Калыханка для Адысея

Ён кажа: мая дзяўчынка, бедная Пенелопа,
Ты ж зусім пастарэла, пакуль я адлежваў бакі.
Пакрытая льдом Амерыка, аскепкамі шкла Еўропа,
І толькі тут, каля ног тваіх, плёскаюцца вякі.

Любы, пакуль ты швэндаўся, усё зарасло канюшынай,
Ружоваю канюшынай, даўкім сардэчным лістом.
Вольны час вытканы, вышыты дробнаю канюшынай,
Я завару табе горкі і бессмяротны настой.

Пі! Караблі блудныя зюйд прыбівае да берага.
Пі, жаніхі вымерлі, у моры высокі штыль.
Пі, і сыны выраслі, ім — закрываць Амерыку.
Нават нябёсы выцвілі, пі, Адысей, пі!

Сонныя хвалі лашчацца, туляцца воляй птушынаю,
У канюшынавым кубку зводзяцца сплылай Айчыны краі —
Салодкі, як міф пра вернасць, сцелецца дух канюшынавы,
Пі, не шкадуй сабе, пі, мая радасць, радасць былая мая.