Настаўнік славеснасці

Частка 1. Раніца

Кожную раніцу, яшчэ пры святле зорак, Якаб Іванавіч Бах прачынаўся і, лежачы пад тоўстай падшыванай пярынай качынага пуху, слухаў свет. Ціхія нязладжаныя гукі чужога жыцця, што цякло дзесьці вакол і паверх яго, супакойвалі. Гулялі па дахах вятры — узімку цяжкія, густа замешаныя са снегам і ледзяной крупой, увесну пругкія, напоўненыя вільгаццю і нябеснай электрычнасцю, улетку вялыя, сухія, уперамешку з пылам і лёгкім кавыльным насеннем. Брахалі сабакі, вітаючы сонных гаспадароў, якія выйшлі на ганак, і басавіта раўла скаціна на дарозе да вадапою. Свет дыхаў, трашчаў, свістаў, мыкаў, стукаў капытамі, звінеў і спяваў на розныя галасы.

Гукі ж уласнага жыцця былі настолькі ўбогімі і абуральна нязначнымі, што Бах развучыўся іх чуць: вычляняў у агульным гукавым патоку і прапускаў міма вушэй. Бразгатала пад парывамі ветру шкло адзінага ў пакоі акна, патрэскваў даўно не чышчаны комін, зрэдку пасвіствала аднекуль з-пад печы сівая мыш. Вось, бадай што, і ўсё.

Слухаць вялікае жыццё было значна цікавей. Часам, заслухаўшыся, Бах нават забываўся, што ён і сам частка гэтага свету, што і ён мог бы, выйшаўшы на ганак, далучыцца да шматгалосся: праспяваць штосьці з запалам, або моцна грукнуць дзвярыма, або, на благі канец, проста чхнуць. Аднак Бах лічыў за лепшае слухаць.

У шэсць раніцы, акуратна апрануты і прычасаны, ён ужо стаяў ля прышкольнай званіцы з кішэнным гадзіннікам у руках. Дачакаўшыся, калі абедзве стрэлкі сальюцца ў адзіную лінію (гадзіннікавая — на шасці, хвілінная — на дванаццаці), з усяе моцы тузаў за вяроўку — і бронзавы звон гулка адгукаўся. За многія гады практыкаванняў Бах дасягнуў у гэтай справе такога майстэрства, што гук удару раздаваўся дакладна ў той момант, калі хвілінная стрэлка датыкалася да цыферблатнага зеніту, і ні секундай пазней. Праз імгненне кожны ў вёсцы паварочваўся на гук і шаптаў кароткую малітву. Надыходзіў новы дзень...

Частка 2. Дзень

...За гады настаўніцтва, кожны з якіх нагадваў папярэдні і нічым асаблівым не вылучаўся, Якаб Іванавіч настолькі прызвычаіўся прамаўляць адны і тыя ж словы і зачытваць адны і тыя ж задачкі, што навучыўся пры гэтым у думках раздвойвацца ўнутры свайго цела: язык яго мармытаў тэкст чарговага граматычнага правіла, рука заціснутай у ёй лінейкай вяла пляскала па патыліцы празмерна гаваркога вучня, ногі паважна неслі цела па класе ад кафедры да задняй сцяны, затым — назад, туды-сюды. А думка драмала, закалыханая яго ўласным голасам і мерным пагойдваннем галавы ў такт няспешным крокам.

Нямецкая мова была адзіным прадметам, падчас якога думкам Баха вярталіся ранейшыя свежасць і бадзёрасць. Пачыналі ўрок з вусных практыкаванняў. Вучням прапаноўвалася расказаць штосьці, Бах слухаў і перакладаў: пераніцоўваў кароткія дыялектныя звароты ў элегантныя фразы літаратурнай нямецкай. Рухаліся няспешна, сказ за сказам, слова за словам, нібыта ішлі кудысьці па глыбокім снезе — след у след. Корпацца з азбукай і чыстапісаннем Якаб Іванавіч не любіў і, управіўшыся з размовамі, спешна кіраваў урок да паэтычнай часткі: вершы ліліся на юныя ўскалмачаныя галовы шчодра, нібы вада з балеі ў лазневы дзень.

Любоў да паэзіі апаліла Баха яшчэ ў юнацтве. Тады здавалася: ён харчуецца не бульбяным супам і квашанай капустай, а выключна аднымі баладамі ды гімнамі. Здавалася, імі ж зможа накарміць і ўсіх вакол — таму і стаў настаўнікам. Да гэтага часу, дэкламуючы на ўроку любімыя радкі, Бах усё яшчэ адчуваў прахалоднае трымценне захаплення ў грудзях.

Дзеці заўзятасці педагога не падзялялі: твары іх, звычайна гарэзлівыя альбо засяроджаныя, ад першых гукаў вершаваных радкоў набывалі пакорлівы самнамбулічны выраз. Нямецкі рамантызм уздзейнічаў на клас лепш за снатворнае. Бадай, чытанне вершаў можна было выкарыстоўваць для суняцця раздурэлай аўдыторыі замест звыклых крыкаў і ўдараў лінейкай...

Частка 3. Вечар

...Бах спускаўся з ганка школы і апынаўся на плошчы, ля падножжа велічнай кірхі з прасторнай малельнай залай у карунках спічастых вокнаў і велізарнай званіцай, якая нагадвала тонка завостраны аловак. Ішоў паўз акуратныя драўляныя дамкі з нябесна-сінімі, ягадна-чырвонымі і кукурузна-жоўтымі ліштвамі; паўз габляваныя платы; паўз перавернутыя ў чаканні паводкі чаўны; паўз агародчыкі з рабінавымі кустамі. Ішоў так імкліва, гучна хрустаючы валёнкамі па снезе або плюхкаючы чаравікамі па веснавой гразі, што можна было падумаць, нібыта ў яго з дзясятак неадкладных спраў, якія абавязкова трэба ўпарадкаваць менавіта сёння...

Стрэчныя, заўважаючы фігурку настаўніка, час ад часу клікалі яго і заводзілі размову пра школьныя поспехі сваіх нашчадкаў. Аднак той, засопшыся ад хуткай хады, адказваў неахвотна, кароткімі фразамі: часу было ў абрэз. У пацвярджэнне вымаў з кішэні гадзіннік, кідаў на яго скрушны позірк і, ківаючы, бег далей. Куды ён бег, Бах і сам не змог бы растлумачыць.

Трэба сказаць, была яшчэ адна падстава для яго паспешлівасці: размаўляючы з людзьмі, Якаб Іванавіч заікаўся. Яго натрэніраваны язык, што мерна і бездакорна працаваў падчас урокаў і без адзінай запінкі вымаўляў шматсастаўныя словы літаратурнай нямецкай, лёгка выдаваў такія складаназалежныя каленцы, што іншы вучань і на пачатак забудзецца, пакуль да канца даслухае. Той жа самы язык раптоўна адмаўляўся служыць гаспадару, калі Бах пераходзіў на дыялект у размовах з аднавяскоўцамі. Чытаць на памяць урыўкі з «Фаўста», да прыкладу, язык хацеў, сказаць жа суседцы: «А ёлупень ваш сёння зноўку шалапутнічаў!» — не жадаў аніяк, ліпнуў да паднябення і блытаўся між зубоў, нібы празмерна вялікая і дрэнна правараная клёцка.

Баху здавалася, што з узростам заіканне ўзмацняецца, аднак праверыць гэта было складана: гутарыў з людзьмі ён усё радзей і радзей... Так цякло жыццё, у якім было ўсё, акрамя самога жыцця, — спакойнае, поўнае дробязных радасцяў і мізэрных трывог, у нейкім сэнсе нават шчаслівае.

ავტორის სხვა ნამუშევრები

2 მუშაობს