Рэкі

(фрагменты «Кнігі вады»)

Сена

Гэта рака, якую я бачыў у жыцці значна даўжэй за іншыя рэкі. Я пражыў на берагах Сены чатырнаццаць гадоў. Ці без малога чатырнаццаць. Ва ўсякім разе, першыя адзінаццаць быў трывалым парыжанінам. Цікава, але я больш парыжанін, чым жыхар якога-небудзь іншага горада! (У Маскве, у два прысесты, да эміграцыі і пасля, я пражыў усё-такі меней.) Я сапраўдны «parido» і любіў маю «Paname», так на жаргоне называюць ­сапраўдныя парыжане («parido») сваю сталіцу: «Paname», арыентуючыся на скандал з Панамскім каналам у пачатку стагоддзя. Замешаны быў у гэтай карупцыі века Фердынанд Лесепс, парыжане называюць сталіцу «Скандал грашовым знакам долара пятляе праз Парыж».

Сена. На выспе Сен-Луі на набярэжнай Анжу стаіць гатэль «Пімадон» (ён жа гатэль «Лазен»), дзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя жыў Шарль Бадлер (а яшчэ Тэафіл Гацье) і знаходзіўся клуб гашышынаў. Не, нездарма я настойліва прыгадваю пра дом Бадлера ў некалькіх сваіх кнігах. Справа ў тым, што Шарль Бадлер для мяне не толькі стваральнік новай гарадской эстэтыкі (да яго ў мастацтве панавала дваранская: памешчыцка-сельскагаспадарчая эстэтыка), па ёй, як па Евангеллі, мы жывём і сёння. Ён яшчэ і вынаходнік сучаснага свету, а гэта і гарадскі свет. Ён прыдумаў нас усіх. Ён і Бальзак.

Таму загараць я хадзіў бліжэй да Бадлера на выспу Сен-Луі. Я браў з сабою амерыканскі наплечнік, клаў у яго падсцілку, пару французскіх кніжак, сшытак, які служыў мне дзённічкам і адначасова творчай лабараторыяй. Зрэдку бутэрброды і віно. Маршрут у мяне быў адзін і той жа, бо свае гады ў Парыжы (за выключэннем шасці месяцаў у 1985 годзе) я жыў у трэцім арандысмане на правым беразе, а менавіта ў Марэ. Там у мяне былі адрасы 54, Rue des Archives, Rue des Ecouffes (забыўся нумар) і 86, Rue de Turenne. Ад усіх трох жытлаў да Сены было ад пяці да сямі хвілін. Яно і зразумела: «аэ» па-старафранцузску значыць «балота». У пачатку другога тысячагоддзя на месцы правага берага насупраць Нотр-Дам знаходзілася вялікае болота. Звычайна я першы раз пераходзіў Сену па мосце Луі-Філіпа, затым перасякаў (заўсёды гледзячы на дом Бадлера) нешырокую выспачку Сен-Луі і выходзіў да другога рукава Сены, які абцякаў выспачку з іншага боку. Там, крыху ўлева ад невялікага моста, які аб’ядноўваў выспу Сен-Луі з выспаю Сітэ, я сыходзіў на выкладзеную каменнем нізкую ў гэтым месцы набярэжную і ўладкоўваўся. На тых самых камянях, што служылі матэрыялам парыжскіх барыкад. У мяне было аблюбаванае месцейка на гэтых смуродных камянях — каля аднаго з іржавых прычальных кольцаў. Там я раскідваў сваю падсцілку, здымаў палатняныя салдацкія штаны аліўкавага колеру. (Хэбэ гэтае я прывёз у колькасці некалькіх пар з Каліфорніі, з вайсковага second-hand.) Штаны, чаравікі і майку я ўкладваў пад галаву і ляжаў, чырванеючы шкурай. Паступова з’яўляліся заўсёднікі гэтага пляжа на каменні. Мы ўсе ведалі адзін аднаго, віталіся, але асабліва стараліся не збліжацца. Проста па курсе ўзвышаўся сабор Нотр-Дам-дэ-Пары — выгляд ззаду. Ззаду ён быў падобны да касмічнага карабля, які прысеў на лапы. Часткова сабор завешвала маскіровочная сетка плюшчу.

На гэтым месцы Сена яшчэ раз раздвойвалася, і па рукаве бліжэйшым да нас сіплыя баржы з пяском, вугалем і дрывамі ішлі ў кірунку плошчы Канкорд да моста Аляксандра ІІІ, да Тракадэра і Эйфелевай вежы.

Па дальнім рукаве і далей такія ж баржы ішлі ў зваротным кірунку, кудысьці міма Батанічнага сада і Аўстэрліцкага вакзала. Сена адразу пакрывалася такімі дзікімі пляжамі з надыходам цёплых дзён.

Асабліва цэнтральная частка, на выспах, каля Луўра, каля сада Цюільры. Уся шматлікая шпана горада выходзіла на берагі Вечнай ракі. У канцы першага — пачатку другога тысячагоддзяў Сена бачыла на сваіх водах судны нарманскіх ваяроў. Немцы гэтыя здзяйснялі набегі на Парыж. Але, вядома, іх прыплывала меней, чым нас.

Я правёў на Сене шмат сотняў зыбкіх, падобных да мрояў шчаслівых дзён. Шкуру, раздражнёную сонцам і гарадскімі забруджваннямі, шчыпала. Віно дапамагала захоўваць сябе ў стане лёгкага атупення — «groggy», як кажуць амерыканцы. Парыжскія дзяўчаткі ляжалі побач topless, белыя грудзі і саскі ўверх, а зверху з парапета і з моста на іх вытрэшчваліся прадстаўнікі слабаразвітых народнасцяў — кудлатыя арабы. Але не слабаразвітых насамрэч, ды даруе мне Алах, я гавару іранічна, маючы на ўвазе, што ў іх культуры не прынята, каб дзяўчаты ляжалі ў цэнтры горада, выставіўшы цыцкі. Зрэдку з’яўлялася мая жонка Наташа, якая куды-небудзь ішла. Яна магла далучыцца да мяне на гадзінку, але кожны раз раздражнёна знаходзіла маё баўленне часу некамфартабельным. Часта, зрэшты, заглядваў да мяне, пустэльніка, ці, як я сябе называў па назве вядомага рамана Луі Арагона «Paysan de Paris», што азначае «селянін Парыжа», мастак Вільям Бруі. Ён жыў у тыя гады паблізу, яму дасталася вузкая шчыліна, кватэрка-камера на выспе Святога Луі. Некалькі разоў тут жа, з відам на Нотр-Дам, у газавых выхлапах аўтамабіляў, крыках турыстаў, пад поглядамі арабаў и topless girls, мы ладзілі пікнікі. Я, Наташа, Вілі Бруі, Цьеры Марыньяк і яшчэ ўсялякія людзі, іх у тыя гады было шмат. Так што месцейка каля Сены было маёй штаб-кватэраю. Пагружацца ў воды Сены ніхто не рызыкаваў. За гады памятаю толькі некалькі выключэнняў. Калі было асабліва горача, я заходзіў некалькі разоў у ваду па калена. Брукаванка як дарога разумна спускалася па нахільнай у ваду. Калі хто раптам, стомлены барацьбою з хвалямі, захоча выбрацца — то будзе мець камфартабельнае шасэ ўверх, не спатрэбіцца ў бяссіллі валэндацца, плаваць каля непрыступнай круцізны берагоў.

Пражытыя ў Парыжы гады без сумневу застануцца самымі шчаслівымі ў маім жыцці. А са скураю да кален нічога не здарылася ў тыя некалькі разоў, калі я абмываў іх водамі Сены. Відаць, воды не такія ўжо небяспечныя.

Ёсць добры здымак, зроблены Латрэкам (Анры дэ Тулуз-Латрэк — французскі мастак-постімпрэсіяніст, майстар графікі і рэкламнага плаката. — Пер.) парыжскай фатаграфіі 80-х гадоў Жэрарам Гасто: я стаю на даху Нотр-Дам-дэ-Пары, і ўдалечыні ўся да самай Эйфелевай вежы ляжыць пад мастамі Сена. Ёсць яшчэ фотаздымак таго ж Жэрара Гасто: я ў савецкім салдацкім шынялі сяджу ў цемнаце на паўночным краі выспы Сен-Луі, успышка выхапіла мяне з цемры, у Парыжы, куды не пайдзі — усюды Сена. Я хацеў напрыканцы 80-х напісаць работу: «Уплыў ракі Сены на „Кветкі зла“ Шарля Бадлера», ды не спадобіўся, а шкада.

Яна дыктуе гораду надвор’е. Над ёю ёсць чайкі. Усе маршруты Парыжа ўключаюць Сену. Я шмат працаваў у гэтым горадзе: напісаў дзесяць раманаў, шэсць кніг апавяданняў, мне патрэбна была разрадка. У другой палове дня, паабедаўшы, выходзіў да рэчкі, звычайна да маста Луі-Філіпа, ды ішоў па правым беразе ўздоўж мастоў усё далей і далей. Заканчваўся ж мой маршрут ці на плошчы Канкорд, ці нават я даходзіў да моста Аляксандра ІІІ, зварочваў улева, выходзіў на Елісейскія палі ды ішоў да Трыумфальнай аркі. Вяртаўся я таксама на сваіх дзвюх. Вялікі маршрут да Трыумфальнай аркі і назад быў больш за дванаццаць кіламетраў. Зімою я звычайна абуваў чырвоныя высокія амерыканскія боты да кален, апранаў кітайскую куртачку-ватнік без каўняра колеру хакі, шалік. Ватнік падпяразваў рэменем. Вось што ў мяне было на галаве, забыўся.

Ідучы хуткім крокам, я разважаў. Ад моста Луі-Філіпа я хутка выходзіў да Парыжскай мэрыі, да Hotel de Ville. Будынак мэрыі, праўда, быў адносна новы — пабудаваны ў 1871 годзе, узамен расстралянага падчас Парыжскай камуны старога. Але прыстойныя залізаныя пліты мэрыі, што выходзіць да ракі, пакрывалі шматпакутную зямлю Грэўскай плошчы — месца пакаранняў смерцю і катаванняў. Хітрыя сучасныя адміністратары прыбралі з карты Парыжа Greve, яно называецца цяпер Plaze de l’Hotel de Ville. Назва Greve служыць абазначэннем для забастоўкі і сёння. Даўно, у глыбокую даўніну, яшчэ да таго, як стаць месцам смяротных пакаранняў, гэты адхон на беразе Сены служыў месцам, дзе збіраліся тыя, у каго не было працы, хто знаходзіўся ў сітуацыі en Greve. Гэта значыць, па сутнасці, калісьці плошча называлася Плошчаю Беспрацоўных. Далей Сена (ад яе заўсёды нясе: летам — сырым хатнім цяплом, зімою — пранізлівай сырасцю і холадам) ідзе міма крамаў «Самарытэн» да Понт-Неф і Моста Мастацтва. Па ўсёй даўжыні Сены пасаджаны каштаны. Калі гэта вясна, дык кветкі іх духмяняць, а калі восень — дык на тратуарах ляжаць бясконцыя расколатыя зялёныя лушпінкі ці карычневыя велічэзныя камяні пладоў. Справа цягнецца аднастайны, чорна-шэры, усяго толькі ў тры невялікія паверхі, казармавы Луўр. Потым Луўр заканчваецца, і пачынаецца агароджа сада Цюільры. Насупраць Цюільры на Сене стаяць заякараныя населеныя баржы. Там жывуць багатыя. Можна ўбачыць летам насельнікаў барж у шэзлонгах на сваіх палубах, паміж кадак з кветкамі, з бакаламі ў руках. Уздоўж Сены можна хадзіць вечна. 150 гадоў і болей, не надакучыць. Дзесьці ў маіх дзённіках, што засталіся ў Парыжы (тысячы старонак), магчыма, ёсць запісы пра шпацыры гэтыя даўжынёю ў чатырнаццаць гадоў.

Няспешна стукаеш ботамі. Адзін. Сам-насам з ракою і са старажытнымі камянямі. Скончыліся купецкія будынкі ўнівермагаў «Самарытэн», і ў разрыў будынкаў перад Луўрам відаць царкву, з якой далі знак да Варфаламееўскай ночы — да збівання гугенотаў. Каля сотні крокаў ад Сены. Сена чула ўсё і ўсіх. Па набярэжнай Вальтэра шпацыраваў адзінокі хворы AIDS Рудольф Нурыеў у яго апошнія месяцы і дні.


Волга

Людзі мруць няспынна. І старыя, і маладыя. Я памятаю маладога пацана з горада Кімры, задзірлівага і адмарожанага. Мянушка ў яго была «Вася». Аднойчы я ездзіў у горад Дубну, куды мяне запрасілі выступіць у бібліятэцы. Паездка вылілася ў чыстае хуліганства. Дакладней, туды мы выехалі нармалёва, і я сустрэўся з чытачамі як належыць. А вось на зваротным шляху, памятаю, «Вася» збіў пры мне жорстка, у кроў нейкага ні ў чым не вінаватага афіцэра, і ў таго кацілася фуражка. Ну ды не ў гэтым справа. Аднойчы «Вася» выйшаў з дому ў трусах, яго выклікалі паразмаўляць. І ён ніколі не вярнуўся. Ён быў маленькі і, можа быць, таму такі выёбісты.

У Кімрах жа я быў некалькі разоў. Бо там жылі бацькі заснавальніка нашай партыі Тараса Адамавіча Рабко. Гэты гістарычны чалавек збіў мяне заснаваць газету «Лімонка». А яшчэ да гэтага ён зарэгістраваў Нацыянал-бальшавісцкую партыю. У апошнія гады аддаліўся ад нас паступова. Памятаю, я паехаў да яго ў Кімры з Лізаю. Хутчэй за ўсё, гэта было лета 1996 года, бо ў 1997-м я ў асноўным экстрэмальна падарожнічаў у Сярэдняй Азіі і затым парыўся ў Стаўраполлі — на мяжы з Чачнёю, балатаваўся там на давыбарах у Дзярждуму. Значыць, у 1996-м.

Тарас з Лізаю падобныя. Як брат і сястра. Тыя ж блакітна-шэрыя вочы, абое худыя, нібы шашлычныя пруты, вузкія твары, матавая скура. У сярэдзіне 90-х Тарасу нехта сказаў, што яго ўкраінскае прозвішча паходзіць з таго ж кораня, што Рабін і Рабіновіч і, такім чынам, — ад прафесіі рабін. Пра што Тарас з ціхім жахам паведаміў мне. Такім чынам, магчыма, што Тарас і Ліза аднаго калена Ізраілева. Калі Ліза ўжо сядзела на вуліцы Чапаева ў Кімрах на канапе, я сказаў Тарасавай маці: «Гляньце, як яны падобныя, брат і сястра”. Маці Тараса паглядзела і палюбіла Лізу. Іншая справа, што выкарыстаць любоў Ліза не змагла, яна не ўтрымалася доўга каля мяне, хаця да сакавіка 1998 года макетавала нам «Лімонку». Ліза спадабалася ўсім — маёй маме таксама. У Маскве мая мама назвала яе «варабейчык». Але варабейчык быў з зубамі птэрадактыля, гэтага добрыя жанчыны — нашы мамы — знаць не маглі. Ну пра зубы птэрадактыля я, магчыма, перабольшыў, аднак Ліза, вох, Ліза, — як растлумачыць яе і ейныя жыццёвыя матывы? Не, яна не была адзінокаю і незалежнаю, як ёй, магчыма, хочацца думаць. Яна толькі хацела залежаць ад шмат каго, ад усіх, ад усяго свету, а не ад аднаго мужчыны. Ужо праз паўгода пасля таго, як мы пачалі жыць разам, я высветліў, што яна не перарывае сваіх старых сувязей, яна працягвае жыць у іх, так павук у сваёй павуціне час ад часу працягвае наведвацца нават у самыя старыя куты і чапае мёртвых, ужо высахлых мух. Яна хадзіла і да старых каханкаў. Уласна, у гэтым якое злачынства? Такая яна была. Ёсць, зрэшты, адно злачынства — супраць жывога кахання. Бо жывое каханне хоча быць поўным і не цярпіць канкурэнцыі з боку мёртвых каханняў. Я пакахаў яе спачатку як эстэт маньерысцкую статую. А пасля пакахаў яе, як шлёндру. Гэтых двух кручкоў дастаткова было, каб утрымаць мяне з ёю надоўга. Яна была неймаверна выцягнутая ў даўжыню (яе бацька-мастак увогуле быў пад два метры вэнджанай вяроўкі), тонкай косткі, дзіцячыя сцёгны, бясконцыя ногі з дзіцячымі далікатнымі каленкамі, з вузкім уваходам у яе між ног, з цудоўнымі цыцкамі, такімі вытанчанымі паўнавартнаснымі дынямі. У яе быў выгляд замежніцы, габрэйка — гэта апошняе, што прыходзіла ў галаву.

Від ідэальнай францужанкі, калі б такая існавала, з вышэйшага класа грамадства. Sophisticated look*— вось што яна мела. Пры тым пры ўсім не ведала ні слова ні на адной замежнай мове, кругагляд быў абмежаваны штодзённым жыццём, цікавілася толькі знаёмымі і блізкімі. Сёстры, бацька, маці, пляменнік, Мікіта — муж сястры і вялікая колькасць старых і новых каханкаў.

У першыя месяцы жыцця са мною яна адтаяла і стала ненадоўга мяккім дзіцем, лянівым, ціхім і шчаслівым. Потым зноў сціснулася да сцярвознасці. Калі яна была дзіцем, сядзела са мною на падлозе гадзінамі, слухала Эдзіт Піяф і мой пераклад песень, піла віно і глядзела шчаслівымі вачыма. Але я не мог утрымаць яе ў такім стане. Яна мне не дала гэтага зрабіць. Яна кудысьці заспяшалася. І стала спяшацца часта. Але бывала, што яе адольвалі парывы пяшчоты да мяне. Магчыма яна адхіналася да мяне ад жорсткасці некага іншага.

У адзін з такіх парываў мы і паехалі ў горад Кімры. Штурмавалі электрычку на Савелаўскім вакзале. Сядзелі на сямейным абедзе ў вялікай хлебасольнай кватэры бацькоў за багатым на пахі сталом. Я піў гарэлку з татам Адамам. З хуліганамі, якія выраслі ў бандытаў, — сябрамі дзяцінства Тараса — мы ездзілі па кімрскіх дарогах на дзікай хуткасці. Па незразумелых справах, якія заўсёды знаходзяцца ў правінцыйных гарадах. Паехалі на базар, купілі свініны, замарынавалі яе ў драўлянай хатцы аднаго з хуліганаў, які вырас у дзёрзкага бандыта. Праехалі па лясной дарозе на бераг мутнай Волгі. Зрабілі вуголле. Пайшоў дождж. Я з пацанамі купаўся ў мутнай Волзе. Міма праплывалі, пераклікаючыся гудкамі, вялікія баржы. Пані Ліза ў джынсах, з цыгарэткай і ў куртцы аднаго з юных бандытаў курыла адну за адной. І не купалася. Елі гарачае мяса.

Дзень быў хмуры, халодны і дажджлівы. Дапамагала гарэлка. У мяне была адна хіба — цёмныя шрамы на правай лытцы ззаду. Таму я лічыў за лепшае стаяць да каханай жанчыны тварам. Думаю, я быў самым цікавым мужыком, якога можна было дастаць у тыя гады ад Уладзівастока да Гібралтара. Ну, адным са жменькі самых цікавых. (З усімі другімі bad boys: з Арканам, Караджычам, Дэнарам, Жырыноўскім, Худайбердыевым я быў знаёмы). І застаўся. Яна, у выніку ўсіх сваіх маніпуляцый і ракіровак, жыве (дакладней, ён жыве ў яе кватэры) з паслухмянай і непрыгожай бялявай істотай мужчынскага полу. Дзіўна. Навошта? Ён глядзіць ёй у рот і ходзіць за ёю следам. Я лаяў яе, што не чытае кніг і не глядзіць навін. Пазней знаёмы распавядаў, як яна яго спакушала. Прымала позы. «Ну, пацалуй мяне. Ведаеш, як гэта робіцца?..» У ёй было больш, чым яна ўсведамляла. Яна магла паставіць сваю планку жыцця вельмі высока. Маньерысцкая, як рэдкая вычварная котка, і жахлівая шлёндра, і гэты яе лук замежніцы з вышэйшага грамадства. Яна была падобная да гераіні фільма «Мікіта», але не бязлікага нямецкага серыяла, а арыгінальнай версіі — французскага фільма. Ну і што далей? Ёй будзе ў гэтым годзе дваццаць дзевяць. Баялася згубіць незалежнасць? Эх ты, Лізка. Хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага.

А Волга калыхала вялікім шырокім целам вадзяной рыхлай цёткі і білася аб земляное ілістае сваё ложа. Волга білася па ўсёй Расіі. Цётка Волга ляжала ў цётцы Расіі, цётка на цётцы. Гарэлі яловыя дровы. Па-рыцарску вырабляліся перад паняй Лізай юныя бандыты. Ішлі баржы ў будучыню і мінуўшчыну. Насамрэч — на месцы. Шлёпаў дождж бурбалкамі па бурай вадзе. На адным беразе Волгі — Савелава, на другім — Кімры. Орды кімракоў і орды савелаўцаў, па расповедах Тараса, змагаліся з даўніх часоў. І паміж імі кацілася Волга. На тым беразе засталіся некалькі абвугленых бярвён і акуркі пані Лізы, яна хадзіла адліць у хмызняк, але дождж хутка змыў яе кашачую мачу.



* Sophisticated look (англ.) — вытанчаны выгляд.