Тры пагляды

1
Без зімовых шыб было б халодна —
Майскі ранак студзіць наваколле, —
Ажно ўпарта з-пад зямлі вільготнай
Цягнецца нарцыс на ўскрайку поля.
Белы, выглядае ён героем
У кантрасце з чорным атачэннем,
Выкармлены шчодра перагноем,
Быццам бы выява — уяўленнем.

2
Кабінет пусты ў бязлюдным доме,
Як падыдзеш да правалаў вокнаў, —
Тое ж, што затоены ў саломе,
Вытрыбушаны, парваны кокан.
Трэшчынка мізэрная ў прасторы —
Там святло ўчыняе з цемрай гонку
І, стварыўшы свой Сусвет за шторай,
Цішыню зацягвае ў варонку.

3
Кропелькі дажджу і кандэнсату
Парных шыб; чырвона-белым кражам
Арабіны і сухая вата —
Тут, між нацюрмортам і пейзажам.
Паўбыццё, паўзабыццё — заклёны,
Абарона ад магчымай раны,
І пустэча, што нітуе звёны, —
Часу незаўважная мембрана.