Малачай адцвіў, змоўк конік, гук працяглы адгучаў...

* * *

 Малачай адцвіў, змоўк конік, гук працяглы адгучаў,
голуб сеў на падваконне, цвёрдай дзюбай біць пачаў.

 Зірк — ужо акно разбіта, і па шкле паўзе змяя,
зірк — мінулае забыта, зірк — не памятаю я.

 ...Ты забыўся, ён — таксама, вось ужо былое — пыл,
скрозь падвоеныя рамы Волга жоўтая, як Ніл.

 Хваляй лушчыцца вільготнай цела гнуткае яе...
Накрухмалена бялізна, посуд чысты на стале,

 і ў хрушчоўках пасяліўся ўстойлівы трывалы быт,
быццам у нетрах пахаваны трохвугольных пірамід.

 Там чые скрозь уладанні, а чые ж угоддзі тут?
Як цагельныя расліны з-пад сырой зямлі растуць?

 І чаму ля вокнаў потных чалавечы гармідар?
Дом якім каменным лісцем кідае на тратуар?

 Там, дзе дом цагляны вырас, — прывід велічны-спалох,
і вакол яго папірус распладзіўся ды трыснёг.

 Хвалі Ніла ледзяныя націскаюць — раз, другі...
І арэхі вадзяныя ціснуцца ў берагі.