Анёл

Яе ўжо даўно няма ў іх маленькім паўночным мястэчку, і ніхто больш не жыве ў хаце колеру охры за рэчкай Карогай, але калі да Анісіма Іванавіча падбіраецца паўдзённая дрымота і губляюць рэзкасць цені і абрысы веж і сцен за акном, то бачыцца яму невысокая жаночая постаць на расчышчанай ад снегу алеі, бачацца бліскучыя вясёлыя вочы, чуецца яе голас, нягучны, але вельмі выразны, і стукаюць на ганку боцікі, шамаціць венік, змятаючы снег, яна ўваходзіць у горача натоплены пакойчык, распранаецца, смеючыся і не змаўкаючы ні на хвіліну, п’е гарбату, па-жаночаму нізка нахіляючыся да кубка, разгрызае свае любімыя салёныя абаранкі, а потым зноў прыходзіць аўтобус, з яго вылазяць, пазяхаючы, разамлелыя з дарогі экскурсанты, і яна паднімаецца з усмешкай шкадавання, адводзячы іх па алеі скрозь высокую надбрамную вежу з флюгерам у выглядзе анёла, які трубіць.

Яна нешта гаворыць, паказваючы рукою на гэтага анёла, і нават здалёку бачыць Анісім Іванавіч клубы пары, якія вылятаюць з рота і шэранню лажацца на пасме русых валасоў, але сонным мужчынам і жанчынам няма ніякай справы ні да яе, ні да анёла, яны размаўляюць паміж сабою, гідліва моршчацца, і Анісіму Іванавічу робіцца нясцерпна крыўдна за яе, яму хочацца выскачыць з дому і добра іх страсянуць, як дрэнна выхаваных дзяцей, але маленькая жанчына і людзі вакол яе знікаюць у снежнай смузе, і колькі яшчэ пройдзе часу, пакуль яна зноў вернецца, пачне грэць рукі ля адкрытай засланкі, і ў хуткім прыцемку заблішчаць вочы, гледзячы на полымя, як умеюць глядзець на яго толькі жанчыны.

— Анісім Іванавіч, — гаварыла яна нараспеў, — якое ж у вас, галубок, цудоўнае імя. І сам вы такі цудоўны.

Ён чырванеў, закашліваўся, а яна зазірала ў яго збянтэжаныя, задаволеныя вочы з такой прастадушнасцю, што нават калі і ўзнікала ў яго думка, што гарэзніца пацяшаецца з яго, то ўсё роўна крыўдна не было, і ён слухаў, як яна захапляецца купаламі цэркваў, зялёнымі захадамі сонца, строгімі вежамі, тоўстымі сценамі з вузкімі акенцамі-байніцамі і выплюхвае ўсё на яго, быццам дзіця. Але хутка, вельмі хутка надышоў змрок, і яна сыходзіла па цёмнай пустэльнай вуліцы да службовай хаткі за ракой, і, гледзячы ёй услед, ён уяўляў, як гэтая маладая прыгожая жанчына, што скончыла ўніверсітэт, будзе цягаць ваду, калоць дровы, паліць печ, гатаваць вячэру, а потым цэлы вечар сядзець адна, прыслухоўваючыся да кожнага шоргата і выцця ветру ў трубе.

Яна з’едзе, яна абавязкова з’едзе, паўтараў ён, з’едзе, як з’язджалі ўсе, хто жыў тут да яе, але прайшоў месяц-другі, прайшла зіма, а яна нікуды не з’язджала, яшчэ весялей блішчалі яе вочы, званчэйшы рабіўся голас у адпаведнасці з вясновай кропляй пад царкоўнымі дахамі. Гадзінамі яна лазіла па запасніках, разглядала абразы і старажытныя кнігі, начынне, клікала яго, нешта пыталася, тлумачыла сама, запісвала, фатаграфавала, і ў вачах яе было такое шчасце, што хмурны і нелюдзімы вартаўнік, якому раней было ўсё роўна, што ён ахоўвае, раптам сам пачаў цікавіцца, спачатку саромеючыся гэтай цікаўнасці, а потым, заахвочваны ёю, пачаў разважаць.

— Вось кажаш ты, Любоў Фёдараўна, што быў святы Ігнацій, угоднік Божы, і было яму бачанне: ідзі, маўляў, на Карозера і пабудуй там абіцель. А я так думаю, што Ігнат той быў проста хітры мужык. Надакучылі яму тамтэйшыя сваркі маскоўскія, вось і сышоў ён у лясы. А як дайшоў да возера нашага, злавіў першую сёмужку, паспытаў так і застаўся тут жыць. Ну а наконт усякіх там бачанняў ці знакаў, гэта альбо людзі потым прыдумалі, альбо сам ён прыдумаў, каб ніхто яго адсюль не пагнаў.

Яна зарагатала, страсянуўшы рассыпанымі па плячах валасамі, звонка, па-дзявочаму:

— Ой, Анісім Іванавіч, вам бы не музей вартаваць, а лекцыі па атэізме чытаць. Усіх бы прафесараў за пояс заткнулі.

— Ты мяне, дзеўка, атэістам не кліч абразліва, — раззлаваўся ён, — што я табе, сабака які?

Замоўк, але доўга маўчаць цярпення не хапала, і вочы яе так ласкава глядзелі, што зноў загарачыўся: — А што ты думаеш? Манахі дык тыя ж мужыкі былі. Я табе так скажу: бабы ім абрыдлі, вось і зажылі яны асобна. Гаспадарку сваю завялі, рыбу лавілі, сады ў іх былі, гэта ў нашых месцах. А зараз? — ён махнуў рукой, нахмурыўся, і яна таксама засумавала і стала скардзіцца на дырэктара, якому ні да чаго няма справы, фонды разбазараныя, самае каштоўнае вывезена ў Маскву і Ленінград.

Анісім Іванавіч спачувальна слухаў і ў суцяшэнне сказаў:

— Ранейшы начальнік яшчэ больш паганы быў. Пры ім так да самай да вайны іконы на падлозе абліччамі дагары ляжалі, а людзей па іх хадзіць прымушалі. Зараз хоць такога бязладдзя няма.

Гарадок стаяў наводшыбе, экскурсіі прыязджалі нячаста, і хоць даўно трэба было рабіць рамонт, яго адкладалі, закрываючы адну за адной спарахнелыя цэрквы, і ўсе да гэтага прывыклі: менш экспазіцый — менш працы, толькі Любоў Фёдараўна стала абурацца:

— Ну растлумачце вы мне, чаму мы, найбагацейшая краіна, запускаем у космас тысячы спутнікаў, будуем заводы, станцыі і не можам знайсці некалькіх дзясяткаў тысяч на рамонт музея, якому няма кошту і які, знікні ён, нічым ужо не заменіш. Разумееце, нічым!

— Кінь, Любоў Фёдараўна, — запярэчыў ён цвёрда, — які ўжо там космас? У шэсцьдзесят першым якраз Гагарына запусцілі — начальства сюды прыехала, так хацелі сабор цэнтральны разбурыць. Кажуць, Бога няма, зараз навукай даказана, а царква ваша да болю высокая, вышэй за ўсе будынкі ў горадзе і людзей бянтэжыць. Так што працоўныя патрабуюць, подпісы сабралі, ірады, — ён злосна плюнуў, — адно выратавала тады: узрыўчаткі ім не хапіла. Ніхто нас не чапае, і дзякуй Богу.

— Ды што вы дурасці нейкія кажаце? — успыліла яна. — Гэта хто ж зараз дазволіць помнік узрываць?

— Ну не ўзарвуць, дык іншую брыдоту вытвараць.

— Ну не, — сказала яна рашуча, — я паеду ў вобласць і буду дамагацца свайго.

І сапраўды паехала, а калі вярнулася, то па разгарачаным, сярдзітым твары яе было відаць, што паездка скончылася, як і чакаў вартаўнік, нічым. Ён не стаў пытацца, аднак назаўтра яна сама ў сэрцах прагаварылася:

— Мяне не здзіўляе хамства гэтай брыдоты. — І ён уздрыгнуў — так не пасавалі яе голасу гэтыя грубыя словы. — Вы маеце рацыю, ад іх дапамогі не будзе. Але людзі, звычайныя людзі, чаму яны на ўсё так спакойна глядзяць? Да каго я ні звярталася, прасіла прыйсці дапамагчы ну хоць смецце прыбраць — маўчаць ці смяюцца. Толькі горад узнік дзякуючы манастыру — але спытай, хто з мясцовых жыхароў быў у музеі хоць раз, — я асабіста за ўвесь гэты час не бачыла нікога. Сюды прыязджаюць за тысячу кіламетраў, а тыя, хто жыве пад самымі сценамі, ведаць не жадаюць, што праз дзесяць гадоў гэтыя сцены, можа быць, паваляцца.

Анісім Іванавіч прамаўчаў, але сам сабе падумаў, што нічога страшнага ў гэтым няма. Людзі, яны і ёсць людзі, іх хвалюе тое, з чым яны кожны дзень сутыкаюцца: што пустыя крамы, разбітыя дарогі, валіцца бальніца, а манастыр — чужынец, ён існуе для тых, хто на чырвоным аўтобусе прыедзе і з’едзе, а з крам зазірае толькі ў кнігарню. І калі б заўтра манастыра не стала, то ніхто б, пэўна, і не перажываў, ды і яму самому якая ад гэтага музея радасць? Але маленькая гарачая жанчына хвалявала яго, прымушала глядзець на ўсё сваімі вачамі і абуджала ў вартаўніку глухую нуду. Не абцяжарваў сябе ніколі лішнімі перажываннямі, усяму пакорлівы, а ў апошнія гады і абыякавы, Анісім Іванавіч раптам стаў думаць аб тым, што жыццё яго амаль што пражыта, а пражыта недарэчна: здароўе загубіў ён яшчэ ў маладосці на лесанарыхтоўках, куды бег, ратуючыся ад калгаса; жонка, якая ўсё жыццё цяжка хварэла, некалькі гадоў таму нарэшце адмучылася, дзяцей ім Бог не даў, і нічога, акрамя гэтай вартоўні, у яго не засталося і пасля яго не застанецца.

Гэтыя думкі прыходзілі вартаўніку і раней, ён заўсёды іх баяўся, але ўмеў пазбегнуць, запіваў віном, але цяпер мучыла яго пытанне — як так выйшла і каму гэта было патрэбна, калі столькі патрачана сіл, столькі наламаліся яны, калі выйгралі вайну, а жыццё зрабілася яшчэ больш горшым і брыдкім, і самае страшнае — людзі перасталі быць людзьмі, здзічэлі, страцілі сумленне. І ад гэтага самому моташна рабілася, злосць да горла камяком падступала, але чужая, невядома адкуль здалёк прыехала жанчына, якая неспадзявана будзіла ў ім гэтыя думкі, дзіўным чынам прыносіла і палёгку, і калі б яна зараз з’ехала, ён перажываў бы гэтую страту шмат цяжэй, чым тагачасныя ўцёкі з прасторнага бацькоўскага дома ў балоцісты лес.

Ён мала ёй пра сябе расказваў, думаючы, што цікавага ў яго жыцці быць для яе нічога не можа, але нават калі, сарваўшы на ветры голас, яна цэлы вечар маўчала і піла невялікімі глыткамі гарбату з травой, яму здавалася, што адна яе прысутнасць у гэтым пакоі суцяшае яго і змякчае шматгадовы боль, і адначасова з гэтым прыходзілі трывога і клопат аб ім, як калі б была яна яго дачкой з неўладкаваным жаночым лёсам. Але як мала расказваў ён ёй пра сябе, так маўчала і яна, і нічога Анісім Іванавіч пра яе не ведаў і не мог зразумець, навошта разумная, цікавая жанчына ў лепшыя свае гады з’язджае адна так далёка ад дома. Ні з кім з мясцовых жыхароў яна не сыходзілася, не бывала ні на танцах, ні ў кіно, і Анісім Іванавіч, які сам не адрозніваўся смеласцю ў справах сардэчных, меркаваў, што справа ў адной толькі нерашучасці. А ўвагу яна да сябе прыцягвала, і раз загаварыў з ім аб прыезджай жанчыне яго прыяцель па рыбалцы, у якога вярнуўся з войска сын.

— Не пара яна твайму архараўцу, — суха сказаў Анісім Іванавіч, і размова на тым і скончылася, але назаўтра, частуючы яе юшкай, ён як бы няўзнак, запінаючыся і блытаючыся ў словах, загаварыў пра таго хлопца. Яна слухала моўчкі, ела юшку, і натхнёны яе пакорай вартаўнік загаварыў больш бойка ў тым сэнсе, што хлопец, вядома, універсітэтаў не канчаў, але не хуліганісты, ды і зарабляе нядрэнна. Яна падняла галаву і ціха сказала:

— Не гаварыце са мной больш на гэтую тэму, прашу вас.

Устала і пайшла да дзвярэй, і ўсё заныла ў грудзях у закамянелага старога, здалося, што больш не прыйдзе яна да яго піць гарбату, а будзе толькі холадна вітацца, праходзячы міма, гледзячы чужымі вачыма і гаворачы чужым голасам, і ён не ведаў, што зрабіць, як выправіць свой промах, але яна сапраўды злітавалася над ім і павярнулася:

— Вы думаеце, я нешчаслівая, так? Я тут вольная, разумееце? Я жыву так, як хачу, раблю тое, што мне падабаецца, ні ад каго не залежу. Я, як Ігнат, збегла сюды ад маскоўскіх сварак, і мне дарагія гэты манастыр, возера, вы, мой маленькі домік за ракой, гэтыя старыя кнігі, архівы; нават тупыя экскурсанты, якім часам удаецца ўтлумачыць хоць крышку, і тыя мне даспадобы. А калі становіцца сумна, памятаеце анёла над варотамі? Я тады гляджу на яго і думаю: вось паставілі яго туды сотні гадоў таму, і глядзіць ён з трубою сваёй на наша бесталковае благое жыццё, прадзімаюць яго вятры, дождж хвошча, снег, вецер, сонца, а ён усё роўна, пакуль не надышоў яму час гучна пратрубіць сваю апошнюю страшную песню, ціха грае. Ну што вы на мяне так жаласліва глядзіце? Лепш вазьміце мяне на рыбалку, я вам, далібог, перашкаджаць не буду.

Ён думаў, што пра рыбалку яна сказала так проста, але праз тыдзень яны паехалі. Спачатку яна паводзіла сябе стрымана, маўчала і глядзела, як ён спраўляецца са снасцямі, а потым развесялілася, смяялася, выцягваючы старожак і акунёў, і столькі ў ёй было гнуткасці і вытанчанасці, што здалося яму, быццам яна падобная на цудам ацалелую са спрадвечных часоў прыгожую і моцную сёмужку, якая самотна дагульвае свой век, і што ёй рабіць, гэтай каштоўнай рыбе, у апусцелым возеры? І калі ляжала яна белай ноччу ля вогнішча на лапніку, лёгка накрытая, душа яго тамілася салодкай пакутай, і зноў адчуваў сябе вартаўнік дзіцем перад таямніцай будучага жыцця, якое яшчэ незразумела клікала і абяцала шчасце.

А яна, аказваецца, і не спала, глядзела на прывіднае, дрогкае полымя вогнішча і раптам загаварыла:

— Вось вы сказалі, што манахі тыя ж мужыкі былі. Правільна, і рыбу яны лавілі, і кароў пасвілі, і сады ў іх цвілі, але не гэта галоўнае. На іх, галубок вы мой, свет стаяў. Гэта толькі ў кніжках пішуць, што ўсё само робіцца і адбываецца. Як бы ні так — усё на чым-небудзь ды трымаецца. Вось уявіце, зараз ноч, усе спяць, і толькі манахі не спяць, моляцца ўсёй братыяй за свет і бяруць на сябе яго цяжар. Бо не для таго ў лес сыходзілі, каб ад свету выратавацца, а каб свет выратаваць.

Божа, як ён любіў яе голас, але не тое нават важна яму было, што яна казала, а тое, што блішчалі яе вочы, як сядзела яна, утульна падабраўшы пад сябе ногі ў маленькіх акуратных боціках, і так цудоўна на душы рабілася, не верылася, што ўсё гэта з ім адбываецца. Тады і ляпнуў вартаўнік, што вось яна і ёсць анёл усяго яго жыцця, а яна засмяялася, спужала спячы лес дачасна, так што ўскрыкнула начная птушка і з трэскам кінуўся ў гушчар алень з вадапою. Яна перагнулася да яго, абхапіла рукамі галаву, прыціснула да сябе, пацалавала ў няголеную шчаку і зашаптала:

— Ах, былі б вы, галубок, гадоў на трыццаць маладзейшыя, далібог, я б вас з сабой ажаніла.

Сказала і адскочыла прэч за кусты, і пачуў Анісім Іванавіч, як плюхнула вада. Як паплыла яна па сонным Карозеры, толькі кругі пайшлі, і добра, што на яго не паглядзела, пачырванелага і да слёз задыханага яе запалам.

„Любачка, любачка ты мая“, — прашаптаў ён і зараз шаптаў у занесенай снегам вартоўні, не чуючы чужых галасоў і не бачачы чужых твараў. Нікога, акрамя яе, у яго не было, і жылі яны так год за годам, нібы манах і манашка апошнія ў закінутай абіцелі, і адзін аднаму не маглі надакучыць. Прыязджалі турыстычныя групы, і яна расказвала ім, як казку, гісторыю пра прападобнага Ігната, які ў даўнія часы пасяліўся ў скіце, а пасля прыходзіла ў вартоўню да закіпелага самавара і нязменных салёных абаранкаў; зімою чысцілі ад снегу дарожкі, увосень прыбіралі лістоту, а доўгімі летнімі вечарамі хадзілі па ўзгорках у наваколлях мястэчка — колькі гадоў жыў тут вартаўнік, а на ўзгоркі гэтыя ніколі не паднімаўся.

Не было відаць слядоў запусцення, драўляны гарадок месціўся каля вялізных манастырскіх сцен, шукаючы ў іх прыстанішча ад бясконцай тайгі, але так было толькі здалёк, і не хацелася вяртацца да бруду, п’янай лаянкі, выцвілых лозунгаў і плакатаў. І ўсё больш разбураўся сам манастыр, быццам усе гэтыя гады тачыла яго нябачная хвароба і пачала цяпер прарывацца вонкі. Абрынуліся вежа і купал адной з цэркваў, стала небяспечна хадзіць па сценах і пад сценамі, і Анісіму Іванавічу зрабілася страшна, але не за манастыр, а за жанчыну, якая гадзінамі няўцешна блукала і фатаграфавала расколіны і разломы.

Яна пісала лісты, дасылала фатаграфіі, потым з’ехала на ўвесь адпачынак у Маскву, а калі вярнулася, то ён у першы момант разгубіўся — такім стомленым і нездаровым здаўся вартаўніку яе твар. Ён з болем убачыў, як яна пастарэла, завяла скура і з’явіліся маршчынкі вакол вачэй, і падумаў, што яна сама разбураецца, як гэты няшчасны манастыр, нікім не ацэненая і нікому не патрэбная.

— З’язджаць вам адсюль трэба. Зусім з’яжджаць, — сказаў ён, сабраўшыся з духам і здушыўшы нешта ў самім сабе, і яна на гэты раз не стала яму пярэчыць і адмахвацца, а толькі горка ўсміхнулася.

— Куды ж я цяпер паеду? У мяне там, Анісім Іванавіч, нічога няма, і ніхто мяне там не чакае. Можа, і дарма я сюды прыехала і ўсё гэта задумала, а толькі падзецца мне няма куды. Шкада толькі, што нічога ў мяне не атрымалася — я ж і ў патрыярхію хадзіла, а там таксама: няма ў нас, мілая, сродкаў узяць ваш манастыр. Дык што, кажу, няхай знікае? А яны толькі рукамі разводзяць. Але я ведаеце што думаю: хай нас з вамі толькі двое, але хоць нешта мы зможам зрабіць, ну смецце прыбраць, сцены затынкаваць — галоўнае ж пачаць, праўда? А вы мяне не кінеце?

Ён кіўнуў, і стала лягчэй. Прыняліся казаць аб справе. На наступны дзень у адной з залаў музея ўстанавілі скарбонку, і яна прасіла экскурсантаў даць хто колькі можа на рэстаўрацыю — і не адмаўляліся. Але прыйшоў участковы, зацікавіўся ахвяраваннямі і грошы аб’явіў незаконнымі. Яна адказвала на яго пытанні насмешліва, пакусваючы вусны, і Анісіму Іванавічу ледзь дрэнна не зрабілася, калі гадзенькі, сыты мужычок, які збіраў хабар з усёй акругі, намякнуў на тое, што грошы гэтыя яна, можа, сабе ў кішэню кладзе. Аднак гісторыя са скарбонкай атрымала пагалоску і змяніла стаўленне жыхароў мястэчка да экскурсавода. Прыйшлі аднойчы жанчыны і збянтэжана спыталі Фёдараўну, ці не трэба чым дапамагчы, даслалі мужыкоў з інструментамі, пашкадавалі, што столькі гадоў адна яна б’ецца. Але дашлі яны раз, іншы і больш не прыходзілі, і мужыкі толькі за гарэлку згаджаліся дапамагаць, ва ўсіх сваіх клопатаў па горла, ды і што гэта за праца — сцены тынкаваць, калі ўсё умацоўваць трэба, матэрыял патрэбен, тэхніка, а рукамі што зробіш?

Так і засталіся яны ўдваіх, і няхай бы так і было, няхай нішто б не мянялася — бо не абвалілася б усё раптоўна, на іх век бы хапіла, жылі б сабе і жылі, аднак перамены, пра якія ляніва і недаверліва гаварылі ў мястэчку некалькі гадоў, праклінаючы ўлады за талоны на гарэлку, дайшлі і да мядзведжага кута.

— Чулі, — сказаў аднойчы Анісім Іванавіч, — злыдня нашага пагналі?

— Ну і што, — абыякава адгукнулася яна, — іншага дашлюць, гэтага дабра ў іх хапае.

— Ды не, новы дык, кажуць, ад дачы адмовіўся, машыну сам водзіць ды ўсё на людзях.

— Гэта яму чужыя лаўры спакою не даюць, — усміхнулася яна.

Пагаварылі і забыліся, аднак месяцы два праз новае начальства наляцела ў гарадок і пасля абеду завярнула да музея.

Як і была ў заляпаным камбінезоне, Любоў Фёдараўна злезла з лясоў і моўчкі ва ўпор пачала разглядаць гасцей. Са світы аднекуль збоку выступіў пажылы, азызлы мужчына ў плашчы і са знарочыстай весялосцю загаварыў:

— Ну, гаспадыня, паказвай свае ўладанні.

— Міхал Міхалыч, што з вамі сёння? — узняўшы бровы, сказала яна. — Вы, часам, не захварэлі? Гэтулькі гадоў міма праязджалі, і раптам на табе — паказвай.

Усе паглядзелі на яе з асуджэннем, толькі невысокі, каржакаваты мужычок, апрануты ў простае паліто і кепку, зірнуў з цікаўнасцю.

— Любоў Фёдараўна, будзьце ласкавыя.

— Хадземце, калі вам не сумна, — паціснула яна плячыма.

І павяла іх па манастыры, але не так, як цяпер экскурсіі вадзіла, далей ад сцен, туды павяла, дзе камяні сыпаліся. А калі ў царкву ўвайшлі, Анісім Іванавіч сам замок адчыняў, і зусім жудасна зрабілася — вецер гуляе, волкасць, пад дзіравым купалам крумкачы і страшнае аблічча, што свеціцца ў паўзмроку. Яна ж як ні ў чым не бывала стала падымацца па старой лесвіцы, што асыпалася, на хоры і, раптам павярнуўшыся, нахмурылася.

— Капелюшы.

— Прабачце, што?

— Капелюшы трэба зняць, калі ў храм Божы ўваходзіце, — і ці то пачулася вартаўніку, ці то праз зубы дадала: — Нехрысці.

— Выбачайце, — сказаў каржакаваты, зняўшы кепку, і ўслед за ім усе, незадаволена сапучы, агалілі пралысіны.

Вадзіла яна іх дацямна, усе расколіны і дзіркі паказвала, на лясы хісткія паднімала, быццам выпрабоўвала, — з’едлівая, бязлітасная, ён і не ведаў за ёй гэтага, — а да чаго гэта ўсё? Бо стаміліся яны даўно, нічога не слухалі, змерзлі, выпэцкаліся, але так былі выхаваныя, што пакуль той каржакаваты ў ботах каманды не дасць, ведай хадзі, хоць ён ім і ў сыны ўсім падыходзіў. А ён жа ўсё пытанні задаваў, не пра старца, аднак, а ўсё больш пра тое, колькі груп у месяц, які ад іх прыбытак, колькі гораду, колькі музею ідзе ды колькі экскурсбюро забірае, хмурыўся, нешта падлічваў, а потым павярнуўся да спадарожнікаў, што цяжка дыхалі, — стаялі яны ў той момант на верхнім ярусе званіцы, адкуль уся далячынь з тайгой і вялізным Карозерам відаць была, выспы, берагі парэзаныя, пакосы, лясістыя ўзгоркі, і звонка сказаў:

— Вось вам і грошы пад нагамі валяюцца. Тут іх на ўсё хопіць.

І да яе павярнуўся, ласкава, мякка спытаўшы:

— Вам колькі плацяць, Любоў Фёдараўна?

— Сто дваццаць, — злосна адгукнулася яна, — а вы сабе колькі прызначылі? Пяцьсот, тысячу?

— Дарма вы так, — адказаў ён міралюбіва, — я ў грашах толькі страціў. — І на развітанне: — Любоў Фёдараўна, я абяцаю вам цвёрда — памагу. Усё адновім.

— А, — махнула яна рукой, — не веру я вам, нікому не веру.

— Я, думаеце, веру? — усміхнуўся ён. — Ну ды добра, справа ваша, а манастыром займуся ў першую чаргу.

І сышоў, падняўшы па дарозе дошку, адцягнуў яе ў бок, за ім усе пацягнуліся, пазбягаючы глядзець на жанчыну ў камбінезоне, заляпаным вапнай.

— Вось усё і ўладкавалася, — сказаў Анісім Іванавіч няўпэўнена, — гэты — гаспадар, у яго нішто не прападзе. Ён раней старшынёй калгаса быў, дык людзі ад яго не сыходзілі.

— Вочы ў яго нядобрыя, прагныя, — адазвалася яна неахвотна, і ад благога прадчування сціснула ў вартаўніка сэрца, нават гарбату не сталі ў гэты дзень піць — яна моўчкі пераапранулася і пайшла да сябе, ледзь кіўнуўшы Анісіму Іванавічу галавой.

Аднак з мая пацягнуліся да музея машыны з цэглай, цэментам, лесам, прыехала брыгада рэстаўратараў, прывезлі разборныя хаткі і паставілі іх на беразе возера, у мястэчку ж загаварылі, што зараз і дарогу пачнуць рабіць, гасцініцу новую пабудуюць, ды як быццам і на бальніцу грошы дадуць, і яна ў тое лета зноў зрабілася юная і поўная сіл, не хадзіла, а лётала, усюды паспяваючы і дапамагаючы, зноў звонкі быў голас, як восем гадоў таму, але даўняе адчуванне блізкай бяды не пакідала вартаўніка. Душа яго стамлялася безвыходнасцю, і ён не ведаў, што адказаць на яе спагадлівыя роспыты, а потым у адзін з моташных спякотных дзён яна ўвайшла ў вартоўню ды так і спынілася, прыхінаючыся да дзвярэй.

— Божа мой, які сорам, — сказала яна, прыціснуўшы далоні да чырвоных шчок.

— Што здарылася?

— Які сорам, сорам, — толькі і паўтарала яна, а потым адняла ад твару рукі і, холадна на яго зірнуўшы, у сто разоў халадней, чым калі ён сунуўся яе сватаць, вымавіла: — А вы нічога не ведаеце? Яны яго прадалі.

— Як прадалі? — не зразумеў ён.

Яна нічога не адказала, адышла да акна. Анісім Іванавіч таксама маўчаў, ні пра што не думаючы і толькі адчуваючы ўсім целам страшную цішыню і пустату вакол, і тут у дзверы лёгенька пастукалі, а затым, не чакаючы адказу, увайшоў даўні мужык у кепцы і ботах, толькі вочы ў яго былі не ўпэўненыя, як тады, а неспакойныя.

— Любоў Фёдараўна, — паклікаў ён нягучна.

Яна не азвалася, і тады ён пачаў гаварыць, апраўдваючыся, вельмі хутка, што іншага выйсця не было, гэта адзіны спосаб выратаваць манастыр, і лепш ужо так, чым чакаць, пакуль ён абрынецца, вобласць атрымае валюту, пра яе ён дамовіўся, яе возьмуць на самую высокааплатную працу. Паступова да яго голасу вярталася ўпэўненасць, нібы казаў, звяртаючыся да масы людзей. Яна павярнулася, і вартаўнік убачыў поўныя слёз і крыўды вочы. Тады яшчэ не разумеючы, што і навошта ён робіць, Анісім Іванавіч устаў і, не кажучы ні слова, выштурхнуў няпрошанага госця з вартоўні.

— Дарма вы з ім так, — сказала яна рассеяна, — ён жа як лепш хоча. Усё роўна, толькі я тут больш не змагу.

І яму стала раптам сорамна, нібы гэта ён быў вінаваты, што не змог зберагчы белыя цэрквы і старыя сцены, не збярог сваю бясцэнную, адзіную сёмужку, паплыла яна ад яго Бог ведае куды, у той жа вечар з’ехала, толкам і не развітаўшыся, і з таго часу не было ад яе ніводнай вестачкі — дзе яна, як, што з ёй? Ён застаўся адзін, і толькі чулася чужая гаворка акуратных белабрысых рабочых. Адно было яму суцяшэнне — праз некалькі дзён разыграўся над горадам вецер, ды такі страшны, якога старыя не памяталі. Ён зрываў дахі з дамоў, раскідваў вогнішча і валіў дрэвы, а раніцай Анісім Іванавіч убачыў, што паваліўся з вышыні на зямлю анёл, які трубіў, і, зладзеявата азірнуўшыся, ускінуў яго стары на спіну і панёс да сябе, каб слухаць начамі яго ціхую, пяшчотную песню.