Тры сямірадкоўі

Гара сваё згубіла цела,
яе душа крычыць: «пусці!»,
і ластавак звяно ўзляцела,
каб плоць каменную дзяўбці,
а зверху ўсё маланкі б’юцца
і ветры горныя смяюцца:
маўляў, душа гары сатлела...

Бывай, гары былая ціш, —
з каменных выступаў тэрасак —
у змрок збіраюцца праз крыж
дымы ў малінавых кірасах
(дымы паўзуць, а ты маўчыш,
і ніткі на хвастах бялясых
гараць, як і сама гарыш).

Гара, бывай! Апошні крок
агнёў сухіх, яны згарэлі,
скаціліся па схіле ў змрок,
а мы ад болю пастарэлі
(у ластавак, што ўніз, з нябёс
упалі — незайздросны лёс,
знарок яно ці незнарок).