Географ глобус прапіў
(фрагмент рамана)
Поныш, які летам быў шырынёю крокаў з дваццаць, зараз разліўся так, што затапіў ельнік на супрацьлеглым беразе, наколькі хапае вока. Вясна выдалася позняя і дружная. Талыя воды са схілаў гор, з урочышчаў абрынуліся суцэльным патокам. Гэты паток імкліва нёс сарваныя галінкі, сточаныя крыгі, кавалкі моху і дзёрну, недагнілую лістоту, абломкі кары, чорную траву. На ствалы дрэў накруціла спадніцы з бурага мачала. Брудная пена цягнулася па хуткай плыні, збівалася ў камякі над вірамі. Поныш быў каламутным, як самагонка.
Нашы заплечнікі растрыбушаныя, а рэчы параскіданыя сярод чэзлых бярозак. Я вучу мужыкоў правільнаму складванню. Нацягнуўшы чырвоныя ратавальныя камізэлькі, мужыкі, лаючыся, маркотна блукаюць па беразе, валочачы свае шмоткі то ў адну кучу, то ў іншую.
Адолелі ледзь-ледзь за паўтары гадзіны.
— А цяпер трэба жэрдкі для каркаса высечы, — кажу я.
Мужыкі насуплена сядзяць агульнай кучай і злосна пыхкаюць цыгарэтамі. Я фальшыва насвістваю, гуляючы сякерай. Нарэшце ў насупленай кучы нараджаецца панурае бурчанне, якое паступова перарастае ў лютую лаянку. Мужыкі вырашаюць, каму ісці па жэрдкі. Нарэшце з кучы задам наперад на карачках вылятае Цюцін, устае, забірае ў мяне сякеру і, хныкаючы, згорбіўшыся, валачэцца ў бярозкі. Усе сядзяць, чакаюць, маўчаць, паляць. Я таксама. Цюцін вяртаецца з бярэмям тоненькіх хваінак.
— Гэтыя занадта кволыя, — кажу я. — Патрэбны трывалейшыя.
— Ты, блін, Ахвяра, клэпай зноў за дубінамі! — гарлапаніць Градусаў.
Дзяўчынкі сыходзяць у бок і, адвярнуўшыся, сядаюць на бераг. Мужыкі ляжаць. Я моўчкі палю. Цюцін наводдаль стаіць у кустах, як алень.
— Добра, — кажу я. — Няхай каркас будзе з тонкіх жэрдак. Але майце на ўвазе: я папярэджваў, што яны могуць зламацца.
Я тлумачу, як будуецца катамаран. Паказваю, як напампоўваць гандолы. Усім адразу здаецца, што гэта самае простае. Градусаў, Дэман і Авечкін накіроўваюцца да мяне. У звалцы Градусаў завалодвае помпай і б’е ёю ўсіх па галаве. Што ж, няхай пампуе Градусаў.
Я вучу вязаць раму. Усе са змрочным прадчуваннем глядзяць на мяне, абступіўшы паўкругам і засунуўшы рукі ў кішэні. Маўчаць. Я вяжу. Усе глядзяць. Я вяжу. Усе глядзяць. Я кажу:
— Чалавек можа глядзець бясконца на тры рэчы ў свеце: як палае агонь, як падае плявок і як працуюць іншыя.
Борман, цяжка крэкчучы, сядае на кукішкі і таксама бярэцца за вяроўкі. Уздыхаючы да яго неахвотна далучаецца Чабыкін. Потым пануры Авечкін. Дэман і Цюцін па-ранейшаму ляжаць у бярозках.
Катамаран няхай і павольна, але будуецца. Да хісткай рамы з тонкіх жэрдак мы прымотваем чатыры гандолы — па дзве ў рад. Потым нацягваем сетку, прыкручваем чалу і ўжо дружна спускаем сваё судна на ваду. Усе задуменна разглядаюць яго.
— Эратычна атрымалася, — кажа Чабыкін.
— У нас у вёсцы таксама адзін хлопчык плаваў-плаваў на надзіманай лодцы і патануў, — ціха кажа Цюцін.
Усе надоўга змаўкаюць.
— Бівень, — нарэшце кажа Градусаў.
— Ну, дзяліце месцы, — прапаную я. — Маё — справа на карме.
Справа на карме — гэта месца камандзіра. Мужыкам жа чамусьці здаецца, што месцы на карме — чуханскія, а вось панскія месцы толькі на носе. Градусаў падае ніцма на перадок правай гандолы, абхоплівае яго рукамі і гарлае, што ўсім панішчыць пілараму. Чабыкін і Авечкін аддзіраюць яго. Цюцін скача вакол, пакуль градусаўскі бот выпадкова не заязджае яму пад дых. Цюцін укладваецца на зямлю тварам уніз і маўчыць. Пакуль Чабыкін і Авечкін тузаюць за ногі ў розныя бакі Градусава, Борман хутка і дзелавіта прышнуроўваецца на перадок левай гандолы. Пранырлівы Дэман прыбудоўвае свае транты за спінай Бормана. Потым учатырох яны ўсё ж адрываюць Градусава — той б’ецца. Чабыкін спрытна займае правае насавое месца, а Авечкін — месца за спінай Чабыкіна. Градусаў вырываецца з рук Бормана і Дэмана і пачынае аддзіраць ад катамарана моцна прышнураваны да каркаса заплечнік Чабыкіна. Усе зноў адцягваюць Градусава і крычаць яму, што алкашы сядзяць на карме і не рыпаюцца, напрыклад, Географ. Градусаў шалёна плюе на заплечнік Чабыкіна і ідзе на карму.
Я дапамагаю ўладкавацца дзяўчатам — Люсьцы перад Градусавым, а Машы перад сабою. Цюцін, які нарэшце ачухаўся, паднімаецца і бачыць, што яму засталося месца толькі пасярэдзіне катамарана. Трэба толькі абраць, дзе сесці — справа ці злева.
Цюцін бярэ вясло, чамусьці ўзлазіць на груд і доўга, удумліва махае там вяслом, прымерваючыся, з якой рукі яму будзе зручна заграбаць. Высвятляецца, што ямчэй з левай. Ён укладвае свой заплечнік на левую гандолу. Градусаў пагражае, што калі ўбачыць перад сабой чарапок Ахвяры, то адразу раскроіць яго. Цюцін, уздыхаючы, пакорліва перапаўзае на правую гандолу. Бітва сціхае.
— А цяпер, — кажу я, — трэба ісці па дровы на абед.
Мужыкі нерухома сядзяць у бярозках — злыя і маўклівыя. Паляць.
— Хлопцы ... — жаласна просіць Люська. — Чаго вы як гэтыя... Борман...
— А што я?! — агрызаецца Бармін. — Заўсёды: Борман! Борман!.. Самы рэзкі, ці што? Вунь Дэман няхай ідзе!
— Я не магу. Я руку парэзаў. Вось, глядзіце.
— Ты чаго граблі свае сунеш мне ў мысу?! — гарлае Градусаў. — Адціскайся! Я таксама нагу сцёр! Што з таго?
— Нага — не рука, ёю дровы не сячы.
Сварка разгараецца з новым запалам. Неўзабаве ўжо ўсе крычаць, б’юць сябе ў грудзі, шпурляюць адзін аднаму сякеру і размахваюць калецтвамі. Цюцін паступова перабіраецца да кустоў.
— Віктар Сяргеевіч, — стомлена кажа Маша. — Вы ж бачыце — ніякага вогнішча яны не зробяць... Можа, зладзім проста перакус?
— Па-першае, — адказваю я, — яны ўжо ўсё зжэрлі, што ўзялі з дому...
— Я не зжэрла, — хутка ўстаўляе Люська.
— Па-другое, — працягваю я, — пацярпіце, дзяўчынкі. Так трэба. А па-трэцяе, пойдзем у лес і з’ядзім Люсьчыны пірагі ўтраіх.
— Нядобра ўтраіх, — цвёрда кажа Маша. — Дзяліць — дык на ўсіх.
— Маша, — кажу я. — Не імкніся зразумець мяне, а проста павер. Потым сама ўбачыш, што я маю рацыю.
Маша разгублена маўчыць.
— Ды верыць яна вам, толькі вырабляецца, — кажа Люська.
— Дурніца, — чырванеючы, адказвае Маша.
Мы ўтраіх сыходзім у лес і тамака з’ядаем Люсьчыны бутэрброды, вафлі і чыпсы. Калі праз паўгадзіны мы вяртаемся, мужыкі ў маляўнічых позах панура ляжаць на беразе.
— Вунь дровы... — цэдзіць мне Градусаў і наском бота падчэплівае невялікую кучку ссечаных бярозак.
Я падымаю адну бярозку і згінаю яе падковай.
— Гэта не дровы, гэта вяроўкі сырыя, — кажу я. — Да таго ж іх мала. І дзе рагаціны для вогнішча? Дзе перакладзіна? Дзе катлы з вадой? Дзе агонь?
Мужыкі не адказваюць.
— І ўвогуле, — раблю выснову я. — Каб знайсці месца для начлегу, мы выплываем прама цяпер. Паснедаем і паабедаем на вячэру.
І вось мы плывём. Я так доўга чакаў, калі ж змагу ўкласці рэальны змест у гэтыя простыя словы: мы плывём. Запясцямі, скронямі, кончыкамі вушэй я адчуваю вільготную свежасць паветра. Ад кожнага грабка на жоўтай вадзе закручваюцца дзве варонкі, і ўзор іх нагадвае рэльеф іанічнай капітэлі. Кіпцюры тугі, што цэлы год іржавелі ў маёй душы, паціху расціскаюцца. Мне здаецца, што ўпершыню за доўгі час я рухаюся па дарозе, якая прывядзе мяне да радасці.
Мужыкі раптам забыліся, што яны галодныя і стомленыя. Яны ашалелі ад таго, што па-сапраўднаму плывуць па сапраўднай рэчцы ў сапраўднай тайзе. Яны бязглузда вяслуюць у розныя бакі і гагочуць.
— Эратычна!.. — задаволена мармыча Чабыкін.
Поныш імкліва коціцца сярод ельнікаў — бліскучая, бурштынавая ад захаду сонца дарога паміж двума чорнымі, высокімі агароджамі. Над ракой стаіць шум — цурчаць кусты, гулам адклікаецца прастора. Побач з намі — хоць вяслом дацягніся — мільгаюць яловыя лапы. Вечар згусціў усе фарбы, у колеры трапічных рыб распісаў хвасты і плаўнікі аблокаў. Дзікі, агністы край неба дымна і слепа глядзіць на нас бяздонным вірам сонца. Надзіманая пасудзіна і жменя чалавечкаў на ёй — пасярод грознага акіяна тайгі. Гэта як нож ля горла, як першае каханне, як апошнія вершы.
— Географ, а што гэта там наперадзе? — пытаецца Борман. — Дом?
— Можа, Перм? — з надзеяй мяркуе Цюцін.
— Даплывём — убачым, — кажу я.
— Блін, гэта ж скалы!.. — крычыць Чабыкін.
Па доўгай дузе мы нясёмся наперад. І вось з-за павароту насустрач нам і ўверх лезуць каменныя сцены. Ельнік адцягваецца ў бок, як заслона. Не проста вялізная, а жахліва вялізная скала, як грабеньчаты дыназаўр у траве, ляжыць на левым беразе ў яловых нетрах. Чабыкін доўга свішча ад жаху ці ад захаплення. З такім свістам падае бомба. Мужыкі перасталі веславаць, утаропіўшыся на каменныя стромы.
На агульным скальным падмурку, уздоўж якога ляціць Поныш, грувасцяцца дзве крывыя скалы. Левая зверху расколатая на тры зубцы, а правая расшчэпленая на чатыры. І паміж скаламі фантастычным свердлам ушрубоўваецца ўверх, набракаючы на канцы, вузкая шчарбатая вежа — Чортаў Палец. Сем пікаў — сем Братоў, скала Сямічалавечая. Яловыя дзіды ўтыкаюцца Братам пад рэбры.
Поныш зацягвае нас пад скалу. Мы дружна задзіраем галовы. Грубы мур. Старыя сколы. Дугі пластоў нібы патрэскваюць пад ціскам неймавернага цяжару. Цясніны і рубцы, пакрытыя размывамі вясновых вадасцёкаў і бурым лішайнікам. З расколін, як гарматныя ствалы з амбразур, тырчаць абламаныя ствалы паваленых зверху дрэў. І яшчэ языкі каменных асыпкаў, і груды ламачча ў цяснінах, і мёртвая зямля маналіта за галінамі засохлых елак. А па грэбені на страшнай вышынi — аблямоўка хваёвых крон, пунсовых ад захаду.
І раптам Борман пачынае крычаць, сутаргава тузаючы вяслом. Я кідаю позірк з вяршыняў на раку. Валасы ходырам пракочваюцца па маёй галаве. Поныш пад скалой нібы спатыкаецца аб доўгую пліту ўпоперак рэчышча і ляціць потырч.
Бліскучы сток скочваецца па пляскатасці пліты і, як нож, утыкаецца ў бурлівую пенную кашу, з якой вылятаюць фантаны пырскаў. Наш катамаран бокам заходзіць у струмень. Праз імгненне нас пераверне.
— Левы борт, вяслуй! — крычу я.
— Табань! — гарлапаніць Борман.
— Чэба, разява, заб’ю! — раве Градусаў.
— Назад! — тонка лямантуе Чабыкін.
— Паварочвай! — верашчыць Авечкін.
— А-ы-ы!.. — вые Цюцін.
Я табаню, усім корпусам адкінуўшыся назад і наскамі ботаў падчапіўшы перакладзіну каркаса. Цаўё вясла храбусціць ад напружання, а з-пад лопасці паўзе пена. Катамаран уздрыгвае, паварочваючы бегемотава рыла насустрач перашкодзе. Мне здаецца, што ў спіне ў мяне ад натугі рвуцца вяроўкі. Мы ўплаўляемся ў зыркае на захадзе люстэрка патоку і ва ўпор шухаем уніз па стоку.
Белае клекатанне праглынае Бормана і Чабыкіна, потым Дэмана і Авечкіна. Катамаран прагінаецца пасярэдзіне, і нават скрозь абвальны грукат вады я чую трэск ад лопання каркаса. Мужыкі вынырваюць, а пенны язык коціцца праз Цюціна і разбіваецца аб каленкі Машы і Люські. Нібы атрымаўшы выспятак, мокры катамаран вылятае з парога, толькі крыху чыркнуўшы нас з Градусавым па ботах.
І тут я бачу, як Цюцін раптам пачынае павольна апускацца ў каркас. Цюцін маўчыць. На твары ў яго застаюцца толькі страшнай велічыні вочы і маленькі, шчыльна сціснуты рот. Каркас разламаўся акурат пасярэдзіне, дзе стыкуюцца дзве пары гандол — гэта значыць пад Цюціным. І зараз катамаран павольна падзяляецца на дзве палавіны.
— Трымай Ахвяру!.. — першым крычыць Градусаў.
Маша, Люська і Авечкін дружна ўчэпліваюцца ў Цюціна, які тырчыць з каркаса ўжо па пояс, як Іван Каровін Сын з сырой зямлі. Зараз Цюцін — адзінае злучальнае звяно паміж дзвюма паловамі нашага катамарана. Ён вісіць паміж імі па грудзі ў вадзе, як свірнавы замок паміж створкамі варот.
— Да берага! — камандую я.
<...>
Вяршыня Сямічалавечай — гэта плато, парослае хвоямі. Яно спадзіста скочваецца да зубцоў Братоў, якія тырчаць над абрывам. Паміж зубцамі — ступеньчаты лабірынт крывых імшыстых расколін, загрувашчаных ламаччам.
Мы выходзім да краю абрыву. Унізе — жудасная пустэча. Наперадзе, да гарызонту, разліваецца далеч тайгі. Тайга туманна-блакітная, яна паднімаецца да далягляду спадзістымі, павольнымі хвалямі. І няма ні скал, ні рэк, ні прасек, ні паселішчаў — суцэльная дымчатая шкура.
— Эратычна!.. — мармыча Чабыкін, у захапленні азіраючыся.
Прама перад намі бязгучна паднімаецца жудасны ідал Чортавага Пальца. Здаецца, ён вырастае прама з нетраў выкапнёвай пермі, ад пахаваных у тоўшчы касцей звераяшчараў. Ён гіпнатызуе, як кобра, якая ўстала дыбарам. Я адчуваю яго маўклівы, невідушчы, нечалавечы позірк праз апушчаныя каменныя павекі.
— Фу, як глядзіць... — пацепваецца Люська.
Мужыкі хутчэй праходзяць міма каменнага слупа.
— Географ, а ў гэтыя цясніны лазіць можна? — пытаецца Чэба.
— Лезьце, — дазваляю я. — Толькі не гакнецеся адкуль...
Чабыкін знікае ў адной з цяснін. Астатнія чамусьці марудзяць. Нечакана Чабыкін паказваецца на адным з зубцоў-Братоў.
— Эгей, біўні-і!.. — крычыць ён і махае рукамі.
— Злазь неадкладна!.. — хорам у жаху крычаць Маша і Люська.
Але Чабыкін, задаволена рагочучы, караскаецца далей, знікае за выступамі, спускаецца ў расколіны, з’яўляецца зноў, поўзаючы па скалах, як муха. З ледзяным шарам у жываце я сачу за яго перамяшчэннем. Я баюся нават здрыгануцца, быццам гэтым магу яго скінуць. Мужыкі крэкчуць, інстынктыўна сціскаючы кулакі і напружваючы мускулы. Люська закрывае твар далонямі. Мае рукі калоцяцца, і я ўстаўляю ў рот цыгарэту фільтрам вонкі і прыкурваю яе, нічога не заўважаючы. Чабыкін узбіраецца на апошні, самы высокі, востры і недаступны зубец. Ён нешта крычыць, размахвае шапкай, паварочваецца да нас задам і пляскае па ім.
— Ну ўсё, канец Чэбе, — цэдзіць скрозь зубы Градусаў.
— Там пячора-а!.. — даносіцца да нас крык Чабыкіна.
Потым ён хутка і спрытна лезе назад і недзе на паўдарогі збочвае, каб выбрацца да пячоры карацейшым шляхам.
— Давайце таксама да пячоры рушым, — кажу я мужыкам. — Вунь туды...
Мы спускаемся ў імшыстую, волкую, халодную і цёмную цясніну. Яна крута і выбоіста падае ўніз. Мужыкі чапляюцца рукамі за мокрыя камяні, слізгаюць на гнілой ігліцы і коўзкіх бярвёнах. Дзе-нідзе нам даводзіцца саскокваць з невысокіх абрыўчыкаў. Мужыкі знізу страхуюць дзяўчынак. Маша мяне сёння проста не заўважае.
Я іду апошнім і думаю пра гэта. Мне ўжо не сорамна за ўчарашняе, і мне не балюча ад Машынай няўвагі, а можа, і ад адкрытай непрыязнасці. Мне здаецца, што ў душы я заклаў Машу цэглай, як акно ў сцяне. У душы толькі лёгкі скразняк ад новай дзіркі дзесьці ў раёне сэрца — адкуль я выламаў цэглу.
Наперадзе і ўнізе мільгае Чабыкін.
— Ідзі сюды, казёл! — злосна крычыць Градусаў.
— Адціскайся! — раіць Чабыкін і з рогатам уцякае за ўступ.
Нарэшце мы выходзім на роўную, голую пляцоўку. Над ёю ў сцяне трохкутная дзірка пячоры. Мужыкі ўзбіраюцца да ўвахода і зазіраюць.
— Там абрыў, — кажа Авечкін.
— А як жа Чабыкін спусціўся? — дзівіцца Люська.
— Бу-бу-бу-бу! — жыццярадасна даносіцца тлумачэнне з пячоры.
— Ага, — скептычна згаджаецца Борман. — Не ўсе ж такія макакі.
— У нас у вёсцы адзін хлопчык лазіў-лазіў па скалах, зваліўся і разбіўся, — кажа Цюцін.
— У вас у вёсцы жывыя хлопчыкі хоць засталіся? — цікавіцца Маша.
— Ведаеце, куды Чэба залез? — пытаюся я. — У старажытнасці гэтая пячора была...
— ...сарцірам! — падказвае Градусаў і рагоча.
— ...свяцілішчам, і тут, на пляцоўцы, стаялі ідалы.
— Якім свяцілішчам? — дзівіцца Люська. — Хіба тут нехта жыў?
— Тут жылі вялікія народы, на якія чалавецтва ўжо даўно забылася. Тут былі крэпасці, каналы, капішчы. Былі князі, жрацы, астролагі, паэты. Ішлі войны, штурмамі бралі гарады, магутныя плямёны да смерці біліся сярод скал. Усё было. І прайшло.
Мужыкі слухаюць нязвыкла ўважліва. На ўроках у школе я такога не бачыў. Па іх вачах я разумею, што яны адчуваюць. Яны, вядома, як і я, у Чортавага Пальца таксама адчулі нябачны і неперадавальны позірк. І вось зараз у іх пад нагамі нібы зямля загаварыла. Да самых нетраў, да пахаваных касцей звераяшчараў, яна раптам стала напоўненай сэнсам, крывёй, гісторыяй. Гэтая адухоўленасць дыхае з яе да неба і працінае целы, як радыяцыя зямлі Чарнобыля. Тайга і скалы нечакана перасталі быць дзікай, безыменнай глухаманню, у якой тонуць убогія вёсачкі і зэкаўскія лагеры. Тайга і скалы раптам сталі нечым надзвычайным, ці не самым важным і патрэбным у жыцці.
— Географ, кажы гучней!.. — чуецца крык Чабыкіна.
— Лепш вылазь! — крычыць у адказ Борман.
— Дулю вам, вы біцца будзеце... Географ, гучней!..
— Археолагі праводзілі тут раскопкі, — расказваю я тое, што чытаў і чуў пра Сямічалавечую, — знайшлі мноства касцей ахвярных жывёл і наканечнікаў стрэл...
— Ты там маслакі пагубляў, ці што, Ахвяра? — Градусаў піхае Цюціна ў бок.
— Знайшоў! Знайшоў! — узбуджана гарлае з нетраў пячоры Чабыкін. — Наканечнік стралы знайшоў!..
Мужыкі ўсхвалявана замітусіліся перад пячорай.
— Вылазь, вырадак! — крычыць Градусаў. — Не кранём! Слова даю!
Праз некаторы час Чабыкін вылазіць і працягвае мне даўгаваты камень. Мужыкі з глыбокай пашанай глядзяць на камень, кратаюць кончыкамі пальцаў. Камень — звычайны абломак.
— Што гэта? Страла? Дзіда? — ззяючы, пытаецца Чабыкін.
— Кавалак скамянелага лайна маманта, — кажу я.
Мужыкі рагочуць. Чабыкін сканфужана хавае камень у кішэню.
— Для вас, біўняў, можа, і лайно... — незалежна кажа ён.
Мы вяртаемся назад уверх па цясніне. Я іду апошнім. Хлопцы рушылі наперад і забыліся на дзяўчынак. Калі я хачу падсадзіць Машу, яна абарочваецца і поглядам адсоўвае мяне.
— Не трэба! — зло кажа яна і, памаўчаўшы, дадае: — Я наогул не хачу, каб вы да мяне дакраналіся!
Паабедаўшы, мы збіраем рэчы, каб адплываць. Борман паціху бярэ ў мяне кансультацыі. А Маша мяне не заўважае. Яна гэта робіць не дэманстратыўна, што само па сабе азначае нейкую ўвагу. Яна не заўважае мяне, як чалавек не заўважае развязаны шнурок. Але я спакойны. Я ведаю, што Маша — мая. Я толькі не ведаю, што з ёю рабіць. У сваім лёсе я не бачу для яе месца. Ад гэтага мне горка. Я яе кахаю. І я цяжкім болем рады, што мы зараз у паходзе. Паход — гэта як запаведнік лёсу. Збіраючы ля намёта заплечнік, я чую, як Маша размаўляе з Авечкіным. Яны ў намёце ўдваіх. Ім здаецца, што сцены адлучаюць іх ад свету.
— Ты сёння дзіўная... — асцярожна кажа Авечкін.
— Я нармальная, — цвёрда адказвае Маша. — Прыбяры рукі.
— Гэта праз Географа?
— Не твая справа.
— А як жа я? — пасля маўчання нарэшце пытаецца Авечкін.
— Вырашай сам.
Мне шкада Авечкіна. У Машы занадта моцны характар. Іншая песня — Люська. Калі мы спускаліся з Сямічалавечай, яна бразнулася на схіле, а потым пачала енчыць і прасіцца на рукі.
— Добра, давай данясу, — згадзіўся Борман.
Ён пасадзіў Люську на гершкі і, крэкчучы, пацягнуў да лагера. Балазе да яго было метраў дзвесце.
— Градусаў, ты сёння дзяжурны, — на абедзе нагадвае Борман.
— Ідзі катлы мый, — падтаквае Люська, увіваючыся вакол Бормана.
— Аднаму западло! — рыкае Градусаў. — Хай і Географ чухае!
— Ён за цябе ў сняданак дзяжурыў, а ты спаў.
— Мяне не хвалюе! Будзіць трэба было! І ўвогуле, Борман мне не начальнік! Я быў супраць яго!
— А яго большасць выбрала, значыць, ён — камандзір!
— Няхай тады большасць і мые катлы!.. А ты чаго раскамандавалася, калі ён камандзір? Моцна карціць — дык камандуй сваім Борманам, а не мной, зразумела, Мітрафанава?
— Чаму гэта Борман мой? — асалапела Люська.
— Ён жа цябе на гарбе цягае, як мяшок з лайном...
— Ну і хай я ў яго закахалася! — злуецца Люська. — А табе зайздросна, бо ты руды і нос у цябе вось такі! — Люська шырока разводзіць рукі.
— Было б чаму зайздросціць! — злосна крычыць Градусаў і хапае катлы.
— Ды няхай ён цябе кахае, лайна не шкада!
Дэман палохаецца, назіраючы такую бітву вакол Люські. Ён спрабуе ўсунуцца, але ніхто яго не заўважае. Тады лянівы Дэман у роспачы вырашаецца на подзвіг. Пасля абеду ён рапартуе Люсьцы, што прывязаў яе заплечнік на катамаран.
— Ой, дзякуй... — мімаходам радуецца Люська і адразу крычыць: — Борман, а чаму Градусаў брудам кідаецца!..
Градусаў ходзіць злы, да ўсіх прыдзіраецца, штурхае рэчы. У рэшце рэшт перад адпраўленнем аказваецца, што толькі ён яшчэ і не гатовы. Ён носіцца па паляне і крычыць:
— Борман, дзе мой заплечнік? Я яго самы першы сабраў!
— Вунь твой заплечнік, — спакойна ківае Борман у кусты.
Градусаў выцягвае заплечнік і гідліва кідае яго на зямлю.
— Гэта ўвогуле нейкі чуханскі, а не мой!
— Гэта мой... — ціха пішчыць Люська.
Дэман бездапаможна ўсміхаецца і паціскае плячыма. Так-сяк мы выплываем.
Ізноў нас нясе жоўтая, п’яная вада Поныша. Ізноў ляцяць міма затопленыя ельнікі. Нізкія аблокі бязладна цягнуцца над тайгой. Доўгія прамыіны агніста-сіняга неба паўзуць удалечыні. На далёкіх высокіх увалах, куды падае сонечнае святло, лес запальваецца яркім, магутным малахітам. На схілах адгор’яў здалёк бялеюць патанулыя ў лясах уцёсы. Прысадзістыя, моцна збітыя каменныя груды зрэдку выломліваюцца з гушчару да ракі, як звяры на вадапой. Вада нясе нас, бягуць міма берагі, і лінія, якая падзяляе неба і зямлю, то нервова дрыжыць на лёзах елак, то спадзіста ўздымаецца і апускаецца мяккімі хвалямі гор — нібы спакойнае дыханне зямлі.
Пад вечар ля берагоў пачынаюць сустракацца паваленыя крыгаходам дрэвы. Я трывожуся. Такія «грабяні-расчоскі», што ўпалі ўпоперак ракі, могуць папросту прадзерці нашыя гандолы. Наперадзе я бачу доўгую сасну, якая трохкутнай аркай перакінулася над патокам. Досыць парыву ветру, каб хваіна павалілася ўніз і перагарадзіла дарогу, як шлагбаум. Я ўстаю на катамаране ва ўвесь рост і гляджу наперад. Я бачу адну, дзве, тры, яшчэ колькі елак, што паваліліся ў ваду.
Справы дрэнныя. Мы праплываем пад сасной, як пад бэлькай варот. Вароты гэтыя вядуць у царства ламачча.
Катамаран абыходзіць адзін грэбень, потым, чыркнуўшы бортам, другі. Борман камандуе талкова, без нерваў. Але трэці грэбень мы чапляем кармой. Градусаў змагаецца з яловымі лапамі і вырываецца з іх чырвоны, кудлаты, увесь падрапаны.
— Бівень! — крычыць ён на Бормана. — Думай, куды камандуеш!
І адразу нас цягне на другую хваіну.
— Падайце тварам уніз і наперад! — крычу я.
Экіпаж, як мусульмане ў намаз, падае тварам уніз. Мы ўлятаем пад елку. Галлё скрабе па патыліцах, па спінах, рве тэнт, які прыкрывае наша барахло. За каўнер сыплецца сухая ігліца, парахня. Поныш люта выцягвае нас па другі бок ствала.
— Ата-ас! — раптам нема лямантуе Чабыкін.
Мы налятаем бортам зараз ужо на бярозавы грэбень.
— Упірайцеся ў дрэва вёсламі! — крычу я.
Моц плыні такая вялікая, што вёслы ледзь не выбівае з рук. Ломячы бортам сукі, мы ўсякаемся ў крону. Я ўчэпліваюся ў раму і нагамі прымаю ўдар ствала. Я з усяе сілы адціскаюся ад яго, каб нас не працягнула пад грэбенем, які ляжыць занадта нізка і папросту зграбе нас усіх у ваду, як нажом бульдозера. Поныш ад нашай непакорлівасці нібы прыходзіць у шаленства. Цэлы вал імгненна вырастае, бурліць уздоўж левага борта. Левая гандола ўсплывае на ім. Мы нахіляемся на правы бок, і вал усё ж уціскае нас пад бярозу.
— Цюцін, Маша, на левы борт! Хутка! — камандую я. — Усім надзець ратавальныя камізэлькі! Авечкін, сячы сукі знізу!
Шэрым ценем міма мяне пралятае па ствале Авечкін з сякерай. Ён сядлае ствол і пачынае люта сячы яго перад сабою.
— Авечкін, назад!.. — надрываюся я.
Авечкін маўчыць. Твар яго збялеў. На лбе па-мужыцку надзьмуліся вены. Сякера носіцца ўверх і ўніз. Трэскі дзюбаюць мяне. Аглушальны трэск, храбусценне, плёскат — гэта адсечаны ствол, абдымаючы катамаран усімі галінамі, падае ў ваду. Фантан пырскаў аблівае нас з Градусавым. Вызваліўшыся, катамаран рэзка ідзе наперад. Імгненне я бачу Авечкіна, які сядзіць верхам на абсечаным ствале, што застаецца ззаду. А яшчэ праз імгненне Авечкін, як кажан, скача на катамаран, які сыходзіць, і падае грудзьмі на карму. Мы з Градусавым выцягваем яго з вады. Поныш нясе нас далей — вольных і ачмурэлых.
— Ты што, здурнеў?! — крычыць на Авечкіна Градусаў. — Ты, можа, як Бураціна, не тонеш?!
Маша глядзіць на Авечкіна пацямнелымі, сур’ёзнымі вачыма.
— Ён жа выратаваў нас!.. — узрушана кажа Люська.
— Яшчэ грэбень! — праз дзесяць хвілін крычыць Борман.
Цяпер, перагарадзіўшы Поныш, у рэчышчы ляжыць камлюкаватая, разлапістая хвоя. Вада бурліць у яе галінах, хвалі ў пене пераскокваюць праз ствол, каля якога куляецца і таўчэцца рознае плывучае смецце. Гэты грэбень мы можам пераадолець, толькі поцягам перасунуўшы свой катамаран праз прыбярэжны ракітнік.
— Левы борт, вяслуй! — камандую я.
Мы трывала ўвязлі ў кустах. Мы падцягваемся за галінкі з усяе сілы, але катамаран не ідзе далей. Я вяслом мераю глыбіню.
— Чаго вытарашчыліся? — злосна крычу я мужыкам. — Здымай порткі, будзем штурхаць!
Борман пакорліва пачынае сцягваць боты.
— Нам таксама? — павярнуўшыся, пытаецца Маша.
— Куды вам, блін! — гарлае Градусаў. — Сядзiце, не рыпайцеся!
У швэдрах, майтках і ботах мы саслізгваем у ваду і бяромся за каркас. Холад, як вампір, упіваецца ў цела. Глыбіня тут — крыху вышэй за калена.
— Ты куды лезеш? — крычыць Градусаў на Цюціна. — Памочнік, блін, пяць кіло разам з ложкам!
— Р-раз!.. — камандую я. — Р-раз!.. І-эх!..
Усемярых мы цягнем катамаран па зарасніках міма хвоі, якая ўпала. Катамаран цяжкi, як дохлы слон. Голыя пруты ракітніку драпаюць ногі. Мы слізгаем па карэнні. Чабыкін і Борман дружна падаюць, але паднімаюцца і цягнуць далей.
— Гэтак жа свае стругі цягнулі арцельшчыкі Ермака... — хрыплю я.
Нарэшце можна забрацца наверх. Трасучыся, мужыкі нацягваюць порткі прама на мокрыя майткі. Сіні Градусаў гарлае:
— Мітрафанава! Даставай мне флакон і сухія рэйтузы!
— Адкуль? — палохаецца Люська.
— Зараз як скажу адкуль!.. Сядзіш на маім заплечніку!
Люська таропка развязвае градусаўскі заплечнік. Яна дастае нейкія вяроўкі, скруткі дроту, слоікі, свечкі, маленькія механізмы незразумелага прызначэння, і ўсё гэта з жахам перадае Машы. Нарэшце на свет з’яўляюцца вялізныя зялёныя сямейнікі і бутэлька гарэлкі. Я зубамі адкаркоўваю яе, п’ю з рыльца і пускаю па крузе. На мае дрыжыкі нібы льецца гарачая вада.
— Наперадзе лядовы завал, — прыгнечана гаворыць Борман.
Мы выцягваем шыі. Упоперак ракі ляжыць елка, а да яе прыбіла цэлую гару лёду. Яго сколы і грані іскрацца на сонцы — аказваецца, хмары ўжо разышліся. І справа, і злева — непралазны затоплены ельнік. Ні праехаць, ні прайсці. Затор.
— Што ж рабіць? — разгублена пытаецца Борман.
— Адціскацца, — кажа Градусаў. — Канец фільма.
Каб знайсці паляну для начлегу, мы збочваем у затопленую прасеку. Тут — чорная цішыня і спакой. Гул Поныша згасае. Мы павольна плывём паміж дзвюма сценамі елак. Пад намі бачныя размытыя каляіны. У чыстай вадзе нерухома вісяць шышкі. Лес адлюстроўваецца сам у сабе. Адчуванне цвёрдай зямлі страчваецца. Удалечыні, за яловымі вастрыямі і лапамі, стыне шырокі ярка-ружовы золак.



