Кыё! Кыё!..

* * *

 — Кыё! Кыё!

 Стоячы па калені ў вадзе, не выпускаючы тачкі, ён мочыцца ў рэчку.
Каля моста, насупраць трубы, што вывяргае пену
і мыльную ваду лазняў, насупраць закінутых могілак
і царквы на тым беразе, якую яшчэ не паспелі ўзарваць,
ён стаіць у вадзе і мочыцца ў рэчку,
як быццам і сам не разумеючы, навошта сюды забрыў,
а па твары блукае ўсмешка ці то асалоды,
ці то вар’яцтва; скончыўшы сваю справу, ён там і стаіць,
дзе каровы звычайна ўброд пераходзяць рэчку,
стаіць, не зашпільваючы шырынкі, моўчкі глядзіць на паток,
анучы набраклі вясновай вадою паводкі,
і ён не ведае, што рабіць далей, так і стаіць,
трымаючыся аберуч за сваю цялежку, і штосьці мармыча,
штосьці мыкае, ды адно толькі чутна: — Кыё! Кыё!

 Што ў гэтым слове? псалом? ці праклён?
                                                                       Толькі кожнай вясною
па камяністым бруку жалезны грукоча гром.
— Гэта Кыё-Кыё, — у пустэчу ківаюць, —
выкаціў тачку сваю, — пад брэх сабак
ён узнікае ў вопратцы шэрай казённай,
у галёшах чырвоных, што выклеіў сам, — вось,
вось ён праходзіць з лязгатам і грукатаннем,
ён тут чужы ўсім, бабулькі глядзяць яму ўслед,
як на Ілью Прарока, і хрысцяцца апантана,
а мужыкі бурчаць: — Давай жа, ідзі адсюль, дурань,
ці ты ў Андрэева хочаш? — і, таргануўшы тачку,
ён раствараецца ў змроку будзённага ззяння
гэтак жа хутка, як і прыйшоў, толькі грукат
чуецца дзесьці здалёк разам з брэхам сабачым,
ну а затым паступова сціхае...

                                                                        Навошта сюды ён з’явіўся?
Навошта, як лёс, ён штурхае два колы штодзённа
і плача па святах, прымае з усмешкай пакуты,
і радасць ягоная дзіўная: бачыў аднойчы,
як ён з аркестрам ішоў пахавальным услед за труною
і, дзясны ашчэрыўшы, ротам бяззубым
увесь весяліўся, смяяўся бязгучна і шчыра,
маўляў, паглядзіце, кыё, на мяне паглядзіце —
ну што з яго ўзяць! Невядома адкуль заявіўся,
а згіне калі, дык таго аніхто не заўважыць.
                                                                       — Не аддавай,
не аддавай мяне ў тое Андрэева, — так мне казала
маці мая перад смерцю, ну а ў самой
вочы такія былі...

                                          А вось нядаўна
я праязджаў тое месца. Будынак аднапавярховы
царскай яшчэ пабудовы, з нядаўняй перабудовай,
ён сярод поля, на выселках, можна сказаць, барак,
ды з мезанінам, на ганку шурпатым сядзелі
людзі ўсе ў вопратках шэрых, чародка людзей,
моўчкі сядзелі, як птушкі, што пёры тапыраць,
калі без сіл пасяродкі бязмежнага мора
падаюць зверху на палубу... але не гэта
дзіўным мне раптам здалося, не гэты прытулак
і не насельнікі дома-прытулку, а тое, што сам я
быў там, здаецца, бо ведаю, што там, знутры,
ведаю столь і падлогу, засоўкі на вокнах,
стогны і плач, пахі хлёркі, урыны і поту
і скразнякі, што свабодна праходзяць праз вокны
і праз дзіравыя дзверы: — Давай жа, праходзь...

  О, то не гром па-над брукам грукоча,
гэта Кыё-Кыё ў паднябессі ляціць
з тачкай сваёй аглушальнай, і слабы, бялюткі
цягнецца след інверсійны за тачкай услед,
потым чырвоным ён робіцца, потым барвовым
знакам зямных таямніц...

  Што нам жадаў ён паведаць, думаю я, як прачнуся,
колькі гадоў прамінула, змяшаліся ява і сон,
ды па-ранейшаму бачу нябогу, што з тачкай,
стоячы ў мутнай вадзе, усё хоча спытаць:
што і каго? — ды ў пустэчы не знойдзеш адказу,
проста няма яго! Ах жа, жыццё ты мыццё,
бо нам ад вас не ўцячы — Іардан, Флегетон альбо Лета,
ці, можа, Вохна ля ног... то не мае значэння... Кыё. Кыё.