Радаслоўная

«Скласці радаслоўную, — загадвае запіс у школьным дзённіку. — Да панядзелка. Фармат — А4». Мая васьмігадовая дачка вырывае з альбома па маляванні ліст патрэбнага памеру і запытальна глядзіць на нас з мужам. Я лезу ў камп’ютар — шукаць файл з запісамі цёткі-нябожчыцы. Муж — у свае архіўныя папкі. Да гэтага нам не прыходзіла ў галаву сумясціць нашы матэрыялы. Знаходзім: схемы, табліцы ў Excel, сканы нататак і чарцяжоў ад рукі, фотаздымкі, лісты-адказы з архіваў. — Трэба толькі сямейнае дрэва намаляваць і імёны надпісаць, — удакладняе дачка. — Можна без датаў жыцця і смерці. І нават без імёнаў па бацьку. — Чаму без імёнаў па бацьку? — здзіўляецца нездагадлівы муж. — Каб на лістку змясцілася. Пачынаем вярстаць чарнавік. У свой час цётка, патраціўшы некалькі гадоў на перапіску з далёкімі сваякамі ў Амерыцы і Новай Зеландыі, змагла прасачыць нашу генеалогію ажно да 1804 года — менавіта тады з’явіўся на свет чалавек, якога мы лічым заснавальнікам роду: казанскі купец, чый строгі смуглы твар пад белай чалмой ледзьве можна распазнаць на малюсенькім напаўсцёртым здымку. Пра жыццё прашчура вядома няшмат — толькі тое, што быў ён сапраўдны хаджа, які здзейсніў паломніцтва ў Меку. Мне не давялося займацца пошукамі: я атрымала ўсе матэрыялы па фамільнай гісторыі ў падарунак — дакладней, у спадчыну. Муж, наадварот, здабываў усе звесткі сам: корпаўся ў архівах, старых газетах, шукаў на адмысловых сайтах, ездзіў па Расіі і дапытваўся ў сваякоў — справа расцягнулася на гады. Чыесьці лёсы аднавіў цалкам, ад некаторых знайшоў толькі ўрыўкі сямейных легенд (да прыкладу, ад якойсьці з прабабак не засталося ў нашчадкаў ні здымкаў, ні дакументаў, а толькі адзін-адзіны ўспамін: характар у жанчыны быў настолькі кепскі, што яна прылюдна шпурляла ў мужа-шаўца абутковую калодку). Дайшоў гэтак жа — да пачатку XIX стагоддзя. І вось мы спрабуем укласці на куртаты папяровы лісток імёны — усё XIX стагоддзе і ўсё XX-е. Яны не змяшчаюцца. — Патрэбны большы фармат, — кажа муж. — Каб ужо з імёнамі па бацьку. А яшчэ лепш — з фотаздымкамі. Дачка задуменна ківае: нечаканае мноства сваякоў агаломшыла яе ­цалкам. Ідзём у канцтавары і купляем самы вялікі ватман. Алоўкам размячаем на ім дрэва: яно атрымліваецца разгатае, з раскідзістымі галінамі. Уклейваем тварык дачкі, нашы з мужам партрэты. А далей? У нашых бацькоў — вялікія фотаальбомы, ад бабуляў-дзядуляў засталіся альбомы танчэйшыя, але таксама немаленькія. Якія здымкі выбраць? Адразу вырашаем браць маладыя твары — яшчэ наіўныя, з мяккімі рысамі і не кранутыя зморшчынамі. Вось адна мая бабуля: студэнтка старэйшага курса Казанскага ўніверсітэта, без пяці хвілін іхтыёлаг — модная стрыжка, расшыты бісерам капялюшык. Акрамя татарскай і рускай, яна валодае арабскай, самазабыўна любіць оперу і фігурнае катанне, жыве з бацькамі ў кутнім пакойчыку агромністай камуналкі (да рэвалюцыі ім належаў увесь паверх дома, пасля сям’ю «ўшчыльнілі», дзякуй, што не выселілі зусім). А вось другая: маладая настаўніца, якая толькі што вярнулася з кулацкай ссылкі — хударлявая, апранутая ў мужчынскі пінжак з чужога пляча, з недарэчнай цёмнай памадай на шчыльна сціснутых вуснах. За 16 гадоў на пасяленні ў Сібіры яна амаль забылася родную татарскую і таму ўсё жыццё будзе вучыць дзяцей рускай мове, а ў гаворцы яе да апошніх дзён будзе чуваць моцнае сібірскае оканне. Вось адзін дзядуля: скуласты юнак са спалоханымі вачыма — нядаўні беспрытульны, які напоўніцу зазнаў голад у Паволжы і бадзянні па Туркестане ў пошуках пражытку. А вось другі: лейтэнант, што пару тыдняў таму прыйшоў з вайны. Неўзабаве ён здыме вайсковую форму і пойдзе працаваць у школу — у адпаведнасці з атрыманым яшчэ ў 41-м годзе дыпломам, настаўнікам нямецкай мовы. За ўсё жыццё ён не скажа ніводнага слова пра тое, што з ім адбылося за чатыры франтавыя гады: будзе маўчаць у адказ на ўсе роспыты. І вучыць дзяцей нямецкай мове, любоў да якой дзіўным чынам пранясе праз усе гады вайны... — А яны ж усе на здымках маладзейшыя за нас цяперашніх, — заўважае муж. Гэта праўда. На ватмане — скрозь маладыя, юныя і амаль дзіцячыя твары: нашы бацькі і іх бацькі здаюцца аднагодкамі. Пакуль радаслоўная нагадвае лісток са школьнага альбома з фотаздымкамі выпускнікоў. Толькі па ўскосных прыкметах — крой ваеннага кіцеля, камсамольскі значок на штрыфлі, форма прычоскі — можна вызначыць, што зроблены карткі ў розныя гады, часам з прамежкам у паўстагоддзя. Для васьмігадовай дачкі гэтыя адрозненні непрыкметныя: яна ўважліва разглядае тых, каго прызвычаілася лічыць старымі. — Да Мэрылін Манро падобная, — кажа яна пра адзін са здымкаў. Зрэшты, далей сітуацыя змяняецца: ад яшчэ старэйшых пакаленняў засталося мала здымкаў, і фамільнае дрэва паступова абрастае разнамаснымі і рознаўзроставымі партрэтамі. Вось нашы прабабулі. Суровая татарская старая ў нізка павязанай бялюткай хустцы, з-пад якой ледзьве бачныя напаўсляпыя ад старасці вочы (паводле сямейнага падання, яна так моцна любіла свайго адзінага сына, што не змагла яму дараваць пераезду з роднай вёскі ў горад і ў хуткім часе пасля гэтага памерла). Валавокая забайкальская сялянка, што млява абаперлася на разны столік, з ружай у руцэ (аднойчы, ратуючыся ад хунхузаў — кітайскіх разбойнікаў, што дзейнічалі ў Маньчжурыі і на прылеглых тэрыторыях расійскага Далёкага Усходу ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, яна прайшла добрую сотню кіламетраў па тайзе — без правадніка, з аднагадовай дачкой на руках)... А вось прадзеды. Зухаваты ўраднік з пышнымі вусамі, што горда паклаў руку на эфес даўжэзнай шаблі. Казак Чарнігаўскай губерніі ў гадах, на чыім пачарнелым ад загару маршчыністым твары святлеюць адны вочы. Казанскі буржуа ў бабровым футры, с памазанай алеем элегантнай бародкай... Геаграфія здымкаў уражвае — зроблены яны па ўсёй Расіі: ад Казані і да Хабараўска, ад Варонежа і да Севераморска на Кольскім паўвостраве. Нашы продкі ўвесь час перамяшчаліся па краіне: да 17-га года па ўласнай волі, пасля — па волі дзяржавы. Сыходзілі ў бурлакі і на вайну, ехалі ў буйныя гарады ў пошуках лепшай долі для сваіх дзяцей і на берагі Ангары ў кулацкую ссылку, з’язджалі вучыцца ў сталіцу, а пасля — за палярны круг, працаваць па размеркаванні. Гэтыя пастаянныя пераезды — зігзагі на карце — накладваюцца адзін на адзін, сшываюць краіну ў агульную прастору: у Пецярбургу і Астрахані, у Краснаярску і Барнауле, Навасібірску, Яраслаўлі, Чыце, Петрапаўлаўску-Камчацкім — усюды ёсць вуліцы і дамы, якія на пэўны час станавіліся сваімі, роднымі. Маршруты гэтых перамяшчэнняў адноўлены намі не так даўно — веды пра мінулае не заўсёды з’яўляліся каштоўнасцю. Калісьці яны для многіх былі цяжарам альбо нават станавіліся небяспечнымі. Так, дзядуля мужа ўсё жыццё ўтойваў праўду пра свайго бацьку (калежскага асэсара, што пайшоў з Белай гвардыяй у Кітай і там згінуў): парабкаваў, быў пастухом, вольнанаёмным матросам, байцом ЧАПу (часці асобага прызначэння ў 1917—1925 гадах — дружыны пры камітэтах партыі і партыйных ячэйках на вытворчасці, створаныя з мэтай садзейнічання савецкай уладзе ў барацьбе з контррэвалюцыяй) — толькі каб апраўдаць патрэбны запіс у графе «сацыяльнае паходжанне». Адзінае, што магло яго выдаць, — узорны почырк былога гімназіста-выдатніка. На шчасце, на яго не звярталі ўвагу: не такая ўжо гэта была вялікая рэдкасць на той час — пастух з каліграфічным почыркам... — А ён насамрэч былы пастух? — пытаецца дачка, водзячы пальцам па глянцавым фотаздымку. — Да Рычарда Гіра маладога падобны. — Кажу ж, пастух, — настойвае муж. — Я табе пасля яго анкету пакажу — копію, з архіва. Там усё чорным па белым напісана яго ўласнай рукою. — А адкуль ты ведаеш, што ў анкеце — праўда? Муж змаўкае: запярэчыць і сапраўды няма чаго. Аднаўляць мінулае — усё роўна што займацца археалогіяй: прапускаць скрозь пальцы тоны пяску, шукаючы каштоўныя чарапкі і аскепкі. Альбо як выцягваць з зямлі вялікае дрэва, карэньчык за карэньчыкам, намагаючыся не пашкодзіць. Але часам нават самая карпатлівая праца не дае нічога, калі карані гэтыя даўно ўжо абсечаны нечай рашучай рукою. І больш за ўсё крыўдна, калі гэта была рука роднага чалавека. Адна з нашых траюрадных цётак шмат гадоў захоўвала пад ложкам скрынку з лістамі, паштоўкамі і фатаграфічнымі здымкамі: там, у таўшчэзных пачках, рассартаванае па гадах і перавязанае суровай ніткай, змяшчалася ўсё яе мінулае. А за пару тыдняў да смерці, ужо знясіленая хваробай і прыкаваная да ложка, яна загадала знішчыць змесціва скрынкі — да апошняга лістка. Працівіцца волі хворай не адважыліся: паперы былі спалены там жа, ў пакоі, у металічным тазіку, на вачах ва ўладальніцы. У хуткім часе пасля таго яна і памерла, супакоіўшыся выглядам свайго ператворанага ў дым жыцця. А дзеці яе і цяпер не могуць сабе дараваць, што не збераглі каштоўны архіў... — Калі вынайшлі фатаграфію? — цікавіцца дачка, старанна дамалёўваючы да галінак сямейнага дрэва кветачкі і лісцікі. — На пачатку XIX стагоддзя, недзе ў першай траціне. Ну а фотаатэлье для ўсіх жадаючых сталі адкрывацца ўжо бліжэй да канца стагоддзя. — Пазнавата, — са скрухай хітае яна галавой. Фотакарткі кладуцца на ватман — шчыльна, часам датыкаючыся адзін да аднаго краямі, — і адразу становіцца відавочнай рознасць твараў. Скулы — шырокія калмыцкія і вузкія польскія; вочы — раскосыя мангольскія, з набрынялымі павекамі, і шырока расплюшчаныя, светлыя; кучары — чорныя і пшанічныя; насы — яўна кірпатыя і з выразнай грузінскай гарбінкай. Крадком паглядаю на дачку: усе гэтыя рысы — такія непадобныя — стаіліся ў ёй, скруціліся ў генетычныя спіралі, згарнуліся і запакаваліся. Калі праз некалькі гадоў яе злёгку задраны нос выраўнуецца, а валасы са светла-русых стануць каштанавымі, здзіўляцца не варта. Што праўда, то праўда: пытанні крыві — самыя складаныя ў свеце. А пытанні характару і асабістага выбару? Калі раптам дачцэ захочацца стаць настаўніцай замежнай мовы, гэта будзе яе незалежным рашэннем альбо прывітаннем з мінулага, ад продкаў-педагогаў? А калі ёй захочацца ў запале шпурнуць у каго-небудзь ботам, гэта будзе праявай яе тэмпераменту ці ўсяго толькі спадчынай разбэшчанай прашчуркі? Дзе ўвогуле палягае мяжа, што аддзяляе нас, людзей XXI стагоддзя, індывідуалістаў і эгацэнтрыкаў, прыхільнікаў інтэрнэту і камп’ютарных тэхналогій, ад папярэдніх пакаленняў? Ці існуе гэтая мяжа? І ці так ужо важна яе праводзіць? Можа, самае галоўнае — усё-ткі не адчуваць за спінай пустаты? Ведаць, што там, ззаду, хтосьці быў? Мець магчымасць азірнуцца цераз плячо або нават працягнуць руку?.. Калі наклеена апошняя фотакартка і ўпісана апошняе імя, мы вешаем ватман на сцяну — ацаніць плён намаганняў. Некалькі дзясяткаў твараў — сталых, старых, але ў большасці ўсё ж маладых і нават юных — глядзяць на нас. А мы глядзім на іх. І разумеем, што тут, побач з даччыным ложкам, наш твор і застанецца — надоўга. А што застанецца ад нас саміх — гадоў гэтак праз сто? Па вялікім рахунку, роўна тое ж самае: адзін партрэт, адна-адзіная фраза («...той самы дзед, каторы...» або «...тая самая бабка, што...»). І няхай сёння колькасць нашых фотаздымкаў вымяраецца тысячамі, а сацыяльныя сеткі дакументуюць кожны крок — на ватман з фамільным дрэвам уклеяць толькі адзін наш партрэт. І, паказваючы на яго, наш праўнук успомніць штосьці адно, галоўнае. Дачка атрымала «выдатна» за выкананую працу (настаўніца са скрухай адзначыла, што фармат вырабу не адпавядае ўказанаму ў заданні, аднак знізіць адзнаку не адважылася). Муж — ці то натхнёны вынікамі нашых намаганняў, ці то з іншай прычыны — усур’ёз захапіўся гісторыяй асваення Забайкалля; а неўзабаве яго знайшлі праз інтэрнэт далёкія сваякі — дазналіся, што ён займаецца генеалогіяй сям’і, і захацелі аб’яднаць знойдзеную інфармацыю. Я напісала некалькі апавяданняў пра татарскую вёску. З таго часу прайшло пяць гадоў. Радаслоўная па-ранейшаму вісіць у галавах даччынага ложка. Час ад часу некаторыя фотакарткі скручваюцца, прыўздымаюць куточкі і аблятаюць з дрэва — мы рэгулярна вяртаем іх на належныя месцы. Верагодна, некаторыя здымкі давядзецца хутка абнавіць: на святле выявы блякнуць і губляюць выразнасць (хаця мне больш даспадобы не глянцавая свежасць новых фота, а мяккасць ліній і прыглушаныя адценні выцвілых). Нядаўна мы набылі яшчэ пару ватманаў, склеілі ў доўгую паласу і намалявалі сямейную шкалу часу, куды нароўні з гістарычнымі падзеямі нанеслі і даты жыцця нашых продкаў, а таксама — нашы гады нараджэння. Павесілі на супрацьлеглую сцяну. У першыя дні, праходзячы міма, я не магла ўтрымацца — кожны раз прыпынялася на пару хвілін і прабягала вачыма ўсё XX стагоддзе і пачатак XXІ-га: у адной кропцы на шкале — у адным і тым жа годзе — завяршылася Другая сусветная вайна і нарадзіўся мой бацька, у другой кропцы — памёр Сталін і нарадзілася мая маці, у трэцяй — скончылася вайна ў В’етнаме і нарадзіўся муж... Усе падзеі запісаны адным і тым жа фламастарам, аднолькавым шрыфтам, літарамі аднаго памеру. Зрэшты, гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Ці тая ж самая?