Штодзённае жыццё рускай Поўначы

(фрагменты)


Доўгае расставанне

                                            Юноша трижды шагнул, наклонился, рукой о колено
                                            Бодро оперся, другой поднял меткую кость.
                                            Вот уж прицелился... прочь! раздайся, народ любопытный.
                                            Врозь расступись: не мешай русской удалой игре.
                                                                                                                                      А. С. Пушкин

Дзяцінства ў вёсцы і да гэтага часу запоўнена і расквечана разнастайнымі, чыста дзіцячымі забавамі. Забавы сумяшчаюцца з карыснай справай. Пра гэта трэба паўтараць зноў і зноў... Рыбалка, напрыклад, або праца на конях — класічныя прыклады гэтай супольнасці. Існавалі дзясяткі іншых прыкладаў, калі дзіцячая гульня пераходзіла ў працу або калі праца незаўважна, без лішняй пыхлівасці пранікала ў дзіцячую гульню. Прапускаць раўчукі і цэлыя рэкі расталай вады ранняй вясной было дзіцячым прывілеем, заняткам ні з чым не параўнальным па сваёй прывабнасці. Але ж пры гэтым дзіця не толькі фізічна загартоўвалася, не толькі набывала смеласць у гульні з вадой, але яшчэ і прыносіла карысць, аб якой, магчыма, не падазравала.

Гэтак жа сама хлапчук не пасвіў, а вартаваў хатнюю жывёлу ад ваўкоў і мядзведзяў, гэта ўжо трохі іншае ў параўнанні з сумнай пасьбой. Язда на кані верхам і на возе была для яго спачатку менавіта яздою, а не возкай сена, снапоў, гною або дроў.

Такія забавы ўсяляк, ненадакучліва заахвочваліся дарослымі, але ў падлеткаў было мноства і нейтральных у адносінах да карыснай працы гульняў. Бацька з маці, старэйшыя браты і сёстры, наогул усе дарослыя як бы не заўважалі простых гульняў, часам нават падказвалі іх дзецям, але не ўсур’ёз, а так, між іншым. Падлеткі і дзеці самі з пакалення ў пакаленне пераймалі адзін ад аднаго падобныя гульні.

Сярод дзясяткаў такіх забаў — будаўніцтва цацачных млыноў, вадзяных і паветраных. Зрабіць першую простую круцёлку і ўстанавіць яе на агародным коле дапамагаў старэйшы брат, дзядуля ці бацька. Але потым ужо не хочацца, каб хтосьці табе дапамагаў... Круцёлка неўзабаве змянялася на мадэль сапраўднай таўчыльні з таўкачом, для чаго можна было выкарыстоўваць любую шпакоўню. А ад такой таўчыльні ўжо не так далёка да запруды на вясновым ручаі з млынавым наліўным колам.

Яшчэ не адшумеў гэты ручай, а ў лесе ўжо цячэ іншы ручаёк: салодкі бярозавы сок за паўдня напаўняе невялікае вядзерца. Там, у лагчыне, з’явіліся кіслыя сцябліны шчаўя, а тут падаспелі і гіглі — салодкія хрумсткія трубкі дзягілю. Аднак іх можна есці, толькі калі яны свежыя, мяккія, сакавітыя. Да сенакосу яны становяцца тоўстымі і цвёрдымі. Калі зрэзаць самае вялікае ніжняе калена, пакінуць адзін канец глухім, праткнуць яго хваёвай іголкай, навіць на лазовы пруток бабчынай кудзелі, атрымаецца водазаборная прылада. Засмактаўшы поўны гігель вады, хлапчук падкрадваецца да дзявочых «клетак». Тонкі моцны струменьчык вады біў на восем-дзесяць метраў, дзяўчынкі са здзіўленнем глядзелі на сіняе, зусім бясхмарнае неба. Адкуль дожджык?

Той жа гігель з глухім канцом, калі зрабіць нажом падоўжаную шчыліну і моцна дзьмуць, ператвараўся ў аглушальную дуду. У канцы лета, калі паспявала рабіна, з гігеля рабілі фуркалку. Ягады з яе бясшумна ляцелі метраў на дваццаць-трыццаць. Седзячы ў засадзе дзе-небудзь у траве або на дрэве, можна з поспехам абстрэльваць пеўняў, катоў, аднагодкаў, але... Спынімся тут на секунду.

Успомнім, з чаго мы пачыналі і да чаго дабраліся. Бо з блізкай адлегласці з гэтай фузеі лёгка можна было выбіць вока, і не толькі ў пеўня... Мяжа паміж дабром і злом ледзь улоўная для дзіцячай душы, дзіця пераступае яе з чыстым сэрцам, ператвараючы гэта пераступанне (злачынства) у звычку. Самая бяскрыўдная гульня каварна і незаўважна ў любы момант можа перайсці ў свавольства, свавольства — у пястоту, а ад пястоты да хуліганства падаць рукой... Таму старэйшыя заўсёды яшчэ ў зародку перапынялі свавольства, заахвочваючы і захоўваючы дакладныя межы ў дзіцячых забавах, а ў гульнях — традыцыю і непахіснасць правілаў.

І ўсё ж у многіх месцах драцяныя стракалкі (з аднаго страчка можна раздрабніць гузік), а таксама гумовыя рагаткі (каменьчык лёгка прабіваў шкло ў раме) з часам прыйшлі на змену бяскрыўдным гіглям і лазовым свістулькам. Такой змене абавязаны мы не адной толькі цывілізацыі, якая забяспечыла вясковых хлапчукоў сталістым дротам і вагіннай гумай. Пасля Першай сусветнай вайны з’явіліся ў вёсках і дарослыя гарэзы. Такі «гарэза» сам не кідаў камяні ў вокны грамадскіх пабудоў. Застаючыся ў бяспецы, ён спрытна падвучваў на гэта ватагу хлапчукоў. І ўсё ж забавы вясковых дзяцей і падлеткаў цалкам захоўвалі свае традыцыі аж да Другой сусветнай вайны. Разнастайнасць іх і жывучасць тлумачацца шматвяковым адборам, складанасцю і разнастайнасцю працоўных, прыродных, бытавых умоў. Выкарыстоўвалася літаральна ўсё, што было пад рукой. Бабулі-няньцы вельмі проста было зняць з галавы хустку, скласці яе ў касынку і зрабіць «зайца», калі зробленыя з рознай тканіны «кумкі» («кумы») «спяць» і іх не прыйшоў час будзіць. Жняя з адной жмені саломы ўмела зрабіць саламяную куму (магчыма, адсюль пайшла і «саламяная ўдава»). Сагнуўшы напалову роўныя жытнія сцябліны, перавязаўшы «талію» і распушыўшы «сарафан», «куму» ставілі на стол. Калі па стальніцы злёгку пастукваць кулаком, «кума» пачынала скакаць. Цяпер уявім дзіцячае (ды і любое іншае) захапленне пры выглядзе таго, як некалькі саламяных лялек танцуюць на стале ад умелага пастуквання па шырокай стальніцы! Лялькі то сыходзяцца, то разыходзяцца, то зачэпяць адна адну, то пройдуцца міма. Задача ў тым, каб яны скакалі адна каля адной, а не разбягаліся і не падалі са ­стала...

Звычайная лучына служыла зімовым вечарам для многіх фокусаў. Каб зрабіць «жужалку», дастаткова было мець кавалак драніцы і моцную палатняную нітку. Хлапчукі самі майстравалі «ваўчка», які мог круціцца, здавалася, цэлую вечнасць.

Распаўсюджаныя былі падманныя гульні, гульні-розыгрышы, фокусы з гафтачкай і нажніцамі або з гафтачкай і кольцам. Нарэшце вычарпаная фантазія ўкладвала ўсіх спаць, але на другі ж дзень абавязкова прыгадвалася што-небудзь новае. Напрыклад, «курыца», калі ў рукавы старога футра або ватоўкі засоўвалі адну руку і нагу, а на спіне зашпільвалі. Такую «куру» ставілі «на ногі», і нічога не было больш смешнага за тое, як яна ступала і падала.

Увесну на асецы і ўлетку на сенакосе падлеткі абавязкова высякалі сабе хадулі, спачатку кароткія, потым даўжэйшыя і даўжэйшыя. Хадждэнне на хадулях па крапіве і па вадзе развівала сілу і вынослівасць*.

Вельмі смешна выглядала вясковая чахарда, зусім непадобная на гарадскую. Гульцы стыхійна збіраліся на вуліцы, знаходзіўся дабраахвотнік, які браў на сябе непрыемныя абавязкі. Ён сядаў на траву. Яму на галаву на яго ўласную шапку складвалі галаўныя ўборы ўсіх гульцоў.

Часам атрымлівалася даволі высока, трэба было сядзець не зварухнуўшыся, каб уся гэтая каланча не ўпала. Пасля самы здаровы, высокі гулец павінен быў разбегчыся і пераскочыць. Пры гэтым запаміналася колькасць кепак, якія зваліліся. Апошнім скакаў самы маленькі, але да гэтага моманту на галаве ўжо магло не застацца ніводнай камілаўкі... Тыя, хто правінаваціўся (збіў кепкі) станавіліся па чарзе на карачкі.

Дабрахота за рукі і за ногі бралі чацвёра хлопцаў. Разгайдаўшы, з усіх сіл шлёпалі яго задам у зад таго, хто стаяў на карачках. Рабілі столькі ўдараў, колькі было збіта галаўных убораў. Удары былі небалючыя і небяспечныя, але смеху было нямала. Пры ўдары той, хто стаяў на карачках, падаваўся далёка наперад. Самае смешнае было тады, калі ён, вярнуўшыся на ранейшае месца, азіраўся, жадаючы даведацца, што адбываецца ззаду. Перад ударам у яго змяняўся выраз твару...

Класічнай рускай летняй мужчынскай гульнёй была апетая А. С. Пушкіным гульня «ў бабкі». Яе любілі аднолькава дзеці, падлеткі і юнакі, а ў вольны час былі не супраць пагуляць і жанатыя. «Бабкі» — сустаўныя барановыя і цялячыя косткі, што засталіся пасля гатавання студню, называліся яшчэ казонкамі, кознямі. Іх збіралі, прадавалі і куплялі, яны ж перадаваліся як бы па спадчыне малодшым хлопчыкам.

Пушкінская «прыцэльная» костка — гэта не што іншае, як вялікі бычыны казонак. У ім прасвідроўвалі дзірку і залівалі свінцом. Пазней костку замянілі каменнай, а пасля і жалезнай пліткай, якая называлася бітай або біткай.

На кон ставілі па адной «бабцы», а калі гульцоў было няшмат, то і па пары. Існавала некалькі відаў гульні, але для ўсіх відаў было неабходна спалучэнне добрага вокамера, спрыту і вытрымкі. Біў першым той, хто далей за ўсіх кінуў бітку, і з таго месца, дзе яна ўпала. У адным з відаў гульні кон ставіўся, калі ўжыць вайсковую тэрміналогію, не ў шарэнгу па адным, а ў калону па два. Кон у шарэнгу ставілі то да сцяны, то на адкрытым месцы, у апошнім выпадку другая серыя ўдараў рабілася ўжо з другога
боку.

У трохкласных царкоўна-прыходскіх школах развучвалі верш:

На лужайке, близ дороги
Множество ребят,
Бабки, словно в поле войско,
Выстроились в ряд.
Эх, Павлуньке вечно счастье,
Снова первый он.
И какой богатый, длинный
Нынче, братцы, кон.

Працяг і аўтара вершаў Анфіса Іванаўна не запомніла. Дарослыя гульцы «ў бабкі» збіралі па святах вялікі натоўп заўзятараў — жанчын, сваякоў, гасцей... З гульнёй «у бабкі» магла пасупернічаць толькі адна гульня — «у рухі», або ў гарадкі. Гэта таксама вельмі прыгожая гульня, адзіная, якая захавалася да нашых дзён і ўзаконеная ў афіцыйным спісе сучасных спартыўных спаборніцтваў.

Гульні і народныя забавы цяжка вылучыць або адасобіць ў нешта асобнае, замкнёнае, хоць усё гэта і існавала аўтаномна, асобна і было выразна размежавана. У гэтым і ёсць галоўная парадаксальнасць народнай
эстэтыкі.

Што, напрыклад, такое вясковыя арэлі? Ці можна іх ахарактарызаваць, вызначыць галоўнае ў іх? Можна, вядома... але гэта апісанне будзе зноў жа пустым і нецікавым, калі чытач не ведае, што такое вясна, купальны тыдзень, што такое вясковае свята і г. д., і да т. п.

Дарэчы, арэлі — на Поўначы кругавыя і простыя (маятнікавыя) — былі з даўніх часоў шырока распаўсюджаныя. Гэта каля іх у святочнай мітусні, у вясёлай непамятлівасці некаторыя агульныя гульні непрыкметна напаўняліся зместам, станавіліся рытмічнымі, насычаліся мелодыямі і набывалі рысы карагоду.

Дзіця ўжо не дзіця, а падлетак, калі ён усё яшчэ гуляе, але гуляе ўжо ў карагодзе, сумесна з падлеткам іншага полу. Такая гульня ўжо не гульня, а нешта іншае.

Доўгае, вельмі доўгае расставанне з гульнёй у нармальнага чалавека... Толькі зламаны, закасцянелы, не ў час пастарэлы, злы чалавек або той, хто зусім страціў іскру Божую, губляе патрэбу ў гульні, жартах, у забавах.


Замова

Слова, якое «вастрэй за шыльнае джала, сякернае вастрыё», ад якога «з сяброўкамі не адседзецца, у лазні не адпарыцца», якое «кіслым не запіць, прэсным не захлябтаць», — такое слова сапраўды мела магутную сілу. Яно абараняла не ад аднаго толькі зубнога болю, але і «ад стралы лятучай, ад жалеза каванага і некаванага, і ад сіняга булату, і ад чырвонага і белага, і стралы калёнай, і ад чырвонай медзі, і ад дроту, і ад усякага звера і костак яго, і ад усякага дрэва, ад дрэваў рускіх і заморскіх, і ад усякай птушкі пёраў, у лесе і ў полі, і ад усякага руду** чалавечага, рускага і татарскага, і чараміскага, і літоўскага, і ўсіх бязбожных яленскіх родаў, і ворагаў, і супастатаў».

Многія заклінанні і замовы ў пазнейшыя часы сталі малітвамі, хрысціянская рэлігійная тэрміналогія суседнічае ў іх з паганскай. «Захавай, крыж Гасподні, і памілуй мяне, ахіні, абарані і маіх таварышаў запаветных, і ідзі, страла, цаўём у дрэва, а пер’ем у птушку, а птушка ў неба, а клей у рыбу, а рыба ў мора, а жалеза і свінец, кань у сваю маці зямлю ад мяне, раба Божага (імярэк), і ад маіх дарадных таварышаў думных і дружных. Амін, амін, амін».

Але «амінам ад д’ябла не пазбыцца», — кажа прыказка, і слова абараняла ўсё ж, напэўна, разам з іншай зброяй... Прамаўляючы замовы, чалавек умацоўваў веру ў поспех пачатай справы, будзіў у сабе духоўныя сілы, настройваўся на пэўны лад. Паляўнічая замова ад злога чалавека, запісаная М. А. Іваніцкім, абвяшчае: «Устану благаслаўляючыся, пайдуперахрысціўшыся з хаты ў дзверы, з дзвярэй у вароты, у чыстае поле, за яры цёмныя, у лясы дрымучыя, на ціхія балоты, на горы высокія, буду я ў лясах багата звера біць, вавёрку, куніцу, зайца, лісіцу, палевікоў і рабчыкаў, ваўкоў і мядзведзяў. На сініх морах, азёрах і рэках гусей, лебедзяў і шэрых качак. Хто злы чалавек на мяне займее злосць, таму б злому чалавеку з берага сіняга мора пясок вывозіць, ваду выпіць, у лесе лес пералічыць і сучча яловае і асінавае, ячменную мякіну ў вачах насіць, дрысвяны камень зубамі перагрызці. Як Божая ласка паўстае ў буры і падзеры, ломіць цёмныя лясы, сухія і сырыя карэнні, так бы і ў таго кепскага чалавека косці і суставы круціла. І як з Божай ласкі гром грыміць, страла лётае за д’яблам, хай бы такая ж страла пацэліла ў злога чалавека. Будзьце, мае словы, моцныя
і трапныя».

Існавала дастаткова замоў і заклінанняў ад пажару, ад немачы ў хатніх жывёл, нагаворных і адгаворных, пастухоўскіх, а таксама ад несправядлівых суддзяў і гарадскіх кручкатворцаў. Як бачым па паляўнічых і воінскіх заклінаннях, у старажытныя гады мужчыны карысталіся замовамі нароўні з жанчынамі, пазней замаўленне стала выключна жаночай прывілеяй.

Відаць, дзеянне замоў мела тую ж псіхалагічную аснову, што і цяперашні гіпноз, самаўнушэнне. Мноства бытавых паўсядзённых заклінанняў нараджалася непасрэдна перад тым ці іншым дзеяннем. Сядаючы, напрыклад, даіць карову, гаспадыня шаптала або казала напаўголасу, каб чула толькі карова: «Дакуль я, раба Божая Кацярына, даю цябе, Пяструха-матухна, ты стой стоячы, даі доячы, стой гарой высокай, цячы малако ракою глыбокай, стой не зварухніся, хвосцікам не махніся, з нагі на нагу не пера­ступай».


Загадка

Зімовымі вечарамі, на бяседах без танцаў, загадкі служылі добрай падмогай у гульнях і забавах. Падлеткі і дзеці забаўляліся гэтай справай у любы час, змушаючы да таго і дарослых, якія ведалі загадак больш. Прычым сэнс загадак быў хутчэй у самім загадванні, чым у адгадванні, адгадваць было неабавязкова. Загадваць загадку ўсім вядомую нецікава, а невядомую ці толькі што прыдуманую адгадваць вельмі цяжка. Таму той, хто загадваў, распаліўшы цікаўнасць да крайнасці, звычайна сам даваў адказ. І сапраўды паспрабуй адгадаць, хто з кім гаворыць у такой, напрыклад, загадцы: «Крыва ды хітра, куды пабегла? Стрыжана ды голена, табе справы ­няма».

Нават самы кемлівы не адразу ўявіць рэчку, якая бяжыць сярод сенажаці або зжатай нівы. На пытанне: «Што вышэй за лес, танчэй за волас?» — ужо лягчэй адказаць, паколькі гаворка зайшла аб прыродзе. Вецер з вадой неразлучныя нават у казках. Па асацыяцыі няцяжка здагадацца, «па якой дарозе паўгода ходзяць, паўгода ездзяць». Успомніўшы пра рэчку, абавязкова ўспомніш і палонку: «У круглым акенцы днём шкло разбіта, ноччу зноў цэлае». І калі пасля ўсяго гэтага спытаць: «А што ўверх коранем расце?» — магчыма, і знойдзецца такі дасціпны чалавек, які здагадаецца, што гэта лядзяш.

«А якую траву і сляпы ведае?» — спытае бабуля ўнука, загадзя ведаючы, што праз нейкі час пачуецца радасны крык: «Крапіву!» Загадка пра пеўня: «Двойчы нарадзіўся, ні разу не хрысціўся, а першы на свеце пеўчы», — магла прымусіць працаваць фантазію дарослага чалавека. Такая загадка, як: «Праз карову ды праз бярозу свіння лён валачэ», — магла нарадзіцца толькі ў прафесійным, у нашым выпадку шавецкім асяроддзі. Загадка: «Два браты адным паяском падпяразаны», — мае сэнс толькі на рускай Поўначы, дзе ў аснове загарадкі два слупы, пераплеценыя лазой. Некаторыя загадкі гучаць прыказкамі, і наадварот, многія прыказкі цалкам могуць быць выкарыстаны як загадкі.

Распаўсюджаны былі і двухсэнсоўныя загадкі, па гучанні ледзь не непрыстойныя. Непрыстойная форма ў такіх загадках як бы змякчалася маральна паўнавартасным сэнсам. Жартоўныя загадкі («Сядзіць котка на акенцы, і хвост як у кошкі, а не кошка») змяняліся адгадваннем цэлых шарад і задач з лічбаў:

«Ляцелі палевікі, і трэба ім сесці падзяўбці. Калі яны сядуць па два на дзве бярозы, адна бяроза застанецца, а калі па адным, то аднаму палевіку дзявацца няма куды. Колькі ляцела птушачак і колькі бяроз стаяла?» Героі і персанажы народных казак таксама нярэдка загадвалі адзін аднаму загадкі.




* «...Усе вясковыя гульні і забавы былі сапраўды самадзейнымі... У старой вёсцы ініцыятыва і арганізатары з’яўляліся ў самой вёсцы. У некаторых выпадках для забаў патрабавалася сабраць немалыя матэрыяльныя сродкі, прыкласці шмат працы як пры збудаванні арэляў. І ўсё гэта рабілася толькі на самадзейных пачатках. А збудаванні для дзіцячых забаў рабілі самі падлеткі. Напрыклад, лох (штучная снежная гара) заўсёды рабілі самі хлопцы. А праца была немалая, толькі снегу насыпалі дзясяткі кубаметраў ды вады вылівалі некалькі дзясяткаў вёдраў. Увесь інвентар для гульняў і забаў быў самаробным. Гумовыя мячы для лапты з’явіліся толькі ў 20-я гады, а да гэтага гулялі ў самаробныя. З ануч, а яшчэ лепш са скуры, вельмі ўмела сшываліся моцныя пругкія мячы». (З ліста чытача
А. М. Крэндзелева.)

** Незразумелае слова. Маецца на ўвазе ці то руда жалезная, ці то кроў.