Гусак з яблыкамі

— Мадэмуазель, вы пытаецеся з чаго ўсё гэта ў мяне пачалося? Ну добра, уключайце свой дыктафон. Вы не супраць, калі я запалю? Дык вось, уявіце сабе галоднае лета дзевяноста трэцяга года, а пасля і галодную восень. Кастрычнік. Сяло Лапатнікава ў бліжэйшым Падмаскоўі. У пакоі ля акна, расчыненага ў сад, сядзіць чалавек у акулярах і безуважліва паліць. Стол завалены кнігамі.

Гэта кандыдат філалагічных навук, выкладчык педінстытута. Ён працуе над цыклам лекцый па творчасці Івана Буніна. Настрой у яго кепскі. Замучыла безграшоўе. Сёлета ўпершыню за апошнія пятнаццаць гадоў ён не змог летам паехаць на поўдзень з сям’ёй ды вымушаны бавіць адпачынак на вёсцы ў цешчы. Цешча — добры чалавек і паважае занятак зяця, нягледзячы на тое, што ён не прыносіць ніякага прыбытку, і яна ціха важдаецца на гародзе.

Жонка ў горадзе на працы. Яна таксама ставіцца да прафесіі мужа з павагай, але яе цярпенне на мяжы. Філолаг ведае пра гэта. Ведае і пра тое, што ніякім курсам лекцый, нават самым выбітным, фінансавае становішча сям’і не паправіш. Ён паварочваецца да акна, каб стрэліць у яго недакуркам, і бачыць там між дрэвамі цешчынага суседа, здаровага, мардатага мужыка, вясёлага, як усе міліцыянеры на пенсіі, па мянушцы Гусак. «Пойдзем вып’ем», — паказвае жэстамі сусед. У інтэлігенцкай душы кандыдата навук змагаецца агіда да ўсякага роду «хаджэнняў у народ» з вострым жаданнем плюнуць на ўсё і напіцца. Урэшце ён выбіраецца ў акенца, далучаецца да вясёлага мянта, і яны ўсаджваюцца прама пад дрэвамі разам з кранаўшчыком Сцяпанычам, які таксама бавіць адпачынак у Лапатні­каве.

Уладкаваліся пад сліваю на ўчастку Гусака. Пасядзелі душэўна, мент аказаўся выдатным апавядальнікам з процьмай самых неверагодных гісторый у запасе. Сцяпаныч усё цокаў языком і прычытаў:

— Ну, за табой запісваць трэба!

Філолаг ківаў, згаджаючыся, што запісаць было б нядрэнна.

Пасля дзвюх бутэлек востра паўстала пытанне, што трэба б працягнуць. Кандыдат з жахам зразумеў, што патрапіў у пікантную сітуацыю. Надышла яго чарга частаваць, а ў кішэні ні капейкі. Пазычыць у цешчы? Лепш павесіцца. Бляднеючы, чырванеючы, ён пачаў мыкаць штосьці пра «наступны раз». Выратаваў кранаўшчык.

— Навошта чакаць? Зара яблычкаў прадамо — і працягнем.

Інтэлігент прыйшоў у захапленне ад гэтай ідэі. Увесь цешчын участак проста ўсыпаны ападкамі антонаўкі.

— Вядома, прадамо, — заявіў кандыдат. Сцяпаныч збегаў да сябе за мяшкамі і адмысловым вядром, дно якога зроблена з металічнай сеткі. Гэта для таго, каб зручна было прамываць пад калонкай выпэцканыя зямлёю плады. Праз паўгадзіны запарожац Сцяпаныча павёз у Маскву трох вясёлых гандляроў і чатыры мяшкі антонаўкі. Да горада ўсяго паўтара кіламетры. Ля будынка былога вытворчага камбіната размясціўся імправізаваны кірмаш — перавернутыя дагары скрыні, зеляніна, радыска, яблыкі, ягады, слівы, у залежнасці ад сезона. Гандлююць дзясяткі тры бабулек. Запарожац з двума цэнтнерамі антонаўкі ўварваўся туды як карпарацыя «Боінг» на злёт авіямадэлістаў.

Гусак са Сцяпанычам імгненна паламалі не толькі стыль тутэйшага гандлю, але і коштавую палітыку. Калі бабкі прасілі за кіло яблычкаў дзвесце пяцьдзясят рублёў (1993 год), кранаўшчык з мянтом аддавалі па сто дваццаць, а то і па сто. Непрыемна працверазіўшыся, філолаг ціснуўся ля адкрытага багажніка — пачуваўся тут ніякавата. Яму і ў якасці пакупніка на базары было няўтульна, а тут... Але не ўцячэш.

Зусім ужо няўтульна стала яму, калі пачалі наракаць бабулькі-канкурэнткі. Больш за ўсё ад іх дастаецца кранаўшчыку, але кандыдат прымаў некаторыя заўвагі і на свой рахунак. Сцяпаныч з Гусаком толькі пасмейваліся, адпраўляючы чарговага пакупніка з велізарным паходам. Мяшкі імкліва пусцелі. Час вызвалення набліжаўся.

Калі засталося прадаць якіх кілаграмаў дваццаць, з-за будынка з’явіліся два аднолькава апранутыя і падстрыжаныя хлопцы з гузаватымі галовамі і панурымі фізіяноміямі. Сэрца кандыдата зрабілася як кавалак лёду. Ён з велізарнымі высілкамі пераадолеў жаданне ўцячы і тут жа пашкадаваў, што пераадолеў. Хлопцы беспамылкова падышлі да запарожца. Спыніліся, моўчкі жуючы вужлакамі, гледзячы ва ўпор на Гусака і Сцяпаныча. Былы мент стаяў спакойна, трымаючы дзвюма рукамі вядро з сеткаватым дном, кранаўшчык жа відавочна занерваваўся.

— Па штуцы з кожнага, — сказаў адзін хлопец.

— За што гэта? — бестурботна спытаў Гусак.

Аказалася, хлопцы патрабавалі аплаты «за месца». Мент катэгарычна і нават задзірліва не разумеў, чаму ён павінен плаціць. «Яблыкі мае, а месца агульнае». Старыя з цікавасцю назіралі за драматычнай сцэнай. Другі хлопец дастаў з кішэні курткі руку, сціснутую ў кулак. Штосьці ў кулаку гэтым пстрыкнула, і на святло вылецела бліскучае лязо. Яно было накіравана ў жывот Сцяпаныча. Той, мармычучы «зара, зара», пачаў адыходзіць задам, наступіў на край паўпарожняга мяшка, зваліўся на спіну і рэзка выехаў нагамі наперад. Абцасам свайго цяжэннага чаравіка ён патрапіў дакладна «ў костку» хлопцу з нажом, і той, сіпла лаючыся, асеў, горача пры гэтым абдымаючы правую галёнку.

Былы міліцыянер, успрыняўшы ўсё гэта за пачатак ваенных дзеянняў супраць рабаўнікоў, зрабіў свой ход. Нанёс першаму хлопцу страшны ўдар вядром па галаве. Дакладней дном вядра. Дрот лопнуў, вядро надзелася на галаву бандыта, абдзіраючы скуру на яго твары. Бандыт моцна загарлапаніў і кінуўся наўцёкі, але яму нічога не было відаць, ён стукнуўся галавой аб ліхтарны слуп, упаў, ускочыў, ізноў стукнуўся. Эпізод выйшаў цалкам галівудскі, нават паранены ў нагу нягоднік забыўся на свой боль, назіраючы за няшчасным напарнікам. Гусак жа ні на што не забыўся. Ён зрабіў хуткі крок у бок хлопца, які ўсё яшчэ сядзеў на кукішках, і з усяго размаху наступіў яму на руку, якая сціскала ножык. Там штосьці хруснула. Рэкеціры, скуголячы на ўсе лады, разбягаліся хто куды.

Увечары таго ж дня кандыдат, пакідаўшы свае кніжкі ў торбу, ціха ўцёк ад магчымых непрыемнасцей у горад. Неўзабаве захварэла дарагая цешча, і яе давялося на некалькі месяцаў пакласці ў лякарню. Усякая сувязь з Лапатнікавам была страчана. Тым часам матэрыяльнае становішча сямейства філолага станавілася ўсё цяжэйшым. Два мяшкі вясковай бульбачкі былі да снежня з’едзены, надышоў дзень, калі філолагу зноў прыйшлося адпраўляцца ў лапатнікаўскія засекі.

Гэтым днём ён збіраўся скончыць водгук на адну выкручастую дысертацыю, але жонка і слухаць не хацела, яна ўпершыню закаціла яму сапраўдную сцэну з нагоды адсутнасці грошай. Навукоўца трэсла ад крыўды і злосці, і ў метро, і ў аўтобусе. Ён выскачыў на канцавым прыпынку і, плаваючы падэшвамі ў шэрым дарожным снезе, мінуў аўтобусную карму, выскачыў на праезную частку і тут жа быў збіты мэрсэдэсам — той з’явіўся немаведама адкуль! Што гэта менавіта мэрсэдэс, філолаг зразумеў, яшчэ лежачы на спіне і зірнуўшы на радыятар. Пачуўшы, як шчоўкнулі дзверы машыны, мужчына стаў адпаўзаць убок, молячыся, каб на паліроўцы іншамаркі не засталося ніякіх слядоў.

— Вой! Навука! — пачуў ён над сабою вясёлы і, галоўнае, знаёмы голас. Уладальніка гэтага голасу ён пазнаў не адразу. Нават пасля таго як яго паднялі і пачалі атрасаць, ён ніяк не мог сцяміць, што гэта за чалавек у доўгім чорным паліто, з белым шалікам на шыі.

— Не пазнаеш?

І тут кандыдат яго пазнаў. Гэта быў былы мент па мянушцы Гусак.

— Што гэта з табой? — спытаў філолаг, маючы на ўвазе паліто, шалік і мэрсэдэс.

— Цэлы? Паехалі распавяду, — Гусак павярнуўся да гарылападобнага шафёра і закамандаваў: — У «Аўрору».

— Што за «Аўрора»?

— Гэта мой начны клуб. Больш пытанняў пакуль не задавай, пра ўсё даведаешся вельмі хутка.

Мэрсэдэс давёз імгненна.

— Распранайся, цяпер тут пуста. Раніца.

Паслужлівы гардэробшчык, пазяхаючы, прыняў драпавую дзяружку філолага з паўпаклонам.

— Вунь там у мяне два добрых стала, — Гусак паказаў налева ад гардэроба, — більярдных, але на іх звычайна спяць пад раніцу. Вось там — «аднарукія бандыты». У карты гуляюць у наступнай зале.

— А рулетка ёсць? — спытаў чамусьці госць.

— Вядома. Толькі, каб крутануць, давядзецца затрымацца да вечара. Уся абслуга дрыхне. Мы пойдзем сюды. Там у мяне тыпу бара.

Цішыня, ліловыя парцьеры на вокнах, падсвечнікі. Гусак гаспадарскай хадой прайшоўся да самага дальняга століка, на хаду тлумачачы афіцыянту, які раптам нібы згусціўся з паветра, чым ён збіраецца пачаставаць «старога сябра».

— Садзіся, навука.

Аднекуль прыляцела страва з закускамі, не столькі апетытнымі, колькі дарагімі на выгляд. Куфель госця сам сабой напоўніўся чымсьці цудоўна духмяным.

— «Курвуазье», каньяк, давай чокнемся.

— Ну, давай... гэта, распавядай.

— Ага-ага. Усё, валі адсюль. — Апошнія словы былі адрасаваныя афіцыянту, які віўся вакол стала.

Філолаг асушыў залпам свой куфель, каб збіць збянтэжанасць пачуццяў. Кінуў у рот кавалак белай рыбы і стаў слухаць.

— Ну, ты памятаеш, як мы тады пагандлявалі. Гулялі два дні, грошы, нарэшце, скончыліся, і я вырашыў паўтарыць досвед. Сцяпаныч спачатку ўпіраўся, аказалася, ён да гэтага выпадку і сам плаціў тым шчанюкам з ножыкам, а цяпер баіцца. Добра, кажу яму, гэтым разам біцца не будзем, заплацім. Загрузілі мы яшчэ тры мяшкі, прыязджаем. Пачынаем гандляваць, а тут раз, падыходзіць да нас адна старая і суне мне пачак. Банкноты. Што гэта, пытаю. Аказваецца, пасля нашага шухеру рэкеціры гэтыя дохлыя больш на базарчыку не з’яўляліся. Бабулькі ў знак падзякі, а больш у знак прызнання нашага аўтарытэту, вырашылі адшпільваць нам. Наш чалавек так прывучаны, што каму-небудзь усё адно трэба адшпільваць. Ну, я хоць і мент, але не зусім жа пахабны чалавек. Турнуў я бабак з іх пачкам. Прадалі мы свае мяшкі, потым яшчэ разы тры прыязджалі. Бабкі больш да мяне не хадзілі. Высветлілася пасля, што даніну з іх Сцяпаныч употай ад мяне збіраў. Гніда! Не сябрую з такімі сябрамі. А бабкі па ўсім раёне раззванілі, што я ўсё тут у кулаку трымаю.

Ізноў падляцеў афіцыянт і проста завіс над сталом, змяніў попельніцу, схапіў бутэльку, каб падаглядаць за гаспадаром і госцем. Гусак сказаў яму з лютасцю:

— Сыдзі, я сам.

Наліў адразу грамаў па сто пяцьдзясят. Выпілі.

— Яблычкі ўжо канчаліся. Я расслабіўся, а дарма. Бачу, аднойчы спыняецца каля нашага базарчыка чорная дарагая машына. Выходзяць з яе трое. Ну, думаю, тут вядзерцам не адаб’ешся. Прыгатаваўся да горшага. Было відаць, што прыехаў важны дзядзя. З двума бычарамі. Сказаў мне: «Адыдзем», — і я адышоў, як бы не ў апошні шлях, думаю. Дзядзя гэты невысокі такі, мяшкі пад вачамі, гаворка сур’ёзная. Прайшліся мы з ім два разы па тратуары, і ён мне растлумачыў, што я паводжу сябе няправільна. На базарчык гэты, маўляў, яму пляваць, але тут справа прынцыпу, і нават як курам у гэтым раёне вуліцу пераходзіць, рашаць будзе ён, а не нейкі Гусак з яблыкамі.

— А ты?

— А што я, маўчаў. Язык да нёба прысох ад страху. Я адразу адчуў, што з гэтым дзядзям жартаваць не трэба. Міргне — і няма мянта, тым больш былога. Напрыканцы ён у мяне пытае, ці зразумеў я яго, а ў мяне ад нервовасці ўсмешачка дурная на фізіяномію выпаўзла. Дурная і, думаю, нахабная. Гэта я па яго твары ўбачыў, таму што твар у яго стаў белы і страшны. Ну добра, кажа, і пальцам так на нос мой паказвае, ты сам гэтага захацеў.

— Гэта значыць пагражае?

— Дзіва што! І галоўнае — усім гэта відаць і чуваць: і бабкам, і быкам яго. Сцэна была прыгожая, ён падрабязна распавядае, як з маёй скуры будзе абажур рабіць, а я стаю і нахабна шчэруся.

— А далей, далей што?

— Дахаты я вярнуўся ні жывы ні мёртвы, а сёння якраз дзень майго нараджэння. Абодва мае браты прывалілі. Віталік — мяснік на Палашоўскім базары, а Барыс на мытні працуе. Яму нават пісталет паложаны. Але гэта так... Мы выпілі, моцна выпілі, грошы ж былі. Я расхрабрыўся, выцягнуў сваю бярдану і павёў братоў у яр страляць па бутэльках. Усё страх пераадольваў. Ну, думаю, лёгка я вам не дамся! Прыязджайце, паглядзім, хто каго! Раніцай прыехалі.

— Гэтыя быкі і бычары?

— Не, з райаддзела. Скруцілі ўсіх нас траіх — і ў горад, у камеру. Ды ў чым справа, думаю! Паляўнічы білет у мяне ёсць, за парушэнне грамадскага так не хапаюць. Двое сутак нас трымалі, потым у ахову сяржант заступіў, служылі разам, ён мне і растлумачыў, што ў дзень майго нараджэння падарвалі прама ў машыне майго страшнага бандыта разам з целаахоўнікамі. Якраз у той момант, калі мы з братамі балявалі ў яры. Двое памерлі на месцы, а адзін целаахоўнік паспеў перад смерцю сказаць, што пахан яго напярэдадні са мной, Гусаком, палаяўся дужа на базары.

— Але ж гэта супадзенне!

— Але ніхто ў гэта не верыць! — страшным шэптам сказаў Гусак. — Карацей, мяне адпусцілі, і нават з павагай. Стаўленне людзей да мяне змянілася. Са мной пачалі вітацца тыя, хто раней не заўважаў. Карацей, як я зразумеў, усе цвёрда вырашылі, што бандыта гэтага падарваў я.

— А ты не спрабаваў растлумачыць...

— Каму?! І як?! Спрабаваў з братамі пагаварыць — смяюцца. Недаверлівы, маўляў. Я вырашыў лепш на час з’ехаць. Да цёткі ў Цвер. Сабраўся. І тут да мяне заяўляецца адзін малады чалавек і кажа, што ёсць людзі, якія хацелі б са мною перакінуцца парай слоў. Ну, думаю...

Саня памасіраваў лоб, запаліў, азірнуўся, ці няма паблізу афіцыянта.

— Пайшоў я на гутарку. Адбылася яна за вось гэтым самым столікам, што мы сядзім. Сустрэлі мяне тры чалавекі, ты іх не ведаеш, і не даведаешся. Доўга гаварылі, але нічога канкрэтнага, як я зразумеў, да мяне прыглядаліся. Я больш маўчаў ды аднекваўся. Ні на што, маўляў, не прэтэндую, нічога мне не трэба ў іх свеце крыміналу, жыву сабе ціха, па-сямейнаму. І думаў, што растлумачыў ім усё як след, што ціха вярнуся дахаты, пенсіянерыць, а яны вырашылі, што я намякаю, быццам у мяне банда з братамі. Кажуць, не трэба нам пагражаць. А я ў ножкі гатовы кінуцца, не пагражаю, наадварот, сам баюся, толькі адпусціце! Яны адышлі, параіліся, кажуць: добра, калі не будзеш лезці ў нашы справы, аддамо табе гэты клуб, ты яго ўсё адно тыпу адваяваў. І з таго часу...

Ізноў з’явіўся афіцыянт з важным пытаннем: што падаваць на гарачае. Відаць было, што Гусак насілу стрымлівае лютасць:

— На гарачае нам белую гарачку. Ідзі прэч.

— Чаго ты так не любіш афіцыянтаў?

— Не толькі іх, яшчэ шафёраў, лазеннікаў, прастытутак, маркёраў. Усіх, хто можа падслухаць. Уяўляеш, калі яны здагадаюцца, хто я насамрэч!

— Ага-а.

— Вось табе і ага-а. Я чаму табе так узрадаваўся — хоць пагаварыць можна. Жонка мяне застукала з нейкай дзеўкай — развод! Купіў ёй і дачцэ па кватэры-машыне, цяпер адзін. Сцяпаныч мяне — як не дзіка — напраўду лічыць тыпу аўтарытэтам.

— Ага-а, — ізноў працягнуў філолаг, жуючы кавалачак авакада.

— Ты да мяне прыязджай часам, можа, калі замуцім тут па-мужчынску. Не бойся, грошай я табе сунуць не буду, я ж разумею, ты чалавек не такі, але пачаставаць магу. Пагаворым за жыццё.

Дахаты кандыдат вярнуўся п’яны, без бульбачкі, але з кветкамі, дзякуючы якім пазбег сур’ёзнага скандалу. Распавёў пра сваю сустрэчу з яблычным мафіёзі ды заваліўся спаць. Прачнуўшыся ўначы, жонка філолага раптам выявіла, што мужа няма ў пасцелі, выскачыла на кухню і ўбачыла, што ён сядзіць за сталом і есць прама са слоіка марынаваныя памідоры. Твар у яго быў задуменны.

— Што з табой? — спалохалася жонка буніназнаўцы.

— Я вырашыў сёе-тое памяняць у сваім жыцці, — адказаў муж.

Жонка ў слёзы: не ідзі, родненькі, у бандыты, не трэба, бог з імі, з грашыма, пераб’ёмся як-небудзь.

— Зразумела, — сказала карэспандэнтка, выключаючы дыктафон, — кандыдат кінуў Буніна і пачаў пісаць дэтэктывы, каб забяспечыць сям’ю.

Гаспадар кабінета дастаў трубку з рота і акуратна выбіў яе.

— Сапраўды, прыкладна праз паўгода пасля апісаных мною падзей у адным камерцыйным выдавецтве пабачыў свет крымінальны раман пад назвай «Гусак з яблыкамі». Але яго аўтарам быў не кандыдат, а... былы мент.

— Праўда? Вось яно як! Вы так распавядалі, што я падумала, нібы галоўным героем з’яўляецца філолаг.

— Ведаеце, я напісаў паўтара дзясятка дэтэктываў, і цяпер нечаканыя канцоўкі ў мяне атрымліваюцца самі сабой. А спецыяліст па Буніну сапраўды сёе-тое памяняў у сваім жыцці. Стаў крытыкам. Зараз піша артыкульчыкі пра мае кнігі. Я добра іх аплочваю.

Карэспандэнтка хмыкнула, хаваючы дыктафон у торбу.

— Зразумела. Незразумела адно: навошта вы заняліся літаратурай, калі ў вас было казіно? Ніякімі раманамі гэтулькі не заробіш.

— Правільна. Але справа ў тым, што казіно ў мяне вельмі хутка забралі. Відаць, нехта ўсё ж падслухаў маю балбатню. Добра, што не забілі. Выпадак падняў мяне з бруду на вяршыню, а потым ізноў — пысай у бруд. Як пасля гэтага было не стаць пісьменнікам?

Карэспандэнтка ўзнялася.

— Вельмі пацешная гісторыя. Адзінае, што мне не падабаецца ў ёй, гэта назва вашага рамана. Нашмат танчэй было б — «Антонаўскія яблыкі».

— Цалкам з вамі згодны, бо так і задумваў. Але кандыдат стаў грудзьмі, сказаў, што заб’е мяне, калі я гэта зраблю. І, ведаеце, я паверыў яму. Так і жыву: з аднаго боку бандыты, з іншага — Бунін.