Штодзённы боль прыходзіць з поўдня...
* * *
Штодзённы боль прыходзіць з поўдня
набегам пыльнай саранчы
і ўсё вакол сабою поўніць,
і шэпча зроку: «Памаўчы!»
Затым ён стане менш выразным,
шмыгне праз зрэнкі, нібы мыш, —
і зноўку жорстка, падрабязна
ідзе па целе Тахтамыш.
У лютай сечы ўсё загіне:
сасуды, поўныя крыві,
і нервы, што кіруюць імі,
і іх ужо не аднавіць.
Але душа расце рыўкамі,
як гутаперчавы бамбук,
яна не плача пад рукамі
тых, хто шукае новы гук.




