38 гадоў, Мікалаю Ільічу — 36. І ён зрабіў ёй прапанову. Той, якую кахаў усё жыццё. Але Туанет яму адмовіла.
Пасля раптоўнай смерці Мікалая Ільіча яго дзеці засталіся сіротамі. Старэйшаму, Мікалаю, у дзень смерці бацькі споўнілася чатырнаццаць. Яшчэ да смерці Мікалая Ільіча, у студзені 1837 года, сям’я пераехала ў Маскву, пасяліўшыся ў прасторным доме на Плюшчысе. Мэта пераезду была ў тым, каб хлопчыкі «прывыкалі да найвышэйшага грамадства». Акрамя таго, старэйшыя рыхтаваліся ва ўніверсітэт.
У Маскве бабуля Пелагея Мікалаеўна, якая прывыкла да бесклапотнага жыцця і пры сваім мужы, і пры сыне Мікалаі, займалася сабой і сваім горам пасля страты любімага сына. Фактычна браты апынуліся ў руках французскага гувернёра Тама, якога малодшы Леў так моцна неўзлюбіў.
Масква не прыйшлася даспадобы Лёву. Яго здзівіла, што людзі пры сустрэчы з ім не здымаюць шапак і не вітаюцца. Упершыню ў жыцці яму прыйшло ў галаву пытанне: што ж яшчэ можа цікавіць гэтых людзей, «калі яны ніколечкі не клапоцяцца пра нас»? Не ацаніў ён і хараства гарадскіх забаў. Яго здзівіла, што вартаўнік не пусціў іх гуляць у прыватны сад, які дзецям так спадабаўся. У Вялікім тэатры, седзячы ў ложы, ён не мог зразумець, што трэба глядзець убок на сцэну, і ўвесь спектакль зіркаў на ложы насупраць. Масква была шумнай, пыльнай, шматлюднай, і ён з сумам успамінаў «луг перад домам, высокія ліпы саду, чыстую сажалку, над якой лёталі ластаўкі, сіняе неба, на якім спыніліся белыя празрыстыя хмары, пахкія копы свежага сена» і многае іншае, за што ён усё жыццё так любіў сваю Ясную Паляну...
Усё змянілася пасля смерці бабулі. Яна памерла вясной 1838 года. Пры бабулі немагчыма было памяняць панскі, на шырокую нагу, лад жыцця ў Маскве. Але пасля яе смерці паўстала пытанне аб скарачэнні выдаткаў.
Пасля смерці бабулі апякункай над непаўналетнімі дзецьмі стала старэйшая сястра іх бацькі Аляксандра Ільінічна Остэн-Сакен. Ёй, жанчыне, было цяжка весці заблытаныя маёмасныя справы брата. Акрамя таго, у яе самой былі праблемы з асабістым жыццём. Аляксандра (Aline) Талстая ў раннім узросце выйшла замуж за багатага астзейскага графа. Той аказаўся псіхічна хворым чалавекам, які пакутаваў на беспадстаўную рэўнасць. Калі жонка была цяжарнай, ён вырашыў што «ворагі» хочуць яе адабраць у яго, пасадзіў яе ў каляску, а па дарозе, дастаўшы са скрыні два пісталеты, прапанаваў застрэліць адно аднаго. Свой стрэл ён зрабіў першым. На шчасце, рана аказалася не смяротнай, але пасля нервовага ўзрушэння Aline нарадзіла мёртвае дзіця. Ёй пра гэта не паведамілі, а паказалі дзіця, якое ў гэты ж час нарадзілася ў жонкі повара. Аляксандра Ільінічна сышла ад мужа і жыла з бацькамі, пасля жаніцьбы брата Мікалая пераехала ў Ясную Паляну, а затым разам з усёй сям’ёй Талстых — у Маскву. З імі жыла і яе прыёмная дачка Пашанька, якую ёй памянялі на мёртвае дзіцё. Талстой запомніў «асаблівы кіслы пах цётачкі Аляксандры Ільінічны, які, верагодна, паходзіў з неахайнасці яе туалету. І гэта была тая грацыёзная, з цудоўнымі блакітнымі вачыма, паэтычная Aline, якая любіла чытаць і спісваць французскія вершы, якая грала на арфе і заўсёды мела вялікі поспех на самых вялікіх балях...»
Было вырашана пакінуць у Маскве з Аляксандрай Ільінічнай і гувернёрам Тама двух старэйшых хлопчыкаў, Мікалая і Сяргея, а малодшых, Міцю і Льва, разам з сястрой Машай адправіць назад у Ясную з Таццянай Аляксандраўнай і гувернёрам Фёдарам Рэселем, якога, нягледзячы на яго схільнасць да п’янства, вярнулі ў дом. «Маскоўская» частка сям’і адмовілася ад вялікага дома, пераехаўшы на невялікую, танную кватэру, а «яснапалянская» — з радасцю вярнулася да родных «пенатаў».
Цяжка сказаць, як склаўся б светапогляд Талстога, калі б гэтага не адбылося. Але вось факт. Старэйшыя браты Мікалай і Сяргей, якіх выхоўваў француз Тама і які для большай важнасці прымушаў называць сябе Сен-Тама, гэта значыць «святы», у будучыні аказаліся рэлігійна індыферэнтнымі людзьмі. Прасцей кажучы: атэістамі. А Міця, Леў і Маша прайшлі, кожны па-свойму, рэлігійны шлях.
Зрэшты, усе цётачкі Талстога былі рэлігійнымі жанчынамі. У Аляксандры Ільінічны гэта насіла рысы рэлігійнай экзальтацыі. Калі пасля смерці бацькі яна пасялілася ў брата ў Яснай Паляне, то акружыла сябе «вандроўнікамі, юродзівымі, манахамі і манашкамі, з якіх некаторыя жылі заўсёды ў нашым доме, а некаторыя толькі наведвалі цётачку. У ліку тых, хто амаль увесь час жыў ў нас, была манашка Мар’я Герасімаўна, хросная маці маёй сястры, якая хадзіла ў маладосці вандраваць пад выглядам юродзівага Іванушкі. Хроснай маці сястры Мар’я Герасімаўна была таму, што маці абяцала ёй узяць яе кумой, калі яна вымаліць у Бога дачку, якую маці вельмі хацелася мець пасля чатырох сыноў. Дачка нарадзілася, і Мар’я Герасімаўна была яе хроснай маці і жыла то ў Тульскім жаночым манастыры, то ў нас у доме», — піша Талстой ва «Успамінах». Аляксандра Ільінічна любіла кантактаваць з вядомымі манахамі, напрыклад, са старцам Леанідам ў Опцінай Пустыні. Яна трымала ўсе пасты, шмат малілася. У яе ніколі не было сваіх сродкаў, бо яна ўсё раздавала тым, хто прасіў.
Улетку 1841 года яна жыла ў Опцінай Пустыні і цяжка захварэла. Наведаць яе прыехала Таццяна Аляксандраўна з Мікалаем і Машай Талстымі. Убачыўшы пляменнікаў, цётачка заплакала ад радасці і праз дзень памерла без пакут, пры поўнай свядомасці. Паводле легенды, бласлаўляючы 11-гадовую Машу, духоўнік цётачкі старац Леанід (у свецкім грамадстве Леў Наголкін) сказаў пра яе: «Маша, будзеш наша». Праз 49 гадоў Марыя Мікалаеўна стала духоўнай дачкой опцінскага старца Амброзія, настаўнікам якога быў айцец Леанід, а затым пастрыглася ў манашкі жаночага Шамардзінскага манастыра.
Малодшая сястра Аляксандры Ільінічны — Пелагея (Паліна) Ільінічна таксама была рэлігійная. Але яе захапленне царквой мела больш свецкі характар. Жывучы ў Казані замужам за адстаўным гусарскім палкоўнікам і памешчыкам В. І. Юшковым, яна любіла архірэяў, манастыры, вышыванне па канве і золатам, якое раздавала манастырам. Але больш за ўсё яе турбавалі манеры, строі і расстаноўка мэблі ў вялікім доме.
Пасля смерці старэйшай сястры ў 1841 годзе яна атрымала ад пляменніка Мікалая адчайны ліст, у якім той маліў не пакінуць бедных сірот адных, бо, акрамя яе, у іх няма нікога на белым свеце. Яна праслязілася і, як піша Соф’я Андрэеўна Талстая, «задалася думкай se sacrifier*». Браты Талстыя з сястрой пераехалі ў Казань. Таццяна Аляксандраўна Яргольская засталася ў Яснай Паляне. Пераязджаць у Казань яна адмовілася. Яна не ладзіла з Пелагеяй Ільінічнай.
Наўрад ці Пелагея Ільінічна магла мець на пляменнікаў сур’ёзны ўплыў. Яна наогул не карысталася ў доме аўтарытэтам. Муж яе не кахаў, не паважаў і вёў вельмі распусны лад жыцця. Пляменнікі раслі самі па сабе, а Машу аддалі ў Радзівонаўскі інстытут высакародных дзяўчат. Пасля таго як пляменнікі скончылі ўніверсітэт і з’ехалі з Казані, а Маша была выдадзена замуж, Пелагея Ільінічна пакінула нявернага мужа і стала жыць у манастырах. Нарэшце яна атаўбавалася ў келлі жаночага манастыра непадалёку ад Тулы. У 1875 годзе Пелагея Ільінічна пераехала жыць у Ясную Паляну да пляменніка Льва, ужо жанатага і бацькі шматдзетнага сямейства, і там неўзабаве памерла.
Калі ў 1841 годзе ўсе дзеці былі вымушаныя з’ехаць у Казань да новай апякункі, Таццяна Аляксандраўна засталася ў адзіноце. Яна піша ў дзённіку: «Адзінота жахлівая! З усіх пакут гэта самая цяжкая. Што рабіць з сэрцам, калі няма каго любіць? Што рабіць з жыццём, калі няма каму яго аддаць?»
Але пяццю гадамі раней, 6 жніўня 1836 года, яна запісала на шматку паперы: «Мікалай зрабіў мне сёння дзіўную прапанову — выйсці за яго замуж, замяніць маці яго дзецям і ніколі іх не пакідаць. На першую прапанову я адмовіла, а другую абяцалася выконваць, пакуль я буду жывая». Ці задумалася тады Таццяна Аляксандраўна, чаму гэта прапанова паступіла не праз год, як належыць, а праз шэсць гадоў пасля смерці Марыі Мікалаеўны? Хуткая смерць Мікалая Ільіча ўсё расставіла па месцах.
Стала зразумелым, што прапанова Мікалая Ільіча было проста разумным учынкам з яго боку. Ён, мабыць, прадчуваў сваю хуткую смерць і хацеў, каб яго дзеці засталіся пад крылом той, якая іх любіла... як дзяцей каханага ёю чалавека. Але пры гэтым у яе былі б усе законныя правы і на дзяцей, і на іх маёмасць. Таццяна Аляксандраўна разважыла інакш. І зрабіла памылку, якая каштавала дзецям шматлікіх пакут пры дзвюх апякуншах, Остэн-Сакен і Юшковай. Яны таксама па-свойму, вядома, любілі сваіх пляменнікаў, але занадта былі заклапочаныя асабістымі праблемамі.
Талстой піша ва «Успамінах»: «Напэўна, яна кахала бацьку, і бацька кахаў яе, але яна не пайшла за яго ў маладосці для таго, каб ён мог ажаніцца на багатай маёй маці, пасля ж яна не пайшла за яго таму, што не хацела псаваць сваіх чыстых, паэтычных стасункаў з ім і з намі».
«Галоўнай рысай яе была любоў, — працягвае Талстой, — але, як бы я ні хацеў, каб гэта было інакш, — каханне да аднаго чалавека — да майго бацькі. Толькі ўжо зыходзячы з гэтага цэнтра, любоў яе разлівалася і на ўсіх людзей. Адчувалася, што яна і нас любіла за яго, праз яго і ўсіх любіла, бо ўсё жыццё яе была любоў».
Рэлігійнасці сваёй трэцяй цётачкі, Таццяны Аляксандраўны, ён ва «Успамінах» праспяваў гімн. У гэтыя радкі трэба ўчытацца. У іх утрымліваецца зерне, з якога вырасла тое, што так няўдала называюць рэлігіяй Талстога. Пра тое, што Талстой стварыў «сваю рэлігію», прыдумаў «Бога ў самім сабе», толькі лянівы не пісаў. Насамрэч не было ніякай спецыяльнай рэлігіі Талстога. Але многія душэўныя падставы яго веры і разумення таго, як трэба верыць, каб рэлігія не ператваралася ў пусты абрад, былі закладзены ў ім Таццянай Аляксандраўнай Яргольскай.
«Яна рабіла ўнутраную справу любові, і таму ёй не трэба было нікуды спяшацца. І гэтыя дзве якасці — любоўнасць і няспешнасць — непрыкметна вабілі ў блізкасць да яе і давалі асаблівую чароўнасць у гэтай блізкасці. Ад гэтага, як я не ведаю выпадку, каб яна пакрыўдзіла каго, так я і не ведаю нікога, хто б не любіў яе. Ніколі яна не гаварыла пра сябе, ніколі пра рэлігію, пра тое, як трэба верыць, пра тое, як яна верыць і моліцца. Яна верыла ва ўсё, але адпрэчвала толькі адзін догмат — вечных пакут: “Dieu qui est la bonte meme ne peut pas vouloir nos souffrances**”. Я, акрамя як на набажэнствах і панафідах, ніколі не бачыў, як яна моліцца... Я толькі па асаблівай ветлівасці, з якой яна сустракала мяне, калі я часам позна ўвечары пасля развітання на ноч заходзіў да яе, здагадваўся, што я перапыніў яе малітву».
Гэта была найвышэйшая ступень релігійнай свабоды, калі верыцца так, як верыцца, а не як прадпісана або прыдумана. Таццяна Аляксандраўна, у
адрозненне ад позняга Талстога, не адпрэчвала ўсе царкоўныя догматы. Магчыма, таму, што ніколі не задумвалася над імі? Але адзін догмат, аб замагільных пакутах, яна адпрэчвала цвёрда. Магчыма, таму, што ён ўступаў у супярэчнасць з самой прыродай яе веры, якая вынікае з чалавечай і нават жаночай прыроды?
«Ніколі яна не вучыла таму, як трэба жыць, словамі, ніколі не чытала мараляў, уся маральная праца была перапрацавана ў ёй унутры, а вонкі выходзілі толькі яе справы — і не справы — спраў не было, а ўсё яе жыццё, спакойнае, лагоднае, пакорлівае, насычанае любоўю, не трывожнай, якая любуецца на сябе, а ціхай, непрыкметнай любоўю».
Гэта і быў той рэлігійны ідэал, пра які Талстой марыў усё жыццё. І ўсе яго маральныя рознагалоссі са сваёй эпохай і нават з усёй гісторыяй цывілізацыі вынікаюць адсюль, з пакоя яго цётачкі, куды ён часцяком заходзіў познім вечарам...
Як і ў выпадку з Марыяй Мікалаеўнай Талстой, не існуе ніводнага жывапіснага партрэта Таццяны Аляксандраўны. А фатаграфаваць сябе яна, відаць, не дазваляла.
Калі Таццяна Аляксандраўна, забыўшыся, звярталася да любімага пляменніка Лёвы, называючы яго Nicolas (ёсць такія сведчанні), што ён пры гэтым павінен быў адчуваць? Што насамрэч ён думаў пра бацьку і маці, разумеючы, што народжаны ў шлюбе, які заключаны, можа быць, і на нябёсах, але ўсё ж такі не па каханні?
Пасля ад’езду дзяцей у Казань яна пасялілася ў сястры ў Пакроўскім. Калі малодшы Леў стаў уласнікам Яснай Паляны, ён запрасіў яе жыць у сваім доме. Яна была невыказна шчаслівая! У сваіх цыдулках яна раскрыла таямніцу: аб чым, дакладней, аб кім яна малілася вечарамі ў сваім пакоі.
«Я была такая шчаслівая адчуць сябе ім (Львом. — П. Б.) любімай, што ў гэты момант я забылася на жорсткія пакуты, што прыгняталі маё сэрца... Бачыць, што існуе душа, якая цябе так любіць, было для мяне шчасцем... Днём і ноччу я заклікаю на яго бласлаўленне неба».
Дзіўнай была яе смерць! «Ужо калі я быў жанаты і яна пачала слабець, — піша Талстой, — яна аднойчы, счакаўшы момант, калі мы абое з жонкай былі ў яе пакоі, яна, адвярнуўшыся (я бачыў, што яна гатовая заплакаць), сказала: “Вось што, mes chers ami***, пакой мой вельмі добры і вам спатрэбіцца. А калі я памру ў ім, — сказала яна дрыготкім голасам, — вам будзе непрыемны ўспамін, дык вы мяне перавядзіце, каб я памерла не тут”».
Потым ён пакутаваў ад таго, што яны з жонкай паслухаліся цётачку і тая перайшла жыць у цесны пакой каля людской, у якім пасля яе смерці сапраўды ніхто з сям’і не жыў. І яшчэ ён шкадаваў аб тым, што па скупасці сваёй часам адмаўляў ёй у маленькіх радасцях — фініках і шакаладзе. Якімі яна яго ж і частавала...
«Памірала яна ціха, паступова засынаючы, і памерла, як хацела, не ў тым пакоі, дзе жыла, каб не сапсаваць яго для нас. Памірала яна, амаль нікога не пазнаючы. Мяне ж пазнавала заўсёды, усміхалася, прасіявала (так у Талстога. —П. Б.), як электрычная лямпачка, калі націснеш кнопку, і часам варушыла вуснамі, імкнучыся вымавіць Nicolas, перад смерцю ўжо зусім непадзельна злучыўшы мяне з тым, каго яна любіла ўсё жыццё».


