Зіма ў Франкфурце

Гудзелі зранку кірачныя боталы
нямецкай шлакаблочнай слабады;
грымотнае залевы кроплі лёталі
ў кароткіх замыканнях ад вады;

 аўтобуса набраклая гармоніка
уцягвала свой мех за паварот;
турэцкая сабака з падаконніка
крывіла сударгава чорны рот;

 я крок зрабіў у дождж — цвікамі вадкімі
мой капялюш змачыла на палях;
суседскі коцік вуркатаў загадкамі,
вусаты, нецвярозы, як паляк;

 была зіма, ды капяжамі плакала,
апошнія свае лічыла дні;
нямеччынаю пахла ды сабакамі,
салодкім тленам газу, цеплыні;

 я йшоў адзін. Вароны гаманлівыя
ляцелі ўслед, віліся нада мной;
Кроў памянялася. І раўчукі бурлівыя
да рэчкі беглі поруч да адной.