Забіць калібры

(фрагмент рамана)

Аркадзь Іванавіч Чэлішчаў, мастак-рэстаўратар, сарака двух гадоў, меў цёмна-русыя доўгія валасы, якія, калі схіляўся над карцінай ці іконай, перавязваў стужкай. У яго быў адкрыты чысты лоб, да якога, калі задумваўся, прыкладваў пальцы, нібы ўціраў непакорную, нязручную думку. Бровы пушыстыя, надта мяккія і жаноцкія для мужчыны. Вочы шэрыя, уважлівыя, быццам свет, на які яны пазіралі, быў цікавы і прыемны, і толькі часам у іх загараўся прагны востры бляск, нібы яны знаходзілі ў гэтым свеце нешта незвычайнае і захапляючае. Нос быў вузкі, з пяшчотнай пераносіцай, з лёгкай гарбінкай, таму твар здаваўся крыху ганарыстым. Але варта было яму ўсміхнуцца сваім невялікім мяккім ротам, як гэта ўражанне знікала.

Ён быў збалаваны заказамі. Да яго звярталіся багатыя калекцыянеры ікон, прапаноўваючы вярнуць былую свежасць і сакавітасць пацямнелым дошкам, абвугленым, закопчаным, прабітым вострым жалезам. Пад яго лёгкімі дотыкамі на дошках расквечваліся залатыя німбы, пунсовыя плашчы, блакітныя хітоны, выплывалі з цемры цудоўныя абліччы анёлаў, святых і падзвіжнікаў.

Ён рэстаўрыраваў сядзібныя партрэты, якія сатлелі ў запасніках правінцыяльных музеяў. Праз пацямнелы лак, усыпаныя павуцінкамі трэшчын, глядзелі ружовашчокія дабрадушныя памешчыкі ў камзолах, іх верныя жонкі ў чапцах, мілавідныя паненкі з выпуклымі, як вішні, вачыма, афіцэры ў мундзірах, з бакенбардамі і ўзнагародамі, атрыманымі на каўказскіх ці балканскіх войнах. Чэлішчаў з глыбокай пашанай любаваўся партрэтамі, не даючы прапасці работам невядомых правінцыяльных мастакоў, якія, здавалася, дзячылі яму за міласэрнасць і падзвіжніцтва.

Аднаго разу неяк ён атрымаў запрашэнне ў Германію да вядомага банкіра, чыя калекцыя з-за няшчаснага здарэння пабывала ў водах Рэйна. Некалькі месяцаў, замкнуўшыся ў асабняку, Чэлішчаў абнаўляў карціны Маціса, Дэга і Ван Гога. Лодкі на сініх водах, аметыставыя балерыны, чырвоныя сланечнікі. Веручы ў перасяленне душ, ён паўтараў чароўныя мазкі вялікіх мастакоў, жыў іх натхненнем.

Багатыя заказчыкі плацілі яму добрыя грошы, і ён ні ў чым не меў патрэбы. Купляў адзенне і абутак у дарагіх буціках. Жыў у трохпакаёвай кватэры на Цвярской, у сталінскім доме. У адным з пакояў абсталяваў майстэрню, у двух іншых, багата абстаўленых, любіў прымаць гасцей. Заказчыкі, давяраючы яму пашкоджаныя шэдэўры, банкіры, дыпламаты, бізнесмены, дапускалі яго ў сваё кола. Запрашалі на вечарынкі ў дарагія рэстараны, бралі ў падарожжы на яхтах, уключалі ў аўтапрабегі па Еўропе, калі ён імчаўся ў чарадзе зіхоткіх аўтамабіляў на сваёй «вольва», праносячыся міма маляўнічых іспанскіх гарадкоў, ізумрудных гор і блакітных заліваў. А побач з ім кожны раз аказвалася новая чароўная жанчына, загарэлая і шчаслівая, з якой яны пілі аскомістае віно на верандзе маленькай гасцініцы, гледзячы на жоўтую, тэатральна прыгожую поўню.

Ён быў двойчы жанаты, і яго разводы былі лёгкія, па ўзаемнай згодзе, і жонка, якая пакідала яго, не абцяжарвала яго ні дзецьмі, ні расчараваннямі. Толькі пэўны час заставаўся ў спальні лёгкі пах духоў, ды і той з цягам часу знікаў. Ён жыў бязбедна, поўным жыццём, захапляючыся працай, зрэдку наведваючы вернісажы і модныя спектаклі, быў улюбёнцам кампаній і цалкам задаволены сабой.

Аднойчы яго запрасілі ў музей і паказалі ікону, якую патрэбна было рэстаўрыраваць. На доўгай цяжкай дошцы была напісана Божая Маці, ікона дванаццатага стагоддзя пад назвай Багародзіца Богалюбівая. Яна была жахліва пашкоджана. Дошка адсырэла і, здавалася, хлюпала іржавай вільгаццю. Жывапіс набрак, фарба патрэскалася і гатова была асыпацца. Дрэва было паточана жучкамі. Аблічча было ў сажы, сапсавана познімі запісамі, па ўсёй іконе, з галавы да пят быў прачэрчаны злоснай рукой рэзаны след.

Чэлішчаў агледзеў ікону, даведаўся, які мізерны ганарар, яму прапанавала дырэктрыса дзяржаўнага музея, і вырашыў адмовіцца. Да таго ж яго чакала нескладаная і выгадная праца, карціна Сямірадскага, на якой пышная, з ружовымі грудзямі вакханка клала ў антычную вазу фіялетавую гронку вінаграду.

Ён падшукваў далікатныя словы для адмаўлення, ласкава гледзячы на дырэктрысу з бледным сухенькім тварам і карункавым старамодным каўняром. Позірк яго апошні раз спыніўся на іконе, якая ляжала на стале. І раптам такі боль і раскаяннне, такую спагаду і віну адчуў ён, гледзячы на абшарпаную ікону з нажавым парэзам, што гэта было падобна на апёк, блізкі да сардэчнага прыступу. Гэта была яго маці, якая памерла некалькі гадоў таму назад. Яму падалося, што брудная, у струпах, зняважаная, безабаронная, яна ляжыць у брудзе пад халодным дажджом, і ніхто не прыходзіць да яе на дапамогу, нават яе сын адвярнуў ад яе сваё ачарсцвелае сэрца.

Боль быў такі моцны, віна такая гарачая і вострая, што ён, адчуваючы смыленне ў грудзях, сказаў дырэктрысе:

— Я згодны. Бяру яе ў работу. Ці магу я забраць яе ў маю хатнюю майстэрню?

— Яе трэба берагчы. Яна бясцэнная.

— Буду берагчы, як маці родную.

Калі ікону з вялікай асцярожнасцю даставілі ў яго майстэрню, Чэлішчаў паслаў на стол белае палатно і паклаў на яго ікону. Зашторыў акно і запаліў яркую лямпу, якая асвятліла ікону белым роўным святлом, нібы ў аперацыйнай. Сеў перад іконай і пачаў глядзець не мігаючы на рукі Багародзіцы, якія яна малітоўна выцягнула наперад. Нахіленую галаву накрываў вішнёвы мафорый з кволымі залатымі зоркамі. На смуглым твары цямнелі вялікія, як у лані, вочы, квітнеў бутон пунсовага рота. Маленькія, з-пад тунікі, ступні былі абутыя ў чырвоныя боцікі.

Яго сузіранне цягнулася доўга. Ён быў зачараваны, анямеў, не ўлоўліваў у Багародзіцы прыкмет жыцця. Яна здавалася плоскай высахлай раслінай з гербарыя, змярцвела-серабрыстай, з чырвонай выцвілай галоўкай кветкі. Па меры таго як ён сузіраў Багародзіцу, яна набыла аб’ём, але здавалася ўмерзлай у празрысты ледзяны крышталь, ляжала, як казачная царэўна ў хрустальнай труне, нежывая, нерухомая. За восем стагоддзяў свайго існавання яна шматлікім людзям дарыла свае гаючыя сілы, шматлікіх ратавала і суцяшала, шмат варожых нападаў адбівала, шмат разоў яе кідалі ў агонь, тапілі ў палонцы, секлі, паласавалі нажом, таму яна знясілела, высахла, памерла. Ператварылася ў сухую кветку, у ціхі цень на дошцы, у бляклую вясёлку, умерзлую ў лёд.

Чэлішчаў пакутаваў, сумаваў, аплакваў мёртвую чароўную Дзеву. Адчуваў да яе ўзнёслую пашану, не ўмеў абудзіць у ёй нясмелае біццё жыцця. Набліжаў да яе твар, спадзеючыся ўлавіць ледзь прыкметнае дыханне. Дакрануўся губамі да яе малітоўных рук. І гэтыя рукі пад яго губамі квола задрыжалі, ад іх дыхнула ледзь адчувальнае цяпло. Чэлішчаў, радуючыся, глядзеў на Дзеву, якая, здавалася, апрытомнела. Была не мёртвая, а ляжала ў глыбокім сне, знясілеўшы ад бясконцых турбот і пакут. І ён, як урач дарагога пацыента, пачне яе лячыць, падтрымліваць кволае жыццё, якое цепліцца ў яе спакутаваным целе. Ён адчуў, што яго жыццё з гэтай хвіліны змянілася і душа павярнулася ў нечаканы бок, пра які не падазраваў і які ўсе гэтыя гады знаходзіўся побач, чакаючы, калі ён уверуе.

Тыдзень спатрэбіўся на тое, каб высушыць дошку. Ён паставіў вакол іконы абагравальнікі, запусціў вентылятар. Сухія паветраныя патокі авявалі ікону. Дрэва павольна аддавала вільгаць. Чэлішчаў лёгенька пастукваў па дошцы, пакуль глухі гук разбухлых валокнаў не змяніўся на звонкі, які выдае клавіша ксілафона.

З вялікай перасцярогай, загарнуўшы ікону ў белае палатно, ён аднёс яе да знаёмага доктара, які працаваў на тамографе. Размясціўшы дошку ў прасторнае кольца, глядзеў, як з ціхім шолахам рухаецца кольца ўздоўж ляжачай Багародзіцы. На экране беглі рознакаляровыя ўсплёскі і лініі. Прынтар выкідваў мноства адбіткаў, дзе промні, рассякаючы ікону, высвечвалі траўмы і пашкоджанні, пустоты і ўздуцці, першасны слой фарбы і познія наслаенні.

Цяпер, калі ён зразумеў карціну захворвання, калі дыягназ дарагому пацыенту быў пастаўлены, Чэлішчаў распачаў лячэнне — працэс рэстаўрацыі.

У мікраскоп ён разглядваў пашкоджаныя ўчасткі, як разглядаюць хворыя клеткі. Кожная часцінка, кожная трэшчынка была даследавана. У яго асцярожных руках з’яўляўся то скальпель, то шпрыц, то мяккі пэндзлік, то вільготны тампон. Ён змываў нагар, зразаў завусеніцы і каросту, упырскваў клеючую вадкасць, вяртаючы фарбе яе першасную свежасць, замацоўваючы яе на дошцы.

Праз месяц няспыннай працы быў ачышчаны і адноўлены невялікі ўчастак мафорыя, ярка-вішнёвы, як кроў, на якім каштоўна залацілася зорка. Чэлішчаў у знямозе любаваўся гэтай кволай зіхоткай зоркай.

І час знік. І Масква перастала існаваць. Шторы на вокнах, якія выходзілі на Цвярскі бульвар, былі завешаны. Дзень і ноч гарэла яркая белая лямпа, пад якой свяцілася Багародзіца. І, як луг пад сонцам, на якім адступае цень, квітнелі адноўленыя тканіны адзення.

Чэлішчаў не заўважыў, як пажаўцелі дубы і ліпы Цвярскога бульвара і зіхоткія віхры машын несліся ў лістападзе. Не заўважыў, як пачаліся халодныя дажджы, і помнік Пушкіну блішчэў, як чорнае шкло, і ля яго падножжа тужліва чырванела самотная ружа. Не заўважыў, як у першых завеях затуманіліся начныя ліхтары на Цвярской, акружаныя бледнымі вясёлкамі. Не заўважыў, як каля вадасцёкавай трубы ўтварылася празрыстая наледзь, у якой адбіваліся струменістыя патокі машын, і мігцеў трохколерны агонь святлафора. Не заўважыў, як ахутаўся зялёным туманам бульвар і ў скверы на чорнай клумбе запунсавелі цюльпаны. Год праляцеў, падзелены не на дні і тыдні, а на малюсенькія часцінкі, з якіх складвалася ікона і якія ён ратаваў ад гібелі. Часцінкі былі цаглінкамі сусвету, якому ён не даваў
разваліцца.

Яго праца прыносіла нечуваную асалоду. Быццам кожны ўратаваны кавалачак сілкаваў яго невядомым шчасцем, а наперадзе, калі праца будзе завершана, яго чакала небывалая ўзнагарода.

Калі ён зняў нагар з твару Багародзіцы, і ён засвяціўся пяшчотна-мядовым святлом, а маленькія вусны сталі як пунсовая кветачка, а ў вачах, доўгіх і прыгожых, як у лані, замільгацела зорнае неба, ён раптам адчуў прыемны пах, які ішоў ад іконы. У майстэрні запахла ружамі, і ён пачаў азірацца, чакаючы ўбачыць квітнеючы куст.

Ён адмежаваўся ад ранейшых знаёмых, пазбягаў сустрэч. Адмаўляўся ад білетаў на спектаклі англійскіх і французскіх тэатраў, ад якіх вар’яцелі маскоўскія тэатралы. Не звярнуў увагі на запрашэнне прыняць удзел у закрытай урачыстасці з выпадку нараджэння міністра культуры. Не адгукнуўся на запрашэнне нядаўняй каханкі адправіцца на фіесту ў Іспанію. Ён адключыў тэлефон, які раней не сціхаючы звінеў. Ён аддаў сябе адзіноце, але не адчуваў яе. Ён быў сам-насам з чароўнай Дзевай, і кожны дотык да яе, кожная выратаваная ад разбурэння часцінка іконы нараджала небывалую асалоду.

Да яго ў майстэрню наведалася дырэктрыса музея. Зачаравана глядзела на ікону, і яе змарнелы, нясмелы твар паружавеў пяшчотным румянцам.

— Ваша праца, Аркадзь Іванавіч, набліжаецца да завяршэння. І ўжо разгараецца спрэчка паміж музеем і манастыром, які хоча, каб ікона была перададзена царкве. Але ж яны не здолеюць яе зберагчы. Ізноў па-варварску закопцяць, замарозяць, павесяць у сырым саборы. Для яе патрабуецца спецыяльны футарал, герметычны, з рэгулятарам тэмпературы і вільготнасці. А вы як мяркуеце, Аркадзь Іванавіч?

— Не ведаю, — ціха адказаў Чэлішчаў, гледзячы на золата зоркі, і па яго твары блукала шчаслівая ўсмешка.

Яго наведала манахіня, благачынная, маці Лізавета, з манастыра, дзе некалі Багародзіца з’явілася да князя Андрэя Багалюбскага, і той загадаў напісаць яе абраз. Маці Лізавета, худая, з пляскатымі грудзямі, сінявата-чорнымі агністымі вачыма, гнутка, некалькі разоў пакланілася іконе. Высокім, крыху надтрэснутым голасам праспявала:

— Багародзіца Дзева, радуйся. Дабрадатная Марыя, Гасподзь з Табою. Благаславёная Ты сярод жанчын. Благаславёны плод улоння Твайго, бо Збавіцеля нарадзіла душ нашых.

Павярнулася да Чэлішчава:

— Вы, Аркадзь Іванавіч, як не з гэтага свету. Вас Гасподзь абраў, каб абраз Прасвятой Багародзіцы ўзнік у дні, калі вырашаецца, быць ці не быць Расіі. З вашых рук прачысты абраз заззяе над рускай зямлёй і адвядзе ад яе бяду. Вам цяпер, Аркадзь Іванавіч, быць побач з Багародзіцай пастаянна, куды б яна ні пайшла. А пойдзе яна да нас у манастыр, дзе з’явілася благавернаму князю Андрэю. І вы будзеце пры ёй як кялейнік. Яна, Багародзіца, нам цара пакажа, і вы пры ёй гэты знак разгадаеце і ўсяму народу адкрыеце. У гэтым ваш вялікі послух і подзвіг, Аркадзь Іванавіч. — Маці Лізавета перахрысціла Чэлішчава. Гібка сагнула тонкі стан, пакланілася іконе і выйшла.

Праца яго завяршалася. Па ўсёй Маскве стаялі навагоднія ёлкі, як царыцы, упрыгожаныя жэмчугам і каралямі. Дрэвы на Цвярскім бульвары былі аплецены аметыставымі гірляндамі, і людзі ішлі па бульвары як у шкляной чашы, якая звінела марознымі хрусталямі.

Чэлішчаў, з тальмахом на лбе, у прасторнай блузе, з худым тварам, на якім кучаравілася русая бародка, глядзеў на ікону. Кожная частачка, кожная мясціначка былі сагрэты яго дотыкамі, адушаўлёны яго дыханнем, прыгожа ззялі першапачатковымі фарбамі. Багародзіца нібы ляжала ў чоўне, які плыў па бяскрайнім моры, сярод маскоўскіх снягоў, навагодніх ёлак, хрустальных дрэў.

Ён раптам адчуў, як у майстэрні знікае паветра, вакол іконы ўтвараецца безпаветраная пустэча, яна плыве ў сіняй бездані з незлічоным мігценнем зорак. Ён задыхаўся, траціў прытомнасць, жахаўся надыходзячай смерці. Як раптам запалымнела з іконы асляпляльнае святло, з глыбіні, праз драўляную дошку, маляванае адзенне, мядовае аблічча, адтуль, дзе хавалася боскае, непасціжнае розумам дзіва. Святло хлынула яму ў душу, і магутная радасць напоўніла яго. Хтосьці ўсемагутны і чароўны падняў яго і трымаў сярод асляпляльных вясёлак, цудоўных пераліваў, радасных хваль, на якіх гайдаліся зоркі. Ён перажыў такую радасць, такую светлую моц, такую любоў, што зніклі прастора і час, а заставалася адна асляпляючая радасць.

Гэта працягвалася імгенне. Зноў была майстэрня. Ікона ляжала, як астываючы злітак. А ў ім доўжылася радасць. Здавалася, у яго ўсялілася дзівосная сіла, адбылося зачацце, і ён баяўся спудзіць пачатак росту, гайданне пад вейкамі шаўковых вясёлак.

З гэтага дня Чэлішчаў адчуў сваю салодкую залежнасць ад іконы, нібы не ён яе, а яна яго вярнула да жыцця.

Яму здавалася, што ад Багародзіцы зыходзяць маўклівыя загады, якія абуджаюць у ім успаміны, кожны з якіх радаваў і захапляў яго. Ён прыгадваў маці, маладую, прыгожую, у белай прасторнай кашулі. Перад люстэркам яна расчэсвала свае густыя каштанавыя валасы, прапускаючы іх праз драўляны грэбень, і перад люстэркам сярод шкляных флакончыкаў адзін, у які заляцела сонца, гарэў чароўным ізумрудным святлом.

Ён успамінаў дачу, шэры дашчаны плот, на які садзіліся матылькі-крапіўніцы. Расхіналі свае шакаладныя крылы, і ён глядзеў, як дрыжаць іх тонкія вусікі, падобныя на малюсенькія булавы, і пераліваецца шэрстка на тонкім цельцы.

Ён успамінаў вячэрняе акно насупраць, аранжавае ад абажура. Часам каля акна з’яўлялася маладая жанчына. Выставіўшы голы локаць, глядзела на завулак. Глыбіня пакоя за яе галавой свяцілася таямнічым і прыцягальным святлом.

Аднойчы Чэлішчаву падалося, што Багародзіца адпраўляе яго на вуліцу і просіць прынесці лядзяш, які збівалі з даху дворнікі. Ён спусціўся на двор, падабраў блакітнаваты завостраны лядзяш і прынёс дамоў. Паклаў побач з іконай. Багародзіца глядзела на лядзяш, у якім пераліваліся водсветы навагодніх ёлак.

Ён прачнуўся ўночы ад раптоўнай трывогі. Яму падалося, што Багародзіца кліча яго. Басанож ён зайшоў у майстэрню, запаліў святло. Ікона была ахоплена хваравітым ружаватым святлом, быццам у яе была гарачка. Паветра вакол яе было чырвонае ад запалення. Чэлішчаў убачыў, што з вачэй Багародзіцы выступілі пунсовыя крывавыя слёзы. Яна плакала. Адчувала блізкую бяду. Гэта бяда прадказвала няшчасце не толькі Чэлішчаву, але ўсім людзям, усёй Расіі, якую, паводле слоў маці Лізаветы, Багародзіца з’явілася ратаваць. Чэлішчаў адчуваў вялікі боль і пакуты, якія перажывала Багародзіца. Адчуваў, што крыніца пакут знаходзіцца за акном, у начным горадзе, сярод агромністых каменных будынкаў, вуліц, якія шамацяць машынамі, навагодніх зіхатлівых ёлак. Багародзіца патрабавала, каб Чэлішчаў адправіўся ў горад, адшукаў крыніцу бяды і ліквідаваў яе. Воля Багародзіцы была непахісная, прыспешвала яго. Ад яе ішлі сілы, якія паказвалі шлях. Чэлішчаў таропка апрануўся, выйшаў у ноч шукаць згустак зла, ад якога веяла ўсеагульнай пагібеллю.

Масква жыла начным жыццём, схаваўшы ў спальных раёнах стомленых за дзень жыхароў, адчыніўшы свае рэстараны, начныя клубы, тэатральныя залы аматарам забаў, знаўцам далікатных страў, нястомным шукальнікам уцех. Па белых пасля нядаўняга дажджу вуліцах кацілі дарагія аўтамабілі, азараючы фарамі зіхатлівы снег. Вітрыны фешэнебельных магазінаў здзіўлялі блакітнымі футрамі пясцоў, заморскімі ўборамі, золатам і брыльянтамі. Успыхвалі ў марозным паветры лятучыя шыльды начных бараў і забаўляльных устаноў. І ўсюды, на плошчах, перакрыжаваннях, узвышаліся ёлкі, як прыгожыя дамы, кожная ў сваім убранні, у зялёным, блакітным, малінавым крыналіне, увенчаныя дарагімі ўпрыгажэн-
нямі.

Чэлішчаў ішоў па Маскве, падпарадкоўваючыся нябачным указанням, нячутным загадам, што пасылала яму Багародзіца. Ён быў ахоплены сілавымі лініямі, якія вялі яго па тратуарах, апускалі ў падземныя пераходы, перамяшчалі з аднаго раёна ў іншы. Гэтыя лініі набліжалі яго да згусткаў зла і пакуты, кожны з якіх мог уяўляць сабой сусветную пагібель. Зіхоткі горад таіў цёмныя туманнасці, як рэнтгенаўскі здымак, на якім відаць балючыя зацямненні. Ён праходзіў міма рэстарана, дзе гулялі грузінскія злодзеі ў законе. Абмывалі буйную нафтавую здзелку. Раскідаліся грашыма, адводзілі маладых жанчын у кабінеты, вярталіся да сталоў потныя, з расшпіленымі кашулямі. Жанчыны дагледжанымі пальчыкамі казыталі іх валасатыя грудзі, грузіны соладка смяяліся, і ў аднаго з кішэні моднага пінжака выпаў залаты пісталет.

Чэлішчаў набліжаўся да моднага гей-клуба, над якім пералівалася стаколерная вясёлка. Парцье ў дамскай шубе, з напамаджанымі вуснамі, на высокіх абцасах адчыняў дзверы, у якія, пакінуўшы раскошную машыну, заходзіў вядомы рэжысёр, тоўсты і стары, прыабняўшы за плечы стройнага юнака. Яны зніклі ў прыцемках хола, з якога павеяла распаранай плоццю, тлятворным пахам ядавітых духоў.

Чэлішчаў праходзіў міма начной дыскатэкі. Гучная музыка, сцішаная сценамі, далятала на вуліцу, і ён адчуваў глухія штуршкі. У паўзмроку дыскатэкі зліпся і танцаваў натоўп, які рассякалі блакітныя промні. Было так цесна, што танцоры толькі тапталіся на месцы, церліся адно аб аднаго, п’яна цалаваліся, трэсліся раптоўнымі сутаргамі. Над натоўпам на высокім слупе, асветленая змярцвелым святлом, танцавала жанчына, голая, уся пакрытая золатам, як чароўная багіня. Яна выгіналася без стомы, выкідвала наперад залатыя ногі, круцілася, як залатая змяя. Натоўп пульсаваў, быў падобны да вялізнага ліпкага малюска, які вывяргаў каляровую слізь. Пырскі гэтай слізі, як рознакаляровыя кроплі, плямілі
вуліцу.

Чэлішчаў рухаўся па сілавых лініях, якія былі працягам падказкі Багародзіцы і падводзілі яго да згусткаў цемры. Але ні ў адным з іх, як у чорным яблыку, не хавалася лічынка ўсеагульнай пагібелі, не таіўся дракончык, гатовы напасці на Расію. І Чэлішчаў, пахадзіўшы каля чарговага пажыўнага месца, пайшоў, працягваючы чараўнічае падарожжа па начной Маскве, сярод брыльянтавых ёлак.

Ён блукаў як у сне. Вочы яго былі расплюшчаны, ён не спаў, як лунацік. Ім рухала бясслоўная ўпартая воля. Пабуджала зазіраць у завулкі, кружляць па дварах, заміраць пад адзінокім ліхтаром, узірацца ў пацямнелыя фасады з рэдкімі непатухлымі вокнамі. У адным з такіх завулкаў ён заўважыў турму. Акружаную жылымі дамамі, яе было не відаць з праспекта. Турма нагадвала агромністую, пачварную чарапаху з клятчастым панцырам. За цаглянай сцяной, рулонамі калючага дроту штосьці ўздыхала, мучылася, трызніла. Адтуль павявала жалезам, змазанымі замкамі, нячыстым потам, жорсткім гвалтам. Турма панура глядзела на Чэлішчава, нібы праганяла яго. Жалезныя вароты расчыніліся. З іх выехаў грузавік з тупым сталёвым корабам, у якім сцялася нябачная асуджаная душа.

Чэлішчаў у сваім вандраванні перамяшчаўся па Маскве з канца ў канец, быццам яго пераносіла начная мяцеліца. Ён нібы забываўся, заплюшчваў вочы, а расплюшчыўшы, апынаўся на іншым канцы горада, не пазнаючы праспектаў і вуліц. Перад ім узвышаўся будынак, вялізны, як скала. Ён нагадваў агромністы футарал, у якім без агнёў таілася штосьці жывое. Уздрыгвала, набухала, ападала. Гэта быў анкалагічны цэнтр, і там, так здавалася Чэлішчаву, знаходзілася велізарная пухліна. Яна павольна разрасталася, пранізаная фіялетавымі жыламі, ацякаючы сукровіцай. Чэлішчаў чуў дрыжанне бетонных перакрыццяў, цягучы звон металічных канструкцый. Пухліна, разрастаючыся, ціснула на сцены будынка, яны былі гатовы разваліцца, і пачварная ліпкая мякаць упадзе на Маскву. Вяршыня чорнага будынка квола свяцілася. Гэта душы нябожчыкаў, пазбаўленых мук, адляталі ў неба.

На ўскраіне, у спальным раёне адзінока гараэла акно першага паверха, адкідваючы на сумёт жоўтую паласу. Чэлішчаў зазірнуў у акно і ўбачыў, як у аперацыйным крэсле, рассунуўшы ногі, ляжыць усыпленая жанчына. Хірург у запырсканым крывёю халаце ўстаўляе ёй у чэрава сталёвую трубку, і крывавая жыжка, у якую ператвораны эмбрыён, ліецца ў эмалірованы таз. У згустках болю і мук, да якіх прыводзілі Чэлішчава сілавыя лініі, таіліся страшныя небяспекі, гатовыя разбурыць Расію. Але сілавыя лініі толькі набліжаліся да пакутлівых згусткаў, абміналі іх, вабілі Чэлішчава далей.

Падпарадкоўваючыся бясслоўнай волі, ён зноў апынуўся каля свайго дома, на Пушкінскай плошчы, у скверы побач з помнікам. Бронзавы паэт, зняўшы капялюш, схіліў галаву, і лёгкая завея абсыпала срэбрам бронзавыя кучары, капялюш, чырвоную ружу ля п’едэстала. Чэлішчаў глядзеў, як па Цвярской нясецца зіхатлівы рой машын, налятае белымі вадзяністымі фарамі, адплывае чырвонымі, як вуглі, агнямі. Абрываецца, замірае, вызваляючы вуліцу, і ёй наперарэз імкліва, у бляску, імчацца машыны з бульвараў, ператвараючы плошчу ў начны полымны крыж.

Сілавыя лініі павялі яго ў падземны пераход, дзе спяшаліся рэдкія пешаходы, і маладая, з распушчанымі валасамі скрыпачка ўтрапёна вадзіла смыкам, напаўняючы пераход рыдаючай музыкай. Перад ёю ляжаў капялюш з манеткамі і змятымі паперкамі.

Чэлішчаў выйшаў на Цвярскі бульвар і апынуўся ў хрустальным лесе. Дрэвы былі аплецены аметыставымі гірляндамі. Ствалы былі з блакітнага лёду і, здавалася, слаба звінелі. Пустая алея, акружаная хрустальнымі дрэвамі, ішла ўдалеч, па ёй неслася празрыстая завея.

Каля рэстарана «Пушкін» спыняліся машыны. Швейцар у цыліндры адчыняў дзверцы, праводзіў наведвальнікаў да дзвярэй, распускаў над дамамі парасон. Каля рэстарана «Турандот» гарэлі сінія газавыя факелы, нібы перад храмам вогнепаклоннікаў.

Чэлішчаў ішоў па бульвары, адчуваючы нарастаючую трывогу. Яна лунала сярод хрустальных ствалоў, веяла над ампірнымі асабнячкамі, валіла, як дым, з чорнага будынка Мастацкага тэатра. Трывога згушчалася, цяжэла, паўставала, як воблака, сярод зіхатлівых дрэў. Ператваралася ў страх. Чэлішчаў супраціўляўся, не хацеў ісці, але ўпартая сіла падбухторвала яго крочыць. Ён патанаў у жахлівым воблаку, у якім, здавалася, звілася вузлом нябачная пачвара.

Дзесьці тут рос трохсотгадовы дуб, які памятаў Пушкіна. Але Чэлішчаў не знаходзіў яго. Ён стаяў перад высокім будынкам стогадовай даўніны з вялізнымі вокнамі. Будынак быў чорным, але два паверхі ярка свяціліся, быццам там адбывалася начное свята. Хрустальнае шкло ў плеценых рамах палымнела белым святлом, у якім серабрылася завея. І з гэтых вокнаў веяў цяжкі жах, які даводзіў да вар’яцтва.

Сюды, да гэтага цудоўнага дома, прывяла Чэлішчава Багародзіца. Тут угняздзілася зло, якое пагубіць Расію. І Чэлішчаў, знямоглы, ахоплены холадам, на начным бульвары, павінен спыніць гэта зло. Ён стаяў, здранцвеўшы, сярод аметыставых дрэў, гледзячы на палымнеючыя вокны.