Ціха і сумна ў прастуджаным доме.

Ціха і сумна ў прастуджаным доме.
Позна скуголіць: «Каня мне, каня!»
Што ж засталося мне, мілая, ў стоме
Позняга ранку з пражылкамі дня?

Стыне абед на траве пажаўцелай.
Бог ў адпачынку, Радзіма ўжо спіць.
Чайнік хрыпіць, як кадык амярцвелы,
Быццам у ім мая злоснасць кіпіць.

Пад перазвон пераможнае медзі
Нас на мякіне ізноў правялі.
Ўсё, што змаглі, пазнішчалі мядзведзі,
Ўсе пазнішчалі, што толькі змаглі.

Дрэвы і хаты згнілі яшчэ летам,
Восень ідзе, не смуткуе аб тым.
Ўсе ўжо памерлі у вёсачцы гэтай.
Ўсе! Засталася жывой толькі ты.

Як жа ізноў ты знайшла мяне зранку,
Не пабаяўшыся злых пляткароў,
Швэдар навыварат і без паўшалка,
Быццам не чула абачлівых слоў?

Як жа? За што? Ты ж яшчэ маладая.
Што табе бойка, прайграная мной?
Я гэты свет пракляну, дарагая.
Не прыкрывай яго цела сабой!